Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ро́па1 ’гнойныя выдзяленні’ (ТСБМ, Др.-Падб., Юрч. СНЛ), ’сукравіца, гнілая кроў, што ідзе з рота, носа або з вушэй у нябожчыкаў’ (Мядзв., Гарэц., Нас., Байк. і Некр., ТС), ’крывяністае выдзяленне з раны’ (Сл. Брэс.), ’гной з раны, з вачэй’ (смарг., Шатал.), ропа́ ’расол з пасоленага мяса, рыбы’ (Сл. Брэс.), ро́па, ропа́ ’лёк’ (лельч., б.-каш., ЛА, 4), ро́па, ропа́ ’канцэнтраваны раствор солі’ (ТС). Укр. ропа́ ’сукравіца’, ’расол’, рус. ропа́ ’сукравіца, гной’, ’расол’, польск. ropa ’гной’, ’нафта’, ropić się ’гнаіцца’, славен. ropa ’торф’, на падставе чаго прасл. *ropa ’густая вадкасць’ (SEK, 4, 203). Не зусім яснае слова. Мацэнаўэр (LF, 17, 174) параўноўвае яго з ст.-інд. rápas ’раненне, цялеснае пашкоджанне’. Брукнер (462) прыводзіць у якасці роднаснага літ. rapstýti, якое, аднак, з’яўляецца памылкай друку (Трубачоў, Дополн.Фасмер, 3, 501). З другога боку, мяркуюць, што існавала старое польск. rob, якое, нібыта, абазначала ’нейкае варэнне з зёлак’ і — праз ням. Robb, франц., ісп. rob ’тс’, італ. rob, robbo, партуг. robe ’фруктовы мёд’ было запазычана з араб. robb ’тс’ (Мацэнаўэр, Cizí sl.). Іншыя версіі гл. essj, Ukáz. 85–89; Бязлай, 3, 196; Махэк₂, 516. Гл. рапа́.

Ро́па2 ’газа’ (навагр., Сцяшк. Сл.). З польск. ropa naftowa ’нафта’ — семантычны пераход адбыўся ўжо ў польск. мове: nafta ’азначае ’газа’ і ’нафта’.

Ро́пуха, ро́пушка ’невялічкая рыбка, падобная на мянька (галец?)’, ’жаба з жоўтым падбрушшам’ (ТС). Відаць, не звязана з ра́пушка (гл.); хутчэй да рапуха (гл.).

Ро́сачка ’расінка, макавае зерне’, ’вельмі малая колькасць’ (Нас., Юрч. Вытв., Растарг.). Да расі́начка, раса́1 (гл.). Параўн. выраз: макавай расінкі ў роце не было (ТСБМ, 4, 641), а таксама росі́цца ’перакусваць, браць у рот’: ходжу голодны, тчэ й не росіўся нічым (ТС), гл. расіцца1.

Ро́сісць ’нешта дрэннае’ ў праклёне: Есьце, шоб вас паела росісць! (ТС). Да рось ’імгла, туман’ (гл.). Вакалізм суфікса *‑ostь пад уплывам украінскай мовы, параўн. укр. лютість, чемність, гл. таксама Карскі, 1, 160 (пра ‑ісць у гаворках). Гл. раса4.

Ро́ска1 ’раска, Lemna L.’ (гом., Мат. Гом.). Да ра́ска (гл.). Мена ‑а‑ > ‑о‑ (пад націскам), як у садзі́ць — (ён) содзіць.

Ро́ска2 ’капля вадкасці, якая выступае на саску ў каровы незадоўга перад цяленнем’ (ТС). Да раса́1 (гл.).

Ро́ска3 ’лотаць, Caltha palustris L.’ (гом., ЛА, 1). Да роска1 (гл.).

Ро́ска4 ’дубчык’ (Сержп. Прык.). Гл. розга1.

Ро́сказ і раска́з ’загад’ (Нас., Касп., Байк. і Некр., Стан. (Кітаб)). З польск. rozkaz ’тс’.

Ро́сказні ’несур’ёзныя расказы, якім не трэба давяраць’ (Растарг.). З рус. ро́ссказни ’небыль, байкі, выдумкі’, параўн. урал. расказня́ ’тс’.

Ро́скаш ’раскоша’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’дастатак’, ’прасторнае памяшканне’ (Нас.), ’свабода, воля (для курэй)’ (брасл., Сл. ПЗБ), ’прыдоба, удоба, выгада, прыволле’ (светлаг., лельч., ЛА, 5). Укр. ро́скіш ’раскоша, багацце, дастатак’, рус. зах. роскошь з польск. roskosz (Махэк₂, 267); в.-луж. rozkošnik ’чалавек, ахвочы на пацехі’, чэш., славац. rozkoš ’асалода, раскоша, шчасце’, ’прывабнасць, краса, хараство’, ’юрлівасць’, славен. razkô̥s ’радасць, ахвота, жаданне’, серб. ра́скош ’раскоша’, макед. раскош ’тс’, балг. разко́ш, ц.-слав. раскошь ’асалода, радасць, задавальненне’. Прасл. *orz‑košь < *(orz‑)koxati (Бязлай, 3, 159; Бернекер, 1, 538; Брукнер, 242; Чарных, 2, 123), параўн. ст.-чэш. rozkochati ’развесяліць’, ’распагоджвацца’, — да раз- і кахаць (гл.). Гл. таксама раскоша.

Ро́скваль ’бездарожжа’ (лун., Шатал.); росква́лле ’разводдзе’ (жабін., ЛА, 2) — у выніку кантамінацыі лексем росквась і роскалле ’тс’.

Ро́сквась ’слота, хлюпота’ (Нар. Гом.), ’разводдзе’ (маст., Сл. ПЗБ). Да прасл. *orz‑kvasiti, якое з *orz‑ і *kvasъ з далейшай менай суф. ‑ъ у ‑ь (з адцягненым значэннем). Гл. расквасіць1.