Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ро́сквіт ’з’яўленне кветак на раслінах, цвіценне’, ’найвышэйшая ступень развіцця, уздыму, найлепшая пара’ (ТСБМ). З укр. росквіт ’тс’, ’першая кветка на жыце’, якое з прасл. *orz‑ ’раз-’ і *květъ > кве́тка (гл.). Параўн. бел. раскве́ціць, расквяці́ць з правільным бел. рэфлексам ‑ě‑.

Ро́скеп ’дышаль у возе для валоў’ (ПСл) як транспартны тэрмін, відаць, прымыкае да ўкр. моўнай тэрыторыі, — параўн. укр. ро́скіп ’разгалінаванне (у граблях, у дышле)’. Аднак з асноўным значэннем ’раскол, расшчэп’ лексема распаўсюджана на ўсходнеславянскай тэрыторыі: бел. раске́п ’раскол (у ночвах)’, раске́піць ’расколваць’, раскяпа́ць ’шчапаць, расколваць (дор, лучыну)’, (Нас., Гарэц.), рус. смал. раске́пить ’раскалоць бервяно, дровы’, пск., цвяр. раске́пина, цвяр. раске́пица ’расколіна, трэшчына’, укр. ро́скіп ’раскол, расшчэп’, стараж.-рус. скѣпати ’калоць’, поскѣпани ’расколатыя’ (Слова аб паходзе Ігара), оскѣпъ ’дрэўка (сцяга)’ (XIII ст.). Узыходзіць да прасл. *orz‑ > раз- (гл.) і ⁺скѣпати, якое Сабалеўскі (РФВ, 53, 8), Брандт (РФВ, 24, 174), Шахматаў (Очерки, 176) і інш. выводзяць з сцѣпати; Якабсон (IJSLP, 1959, 1/2, 270) мяркуе, што ў скѣпатиск‑ — правільнае перад ѣ, якое з *‑oi̯; пазней з ск‑ утварылася щѣ‑ (напр. шчапа́) (Трубачоў, Дополн., 3, 638). Гл. таксама раскеп, раскепіць.

Ро́скід ’від ворыва, калі глеба адвальваецца ў розныя бакі’ (Сцяц.; міёр., Шатал.; ТСБМ), роскідка ’тс’ (петрык., Шатал.; шальч., вільн., Сл. ПЗБ), ’баразна’ (вільн., Сл. ПЗБ); ро́скідзь ’разора, паглыбленне паміж градамі’ (карм., Мат. Гом.; Інстр. 2); ро́скідка ’мяжа на сярэдзіне загона’ (Янк. 3., Шат., ПСл), на ро́скідку ’спосаб ворыва’ (ТС); араць у ро́скідку — ’ворыва, пры якім барозны кладуцца ў напрамку краёў загона’ (карэліц., Жыв. сл.); ’узаранае поле з разорай пасярэдзіне загона’ (нясв., смаляв., сміл., стол., Яшк.); роскідзь, роскідка, раскі́д ’ворыва ўроскідку’ (бых., кам., сен., ЛА, 2). Да кідаць (гл.).

Ро́слены ’прарослы’ (Нас.) — дзеепрыметнік з суф. *‑ěn‑ ад дзеяслова раслі́ць ’дапускаць збожжа да прарошчвання (у калоссях), зерне — на солад’ (там жа), які з назоўніка рослік, росля (гл.).

Ро́слік ’парастак’ (рэч., Мат. Гом.), ’парасткі бульбы’ (лід., Сл. ПЗБ), ро́слі, рослікі́, ро́слік ’парасткі прарошчанага жыта’ (воран., пін., рэч., ЛА, 2), рослі́ ’парасткі бульбы’ (навагр., З нар. сл., Жыв. сл.), ро́сьля ’тс’ (Нар. словатв.), ро́слі ’тс’ (Сцяшк. Сл.), ро́сьля ’тс’ (чаш., Касп.), ’парастак з насення, карэнішча, клубня, цыбуліны’ (Стан.). Узыходзіць да прасл. *orslь, якое з *ors‑lъ ’рослы, які вырас’ < *orsti (Слаўскі, SP, 1, 103 і 106) < orst‑ti (Махэк₂, 525) > расці́ (гл.). Суфікс ‑lь з ‑l‑jь. Формы на ‑ля пад уплывам другаснага росля (гл.).

Ро́слы ’чалавек высокага росту’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’які хутка расце’ (Шат.), ’які прарастае (аб зярнятах)’, ’пахрошчаны’ (Янк. 3., Юрч. Вытв., Нас.; свісл., Сл. рэг. лекс.), ’прарослы ў снапах’ (Шат.), ’мажны’ (Байк. і Некр.). Укр. валын. ро́слий, міргар. ро́славий ’рослы’; рус. арханг., перм. ро́слый ’прарослы’, ’парослы лесам’, ’дарослы’, варон. ро́сливый ’прарослы’, валаг. росля́к ’рослы чалавек’. Усходнеславянскае — былы дзеепрыметнік на ‑l‑ ад прасл. *orsti > расці́ (гл.) — *ors‑l‑ъ(jь). Сюды ж росласць ’мажнасць’ (Байк. і Некр.).

Ро́сля ’рост як працэс’ (карэліц., Марц.; Янк. 3.; лун., Шатал.; ганц., ст.-дар., ігн., Сл. ПЗБ). Другаснае ўтварэнне (Слаўскі, SP, 1, 106). Утворана ад дзеепрыметніка *orsl‑ъ ’які вырас, рослы’ і суф. *‑ja > *roslʼa.

Ро́сны1 ’пакрыты расой’ (ТСБМ, Гарэц., Шат., Байк. і Некр.; крэўск., Стан.; Сл. ПЗБ, ЛА, 5), ро́сна ’мокра ад расы’ (Шат., Стан., Ян., ТС), ро́сна, ро́сно, расно́ ’росна’ (Сл. ПЗБ). З прасл. *ros‑ьnъ (рус. росной, росный, чэш. rosný, славен. rȏsen, серб. ро̏сан і харв. rȍsan, макед. росен, балг. ро́сен) ’росны’. Да раса́ (гл.).

Ро́сны2 ’ураджайны, урадлівы’ (ТС). Гл. расны1.

Ро́спадзень ’сапсаваны, гнілы грыб’ (ТС), ро́спаднік ’тс’ (там жа). Да распада́цца, па́даць (гл.).

Ро́спал ’падпал’ (гродз., Сцяшк. Сл.), ’лучына’ (івац., ЖНС). Да распальваць (гл.).