Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Бу́рнас. Гл. бурно́с. Можна меркаваць, што націск у слове бу́рнас сведчыць аб паходжанні ўласна гэтай формы слова з польскай мовы (параўн. польск. burnos, burnus). Аб гэтым сведчыць і геаграфія слова бу́рнас (зах., Сцяшк. МГ).

Бурно́с ’плашч, бурнус’ (БРС, Касп.), ’мужчынская доўгая вопратка’ (Інстр. I, Сцяшк. МГ), ’армяк, бурка’ (Янк. Мат.), ’вялікі мужчынскі кажух; доўгая вопратка з даматканага сукна і г. д.’ (Сакал.), бу́рнас ’доўгае суконнае адзенне’ (Сцяшк. МГ), бу́рно̂с ’зімовая жаночая вопратка’ (Лысенка, ССП). Рус. бурну́с ’плашч з капюшонам’, укр. бурну́с, бу́рмус, польск. burnus, bornus, burnos, burmus, burno, burdus, чэш., славац. burnus ’від зімовай вопраткі’. Усюды слова зрабілася народным. Запазычанне з араб. burnus ’шырокі плашч’ або праз франц. bournus, або праз тур. burnus, burnuz лёгкі шарсцяны плашч’. Міклашыч, Türk. El., Nachtr., 1, 19; Фасмер, 1, 247; Рудніцкі, 264; Махэк₂, 77; Варш. сл., 1, 238. Бел. бурно́с, можа, з польск. burnos. Параўн. і форму бу́рнас (націск!).

Бурну́ць ’шпурнуць’. Гл. буры́ць1.

Бурнэлька ’расліна чорнагалоў, Prunella L.’ (Кіс.). Параўн. брунэ́лька. Варыянт бурнэлька таксама запазычаны з польскай мовы (польск. burnelka|brunelka; аб паходжанні польск. слова гл. пад брунэ́лька).

Буро́іць ’гаварыць без толку’ (Бяльк.). Параўн. рус. буро́вить ’гаварыць; балбатаць; вярзці лухту’, буро́бить ’гаварыць няпраўду, ілгаць’. Рус. дзеясловы азначаюць таксама ’варушыць, узрыхляць; хваляваць; перамешваць; застаўляць цячы, біць крыніцай; многа наліваць з шумам і да т. п.’, таму можна меркаваць, што ўсе гэтыя словы адносяцца да буры́ць1, 2. Гл. Фасмер, 1, 247, які рус. буро́бить ’хлусіць’ адносіць да буро́вить ’біць крыніцай’.

Буроўка ’божая кароўка’ (З жыцця). Гл., акрамя таго, бароўка ’тс’. Відавочна, утварэнне ад асновы бар‑ для абазначэння авечак (гл. падрабязней пад бароўка). Форма буроўка (калі гэта не фанетычная змена), магчыма, узнікла пад уплывам бу́ры?

Бу́рса1 (гіст.) ’бурса’. Рус. бу́рса, укр. бу́рса і г. д. Запазычанне з польск. bursa (або ням. Burse) < с.-лац. bursa ’казённы кошт’ < ’кашалёк’ (< грэч. βύρσᾱ ’мяшок’). У пераносным значэнні ’таварыства’. Брукнер, 50; Праабражэнскі, 1, 54; Фасмер, 1, 247; Шанскі, 1, Б, 234–235; Рудніцкі, 265; Булыка, Запазыч., 53.

Бу́рса2 ’група, пэўная колькасць людзей’ (Жд.). Укр. бу́рса ’тс’. З бу́рса1 (гл.). Параўн. Рудніцкі, 265; Махэк₂, 77; Булыка, Запазыч., 53.

Бу́рса3 сварка, лаянка’ (Сцяц.). Укр. бу́рса ’тс’ (гл. Рудніцкі, 265). Такія ж значэнні і ў іншых мовах, напр., славац. bursa танец, гульня з музыкай; сварка, лаянка’. Бясспрэчна, звязана з бу́рса1 (гл.) і бу́рса2. Першапачаткова меліся на ўвазе шумныя забавы бурсакоў (іншая магчымасць тлумачэння: ’група людзей’ → ’шум, лаянка’). Гл. Рудніцкі, 265; Махэк₂, 77 (там крыху іначай: першапачаткова ’скандал сярод купцоў’).

Бурт ’капец’ (Бяльк., Сцяшк. МГ), ’вялікая куча бульбы прадаўгаватай формы’ (Выг. дыс.). Укр. бу́рта, рус. бурт. Усё запазычанне з польск. burta, burt ’кайма; борт; край насыпу’ (< ням. Bord ’край, борт’). Праабражэнскі, 1, 54; Брукнер, 50; Фасмер, 1, 247; Шанскі, 1, Б, 235. Укр. бу́рта < польск. burta < ням. Borte (Брукнер, 50; Рудніцкі, 266). Параўн. борт2.

Буртэ́ль ’цурбан’ (Касп.). Мабыць, запазычанне з польск. burtyl ’дрэва, прыдатнае на бэлькі для аббіцця карабля’ (Варш. сл., 1, 237). Параўн. яшчэ бурцалёк ’цурбан’ (гл.).

Буруздзі́ць ’вярзці лухту, парушаць парадак, каламуціць’ (Касп.). Гл. баруздзіць.