Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тронкі ‘назва гульні’: На грошы ў тронкі тут гуляюць / Парнаскі дзеўкі, дзецюкі («Тарас на Парнасе», Полымя. 1971, 10, 217), ‘гульня з каменьчыкамі’ (Рам. 8: «камушки кладутса в две кучки: три в одну и один в другую»), ‘гульня, змест якой у тым, каб пацэліць з рукі трыма алавяннымі шарыкамі ў ямку, што знаходзіцца ад гульца на пэўнай адлегласці’ (Мядзв.), ‘гліняныя або алавяныя шарыкі велічынёй з круглую кулю ад стрэльбы, якія служаць для гульні «ў тронкі»’ (Нік., Оч.), дро́нкі ‘дзіцячая гульня, калі драўляныя шарыкі кідаюць у ямачкі; няцотны лік шарыкаў у ямачцы лічыцца выйгрышам’ (маг., Яшк. Мясц.); сюды ж, відаць, і тро́нкі ‘дробная бульба’ (Рэг. сл. Віц.), ‘плод бульбы’ (Касп.) і не патлумачанае тронки (Шымк. Собр.). Параўн. рус. смал. тро́нка, тро́нки ‘гульня ў арлянку’, ‘шарык з волава або гліны памерам з арэх для гульні «ў тронкі»’ (СРНГ). Слова з не да канца высветленай этымалогіяй. Куркіна (Этимология–1983, 27–28) параўноўвае з укр. тріньки ‘трошкі’, рус. дыял. тро́ньки ‘тс’, балг. тро́нка ‘зусім мала’, сюды ж таксама серб. ці макед. тронка ‘крышка, парушынка’, макед. ронка ‘тс’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *tronъka ‘нешта вельмі малое’, роднаснае да прасл. *troxa (гл. трохі) і якое ўзводзіцца да *terti, *tьrǫ, гл. церці (ЕСУМ, 5, 648). Аднак абмежаваныя тэрытарыяльна назвы гульняў з розным зместам дапускаюць перанос наймення з іншых гульняў, напрыклад, “у ножыка” ад тронкі ‘сцізорык’, або зыходзячы са значэння ‘бульба’, параўн. укр. дыял. тромпак, кро́мпель ‘бульба’ (ЕСУМ, 5, 647). Лучыц-Федарэц (вусн. паведамл.) дапускае сувязь з з літ. treñkti ‘кідаць, шпурляць’. Сувязь з тры (гл.), відаць, другасная.

Тронт ‘непрыемны пах, смурод’ (шчуч., Сл. ПЗБ), сюды ж транлівы ‘смярдзючы’, гл. Аўтары Сл. ПЗБ (5, 125) звязваюць з польск. trąd ‘праказа’, што малаверагодна. Утворана ад польскага дзеяслова trącić ‘патыхаць, тхнуць, смярдзець’ ці хутчэй непасрэдна ад запазычанага тронціць1, гл.

Тро́нуцца1 ‘звар’яцець’ у фразе: тро́нуцца з ума, з розуму тронувся (палес., гродз., маг., гом., віц., ЛА, 2, Жд. 1, Ян., Юрч. Сін.; пух., Сл. ПЗБ), тро́нутый ‘ненармальны’ (кобр., ЛА, 2). З рус. тронуться (з розуму). Аналагічна ва ўкраінскай мове — тро́нутіся ‘зрабіцца трохі ненармальным, псіхічна хворым’ (ЕСУМ, 5, 646).

Тро́нуцца2 ‘пачацца (пра вайну)’ (Юрч. СНЛ), ‘сапсавацца, растаць (пра зімовую дарогу)’ (лун., Шатал.), тро́нутыса ‘тс’ (Сл. Брэс.), тро́нуць ‘крануць, зачапіць, рушыць’ (ТС), ‘злёгку зачапіць’ (Юрч. Сін.; віц., ЛА, 3), ‘параніць жарабя (пра воўка)’ (ТС). Параўн. укр. трону́ти ‘крануцца, зварушыць’, трога́ти ‘кранацца, варушыць, непакоіць, назаляць’, рус. тро́нуться ‘рушыцца, крануцца’, ‘расчуліцца’, тро́нуть ‘дакрануцца’, ‘зачапіць’, ‘рушыць (у дарогу, з месца)’, ‘папсаваць, крануць, прымарозіць’, сюды ж балг. тро́гвам ‘кранаю’. Надзейнай адзінай этымалогіі няма (Фасмер, 4, 104): супастаўляюць з лат. treksne ‘ўдар, поштурх’, ст.-ісл. þreka ‘сціскаць, давіць’, ст.-англ. đracu ‘націск, гвалт’ (Мюленбах-Эндзелін, 4, 230), ст.-лат. trieksne (XVII ст.) ‘бунт, мяцеж’ (Каруліс, 2, 426); з лац. tergeō, ‑ēre ‘мыць, чысціць’, гоц. þaíeko ‘дзірка’ (Петр, BB, 18, 285). Рускае слова выводзяць з тро́пнуть ‘топнуць’, тропа́ть ‘таптаць’ (Трубачоў, Дополн.). Гл. яшчэ Чарных, 2, 263–264; ЕСУМ, 5, 646.

Тро́нціць, ‘выдаваць неўласцівы прадмету пах’, ‘дрэнна пахнуць’, ‘прыпахваць’ (Нас., Некр. і Байк., Сержп. Казкі, Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ). З польск. trącić ‘тс’ (Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 125–126).

Тро́нціць2 ‘штурхнуць, піхнуць’ (шальч., Сл. ПЗБ), ст.-бел. тронтити, тронцити ‘стукнуць, штурхануць’ (1638 г., ГСБМ). Са ст.-польск. trącić ‘тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 38).

Тро́нчык ‘паляўнічы’ (Сцяшк. Сл.). Няясна; магчыма, іранічнае ўтварэнне ад трэ́нтацца ‘бадзяцца, хадзіць без справы’ (Нас.), гл.

Троп ‘след, крок’ (Нас., Касп., Сцяшк., Др.-Падб., Сл. Брэс.): некруцікі вучуцца хадзіць троп у троп (Нас.), ‘след на роснай траве’ (лун., Шатал.), ‘сцежка, слядзіна’ (Некр. і Байк., Мат. Гом.), ‘жыццёвы шлях’ (Сцяшк.), ‘кірунак, шлях, дарога’ (Адм.), ‘метад, спосаб, шлях да дасягнення мэты’ (Ласт.), у выразах збіць (збіцца) з тропу ‘выклікаць замяшанне, заблытаць’ (ТСБМ), тропу добы́тысь ‘дабраць розуму, скеміць’ (Клім.), шукаць тропу ‘шукаць дарогі’ (Кал.), узяць троп ‘знайсці след’, узяць (ухопі́ць) тропу ‘зведаць, убачыць, заўважыць след’ (ТС). Укр. дыял. троп ‘конская рысь з падскокам’, трип ‘адбітак нагі звера на снезе’, тріп ‘сцежка ў гарах’, польск. trop ‘адбітак следу звера на зямлі ці снезе’, ‘след, каляіна’, ‘след ад ступні’, ‘дарога’, ‘ход каня’, каш. trop ‘след’. Пераважна паўночнаславянскае ўтварэнне. Сюды ж далучаюць а спецыфічнай семантыкай славен. tróp, tropíne ‘жамерыны з вінаграду’, серб. тро̏п ‘тс’, ‘вытапкі масла’, ‘выскваркі сала’, ‘асадак’, ‘адстой’ і выводзяць прасл. *tropъ, утворанае з чаргаваннем галосных кораня ад дзеяслова *trepati ‘ўдараць, біць, трэсці, бразгаць’ з першапачатковым значэннем ‘выбітае, выціснутае, вытрасенае’, гл. тропаць, трапаць. Параўн. таксама лат. trapa ‘натоўп, вялікая колькасць, мноства’, алб. trap ‘сцежка’, ст.-грэч. ἀτραπός ‘сцежка, сцяжынка’ (Борысь, 643; Скок, 3, 506; ЕСУМ, 5, 648; Вербіч, Студіі з ономастики та етимологіі. 2010, 290). Гл. таксама трапа, трэп.

Тро́пат ‘конская рысь з падскокваннем’ (ТСБМ), троп, тро́пат ‘трапятанне, хваляванне’ (Некр. і Байк., Ласт.). Параўн. укр. тро́піт ‘грукат, тупат, рысь’, серб. тро̏пот ‘шум, трэск, грукат’, балг. тро́пот ‘тупат’, макед. тропот ‘грукат, стук’. Відаць, самастойнае суфіксальнае ўтварэнне ў асобных славянскіх мовах са значэннем інтэнсіўнасці дзеяння ад дзеяслова тропаць, гл.

Тро́паць ‘біць, трапаць’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘брыкаць задняй нагой’ (Нас.): конь тро́пае (бялын., чач., ЛА, 1), ‘варушыцца, рабіць рухі’ (рас., Бел. дыял. 1), тро́пнуць ‘стукнуць, выцяць, ударыць’ (в.-дзв., Шатал., Сцяшк. Сл., Скарбы; карэліц., Нар. сл., Сцяц., Сл. Брэс.; слонім., Нар. словатв.), ‘патанцаваць’ (Сцяшк. Сл.); сюды ж тро́пацца ‘біцца (пра сэрца)’ (Юрч. СНЛ). Параўн. укр. тропа́ти ‘тупаць; танцаваць, бегчы рыссю’, рус. тропа́ть ‘тупаць, стукаць’, славен. tropati ‘біць’, серб. тропати ‘цяжка ступаць’, тропа̏т ‘стукаць’, балг. тро́пам ‘тупаць, стукаць; вытанцоўваць’, макед. тропа ‘стукаць’. Прасл. *tropati ‘тупаць, стукаць, грукаць’, якое чаргуецца з *trepati (гл. трапаць) і суадносіцца з літ. trapinė́ti ‘тупаць нагамі’, прус. trapt ‘ступаць’, грэч. τραπέω ‘ступаю, выціскаю’ і іншымі дзеясловамі гукапераймальнага паходжання (Фасмер, 4, 105; Скок, 3, 496).

Тро́пік, звычайна тро́пікі ‘гарачы пояс Зямлі, размешчаны на поўнач і поўдзень ад экватара’ (ТСБМ). Праз польскую ці рускую мовы з англ. tropic ‘тс’, якое з лац. tropicus (circulus) < ст.-грэч. τροπικός (κύκλος) ‘тс’ (Фасмер, 4, 105; SWO, 1980, 778).

Тро́піць ‘шукаць след звяроў (аб сабаках)’ (Федар. 1), трапі́ць (тропі́ць) ‘гнацца па слядах’ (Ласт.). Параўн. укр. тропи́ти, рус. тропи́ть ‘ісці па слядах звяроў’, ‘вытоптваць сцежкі’, польск. tropić ‘ісці па слядах, віжаваць’. Прасл. *tropiti ‘тс’ — ад *tropъ > троп (гл.) (Фасмер, 4, 105; Борысь, 643; Скок, 3, 506; ЕСУМ, 5, 648–649). Гл. таксама трапі́ць.