Зоб ’валлё, валляк’ (Бяльк. 3). Рус. зоб, укр. уст. зоб ’тс’ (Жэлях.), ст.-польск. zob ’корм для птушак’, чэш. zob ’корм для птушак’, славац. zob ’дзюба; дзёўбанне’, н.-луж. zob ’дзюба’, славен. zȏb ’цвёрды корм’, серб.-харв. зо̑б ’гатунак жыта, авёс (на корм)’, балг. зоб ’зерне для корму жывёлы’. Ц.-слав. зобь ’авёс’. Ст.-рус. зобъ ’корм’ (XII∼XVI стст.), ’валлё’ (XVII ст.). Прасл. zobъ ’корм’, zobati ’есці’. Параўн. літ. ė́beti ’есці’, лат. zebenieks ’мех з аўсом’, ст.-інд. já(m)bhate ’хапае’, ірл. gop ’рот, дзюба’, ням. Kiefer ’дзюба’, ст.-англ. cealf ’сківіца’. І.‑е. *gʼebh‑ ’дзюба, рот, есці’. Покарны (1, 382) сюды ж адносіць жабры (гл.). Шанскі, 2, З, 103; Фасмер, 2, 102; Махэк₂, 718; Скок, 3, 659–660; БЕР, 1, 650–651; Траўтман, 364.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зрок ’здольнасць бачыць; погляд’. Чэш., славац. zrak ’тс’, славен. zrȃk ’паветра, прамень’, серб.-харв. зра̑к ’паветра’, зра̑к, зра̏ка ’прамень, святло’, балг. зрак ’прамень, святло’ перан. ’зрок’, макед. зрак ’прамень, святло’, дыял. ’погляд’. Ст.-слав. зраkъ ’зрок’. Ст.-рус. зракъ ’выгляд, вобраз; зрок’. Рус. зрак > зрачок Фасмер (2, 105) лічыць стараславянізмам, прыводзячы ўсх-слав. форму зорок; Шанскі, 2, З, 109. Тады зрок трэба лічыць паланізмам, які адлюстроўвае польск. літ. wzrok ’здольнасць бачыць, погляд’, уст. ’вока’. Пачатковае w‑ магло быць утрачана ў бел., калі ўлічваць взрокъ у Скарыны, у Александрыі (Булыка, Запазыч., 62). Але і ў ст.-польск. была форма zrok (Рэчак), якая і магла адлюстравацца ў бел. літ. форме. Корань той самы, што зрэнкі, зара, зарыць (гл.). Копечны, Zákl. zásoba, 429–30.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зуёк ’птушка Charadrius dubius ці Charadrius hiaticula’. Рус. зуёк, зуй ’тс’, у гаворках таксама назва іншых птушак (Tringa minuta, T. temincei, Totanus calidris, T. fuscus і інш.), серб.-харв. зу̏јак ’жук Scarabeus stercoririus’. Ст.-рус. зуй ’назва птушкі’ (XVII ст.). Зуёк памянш. да зуй, назвы птушкі, верагодна, гукапераймальнай (параўн. серб.-харв. зy̑j ’гудзенне’, зык. Гараеў, 119; Фасмер, 2, 108; Шанскі, 2, З, 114; Антропаў, дыс. Праабражэнскі пярэчыць Гараеву, але этымалогіі не дае). Младэнаў (ССУ ИФФ, 13–14 (1917/18), 64) услед за Міклашычам (404) падводзіць пад корань *zu‑ < і.-е. *gʼheu̯‑, *gʼhou̯‑ (параўн. зваць), у Покарнага (1, 413) *gʼhau‑, *gʼhau̯ə‑ ’крычаць, зваць’, прычым піша, што гэта можа быць гукапераймальнае слова. Скок (3, 664) лічыць zújati гукапераймальным, адкуль і зујак. Параўн. яшчэ з зуй1, зуй2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зігза́г ’ломаная лінія’. З рус. зигза́г ’тс’ (з 1803 г., зикзак з 1780 г., сиксак — з 1750–1760 гг.), франц. zigzag ’тс’ (з 1680 г., з 1662 г. у тапоніме), ням. Zickzack ’тс’ (каля 1700 г.). Формы сиксак, зикзак у рус. ваенных дакументах для абазначэння формы акопаў з ням., дзе фіксуецца і Sicksac. Ням. Zickzack (першасна ў вышэй указ. ваенным значэнні) лічаць падваеннем Zacke ’зубец’ паводле мадэлі Wirwarr і г. д. Біржакава, 122, 277; Шанскі, 2, З, 91; Фасмер, 2, 96; Даза, 761 (у ням. гукапераймальнае?); Паўль, Wörterb., 767. Блок–Вартбург (673), грунтуючыся на ранняй фіксацыі ў франц. і спасылаючыся на мадэль tic‑tac (цік-так), не лічаць, што франц. < ням., у карысць чаго і ням. напісанне пры першай лексікаграфічнай фіксацыі (1727 г.) sicsac (Клюге, 435).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каз ’скажэнне’ (Гарэц.), магчыма, сюды ж kazý (Федар. Рук.). Укр. каз ’шал, шаленства’, толькі ў прымаўцы «Нехай на тебе каз найде!», рус. наўг., кем., арх. казь ’дрэнь, бруд; падла’. Рус. слова адрозніваецца фармальна і семантычна і, магчыма, наогул сюды не адносіцца, польск. дыял. kaz ’загана’, ’бяльмо’, чэш. kaz ’агрэх, дэфект (напрыклад, у тканіне)’, славац. kaz ’недахоп, дэфект’, славен. kàz ’загана, немач’, ’дэфект у тканіне’, серб.-харв. каз ’вырадак’ (слова адзначана ў XVIII ст.). Меркаваць аб статусе як бел., так і іншых слоў цяжка; Трубачоў (Эт. сл., 9, 174–175) лічыць, што прыведзеныя формы дазваляюць рэканструяваць прасл. kazъ — адваротнае вытворнае ад kaziti, гл. казіць. Што датычыцца статуса бел. каз, параўн. яшчэ ўсх.-бел. кажены ’пракажоны’ і сказа ’дэфект і да т. п.’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плаку́н-трава́ ’від чальчаку (відаць, вербалісты). Lythrum salicaria L.’ (ТС; Ласт.). Да пла́каць і трава́ (гл.), параўн. іншую назву — слёзнік. Паводле Кісялеўскага (Аб некат. асабл., 30), назва звязана з павер’ямі: ад яго плачуць ведзьмы і чэрці (Ласт., 799); ён плача, калі ў чалавека журба (ТС) і інш. Тэрмін узнік пад уплывам украінскай і рускай моў, дзе ён больш распаўсюджаны, параўн. укр. плаку́н ’тс’, рус. плаку́н‑трава́ — гэтак названа шмат раслін: белы гарлачык, святаяннік, скабіёза, драсён звычайны, баркун белы, касач сібірскі, скрыпень вузкалісты і чатырохгранны, аер, ядрушка, валяр’ян, большасць з іх — вільгацелюбівыя, што датычыць святаянніка (Hypericum L.), то паводле павер’я, яго крывава-чырвоны сок прымушае плакаць нячыстую сілу (Фасмер, 3, 272–273); сюды ж і балг. плаку́н ’чальчак’ (запазычана з рус.?, гл. БЕР, 5, 299).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Полк ’вайсковая адзінка’ (ТСБМ), ’род, племя’ (Бяльк.), ’вельмі многа’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Укр. полк, рус. полк, польск. pułk, ст.-польск. pełk (імя ўласнае Świętopełk), в.-луж. połk, чэш., славац. pluk, серб.-харв. пук ’народ, тлум’, балг. пълк, ст.-слав. плъкъ. Прасл. *pьlkь. Адзінай думкі наконт паходжання гэтага слова няма. Найбольш верагодным лічыцца праславянскае запазычанне гоцкага *fulk(s) ’вайсковы атрад’, параўн. ст.-в.-ням. folc (суч. Volk) — ’народ’, войска’, але гэта не бясспрэчна (Чарных, 2, 53). Векслер (Гіст., 125) тлумачыць адсутнасць пераходу л > ў аднаўленнем л пад уплывам рус. полк. Банькоўскі (2, 526) параўноўвае з лат. palks, літ. pulkas ’мноства, тлум, статак; войска’, pulkáuti ’збірацца ў статак (пра птушак)’, санскр. pr̥nakti ’злучаць’, што сумнеўна (гл. Фасмер, 3, 311). Гл. таксама пулк.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прасі́ць ’звяртацца з просьбай, дабівацца чаго-небудзь, назначаць цану’, ’заступацца за каго-небудзь’, ’запрашаць, клікаць’, ’жабраваць’ (ТСБМ). Рус. проси́ть, укр. проси́ти, ст.-рус., ст.-слав. просити, ітэратыў прашати, польск. prosić, в.-луж. prosyć, н.-луж. přosyś, чэш. prositi, славац. prosiť ’прасіць’, серб.-харв. про̀сити ’выпрошваць; сватаць’, славен. prósiti ’прасіць’, балг. про́ся ’выпрошваць; сватаць’. Прасл. *prositi. Роднасныя: літ. prašýti, prašau ’патрабаваць, прасіць’, лат. prasít, prasu ’тс’, лац. precor, ‑ārī ’прасіць’, procus ’жаніх’, гоц. fraćhnan ’пытанне’, ст.-в.-ням. fraga ’пытанне’, fragen, fragon ’пытаць’, ст.-інд. praçnás ’пытанне’, авеcц. frasa‑ ’пытанне’ і г. д. (Траўтман, 216; Мюленбах-Эндзелін З, 377; Вальдэ-Гофман 2, 346 і наст.; Уленбек, 173; Фасмер, 3, 378). Сюды прасі́льнік ’чалавек, які запрашае на вяселле’ (Сцяшк. Сл.), мн. л. просылныкі ’тс’ (Сл. Брэс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́мзлы ’чуць закіслы; ні салодкі, ні кіслы (пра малако)’ (полац., Нар. сл.; в.-дзв., красл., Сл. ПЗБ). З *промзглы > параўн. рус. про́мзглый ’пракіслы, прагорклы; затхлы, сапсаваны, той, які загніў’, про́мзгнуть ’псавацца, гніць, горкнуць’, мзга ’гніль, цвіль, сырое надвор’е’, мзглой, мо́зглый ’друзлы, вялы, гнілы з сярэдзіны, прэлы’. Фасмер (2, 617) на аснове параўнання з рус. мозглый (гл. прамосклы) узнаўляе праформу *мъзга. Тады, відаць, да мазго́ліць ’пэцкаць; біць’, мазгля́вы (гл.). Параўноўваецца з грэч. μύσος*μύδος) ’ганьба; апаганенне’, ст.-ірл. mosach ’нячысты’, н.-ням. mussig ’брудны’, лат. мн. л. mudas ’гнілыя водарасці’, літ. мн. л. músos ’цвіль’ (Міклашыч, 207; Буга, РФВ, 72, 198 і наст.). Набліжэнне да літ. mazgóti ’мыць, паласкаць’, ст.-інд. máyjati ’ён апускае’, Фасмер (там жа) лічыць менш верагодным. Параўн. мазглявы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пру́зік ’конік’ (Ласт.), укр. пруз, пру́сик, пру́зик ’тс’, рус. дыял. пру́зик, прус ’дробная саранча; конік’. Утварэнні на базе ст.-рус. пруг, мн. л. пру́зи ’саранча’, ст.-сл. прѫжиѥ ’конікі’, што да *prǫgъ, роднаснага с.-н.-ням. spranke, sprinke ’конік’, другой частцы ст.-в.-ням. howespranca ’тс’ (літаральна ’які скача па сене’), аснова якіх выступае ў ст.-в.-ням. springen ’скакаць’, ст.-ісл. springan ’тс’ (Фасмер, 3, 387; БЕР, 5, 815; ЕСУМ, 4, 616). Разглядаецца як іменны дэрыват ад дзеяслоўнага кораня *pręg‑, для якога характэрнае значэнне ’напінаць, напружваць’ (ESJSt, 12, 730). Сюды ж, магчыма, і полёвы прус ’невялікае насякомае з дзвюма вострымі выпусткамі на канцы, якімі шчыпае’ (беласт., Ніва, 1979, 16 снеж.). Гл. пруг, пругкі. Аднак адзінкавая фіксацыя ў слоўніку Ластоўскага не дае падстаў лічыць слова народным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)