Такі́1, займеннік ’менавіта гэты, падобны да гэтага або да таго, пра які гаварылася раней ці гаворыцца далей’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Касп., Федар., 4, Сл. ПЗБ, ТС), такі́й ’такі, гэтакі’ (Бяльк.), ст.-бел. такий ’такі’ (КГС). Сюды ж вытворныя са значэннямі павелічальнасці ці памяншальнасці: таке́нны ’такі (вялікі)’ (Ян., Растарг.), таке́зны ’тс’ (ТС), таке́нькі, таке́нечкі, таке́сенькі ’такі (малы)’ (Сцяшк. Сл., Ян., Растарг.). Укр. таки́, стараж.-рус. таки, такы ’тс’, польск., славін. дыял. taki, в.-луж. tajki, н.-луж. taki, серб.-харв. та̀кӣ, чэш. taky, славац. taký(to) ’такі’. Да прасл. *takъjь, што працягвае прасл. *takъ ’тс’ (гл. так).

Такі́2, ‑такі — прыслоўе і часціца, што выкарыстоўваюцца пры знамянальных словах, падкрэсліваючы іх значэнне: ’аднак’, ’аднак жа’, ’зрэшты’, ’тым не менш’, ’усё ж’, ’усё-такі’ (ТСБМ, Нас., Чач., Ласт.), ’аднак, хоць’ (Некр. і Байк.), тыкі́ ’аднак жа’ (чавус., Яшк. Мясц.), уваходзіць у склад некаторым слоў: даволі‑такі, зноў‑такі, так-такі і пад. (ТСБМ). Укр. таки́, рус. таки́, стараж.-рус. такы ’таксама; усё ж; пастаянна’. Паводле Карскага (2–3, 84, 419), Тв. скл. мн. л. ад так (гл.); гл. таксама Фасмер, 4, 13. Сюды ж такі́та ’дарэчы, дык, сапраўды’ (Некр. і Байк.), ускладненае часціцай то (та), гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́нна ‘дарэмна, дарма, марна’ (Нас., Гарэц. 1.), ‘бясплатна’, ‘без пакарання’: гэта табе тунна ня пройдзець; ту́нны ‘марны, дарэмны’, ‘бескарысны (пра працу)’ (Нас.), ст.-бел. туне ‘дарма, марна’ (ГСБМ). Укр. ту́нний, ту́ній ‘танны, даступны’, рус. ту́но ‘дарма, дарэмна, упустую’, ту́нный ‘дармавы’, ‘марны’, рус. і стараж.-рус. туне ‘дарэмна’, польск. усх. tuni, сілез. tůńi, каш. tóni, tóńi ‘танны’, н.-, в.-луж. tuni, славац. tuni, tuný, славен. tônj ‘тс’, zastóņj ‘дарэмна’, ст.-харв. ostunj, stunj, stunje ‘задарма, бясплатна, дарма’, балг. ту́на ў выразе: ту́ня беда ‘вялікая бяда’, ‘беспадстаўнае абвінавачанне’, макед. туне беда ‘тс’, ст.-слав. туне ‘дарэмна, бясплатна’. Прасл. *tuńь ‘дарэмны’ (Борысь, 626) ці *tunь‑jь ‘танны, даступны, дарэмны, бясплатны’ (ЕСУМ, 5, 676) узыходзіць да і.-е. *teu̯n‑. З іншым вакалізмам кораня на польскай моўнай тэрыторыі (другасная назалізацыя) прасл. *tanьjь, *tonьjь > та́нны (гл.). У якасці роднасных падаюцца: лат. taúņa ‘гультай’, taūņât ‘бадзяцца, хадзіць без справы, не брацца за работу’, ст.-в.-ням. dunni, ст.-н.-ням. thunni, ст.-ісл. þunnr ‘тонкі’. Развіццё індаеўрапейскай семантыкі ішло ад ‘тонкі, доўгі, выцягнуты’ > ‘невялікай вартасці’ > ‘танны’ (Шустар-Шэўц, 1558; (гл. таксама: Этимология–1967, 74; Зб. Бернштэйну, 474–480), чаму пярэчаць Фасмер, 4, 121; Сной у Бязлай, 4, 393. Адсутнічае пераканальная этымалогія (ESJSt, 17, 998).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туркі́-баркі́ — пра вялікі шлях, вялікую адлегласць (Нар. лекс., Вушац. сл., Рэг. сл. Віц.): туркі́‑баркі́ выхадзілі і нічога не знайшлі (Гіл.), туркі́ ‘тс’ (дзісн., Бел. дыял. 3), туркі́‑буркі́ ‘тс’: туркі́‑буркі́ прайшла, а дом найшла (брасл., Ліцв.), сюды ж ту́ркі‑ба‑ту́ркі ‘тс’: ту́ркі‑бату́ркі прайшоў і нічога не знайшоў (пра грыбы) (глыб., Бабін, вусн. паведамл.), з турко́ў барко́ў ‘невядома адкуль’ (полац., Волк.). Сюды ж арэальна блізкае рус. пск. вы́ходить турки́ и борки́ ‘многа хадзіць па лясах, па палях’. Параўн. польск. Turki Mazurki obejść — абысці частку свету (Варш. сл.). Рыфмаванае спалучэнне, у скарочаным варыянце толькі туркі́. Няясна. Польскае спалучэнне падаецца пад Turek ‘турак’, у мн. л. Turcy, аналагічна рус. ту́рка ‘Турэччына’: я поеду в дальню турку (СРНГ), тады ту́ркі ‘тс’, што магло ўспрымацца як ‘далёкая краіна’, а другія часткі — або як бары́ (гл. бор, баро́к) ці ўласныя назвы. Канцавы націск у часткі першых слоў не выключае сувязь з туро́к2 ‘закавулак’ (гл.). Беразовіч (Язык и традиционная культура, 172) звязвае з *turiti «с семантикой толчка, касания» і варыянтнай агаласоўкай тур‑/тыр‑, параўн. рус. дыял. на закатурках ‘у баку ад чаго-небудзь’, бутырки ‘сялянскі двор па-за сялом’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тынь1 ‘ ціна, твань’ (Нас., Гарэц.), ‘плесень’: у клеці дужа ты́ньню пахніць (Юрч. Вытв.). Параўн. рус. смал. тынь ‘зялёныя водарасці, якія плаваюць густой масай, ціна’, ‘балоцістае, топкае месца’ (СРНГ), што ўтварае адзін арэал з беларускімі словамі. Верагодна, звязанае з тынець, гл.

Тынь2 зборн. ‘колле, плахі для пабудовы тыну’ (Нас.), сюды ж ты́нне? ‘платы, парканы’: пайшла ў вандроўку па‑пад тынню (Я. Колас). Параўн. польск. дыял. tynia ‘тонкая дошчачка або кіёк для плоту’ (MSGP), укр. попідти́нню ‘пад плотам, пад плятнём’ (Т. Шаўчэнка) ад ти́ння зборн. да тин ‘тын’, рэдкае рус. тынь ж. р. ‘агароджа, плот’, звычайна ты́нье зборн. ‘калоды паміж слупамі ў сценцы’. Вытворнае ад тын з старым канчаткам на ‑ь са значэннем зборнасці, параўн. ст.-рус. чудь, сербь як назвы плямён (Фасмер, 1, 305).

Тынь3 — выклічнік раптоўнага дзеяння: дабавіў туды капусты і тынъ! — усё перамяшаў (Рамза, Бел. гутарк.). Да тыняцца, гл.

Тынь4 ‘месца на рацэ або возеры, якое зарасло трысцём’ (шкл., Мат. Маг.). Узыходзіць да прасл. *tyti ‘разрастацца, таўсцець’, параўн. серб. тити̏ ‘густа расці’ (Мартынаў, Зб. Крапіве, 214); паводле Мартынава (Лекс. взаим., 146–147), слова таго ж паходжання, што і тын (гл.) < *tynъ, якое з’яўляецца славянскім пранікненнем у германскія мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ірдзе́ст, рдзест ’вадзяная кветкавая расліна з доўгім сцяблом і невялікім, звычайна падводным лісцем; урэчнік’ (ТСБМ), дрост, драсён ’расліна Polygonum L.’ (Байк. і Некр.). Рус. рдест, укр. рдест, рде́сник ’тс’, де́рес ’расліна драсён, Polygonum’, польск. rdest, drest ’расліна Nectris’, в.-луж. drěst, drósi ’расліна Bidens tripartita’, н.-луж. drest ’ірдзест, Potamogeton natans L., Polygonum persicaria L.’, чэш. rdesno, rdest ’расліна Polygonum’, славац. уст. rdest, rdesno ’ірдзест Potamogeton’, славен. rdésen ’расліна драсён, Polygonum’, серб.-харв. дресан ’расліна Polygonum persicaria’. Бел. ірдзест з прыстаўным і‑ з рус. рдест, якое з польск. rdest. Праславянская форма рэканструюецца неадназначна. Фасмер (3, 452) прапануе як магчымую праформу *rъdъstъ, адкуль звычайна збліжэнне з *rъděti, *rъdja (гл. ірдзець, іржа1), Міклашыч, 284; Брукнер, 455. Найбольш верагодна рэканструкцыя *drěstъ, *drěstьnъ (першапачаткова прыметнік), звязаных з дзеясловам *dristati, паколькі корань раслін сямейства ірдзеставых выкарыстоўваецца як страўнікавы сродак; параўн. рус. завязный корень, животный корень, серб.-харв. желудњак і да т. п. (Мяркулава, Очерки, 41–42; Трубачоў, Эт. сл., 5, 110–111). Махэк₂ (510), Jména rostl. (86), Голуб-Копечны (310) зыходзяць з першапачатковага *nerstъ і звязваюць з нерастам. Іншыя версіі (збліжэнне з грэч. ῥοδον ’роза’ і г. д.) гл. Фасмер, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калі́тка1 ’невялікія дзверы для праходу ў варотах, плоце, агароджы; фортка’ (БРС, ТСБМ, Касп.; гарад., Сл. паўн.-зах.). Суадносіцца з рус. калитка ’тс’, якое зафіксавана ў пісьмовых помніках параўнальна позна — з другой палавіны XVII ст. У гаворках адзначаецца таксама калін. ’вароты’, цвяр. ’пярэднія вароты для ўваходу на ганак’, ярасл., кастр., маск. ’дзверы сялянскай хаты, якія вядуць з ганку ў сені’, тульск. ’драўляная крышка, якая зачыняе ўваход у падполле’, ’навес’. Характар сувязі бел. і рус. лексем няясны — на поўначы гэта, магчыма, спрадвечнае слова, на іншай бел. тэрыторыі — культурнае запазычанне з рус. мовы. Калитка як быццам выключна рус. слова, этымалогіі фактычна няма. Бернекер (1, 474) уводзіць слова ў артыкул kalita ’кашалёк’, паводле Праабражэнскага, 1, 286, рус. калита суадносіцца з коло, колесо. Паводле Фасмера, 2, 168, абедзве версіі памылковыя; неабходна рэканструяваць архетып колита ’дзверы’ ад колъ. Словаўтваральны тып, аднак, застаецца незразумелым. Не выключана, што бліжэй да ісціны быў Бернекер. На жаль, у нас няма непасрэдных доказаў таго, што каліта ’фортка’ і калита, калітка ’кашалёк’ непасрэдна суадносяцца ў выніку падабенства. Можна толькі меркаваць, што немалую ролю тут магла адыграць не столькі чатырохвугольная форма, колькі падобнасць упрыгожанага чатырохвугольніка кашалька да дзвярэй, форткі, верагодна, замацаваных перакрыжаванымі рэйкамі. Нашы меркаванні заснаваны, галоўным чынам, на ўскосных доказах. Так, параўн. каліта2, дзе назіраецца імаверны перанос па форме. Можна прывесці і полац. у калітачку скласці (хустку) ’скласці роўненька, квадрацікам’, якое, на нашу думку, непасрэдна суадносіцца з шырока засведчаным на рус. моўн. тэрыторыі калитка ’пірог, піражок з начынкай, звычайна адкрыты’. Цікава адзначыць, што на магчымую першасную сувязь указвае яўная адідэацыя ў рус. дыял. калитка ’піражок з узорам з гарызантальных палосак (у выглядзе «калитки»). Відаць, няма патрэбы ў пераносе назвы з каліткі ’кашалёк’ на іншыя рэаліі, не выключана, што тут рэалізуецца разгалінаваная семантыка запазычанага слова. Што датычыць лінгвагеаграфіі, то рус. калитка ’фортка’ ў значнай меры супадае з арэалам адпаведнай назвы для кашалька, аднак на бел. тэрыторыі гэта русізм.

Калі́тка2, звычайна мн. ліку, ’чатырохвугольныя ласкуты ў безрукаўцы’ (лун. Малч.). Паралелі да бел. слова ў польск. мове: kalita, kalitka (у мн. ліку) ’ласкуты ў кафтанах’, ’«зубы», прышытыя да нізу гарсэту’ і да т. п. Этымалагічна суадносіцца з каліта як ’чатырохвугольнае (скураное?) упрыгожанне на вопратцы’. Шырока прадстаўлена ў польск. гаворках, што, магчыма, сведчыць аб запазычанні бел. слова з польск. мовы.

Калі́тка3 ’лагчына, зарослая кустамі’ (Касп.). Адпаведнікаў у бел. мове да гэтага слова няма. Ілюстрацыя ў слоўніку не выключае магчымасці, што тут зафіксаваны мікратапонім: «Зьвядзі каня ў калітку пасьціць» (Касп., с. 151). Рус. наўг. калита ’частка ворыўнага поля’, валаг. ’лес, які знаходзіцца блізка ад вёскі’, арханг. калитка, паводле СРНГ, 12, 359: «Небольшой земельный участок, выгороженный особо среди одного обода — земельного владения, принадлежащего нескольким хозяевам». Гэтыя факты таксама няпэўныя (мікратапанімія?), але дастаткова аднародны арэал, дзе адзначана слова, сведчыць, магчыма, пра агульную інавацыю. Няясна, на базе якой лексемы ўтвораны слова, паколькі магчымая ідэя «чатырохвугольнасці» адносіцца і да каліта і да калітка. Можна думаць пра сувязь слова з праслав. kalъ; дэрыват у такім выпадку павінен быў азначаць спачатку ’вільготнае, балоцістае месца’. Пярэчаць гэтаму відавочныя рус. паралелі (семантычныя цяжкасці) і словаўтваральны крытэрый.

Калі́тка4 расліна гарлачык, Nuphar luteum; Nymphaea alba’ (лельч., стол., лун., Бсил.). Паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыю неабходна аднесці сюды і каліты, адзначанае ў Сержпутоўскага, 63: «Падплыла дошка к берагу, заплуталася паміж калітак і стала». Далей сюды ж калітнік ’гарлачыкі жоўтыя’ (саліг., Нар. словатв.). Бейліна (Лекс. Пол., 422) як адпаведнік прыводзіць укр. калитник ’расліна Capsella bursa pastoris’, што наўрад ці правамерна. Укр. назва — празрыстае ўтварэнне ад калита ’кашалёк, сумка’, тое ж і ст.-польск. kaleta pasterska, kaletki, літ. kolytä ’расліна Thlaspi arvense’. матывацыя зразумелая, паколькі насенныя каробачкі вельмі нагадваюць сумкі рознага тыпу, параўн. лац. назву і рус. кальку пастушья сумка. Семантыка тэрмінаў для Nuphar, Nymphaea з’яўляецца іншай, параўн. бел. сінонімы: глечыкі, кушынкі. жбанкі, палес. банка, гладышечки, укр. кубишка, збанок, банька і інш. Думаецца, што ўкр. назву для Capsella можна разглядаць асобна ад бел. Апошнія ў такім выпадку — відавочна беларуская рэгіянальная інавацыя. Фармальная сувязь з вышэй прыведзенай лексікай відавочная; цяжка, аднак, аддаць перавагу збліжэнню з каліта. паколькі нельга цалкам выключыць магчымай сувязі з каліт‑ ксч. Думаем, што слова неабходна ўсё ж такі лічыць роднасным да каліта, аднак не ’кашалёк чатырохвугольнай формы і да т. п.’, а ў значэнні ’мяшочак, капшук і інш.’ Падставы для такога меркавання ёсць, паколькі шэраг слав. сінонімаў для Nuphar, Nymphaea сведчыць аб тым, што кветкі або насенныя органы параўноўваліся з галоўкамі маку і называліся тэрмінамі з семантыкай «выпукласці». Параўн. бел. булдоўка для Nuphar, макаўка, макоўка ’Nymphaea’, палес. болбуткі, бубенчики ’Nuphar’, болбутки ’Nymphaea’, магчыма, укр. бабка ’Nuphar’, мак. водяний бамбулька ’плод гарлачыка’ і інш. Не выкліочана таксама, што бел. назва — вынік канкрэтнай рэалізацыі больш шырокавядомай мадэлі, паводле якой утвораны і ўкр. і інш. назвы; у такім выпадку можна думаць аб існаванні універсаліі ў межах народнай тэрміналагічнай сістэмы намінацыя. У любым выпадку інавацыйны характар назвы відавочны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Камба́йн ’складаная машына, якая адначасова выконвае работу некалькіх механізмаў’ (ТСБМ), камба́й, канба́йн, комба́йн, кынба́й ’тс’ (Сцяшк.; Яшк. З жыцця; Сл. паўн.-зах.), камба́ер ’камбайнер’ (Сцяшк.). Запазычана праз рус. мову з англ. combine ’аб’ядноўваць, камбінаваць, спалучаць’ (< лац. combīnō ’злучаю дзве рэчы’) у 30‑х гадах XX ст. (Шанскі, 2 (К), 224).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Камлёт ’саматканая шарсцяная спадніца больш высокай якасці, чым андарак’ (Юрч., Бяльк.), ’андарак’ (чачэр., Жыв. сл.), ’суконная або шарсцяная тканіна’ (Гарэц.), камлот ’тоўстая баваўняная або шарсцяная тканіна з чорных і карычневых нітак’. Відавочна, праз рус. мову з ням. Kamelol або з франц. camelot ’тканіна з воўны ангорскай казы’ (Фасмер, 2, 175).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кана́т ’тоўстая моцная вяроўка з валакна або дроту’ (ТСБМ), кына́т ’тс’ (Бяльк.). З рус. кана́т ’тс’, якое паводле Фасмера (2, 178) з н.-грэч. κανάτι < с.-грэч. καννάτα ’вяроўка’. Гл. яшчэ Шанскі, 2 (К), 42. Сюды ж кана́тнік ’травяністая расліна з сямейства мальвавых, са сцябла якой атрымліваюць грубае валакно’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Капры́з ’раптоўнае, настойлівае патрабаванне’, ’дзівацтва’, ’недарэчная задума’ (ТСБМ, Яруш.), капрызы (Бяльк.), капрызіць ’злавацца, капрызны ’гняўлівы, схільны крыўдзіцца’ (КЭС, лаг., ТСБМ), капры́за ’капрызны чалавек’. З франц. caprice ’капрыз’ < італ. capriccio ’тс’ < capra ’каза’ (значэнне ’дзівацтва, раптоўныя патрабаванні’ паявілася на падставе незвычайных скокаў казы (Слаўскі, 2, 60) — праз польск. або рус. мову.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)