ПА́РУСНІКІ, кавалеры (Papilionidae),

сямейства дзённых матылёў атр. лускакрылых. Больш за 20 родаў, каля 700 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей; асабліва шматлікія і разнастайныя ў тропіках. Жывуць пераважна на травяністых раслінах, трапляюцца на кустах і дрэвах. На Беларусі 4 віды: апалон, махаон, падалірый і апалон чорны, або мнемазіна; усе занесены ў Чырв. кнігу.

Крылы ў размаху да 25 см, шырокія; заднія з выемкай на баку, у многіх відаў заканчваюцца падоўжаным вырастам. Афарбоўка крылаў яркая, разнастайная. Вусікі булавападобныя. Развіццё з поўным ператварэннем. Вусені масіўныя, стракатыя, кукалкі зялёныя ці бурыя.

С.​Л.​Максімава.

Да арт. Паруснікі: 1 — махаон загрэус; 2 — махаон маака; 3 — махаон асканіус; 4 — бутанітыс лідэрдаліі; 5 — еўрытыдэс лізітоус; 6 — арнітаптэра крэзус.

т. 12, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛАЛІ́СНІК (Lentinus),

род шапкавых грыбоў сям. плеўротавых. 12 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 5 відаў П.: бакалападобны (L. cyathyformis), духмяны (L. suavissimus), лускаваты, або шпальны грыб (L. lepideus), складкаваты (L. fulvidus), тыгровы (L. tigrinus). Трапляюцца з мая па вер. у лясах, на адмерлай (пні, ламачча) і апрацаванай (слупы, дошкі) драўніне. У краінах Паўд.-Усх. Азіі больш за 2 тыс. гадоў на драўніне лісцевых парод культывуюць ядомы грыб шыітаке (L. edodes).

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 2—15 см, сухая, пукатая, потым увагнутая або лейкападобная. пераважна светла-бурага колеру. Мякаць вельмі шчыльная, з узростам амаль дравяністая. Пласцінкі прырослыя або зыходныя. Ножка суцэльная, дравяністая. Споры цыліндрычныя, бясколерныя. Некат. віды ў маладым узросце ядомыя.

т. 12, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНАВА́ННЕ ў эканоміцы,

працэс распрацоўкі планаў развіцця эканам. аб’ектаў. У шырокім сэнсе ўключае таксама працэсы арганізацыі ажыццяўлення планаў, іх карэкціроўкі і кантролю за выкананнем. У дырэктыўнай форме П. ўласціва цэнтралізаванай кіроўнай эканоміцы, дзе вядучую ролю адыгрываюць дзярж. планы. У эканоміцы рыначнага тыпу больш пашырана П. ў форме бізнес-планаў на ўзроўні кампаній, фірм. У некат. краінах з рыначнай эканомікай выкарыстоўваюцца метады індыкатыўнага П. (праграмавання) эканомікі. Адрозніваюць: імператыўны план, які цэнтралізавана вызначае дакладныя заданні ўсім вытв. ячэйкам; нарматыўны план, пры якім цэнтралізавана вызначаюцца абязлічаныя нарматывы (напр., аптымальныя ацэнкі, цэны); змешаны план, які злучае элементы імператыўнага плана (у адносінах да найб. буйных рашэнняў, прапорцый тэмпаў) з элементамі нарматыўнага плана, што дае пэўную свабоду дзеянняў у рыначных умовах.

т. 12, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІМУТРО́К (ад англ. Plymouth Rock),

мяса-яечная парода курэй, выведзеная ў ЗША у 19 ст. Паводле колеру апярэння вылучаюць 8 іх разнавіднасцей, найб. пашыраны белыя і паласатыя. Паласатыя выведзены скрыжаваннем чорных іспанскіх курэй, белых кахінхінаў, паласатых дамініканскіх і інш. парод; белыя ўзніклі як мутацыя ад паласатых ці ў выніку скрыжавання П. з белымі легорнамі. Белы П. — мацярынская форма ў скрыжаваннях для вытв-сці мясных куранят — бройлераў.

Корпус масіўны, галава невял. з прамастойным лістападобным грэбенем. Сярэдняя маса курэй 2,5—3, пеўняў 3,6—4 кг. Куры пачынаюць несціся ў 6—7 месяцаў. Яйцаноскасць 160—180 яек за год; маса аднаго — да 60 г, шкарлупіна светла-карычневая.

Плімутрок: 1 — паласаты; 2 — белы.

т. 12, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГРА́МА ў інфарматыцы,

дакладнае апісанне на фармальнай мове паслядоўнасці дзеянняў аўтаматычнай прылады (часцей ЭВМ); рэалізуе распрацаваны алгарытм.

П. ЭВМ складаецца з сукупнасці каманд (інструкцый), якія выкарыстоўваюцца для кіравання яе работай. Каманды выконваюць арыфметыка-лагічныя аперацыі над данымі ці аналізуюць вынікі такіх аперацый. Аўтаматызм выканання дасягаецца тым, што за бягучай камандай (акрамя апошняй) абавязкова называецца чарговая або тая, якая вызначаецца камандай умоўнага ці безумоўнага пераходу. Выбар напрамку ў камандах галінавання залежыць ад выніку аперацый над данымі. Некат. каманды ці іх групы могуць выконвацца шматразова, таму працягласць работы П. залежыць ад уваходных даных (П. рэагуе на разнастайнасць даных і іх пераўтварэнні). Распрацоўка П. — адна з асноўных задач прыкладной матэматыкі.

С.​У.​Абламейка.

т. 12, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМО́ВА, мова-аснова,

старажытная мова, з дыялектаў якой шляхам паступовага развіцця ўзнікае група т.зв. роднасных моў або моўных сем’яў. Некат. П. добра вядомыя з прычыны захавання пісьмовых помнікаў, напр., лацінская мова як П. раманскіх моў. У інш. выпадках П. рэканструююцца (напр., праславянская, праіндаеўрапейская і інш.) метадамі параўнальна-гістарычнага мовазнаўства. Рэканструкцыя П. як сістэм заканамерных фанет., марфал., сінтакс. і семантычных суадпаведнасцей — магчымасць лепей зразумець шляхі эвалюцыі асобных моў, вызначыць адносіны роднасці паміж імі, выйсці за часавыя межы самых старых зафіксаваных тэкстаў.

Літ.:

Трубецкой Н.С. Мысли об индоевропейской проблеме // Трубецкой Н.С. Избр. тр. по филологии. М., 1987;

Гамкрелидзе Т.В., Иванов В.В. Индоевропейский язык и индоевропейцы. [Т]. 1—2. Тбилиси, 1984.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 13, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПАРЦЫЯНА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА,

парадак вызначэння вынікаў галасавання, пры якім размеркаванне мандатаў паміж партыямі, што выставілі свае кандыдатуры ў прадстаўнічы орган, праводзіцца ў адпаведнасці з атрыманай імі колькасцю галасоў. Пры П.с.п. ствараюцца вял. выбарчыя акругі, у якіх кожная партыя выстаўляе свой спіс кандыдатаў, а выбаршчык падае голас за спіс адпаведнай партыі. Для вызначэння вынікаў галасавання ўстанаўліваецца мінімум галасоў, неабходных для атрымання аднаго дэпутацкага мандата. Размеркаванне мандатаў унутры спісу партыі ажыццяўляецца, як правіла, у адпаведнасці з тым парадкам, у якім кандыдаты размешчаны ў спісе. П.с.п. выкарыстоўваюць пры выбарах усяго парламента (Данія, Партугалія, Люксембург, Латвія) або толькі ніжняй палаты (Аўстралія, Аўстрыя, Бельгія, Польшча, Бразілія), ці паловы саставу ніжняй палаты (ФРГ, Расія на выбарах 12.12.1993).

т. 13, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫВІ́ДАВЫЯ, зданевыя,

палачнікі (Phasmoptera, або Phasmida, або Phasmodea),

атрад насякомых. Каля 2,5 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках. Жывуць на раслінах.

Даўж. да 35 см (самыя вял. з насякомых). Самкі буйнейшыя за самцоў. Форма цела палачкападобная (адсюль адна з назваў) або лістападобная (у лістацелаў). Крылаў у большасці відаў няма. Вочы добра развітыя. Ногі хадзільныя. Ротавы апарат грызучы. Расліннаедныя. У развіцці — партэнагенез, ператварэнне няпоўнае. Паводзіны і афарбоўка П. маюць прыстасавальнае значэнне: у нерухомым стане яны падобныя на галінкі, сцёблы, кавалкі кары, лісце. Здольныя доўга знаходзіцца ў стане «васковай гнуткасці» (каталепсія). Уласціва аўтатамія, страчаныя ч. цела лёгка ўзнаўляюцца.

С.​Л.​Максімава.

Да арт. Прывідавыя. Палачнікі: 1 — гіганцкі інданезійскі; 2 — індыйскі.

т. 13, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУГАЧЫ́ (Bubo),

род птушак сям. савіных атр. совападобных. 12 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Аўстраліі і Антарктыды. Жывуць у лясах, стэпах, пустынях, у гарах да выш. 4700 м. Актыўныя ўначы. На Беларусі 1 від — П. звычайны (B. bubo), рэдкая аселая і вандроўная птушка. Трапляецца часцей на Палессі ў лясах. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 75 см, размах крылаў да 180 см, маса да 3,2 кг. Самкі большыя за самцоў. Апярэнне рыхлае, рыжавата-жаўтаватае ці белаватае з падоўжнымі і папярочнымі плямкамі, зверху цёмнае, знізу светла-жоўтае, пёравыя «вушкі» чорныя ці з папярочным малюнкам. Радужына вачэй чырванавата-аранжавая або карая. Дзюба і кіпцюры чорныя. Ногі моцныя, пальцы апераныя. Драпежнікі. Адкладваюць да 6 яец.

Пугач звычайны.

т. 13, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯНЬКО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура славянскіх плямён, якія ў 5—7 ст. насялялі тэр. лесастэпавага памежжа ад Ніжняга Падунаўя на З да Северскага Данца на У. Назва ад паселішча каля в. Пянькоўка ў Палтаўскай вобл. (Украіна). Асн. заняткі насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля. Найб. пашыраны тып помнікаў — неўмацаваныя селішчы пл. 1,5—2 га. Насельніцтва жыло ў паўзямлянках зрубнай ці каркаснай канструкцыі пл. ад 4,75 да 25 м², паглыбленых у грунт на 0,6—1,8 м, з каменна-глінянымі агнішчамі ці печамі-каменкамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могілак, трапляюцца пахаванні ў урнах; знойдзены гаршкі, бронзавыя трапецападобныя і спіральныя падвескі, пранізкі, абпаленыя шкляныя пацеркі і інш. Носьбітамі П.к. лічаць вядомых па пісьмовых крыніцах антаў.

А.​В.​Іоў.

т. 13, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)