Пасты́р, па́стырь, па́стар, па́стэр, па́сцір ’пастух’, ’старшы пастух’ (ТСБМ, Яруш., Др.-Падб., Сл. ПЗБ, Гарэц., Бяльк.; докш., маладз., Янк. Мат.). З ц.-слав. < ст.-слав. пастырь ’пастух’ (рус. кніжн. пастырь ’тс’), якое з’яўляецца адзіным прыкладам з суфіксам ‑tyrʼь ад pasǫ ’пасу’ (Фасмер, 3, 215), дзе ‑t‑, як і ў суфіксах ‑telʼь, ‑tъlъ, ‑tuxъ, ‑tajь (Слаўскі, SP, 2, 29). Фасмер (там жа) лічыць няпэўным выводзіць гэту лексему з лац. pāstōrem праз пасрэдніцтва герм. формы на *‑turi̯o (як ст.-в.-ням. pfistūr з лац. pistōrem, гл. (Мее, Études, 186; Вондрак, Vergl. Gr., 1, 159). Больш імаверным можна лічыць меркаванне Мартынава (Язык, 64–65), які прасл. pastyrь лічыць інфільтрацыяй італійскага pāstōr‑io‑s, у якім ō дало протаслав. ū, якое ў праслав. мове перайшло ў у, (г. зн. у ы). Сюды ж пастыранка ’пастухова пуга’ (паст., Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плю́шнік, плюшня ’аер трыснёгавы, Acorus calamiis L.’ (ТСБМ; ТС; Бейл.; брагін., Нар. словатв.; брагін., З нар. сл.), ’зараснік плюшчаю, Sparganitim simplex Mert. et Koch’ (брагін., Яшк.), ’зараснік аеру’ (БРС). Палескае (Карскі, Труды, 479). Сюды ж: плюшнік ’касач, Iris L.’ (ганц., Сл. ПЗБ), (буськова) плюшня ’тс’ (ТС), плюшня ’подсціл, балотная трава, падобная на аер; яе косяць, як замерзне балота’ (гродз., Сцяшк. Сл.), плюшняй ’чарот, Scirpus L.’ (карэліц., нясвіж., Весці, 4, 169), ’рагоз, Typha L.’ (ганц., Сл. ПЗБ). Адаптаваны балтызм. Параўн. літ. plušos, plušai ’рагоз’ (Атрэмбскі), pliūšė/pliūšė/pliūšis ’трыснёг’ (Арашонкава і інш., Весці, 4, 1969, 125), plūšė ’асака, Carex yracilis’. Сюды ж таксама плюсняг ’чарот’ (тамсама) — у выніку кантамінацыі лексем плюшняй і трыснёг (гл.), плюшнік ’месца на балоцістых лугах, дзе растуць асака, плюшчай, цыкута ядавітая’ (Яшк.). Гл. таксама плюшчай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пульвына́ ’мясцовасць на ўсход ад Камянца і Брэста ў бок Пінска, дзе мала лесу і балот, многа палёў’ (кам., ЖНС). З фанетычна змененага *полевина ад поле (гл.), параўн. назву людзей з гэтых мясцовасцей — полюхи ’палевікі’ (Клімчук, там жа). Аднак польск. pólwy (pulwy) ’затопленыя нізіны’, гідронім Пульва (назва рэчкі, што ўпадае ў Буг), нямецкія (з Прусіі) і балтыйскія паралелі дазваляюць бачыць тут заходнебалтыйскі ўплыў, параўн. Непакупны (Связи, 142–144): суадносіць з прус. Palwe ’пустка, зарослая нізкарослым хмызняком’, збліжэнне з поле лічыць другасным. Лаўчутэ (Балтизмы, 126) звязвае з літ. palves ’марошка; ягада, якая расце ў забалочаных мясцінах’, palios ’вялікія балоты’, лат. pali ’забалочаны бераг возера’, што малаверагодна. Бяднарчук (ABSl, 9, 51) адносіць балтыйскія формы да уграфінізмаў, параўн. карэл. palvi ’населеная мясцовасць’, эст. palu ’паляна, лес на пясчанай глебе; зарослая кустамі раўніна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пянчу́к, пяньчу́к ’пянёк, рэшткі камля ссечанага ці зламанага бурай дрэва; адно дрэва’ (ТСБМ, Нас.), пеньчучо́к ’аб’едзенае шкоднікамі сцябло бульбы’ (пух., Сл. ПЗБ). Утворана ад пень (гл.) пры дапамозе складанага інавацыйнага суфікса ‑чук, які ўзнік шляхам спалучэння суфіксальнага або каранёвага элемента ‑ч‑ (параўн. свіння > свінчо́ ’парася, парсючок’, дзеўка > дзяўчо́, плячо́ і пад.) і суфікса ‑ук, што, магчыма, звязана з пераходам назоўнікаў н. р. у м. р. пад уплывам балтыйскіх моў, дзе н. р. адсутнічае, параўн. адпаведныя дыялектныя формы дзяўчук, плячук (Грынавяцкене і інш., SOr, 39, 312). Меркаванні пра “турэцка-татарскі” характар патранімічнага суфікса ‑чук (гл. Бяднарчук, Stosunki, 120; Ліндэрт, ZPSS, 4, 81–87) не пераконваюць, бо зыходныя кампаненты названага суфікса вядомыя шырока ў славянскіх мовах, параўн. балг. Пе́търчо (памянш. ад Пе́тър) і ўласныя імёны тыпу Грыцу́к, Пятру́к і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раса́да ’маладыя расліны, што вырасцілі для перасадкі’ (ТСБМ, Касп., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), рыса́да, расса́да (Бяльк.), раса́дзіна ’каліва расады’ (Ян.). Параўн. рус. расса́да ’тс’, польск. rosada ’тс’, ст.-польск. rozsada ’тс’, славен. razsad, rošada ’тс’, літ. rasoda ’расліна’. Ад агульнаслав. ‑сад‑ у значэнні ’працэс пасадкі раслін’ > *roz‑sad(a) > *rossad(a) > rosad(а), адсюль зборнае значэнне раса́да для маладых раслін, для таго, што рассаджваюць. Для адзначэння асобнай расліны з расады назіраюцца розныя формаўтваральныя мадэлі, у тым ліку беспрыставачныя: параўн. польск. sadzonka, чэш. sadno, славен. sadíka, серб. sádno ’тс’. Сюды ж вытворныя раса́днік ’скрынка з зямлёй для вырошчвання расады’, ’гадавальнік’ (ТСБМ, Ласт., Сл. ПЗБ), ’гародчык’ (Бяльк.), расса́днік ’крыніца з’яўлення, размнажэння чаго-небудзь’ (ТСБМ). Відаць, другаснае ўтварэнне раса́днік ’зруб у 3–4 вянцы — аснова печы’ (Нік. Очерки), дзе фіксуецца і першаснае раса́днік ’парнік’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Руча́й ’невялікі вадзяны паток’ (ТСБМ, ТС), руча́й, ручэ́й ’тс’ (Нас., Сл. ПЗБ, Бяльк.). Сюды ж ручаі́на ’невялікі ручай’ (ТСБМ), ст.-бел. ручавина ’невялікі ручай, раўчук’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. руча́й ’ручай’, рус. руче́й ’тс’, польск. ruczaj ’тс’, чэш. паэтычнае ručej ’горная ручаіна, ручай’ (пры звычайным potok ’ручай’), славац. ručej, ručaj ’ручай’, в.-луж. ručej ’тс’, балг. ру́чей ’тс’. Стараж.-рус. ручаи (Аповесць мінулых гадоў), ручии, ручьи > ручей (Сразн., 3, 199–200). Прасл. *rečajь < *rukējь, дзе ‑ēj(ь) — суфікс (як у *lišajь, *obyčajь і інш.) і той жа корань, што ў прасл. *rykati/*ryčati ’рыкаць’. Параўн. славен. rukati (пра аленя) ’раўці ў час цечкі’; славац. ručať ’мычаць’, в.-луж. ryčeč ’рыкаць’ (Чарных, 2, 129) і асабліва балг. руча́ ’бурчаць, булькатаць’, ру́квам ’раптоўна пацячы’ < прасл. *ruk‑ (гл. БЕР, 6, 341, 357; Фасмер, 3, 524).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарб ‘казна; скарб; маёмасць; багацце’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Байк. і Некр., Варл., Сл. ПЗБ, Гарэц., Др.-Падб., Касп., Сцяшк.), ‘схаваныя каштоўнасці’ (Сл. ПЗБ), ска́рба ‘казна’ (Шпіл.). Запазычанне з польск. skarb ‘тс’, таксама як і рус. скарб; гл. Кюнэ, Poln., 96; Фасмер, 3, 633; Праабражэнскі, 2, 294. Польскае слова ўзыходзіць да ст.-в.-ням. scerf, нов.-в.-ням. scher(p)f ‘манета’ (Міклашыч, 298; Праабражэнскі, там жа), якія звязаны з ст.-в.-ням. scarbôn ‘рабіць надрэзы’ і першапачаткова азначала манету з зубчастым краем (Клюге-Гётце, 514; Праабражэнскі, там жа). Ст.-бел. скарбъ з ст.-польск. skarb (Булыка, Лекс. запазыч., 299). З польск. таксама скарбо́вы(й) ‘казённы’ (Нас., Касп.), ‘дзяржаўны або грамадскі’ (Варл.), ска́рбніца ‘схоў’ (Байк. і Некр.), скарбні́ца ‘будынак, дзе захоўваюць грошы ў гатоўцы’ (Ласт.); гл. Кюнэ, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сунду́к ’куфар’ (мін., Сл. ПЗБ; Бяльк., Сцяц. Сл., ТС, Мат. Гом.), ’дарожная сумка’ (Сцяшк. Сл.), ’рамачны вулей’ (Анох.); перан. сунду́к, сунды́к ’пра тупога, абмежаванага чалавека’ (Мат. Гом.), на Смаленшчыне таксама санду́к ’тс’ (Дабр.). Дапускаюцца розныя шляхі запазычання мяркуемага цюркізма, у тым ліку праз рус. сунду́к ’куфар, скрыня’, дзе, магчыма, чувашскае пасрэдніцтва (Дабрадомаў, Бел.-рус. ізал., 40), або ўкр. сунду́к ’тс’, відаць, з палавецкага сундух (Тагіеў, Цюркізмы, 151). Але параўн. ст.-бел. сундукъ ’куфар’ (1598 г.) са стараж.-рус. сундукъ ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 104). Крыніцай можа быць кыпч. sunduq, тур. sandik крым.-тат. сандык ’тс’ < араб. ṣandûḳ, ṣundûḳ якія ўзводзяцца да грэч. συνδοχετον або συνδυκετον ’тс’; гл. Фасмер, 3, 803 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 475 і наст. Малаверагодны ўплыў польск. sądek ’кадушка, кубел’, як мяркуе Цвяткоў, Запіскі, 2, 67.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́йнік ’агент тайнай паліцыі, сышчык, шпік’ (вілен., Стан.), ’шпіён’ (глыб., Жыв. НС). Семантычная кандэнсацыя словаспалучэння та́йны агент. Сюды, відаць, і та́йнік ’сябар, супольнік, памочнік’ (Ласт.), параўн. польскае wtajemniczony ’ўведзены ў курс справы’. Да тайны 1 (гл.).

Тайні́к 1 ’тайнае сховішча’ (ТСБМ). Запазычанне з рус. тайни́к ’памяшканне, месца, якое служыць таемным прыбежышчам або сховішчам’; у гэтым значэнні ст.-рус. та́иникъ фіксуецца з канца XV ст. (Сразн.).

Тайні́к 2 ’падучая хвароба’ (Касп.). Семантычная кандэнсацыя словаспалучэння та́йная хвароба, дзе семантыка тайны 1 (гл.), хутчэй за ўсё, ’няясны па паходжанні’, г. зн. не маючы знешніх прыкмет; унутраны. Сярод апісаных найбольш прадуктыўных славянскіх семантычных мадэлей эпілепсіі (Усачова, Слав. др., 3, 611–612) матыў ’тайны’ з такім разгалінавым напаўненнем не адзначаны, таму яго трэба лічыць уласна беларускім этналінгвістычным феноменам. Часцей, у прыватнасці ў замовах (жлоб., карм., нараўл., БНТ, Зам.), патайнік, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́пкі 1 ’балоцісты, гразкі, багністы; пра сыпучы грунт’ (ТСБМ, Сцяшк.), ’ужываецца са словамі луг, сенажаць, балота, бераг (вадаёма), дно (вадаёма); такі, у якім не загразнеш’ (Янк. 2), ’гразкі, багністы’ (ТС), ’цвёрды (дзе не загразнеш)’ (узд., Сл. ПЗБ), то́пкій ’гразкі (бераг і пад.)’ (Бяльк.), ст.-бел. топкий ’гразкі, багністы’ (КГС). Вытворнае ад тапі́ць 1, гл.

То́пкі 2 ’тлусты, які дае многа тлушчу пры тапленні’ (Скарбы; стаўб., З нар. сл.), ’плаўкі’ (ТС), ’плаўкі, цвёрды’ (Ласт., Байк. і Некр.). Ад тапі́ць 2, гл.

То́пкі 3 ’здатны хутка загарацца’ (Нас.). Ад тапі́ць 3, гл.

То́пкі 4 ’тапачкі’ (Мат. Гом.). Параўн. рус. смален. то́пки ’абцасы’ (выспяткі?): ножными топками топтали немлстівно (з помніка 1745 г., Барысава, Лекс. Смолен. края, 142), звязанае з то́пкаць ’штурхаць, біць’ (Мат. Гом.), укр. палес. то́пкати, та́пкати ’таптаць’, што да топаць, гл. Параўн. топці, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)