ПАЛЬЧЭ́ЎСКІ (Алесь) (Аляксандр Восіпавіч; 16.1.1905, в. Прусінава Ўздзенскага р-на Мінскай вобл. — 26.4.1979),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1931). Працаваў у час. «Іскры Ільіча». У 1936 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Ніжагародскай вобл. У 1946—48 настаўнічаў на Міншчыне. У 1949 зноў незаконна асуджаны, высланы ў Краснаярскі край. Рэабілітаваны ў 1954. З 1955 у Мінску, з 1957 працаваў у час. «Вясёлка». Друкаваўся з 1924. Аўтар зб-каў апавяданняў «Родныя берагі» (1958), «Разбітае люстэрка» (1965), «Былі ў маці сыны» (1968), аповесцей і апавяданняў «Жнівеньская раніца» (1963), «Запознены пасаг» (1973), «Ноч на вахце» (1979). Пісаў для дзяцей п’есы, апавяданні (кн. «Беражанкі», 1958; «Аля і Галя», 1961; «Дым над лесам», 1964; «Таемная крушня», 1969; «Аднавокі сом», 1974), аповесці («Ты не адзін». 1959; «Данеўцы — нашы знаёмыя», 1965; «Тайна аднаго звяна», 1970; «Сцежкі», 1976). Асн. рысы яго творчасці — улюбёнасць у родны край, добрае веданне псіхалогіі селяніна, сял. побыту, жыцця дзяцей і юнацтва. На бел. мову перакладаў творы рус., укр. і груз. пісьменнікаў.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1975;

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1980.

Літ.:

Грахоўскі С. Чаго не паспеў сказаць // Маладосць. 1980. № 1;

Цулукідзе Т. Памяць // Там жа. 1985. № 1.

А.Пальчэўскі.

т. 12, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ра́даўніца 1 ’памінальны дзень’ (ТСБМ, Др.-Падб., Рам. 8, Касп.), ’гандлёвы дзень у аўторак на Фаміным тыдні’ (віл., Яшк. Мясц.), ра́дуніца ’памінальны тыдзень’ (Бяльк.), ра́дульніца (Ян.), ра́доница, ра́дуница ’тс’ (Нас.), раданіца ’тс’ (Гарэц., Рам. 8), ра́доўніца ’тс’ (ТС), ст.-бел. радуница (1522 г.), рус. ра́дуница, дыял. радуни́ца, ра́довница, ра́дошница, ра́дунки ’радуніца’, радуни́ца ’Фаміны тыдзень’ ’вясёлка’, ст.-рус. радуница. Збліжаюць з рад, тлумачачы з першапачатковага ’свята радаснага памінання памерлых на Вялікдзень у сувязі з уваскрасеннем Хрыста’ (Фасмер, 3, 431), параўн. рус. дыял. Христов день ’радаўніца’. Няпэўна. Малаверагодным падаецца збліжэнне з род, якое грунтуецца на рус. дыял. выразе родителки ’памінальны дзень’, родитель ’памерлы сваяк увогуле’ (Патабня, РФВ, 1, 84). Праводзячы паралелі паміж славянскім і літоўскім язычніцкім абрадам галашэння над памерлымі, які на мяжы Літвы і Беларусі існаваў да пачатку XX ст., Лаўчутэ (Балтизмы, 127–129) даводзіць, што назва ра́даўніца ўтворана на аснове літ. дзеяслова raudóti ’галасіць’, ’моцна плакаць’, raudìne ’малітва з плачам і галашэннем за памерлых’, параўн. суфіксальныя варыянты raudė́ti, raudáuti ’плакаць’, ’галасіць’. Перамяшчэнне дыфтонга ‑аў‑ з першага на другі склад магло адбыцца пад уздзеяннем славянскага рад, з якім славяне пачалі збліжаць незразумелую для іх назву, што сумніўна, гл. Анікін, Опыт, 261. Малаверагодна вывядзенне з незафіксаванага грэч. *ροδωνια ад ροδον ’ружа’ (Дзясніцкая, Слав. языкозн., IX, 92), гл. Жураўлёў, Язык и миф, 393.

Ра́даўніца 2 ’вясёлка’ (Мат. Гом.). Ад ра́ды, радавацца (гл.) па ўзору вясёлка (гл.).

Радаўні́ца ’беспарадак’: у яе вечная радаўніца (капыл., Жыв. сл.). Няясна, магчыма, ад ра́даўніца 1 — ’перадсвяточнае прыбіранне’? (сувязь з рад, парадак здаецца незразумелай у словаўтваральным плане).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПАНІ́ЗНІК (Сяргей Сцяпанавіч) (н. 10.5.1942, в. Бабышкі Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт і перакладчык. Скончыў Магілёўскае мед. вучылішча (1962), ф-т журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-паліт. вучылішча (1967). З 1967 ваен. журналіст. З 1977 у газ. «Вячэрні Мінск», з 1980 на Дзяржтэлерадыё БССР, у 1982—96 у выд-ве «Юнацтва», адначасова ў 1992—94 у Нац. навук.-асв. цэнтры імя Ф.​Скарыны, у 1996—99 вучоны сакратар Літ. музея Я.​Купалы. Друкуецца з 1959 (мае псеўд. Сяргей Папар). У зб-ках паэзіі «Кастры Купалля» (1967), «Палявая пошта» (1972), «Крона надзеі» (1975), «Чало і век» (1979), «Слова на дабрыдзень» (1982), «Мацярык» (1984), «Стырно» (1989), «А пісар земскі...» (1994) і інш. услаўленне роднага краю і яго духоўнай спадчыны, пераемнасці пакаленняў, філас. роздум над часам і гісторыяй свайго народа. Аўтар кн. публіцыстыкі «Пасля вогненных вёсак...» (1980). Аповесці «Браніслава» (1985), «Асвейская трагедыя» (1992) пра Саласпілскі лагер смерці. Піша для дзяцей: зб-кі вершаў «Адкуль вясёлка п’е ваду» (1981), «Жыцень» (1986), «Мы — грамацеі!» (1989), «Золкая зёлка» (1999). З 1990 укладае штогоднік гіст. л-ры «Бацькаўшчына». Даследуе бел.-лат., бел.-ўкр., бел.-чэш. гіст. і культ. сувязі. Перакладае паэзію з інш. моў (зб. «Сустрэча роднасных сусветаў», 1997). На некат. яго вершы напісаны песні.

І.​У.​Саламевіч.

т. 12, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

весялу́ха

1. Лес з бяроз павіслых Betula Trendula Rpth; бярэзнік (Дубр., Крыч. Меер 1786, 115).

2. Рознакаляровая вясёлка на небе (Ваўк. Сцяшк., Глуск. Янк. II., Маз., Росл. пав. Дабр., р. Пціч Серб. 1915, паўдн. ч. Слуцк. пав. Сержп. Прымхі, 12, Ст.-дар.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ГРАЧА́НІКАЎ (Анатоль Сямёнавіч) (8.9.1938, в. Шарпілаўка Гомельскага р-на — 7.3.1991),

бел. паэт. Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. Транспарту (1960), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1969). З 1971 нам. старшыні праўлення СП Беларусі. Гал. рэдактар час. «Вясёлка» (з 1976), «Бярозка» (з 1978), «Маладосць» (з 1982). Друкаваўся з 1957. У зб-ках «Магістраль» (1964), «Круглая плошча» (1971), «Грыбная пара» (1973, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1974), «Начная змена» (1975), «Дрэва на выспе» (1977), «Верасень» (1984), «Жнівень — 45» (1990) — любоў да роднага краю, прыроды, шматграннасць духоўнага свету сучасніка, тонкі лірызм, драматызм перажыванняў, гарманічнае адзінства зместу і формы. Пісаў для дзяцей (кн. «Жывая вада», 1985, і «Зорны палёт», 1988). За кн. вершаў «Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара» (1980), «Палессе», «Валерка і лятаючая талерка» (абедзве 1983) Дзярж. прэмія Беларусі 1984. Асобныя яго вершы пакладзены на музыку («Дударыкі», «Белая лілея», «Над Белай Руссю — белы снег...» і інш.). Выступаў як публіцыст, крытык, перакладчык (зб. паэзіі Зульфіі «Такое сэрца ў мяне», з Э.​Агняцвет, 1985, і інш.). Аўтар кн. сатыры і гумару «Школа танцаў» (1988).

Тв.:

Калі далёка ты... Мн., 1979;

Я вас люблю... Мн., 1986;

Выбранае. Мн., 1988.

Літ.:

Бярозкін Р. Паэзія — лёс і адказнасць // Полымя. 1971. № 7;

Лойка А. Паэзія і час. Мн., 1981;

Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982;

Гніламёдаў У. Ля аднаго вогнішча. Мн., 1984.

І.​У.​Саламевіч.

А.С.Грачанікаў.

т. 5, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Тэ́нчыць ‘кленчыць, настойліва прасіць, дамагацца просьбамі’ (Скарбы). Няясна; параўн. фармальна і семантычна блізкае рус. наўг. те́нжить, те́ншить ‘надакучваць, кленчыць, настойліва прасіць’, якое Фасмер (4, 42) выводзіць з польск. tążyć, tężyć ‘тужыць, сумаваць па кім-небудзь’ (гл. тужыць), што з арэальнага пункту гледжання падаецца сумнеўным. Мажліва, дзеяслоў працяглага дзеяння ад гукапераймальнага тэнкаць (гл.) або роднасны польск. stękać ‘стагнаць, скардзіцца’ з рухомым s (гл. стэнкаць). Народнаэтымалагічнай сувяззю з апошнім Федароўскі (Федар. 1, 249) тлумачыў табуізаванне запазычанага тэнча і замену яго словам вясёлка для пазбягання праклёну kab ty cięły wiek stenkaŭ, гл. таксама Астроўскі, Зб. памяці Слаўскага, 522.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КАРАМА́ЗАЎ (Віктар Філімонавіч) (н. 27.6.1934, г. Чэрыкаў Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1958). Працаваў у раённых газетах. З 1964 у газ. «Звязда», з 1969 у «Літаратуры і мастацтве». З 1971 заг. аддзела маст. фільмаў Бел. дзярж. к-та па тэлебачанні і радыёвяшчанні. У 1982—86 літкансультант СП Беларусі. Друкуецца з 1957. Першы зб. апавяданняў «Падранак» (1968). У зб-ках «Па талым снезе» (1973), «Спіраль» (1974) сцвярджае дабрыню, духоўную годнасць чалавека. У эпічным, лірыка-публіцыстычным рамане «Пушча» (1978, экранізаваны ў 1988) на прыкладзе Ліменскай пушчы на Чэрыкаўшчыне маст. сродкамі паказаў бядотны лёс лясоў на Беларусі. Аповесць «Дзень Барыса і Глеба» (1980) пра сучасную вёску. Падзеям Вял. Айч. вайны прысвечаны раман «Бежанцы» (1990). Аповесць «Крыж на зямлі і поўня ў небе» (1991) пра мастака В.​Бялыніцкага-Бірулю. У аповесці «Краем Белага шляху» (1992) тэма чарнобыльскай трагедыі. Аўтар нарысаў (зб. «Вясёлка сярод зімы», 1978), сцэнарыяў маст. і дакумент. фільмаў. За кнігу публіцыстычнай прозы і эсэ «Проста ўспомніў я цябе...» (1989) Дзярж. прэмія Беларусі імя К.​Каліноўскага 1990.

Тв.:

Дома: Аповесці, апавяданні. Мн., 1984;

Дзяльба кабанчыка: Выбранае. Мн., 1988;

Глядзіце ў вочы лемуру. Мн., 1989;

Аброчны крыж. Мн., 1994. Выбр. тв. Т. 1. Мн., 1997.

Літ.:

Навуменка І. Кніга адкрывае свет. Мн., 1978. С. 216—219;

Дзюбайла П.К. Беларускі раман. Гады 70-я. Мн., 1982. С. 33—46;

Савік Л. Каб не астыла цяпло зямлі. Мн.,1984. С. 45—51.

А.​П.​Траяноўскі.

В.Ф.Карамазаў.

т. 8, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНДЛЁВЫ ЦЭНТР,

комплексны тып грамадскіх будынкаў, у складзе якіх прадпрыемствы гандлю, грамадскага харчавання, быт. абслугоўвання і інш. Часта аб’ядноўваюцца з культ.-асв., відовішчнымі, спарт., трансп. і інш. ўстановамі, утвараючы т.зв. грамадска-гандл. цэнтры. Пры ўключэнні ў іх склад адм.-дзелавых устаноў, офісаў, банкаў, прадпрыемстваў сувязі, гасцініц і інш. ствараюцца шматфункцыянальныя грамадска-дзелавыя цэнтры. У залежнасці ад кантынгенту абслугоўвання бываюць гандлёвыя цэнтры раённыя (крамы харч. і прамысл. тавараў, сталоўкі, кавярні, рэстараны, пошта, аптэка, банк) і агульнагарадскія (універмаг, спецыялізаваныя крамы, супермаркеты, Дамы быту, крытыя рынкі).

Гістарычна гандлёвыя цэнтры развіліся са старых рынкаў і кірмашоў, гасціных двароў 17—19 ст. Сучасныя гандлёвыя цэнтры з’явіліся ў 1930-я г. ў ЗША («Рузвельтфілд» каля Нью-Йорка) і звязаны з канцэнтрацыяй гандлю ў руках буйных манаполій і канкурэнцыяй паміж імі на ўнутр. рынку, а таксама з працэсам дэцэнтралізацыі насельніцтва буйных гарадоў, перасяленнем часткі яго на ўскраіны і ў загарадныя зоны, развіццём грамадскага і індывід. транспарту. У Зах. Еўропе пашыраны з 1950-х г. у сувязі з рэканструкцыяй старых гар. цэнтраў і буд-вам новых гарадоў («Лейнбан» у Ротэрдаме). У 1960-я г. ўзведзены буйныя грамадска-гандл. цэнтры ў Франкфурце-на-Майне, Парыжы, Манчэстэры, Токіо і інш.

На Беларусі будуюцца з 1960-х г.: у Мінску — на вул. Талбухіна (арх. Ю.​Шпіт, Я.​Саманчук), «Паўднёвы Захад» (арх. В.​Хрышчановіч, М.​Сірата), у Гродне — «Вясёлка» (арх. Л.​Мельнік), у Брэсце — на вул. Маскоўскай (арх. С.​Неўмывакін, у сааўт.), вёсках Расна Брэсцкай вобл. (арх. Г.​Бяганская), Сарачы Мінскай вобл. (арх. Г.​Заборскі) і інш. У арх.-маст. вырашэнні выкарыстоўваюць прыёмы дызайну, рэкламы, малыя арх. формы, элементы добраўпарадкавання (кветнікі, газоны, фантаны), каркасныя канструкцыйныя схемы.

В.​І.​Анікін.

т. 5, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАХО́ЎСКІ (Сяргей Іванавіч) (н. 25.9.1913, мяст. Нобель Зарэчненскага р-на Ровенскай вобл., Украіна),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1983). У 1914 з бацькамі пераехаў у Глуск. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1935). Працаваў на Бел. радыё, у прэсе. У 1936 беспадстаўна арыштаваны, сасланы на лесараспрацоўкі ў Горкаўскую вобл. У 1946—49 настаўнік у Слуцкім р-не. У 1949 арыштаваны паўторна і высланы ў Новасібірскую вобл.; настаўнічаў. Рэабілітаваны ў 1955. З 1956 у Мінску. У 1957—73 у час. «Бярозка», «Вясёлка». Друкуецца з 1926. Першы зб. вершаў «Дзень нараджэння» (1958). Грахоўскі — прыхільнік традыц. класічнай паэтыкі, канкрэтна-рэаліст. вобразнасці. Асн. рысы яго паэзіі — лірызм, роздум над складанымі праблемамі часу, спалучэнне грамадскіх і асабістых матываў, сцвярджэнне дабрыні, чалавечай годнасці, грамадз. адказнасці чалавека: зб-кі «Чаканне» (1960), «Паэма дарог» (1970), «Зачараванасць» (1978), «Асеннія гнёзды» (1982, Літ. прэмія імя А.​Куляшова 1983), «Кругі надзеі» (1985), «Верую» (1987), «І радасць і боль» (1988), «Споведзь» (1990, аповесці і вершы, Дзярж. прэмія Беларусі 1992) і інш. Аўтар зб. апавяданняў «Які вялікі дзень» (1966), дакумент. аповесці «Рудабельская рэспубліка» (1967, экранізавана ў 1972), «Суровая дабрата» (1977), «Два лёсы — дзве трагедыі» (1988), аўтабіягр. трылогіі «Такія сінія снягі» (1988), «Зона маўчання» (1990), «З воўчым білетам» (1991) і інш. Піша для дзяцей (зб. вершаў «Сёння і заўтра», 1961; «Гарыць касцёр», 1966; аповесць «Гарачае лета», 1974, і інш.). Перакл. на бел. мову асобныя творы А.​Гайдара, Р.​Тагора, кн. «Выбраныя вершы і паэмы» А.​Блока, зб. «Пасля спаткання» М.​Дудзіна і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1973;

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1983;

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1994.

А.​С.​Гурская, І.​У.​Саламевіч.

С.І.Грахоўскі.

т. 5, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗІДЫЯ́ЛЬНЫЯ ГРЫБЫ́, базідыяміцэты (Basidiomycetes),

клас вышэйшых грыбоў з асаблівымі органамі размнажэння — базідыямі. У эвалюц. развіцці — сістэматычная група, паралельная сумчатым грыбам. У аснове класіфікацыі базідыяльных грыбоў асаблівасці будовы базідый і пладовых цел. Уключаюць 3 падкласы (гетэрабазідыяміцэты, тэліяспораміцэты, холабазідыяміцэты), 2 групы парадкаў (гастэраміцэты і гіменаміцэты), 20 парадкаў, каля 30 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя Антарктыды. На Беларусі каля 2 тыс. відаў з 12 парадкаў (агарыкальныя, аўрыкулярыяльныя, афілафаральныя, галаўнёвыя грыбы, гіменагастральныя, дакрыміцэтальныя, дрыжалкавыя, іржаўныя грыбы, нідулярыяльныя, лікапердальныя, склерадэрматальныя, фаляльныя). Да базідыяльных грыбоў належаць мікраскапічныя формы і грыбы з буйнымі пладовымі целамі — макраміцэты. Большасць базідыяльных грыбоў — сапратрофы, мікарызаўтваральнікі, многія — паразіты раслін, узбуджальнікі хвароб с.-г. культур (галаўнёвыя і іржаўныя грыбы), гнілі драўніны (губавыя грыбы, дамавыя грыбы), ёсць ядомыя (апенька, баравік, масляк, падасінавік, сыраежка і інш.), лек. (чага, вясёлка) і ядавітыя (мухаморы). Некаторыя віды (шампіньёны, дрэўнавушка і інш.) уведзены ў прамысл. культываванне.

Для базідыяльных грыбоў характэрна поўная страта спецыялізаваных палавых клетак. Канідыяльнае (бясполае) споранашэнне трапляецца рэдка; палавое споранашэнне — базідыяспоры. Палавы працэс ідзе па тыпе саматагаміі праз зліццё дзвюх вегетатыўных (саматычных) клетак гаплоіднага міцэлію, што вырастае з базідыяспораў. Характэрная марфалагічная асаблівасць базідыяльных грыбоў — наяўнасць спражак — дугападобных структур каля папярочных перагародак, што падзяляюць клеткі гіфы. На дыкарыятычным міцэліі ў большасці базідыяміцэтаў фарміруюцца пладовыя целы, на паверхні або ўнутры якіх утвараюцца базідыі. Пладовыя целы базідыяльных грыбоў розных тыпаў: гіменіяльныя (спараносны слой — гіменій — на паверхні цела) і гастэральныя (гіменій унутры цела, замкнёнага да поўнага выспявання базідыяспораў); формы — плоскія, канічныя, капытападобныя, плеўкавыя, распасцёртыя на субстраце, падзеленыя на шапку і ножку; кансістэнцыі — мясістыя, дравяністыя, шчыльналямцавыя, скурыстыя.

А.​М.​Капіч.

Базідыяльныя грыбы: 1 — развіццё холабазідый і базідыяспораў (а — холабазідыя; б — базідыяспора); 2 — тыпы базідый (а — холабазідыя; б, в, г — гетэрабазідыі, д — фрагмабазідыя); 3 — цыкл развіцця шапкавага грыба (а — базідыяспоры, б — гаплоідны міцэлій, в — дыкарыяфітны міцэлій, г — пладовае цела, д — базідыя з базідыяспорамі); 4 — гіменій (а — цыстыда, б — парафіза, в — базідыя з базідыяспорамі).

т. 2, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)