Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ква́пна ’хутка’ (Яруш.). Гл. квапны.

Ква́пны ’сквапны, скупы, ласы’ (ТСБМ), ’ласы’ (Сл. паўн.-зах.), ’зайздрослівы’ (Нас., Касп., Шат.), ’прывабны’ (Клім.). Гл. квапіць.

Ква́рта ’мера вадкіх і сыпучых рэчываў’ (ТСБМ, КЭС, лаг., Нас., Сцяшк., ДАБМ, Мядзв., Гарэц., Мат. Маг., Шат.), ’кубак, конаўка, кружка’ (ТСБМ, Жд. 2, Сл. паўн.-зах., ТС). Ст.-бел. кварта ’мера вадкасці і сыпкіх рэчываў’ (з 1582 г.) < польск. kwarta < лац. quarta ’чвэрць’. Не абавязкова прымаць нямецкае пасрэдніцтва паміж польск. і лац. (параўн. Булыка, Запазыч., 145). Гл. Слаўскі, 3, 462; ЕСУМ, 2, 414.

Кварта́л ’чацвёртая частка года’ (ТСБМ, Нас.), ’частка горада, абмежаваная некалькімі перакрыжаванымі вуліцамі’ (ТСБМ, Яшк.), ’адзін з квадратных участкаў, на якія разбіваецца лес’ (ТСБМ, Сцяшк., Яшк.). Ст.-бел. кварталъ ’чвэрць’ (з 1692 г.). З польск. kwartał < с.-лац. quartale. Як у папярэднім выпадку, для старабеларускага нямецкае пасрэдніцтва не даведзена (параўн. Булыка, Запазыч., 145; Слаўскі, 3, 462–463; ЕСУМ, 2, 415). Аднак для мовы XIX–XX стст. трэба мець на ўвазе магчымасць рускай крыніцы. Аб гэтым сведчыць месца націску.

Кварто́ўка ’мера сыпкіх рэчываў’ (Нас., Мат. Гом.), ’мера вадкасці’ (Бяльк., КЭС, лаг., Жд. 3). Гл. кватэрка2 ’тс’. Відавочная кантамінацыя кватэрка і кварта (гл.).

Ква́ртух ’фартух’ (Мат. Маг.). Гл. фартух.

Кварты́ра ’кватэра’ (Бяльк.). Гл. кватэра1.

Ква́рціна ’кварта’ (Нар. словатв.). Гл. кварта.

Квас ’кіславаты напітак, прыгатаваны на вадзе з хлеба, сухароў або жытняй мукі з соладам’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Яруш., Нар. сл., Нар. словатв., ТС, КЭС, лаг., Бяльк., Сержп. Грам., Вешт., Юрч.), ’кіслая страва з буракамі, грыбамі, бульбай’ (ТСБМ, Шн., Нар. лекс., Вешт., Сцяшк., Серб., Нар. словатв., Сл. паўн.-зах., Шатал.), ’закваска’ (Мат. Гом.), ’кіслата’ (Гарэц., Клім.), ’шкода’ (Юрч.). Укр. квас ’тс’, рус. квас ’тс’, ст.-слав. квасъ, балг. квас, макед. квас, серб.-харв. ква̑с, славен. kvas, польск. kwas, чэш. kvas, славац. kvas, в.-луж. kwas, н.-луж. kwas ’тс’. Прасл. *kvasъ ’квашаніна, закваска, квас’ узыходзіць да kysěti, kysnǫti ’мокнуць, кіснуць’, першасны каўзатыў ад якіх kvasiti ’квасіць’ (Ваян, Gram. comp., III, 422). Паралелі ў іншых індаеўрапейскіх мовах ненадзейныя. Аб розных версіях гл. Слаўскі, 3, 466.

Ква́сачка ’драўляная пасудзіна з клёпак з двума бакавымі вушамі’ (КЭС, лаг., З нар. сл.). Гл. кваска.