АЛТА́Й

(ад цюркска-манг. алтан залаты),

горная сістэма ў Азіі на тэр. Расійскай Федэрацыі, Казахстана, Манголіі і Кітая. Працягласць больш за 2000 км, макс. шырыня больш за 500 км. Распасціраецца з ПнЗ ад Зах.-Сібірскай раўніны на ПдУ да раўнін Гобі. Складаецца з сістэмы расчлянёных хрыбтоў, нагор’яў, пласкагор’яў, міжгорных упадзін, катлавін. Водападзел Обі, Енісея, рэк бяссцёкавага бас. Цэнтр. Азіі. Найб. вяршыня — г. Бялуха (4506 м). Падзяляецца на ўласна Алтай (Расійскі, Казахстанскі), Мангольскі Алтай і Габійскі Алтай. Тэктанічныя структуры Алтая належаць да герцынскай і каледонскай складкавасцяў. Складзены з пратэразойскіх і пераважна палеазойскіх парод: метамарфічных сланцаў, слюдзістых кварцытаў, амфібалітаў, вапнякоў, алеўралітаў, гліністых сланцаў, вулканагенных парод і інш. Асадкавыя, вулканічныя і метамарфічныя пароды пранізаны гранітнымі і гранадыярытавымі інтрузіямі. Сучасны выгляд Алтая набыў у выніку падняццяў у неагенавы і чацвярцічны перыяды. Грабяні высакагорных хрыбтоў характарызуюцца альпійскімі формамі рэльефу. Ёсць буйныя міжгорныя катлавіны, т.зв. стэпы (Чуйскі, Курайскі, Уймонскі, Абайскі, Канскі і інш.). У нізкагор’ях і сярэднягор’ях развіты паверхневыя і падземныя карставыя формы. Карысныя выкапні: поліметалічныя руды, золата, ртуць, сурма, вальфрам, марганец, жалеза, буры вугаль, солі, сульфаты і інш. Багатыя радовішчы мармуру і каштоўных вырабных камянёў (яшмы, парфіры і інш.). Тэрмальныя крыніцы: Абаканская, Белакурыхінскія, Рахманаўскія, Джумалінскія.

Клімат Алтая кантынентальны. Зіма халодная і працяглая. Сярэдняя т-ра студз. ад -15 °C (у перадгор’ях) да -28...-32 °C у міжгорных катлавінах у выніку тэмпературных інверсій. Лета адносна кароткае і халаднаватае; у перадгор’ях сярэдняя т-ра ліп. 19—22 °C, на высакагор’ях 14—16 °C. На схілах зах. раёнаў ападкаў да 2000 мм, паўн.-ўсх. — да 1000 мм, на ПдУ да 200 мм за год. Характэрны горнадалінныя вятры (фёны). Магутнасць снегавога покрыва у Зах. Алтаі можа дасягаць 2—3 м. Каля 1500 ледавікоў агульнай пл. больш за 900 км². Развіта густая сетка горных рэк, найбольшыя: Катунь, Бухтарма, Бія, Чуя. Жыўленне рэк пераважна алтайскага тыпу — талымі снегавымі водамі і летнімі дажджамі. Больш як 3500 азёраў, пераважна каравых і марэнападпрудных, самыя вял. Маркаколь і Цялецкае маюць катлавіны тэктанічнага паходжання.

На Алтаі добра выражана сістэма вышынных ландшафтных паясоў. У паўн. і зах. перадгор’ях да выш. 400—700 м — лугавыя разнатраўна-злакавыя, да выш. 1200—1500 м — палыноваціпчаковыя стэпы. Горныя лясы займаюць каля ⅔ тэрыторыі. Сярод іх пераважаюць паркавыя лістоўнічныя (да выш. 2000—2200 м). На Пн лясы цемнахвойныя, у т. л. кедравыя. Характэрны высакатраўныя лугі (велікатраўе), а таксама астравы горных стэпаў. На выш. 1400—2000 м у засушлівых катлавінах пашыраны паўпустынныя ландшафты. Высакагорная зона (выш. 1800—2400 м) з субальпійскімі хмызнякамі і лугамі змяняецца нізкатраўнымі альпійскімі лугамі. Ва ўсх. і паўн.-ўсх. раёнах пашыраны горныя тундры (хмызняковыя, імхова-лішайнікавыя, камяніста-друзавыя). Вышэй альпійскіх лугоў і тундраў — голыя скалы, камяністыя россыпы, снежныя палі і ледавікі. Жывёльны свет разнастайны, стэпавага (суслікі, хамякі, палёўкі і інш.), таежнага (мядзведзь, рысь, ліс, собаль, вавёрка, марал, глушэц і інш.), высакагорнага (алтайская пішчуха, горны казёл, снежны барс і інш.) комплексаў. На тэр. Алтая — Алтайскі запаведнік.

Літ.:

Гвоздецкий Н.А., Голубчиков Ю.Н. Горы. М., 1987.

А.М.Баско.

т. 1, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)