Галадо́к ’расліна Scleranthus annuus L.’ (рус. дива́ла). Гл. БРС, Кіс. Паходжанне гэтага слова няяснае. Няма яго і ў суседніх мовах.
Галадо́ў ’голад, галодны час’ (Нас.): «другі год галадоў церпім». Гэтай формы няма ў іншых усх.-слав. мовах (і ў іншых слав.). Калі гэта сапраўдны назоўнік, то яго можна лічыць вельмі рэдкай дыялектнай формай, утворанай ад дзеяслова галадава́ць зваротным словаўтварэннем. Але не хапае дадатковых даных, іншага матэрыялу, таму такое тлумачэнне застаецца вельмі праблематычным.
Галадо́ўля ’голад, галадаванне’ (БРС, Касп., Шат.). Як і галадо́ўка, утварэнне ад дзеяслова галадава́ць. Суф. ‑оўля звычайна з’яўляецца пры вытворных назоўніках (для абазначэння дзеяння) ад дзеясловаў з марфемай *ov‑ (*‑ou̯‑): будава́ць — будоўля і г. д.
Галайстра́ ’галота’ (БРС). Бліжэйшыя адпаведнасці ва ўкр. мове. Параўн. укр. гала́йстра ’натоўп, гурт народу, дзяцей’, хала́йстра, хала́стра ’зброд’ (прыклады са слоўніка Жэляхоўскага), галайстра́ ’натоўп дзяцей’ (паўночнанадднястроўскае). Паколькі ва ўкр. мове гэтыя словы ў заходніх дыялектах, то можна меркаваць, што яны запазычаны з польск. мовы. Параўн. польск. chałastra, hałastra, hałajstra ’тс’. Гэта слова ёсць і ў чэш. мове (halastra, chalastra ’тс’, у ляшскіх гаворках) і ў славац. (hajstra, hajštra, hojštra ’грубая жанчына’). Лічыцца словам няяснага паходжання (Махэк₂, 157; Брукнер, 175, 676; апошні дае вельмі няпэўную этымалогію: магчыма, звязана з chátra, chasa, чэш. словамі для «зброду»). Адносна бел. слова можна толькі меркаваць, што яно, як і ўкр. слова, запазычана з польск. мовы. Падрабязны агляд этымалагічных версій гл. у Слаўскага, 1, 398.
Галакані́ць ’гаманіць’ (Сцяц. Словаўтв.). Падобныя словы ёсць, напраў рус. і ўкр. мовах. Параўн. у Даля: гала́нить, гала́чить, гала́шить ’гарланіць, крычаць, шумець і да т. п.’ (гл. і СРНГ, 6, 104–105). Параўн. далей укр. гала́кати ’крычаць’, гала́йкати (Грынч.). У аснове гэтай групы слоў ляжыць, як здаецца, гукавы комплекс гал‑, гала‑, галай‑, што азначае ’шум, шумець, крычаць і да т. п.’ Ад гэтага гал(а)‑ пры дапамозе дзеяслоўнага «узмацняльнага» суф. ‑к‑ было ўтворана гала‑к‑ (гл. укр. дзеяслоў гала́кати). Далей да гэтага апошняга тыпу ўтварэння быў даданы «ўзмацняльны» суф. ‑ан‑ (галакан‑), што і з’явілася базай дзеяслова галакані́ць. Параўн. яшчэ штурхаць — штурхнуць — штурхан (гл. пад гакан) і гакан ’моцны штуршок’ (там жа). «Узмоцненымі» («падоўжанымі») формамі лічыў другія словы ў парах тыпу hákaty — hałakaty, hajkaty — halájkaty ва ўкр. мове Смаль–Стоцкі (гл. Slavia, 5, 6–7). Аб дэрывацыі ад выклічніка hala‑ гл. таксама ў Слаўскага, 1, 397.
Галалёдзіца. Параўн. рус. гололе́дица, укр. гололе́диця (гэта слова не адзначана ў Шанскага, 1, Г, 120), славац. дыял. holoľadica, славен. gololedica. Можна меркаваць, што гэта ўтварэнне суфіксам *‑іса ад *gololedъ ’тс’ (агляд літ-ры гл. у Шанскага, там жа). Іначай, але, здаецца, не вельмі пераканаўча Гараеў (107) і Праабражэнскі (1, 141) звязваюць *gololedica з голоть (голодь) і далей з укр. ожеле́диця, ожеледь (якія быццам маюць і.-е. сувязі). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 431–432. Сюды ж і галалёд ’галалёдзіца’ (агляд форм і геаграфіі слоў галалёдзіца, галалёд гл. у Яшкіна, 45). Параўн. рус. гололед, славен. gololèd, далей польск. gołoledź. Слаўскі (1, 314) лічыць і *gololedъ і *gololedica праславянскімі фармацыямі.
Галаля́дзь ’сукаватае дрэва; месца ў ствале сасны, адкуль расце некалькі сукоў, найчасцей чатыры’ (Яшкін). Па паходжанню складанае слова (ад голы і ляда, лядзь; форму лядзь гл. у Яшкіна пад ляда), але не вельмі зразумелая семантыка гэтага ўтварэння. Паколькі няма іншых даных, этымалогія застаецца досыць праблематычнай. Але іншую версію, як здаецца, прапанаваць нельга, бо фармальна слова галалядзь надта празрыстае.
Галамо́ўза ’бязрогая скаціна’, ’плюгавы чалавек’ (БРС), ’нікчэмны чалавек’ (Сцяшк. МГ). Сюды і галамоўзы ’бязвусы, без барады’ (Шатал.). Гэта слова дакладна адпавядае рус. дыял. голомо́лза ’балбатун, пустамеля; нерастаропны чалавек, разіня.’ Фасмер (1, 430) мяркуе, што першапачатковае значэнне ’даіць упустую’, і лічыць, што слова складаецца з гол‑ (’голы’) і молз‑, якое адпавядае ст.-слав. мльзѫ млѣсти ’даіць’ (параўн. і molozivo). Магчыма, што гэта так. Заўважым, што на ўсх.-слав. тэрыторыі ёсць сляды дзеяслова *mьlz‑ ’даіць’. Параўн. палес. мо́ўзать ’кусаць без зубоў, дзяснамі (пра дзіця, сысуна)’ (Ніканчук, Бел.-укр. ізал., 61). Але галамо́ўзы ’бязвусы, без барады’, здаецца, не сюды. Параўн. рус. дыял. голомо́зый ’лысы’, голомы́сый ’тс’, голомы́зый ’безбароды; без лісцяў (аб дрэвах)’, укр. голомо́зий ’лысы’, ми́дза, бел. мы́са ’морда’. Тут адбылася кантамінацыя слоў моўза і мы́са.