Пасты́р, па́стырь, па́стар, па́стэр, па́сцір ’пастух’, ’старшы пастух’ (ТСБМ, Яруш., Др.-Падб., Сл. ПЗБ, Гарэц., Бяльк.; докш., маладз., Янк. Мат.). З ц.-слав. < ст.-слав. пастырь ’пастух’ (рус. кніжн. пастырь ’тс’), якое з’яўляецца адзіным прыкладам з суфіксам ‑tyrʼь ад pasǫ ’пасу’ (Фасмер, 3, 215), дзе ‑t‑, як і ў суфіксах ‑telʼь, ‑tъlъ, ‑tuxъ, ‑tajь (Слаўскі, SP, 2, 29). Фасмер (там жа) лічыць няпэўным выводзіць гэту лексему з лац. pāstōrem праз пасрэдніцтва герм. формы на *‑turi̯o (як ст.-в.-ням. pfistūr з лац. pistōrem, гл. (Мее, Études, 186; Вондрак, Vergl. Gr., 1, 159). Больш імаверным можна лічыць меркаванне Мартынава (Язык, 64–65), які прасл. pastyrь лічыць інфільтрацыяй італійскага pāstōr‑io‑s, у якім ō дало протаслав. ū, якое ў праслав. мове перайшло ў у, (г. зн. у ы). Сюды ж пастыранка ’пастухова пуга’ (паст., Сл. ПЗБ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)