Нядзе́ля ’нядзеля, рус. воскресение’ (Нас., Гарэц., Булг.), ’нядзеля; тыдзень’ (Яруш., Грыг., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), ’тыдзень’ (Бяльк., Касп.), укр. неділя ’нядзеля’, рус. неделя ’тыдзень’, польск. niedziela ’нядзеля’, чэш. neděle ’нядзеля; тыдзень’, славац. nedeľa ’тс’, палаб. nidelʼɛ ’тс’, в.-луж. njedźela ’тс’, н.-луж. njeźela ’тс’, славен. nedélja ’тс’, серб.-харв. нѐдеља ’тс’, макед. недела ’тс’, балг. неделя ’тс’, ст.-слав. недѣлꙗ ’тс’. Прасл. *nedělja, лічыцца калькай з лац. feria, сярод значэнняў якога ’свята; вольны ад работы дзень’; менш верагоднай крыніцай з’яўляецца грэч. ἄπρακτος (ἥμερος) са значэннямі ’бязмэтны; які праводзіцца ў бяздзеянні, нерабочы’ (Фасмер, 3, 57); паводле Львова (Зб. Нахцігалю, 186–187), ст.-слав. недѣлꙗ магло з’явіцца і ўвайсці ў славянскія кнігі ў Маравіі са значэннем ’стан нядзеяння’, дзе другая частка *дѣлꙗ як у слове дрѣводѣлꙗ ’цясляр’ і пад. (гл. дзеля). Перанос назвы з дня тыдня, ад якога вялі адлік, на адрэзак часу пасля гэтага дня: ’нядзеля’ — ’тыдзень’, параўн. рус. арх. ле́то ’год’ < ле́то ’лета’. Гл. таксама Дурнаво, RÉS, 6, 107; Матушэўскі, Słowiański tydzień. Łódź, 1978; Сямчынскі, Семант. інтэрф. мов. Київ, 1974, 178; Ферлюга–Пятроніа, Živa antika, 34, 1–2; 43–48. Сюды ж нядзе́льнікаваць ’адпачываць, па-святочнаму прыбірацца’ (Сцяшк. Сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Муж ’жанаты мужчына ў адносінах да сваёй жонкі’, ’дзеяч у якой-небудзь галіне’ (ТСБМ, Маш., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Яруш., Пан. дыс.), му́жні, му́жны, му́зькі ’ўласцівы мужу’, ’мужчынскі’, ’храбры, рашучы, вытрыманы, статны’, мужне́ць ’рабіцца дарослым, больш мужным, развівацца’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Касп.). Укр., рус. муж; ст.-рус. мужъ, мужь ’мужчына’, ’знакаміты, важны, вольны чалавек’, польск. mąż, н.-, в.-луж. muž, чэш., славац. muž, славен. mǫ̑z, серб.-харв. му̑ж, макед. маж, балг. мъжъ́т, ст.-слав. mѫż. Прасл. mǫžь лічыцца роднасным са ст.-інд. mánuṣ (mánu‑, mánuṣ) ’мужчына, чалавек’, авест. manuš‑, гоц. manna, ст.-ісл. maðr, лац.-герм. Mannus — імя прабацькі германцаў, фрыгійск. Μάνης — роданачальнік фрыгійцаў < і.-е. *manu‑/*monu‑ (Траўтман, 169; Мее, 209, 354; Фрыск, 1, 83; Фасмер, 2, 670–671; Покарны, 1, 700; Бязлай (М. Сной), 2, 198–199). Мартынаў (Язык, 56) мяркуе, што прасл. mǫžь з’яўляецца іран. інгрэдыентам у прасл. мове (з іран. manuš, якое аформілася пад уплывам прасл. мадэлі, параўн. vǫžь, gǫžь). Жураўлёў (Тезисы докл. Междунар. симп. по пробл. этимол., историч. лекс. и лексикограф. M., 1984, 12) аспрэчвае гэта, спасылаючыся на тое, што слав.-скіфск. пранікненні мелі месца за 1500 год да падзення рэдукаваных. Гл. таксама Шаўр (Etymologie, 17–18).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Купі́ць ’набыць за грошы’ (ТСБМ, Бяльк., ТС, Сл. паўн.-зах.). Укр. купити, рус. купить, ст.-слав. коупити, балг. купя, серб.-харв. ку́пити, славен. kúpiti, польск. kupić, чэш. koupiti, славац. kúpiť, в.-луж. kupić, н.-луж. kupiś ’тс’. Прасл. kupiti лічыцца запазычаннем з гоц. kaupon ’таргаваць, гандляваць’, а германскія словы — з лац. caupo ’крамар’ (Бернекер, 647; Траўтман, 123; Кіпарскі, 204). Аднак існуе іншая магчымасць вытлумачыць паходжанне славянскіх лексем. Лац. caupo ў сваю чаргу разглядаецца як запазычанне з невядомай мовы. Яго можна звязаць са ст.-грэч. κάπηλος ’крамар’, калі прыняць для апошняга κάπηλος (< *κϜαπηλος): caupo‑ *ku̯op‑: *kou̯p‑. Сюды ж можна аднесці і тах. kappi ’серабро’ (< *kou̯p‑): ст.-грэч. καπηλεία ’гандаль’ ∼ тах. kappi ’серабро’. І.‑е. ku̯op тады разглядаецца як назва адзінкі натуральнага абмену. Параўн. прасл. kopa (гл. капа) (ст.-польск. і ст.-чэш. kopa ’грашовая адзінка’). Калі гэта так, мы можам рэканструяваць *ku̯op‑/*kou̯p‑ і аднесці сюды прасл. kupiti. Германскія словы можна разглядаць як славянізмы (далейшую аргументацыю гл. у Мартынава, Лекс. взаим., 161–166).

Ку́піць ’гарэць без полымя, дымець’ (Мартынаў, Зб. Крапіве, 210), якое суадносіцца з ко́паць (< *ku̯op‑) як аблаўтны варыянт *koup‑. Гл. купець і капцець.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жгаць 1 ’паліць’ (Нас.). Рус. дыял. арханг., алан., наўг., смал., кастр., вяцк., перм., свярдл., с.-урал., кіраўск. жгать ’тс’, чэш., арх. žhati ’тс’, серб.-харв. жга̏ти ’пячы’, славен. žgáti ’паліць’. Параўн. рус. жечь, жгу. Ст.-слав. жещи, жьгѫ. Прасл. *žьg‑ (з тэмай ‑a‑, у той час як у жещи яна адсутнічае, а на месцы ‑ь‑ выступае ‑е‑). Лічаць, што з і.-е. *dheg​u̯h‑ ’гарэць’: літ. degù, ст.-інд. dāha‑h ’пажар, спёка’, авест. daχša ’пажар’ і інш. Покарны, 1, 240–241; Фасмер, 2, 38; Траўтман, 49; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 289; Махэк₂, 727; Брукнер, 663–664. Скок (3, 674–675) тлумачыць узнікненне слав. *geg‑ з *deg‑ асіміляцыяй. Корань *deg‑ адлюстраваны ў дзёгаць (магчыма, з балт.) гл. Фасмер (2, 38) лічыць менш верагодным зробленае Шэфтэловіцам (ZfIndIr, 2, 271) супастаўленне са ст.-інд. jañj ’асвятляць, гарэць’, ст.-ісл. kvekva ’запальваць’ і зробленае Зубатым (Studie, I, 1, 127) дапушчэнне, што *geg‑ звязана з лат. dzedzite ’поле пад папар’. Але Зубаты (Studie, 1, 2, 142) імкнуўся растлумачыць форму *žeg‑ паралеллю з *žegrati. Так ці іначай паходжанне кораня *žeg‑, *žьg‑ не можа лічыцца вырашаным канчаткова. Параўн. жага, жыгаць, жэгаць.

Жгаць 2 (Нас.). Гл. джгаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Знібе́ць ’аднастайна, тупа балець’ (Юрч. Сін., Мат. Гом.), знібіла ’ныцік, плакса’ (Юрч. Вытв.), — у Юрчанкі без націску. Рус. знобить ’адчуваць холад’, смал. знобе́ть ’пакутаваць’, смал., паўд.-сіб., алан., ярасл., паўн. зноби́ть ’пакутаваць’, укр. зноби́ти ’прастуджваць’, польск. дыял. znobić ’халадзіць’, чэш. znobiti ’астуджаны, адчуваць холад’, славац. znobiť ’марозіць, халадзіць’. Ст.-рус. знобити ’марозіць, халадзіць’ (XII∼XVII стст.). Параўн. балг. дыял. зно̀ба ’хваравіты стан’. У бел. захавалася форма з дзеяслоўным вакалізмам у адрозненне ад адназоўнікавай формы тыпу рус. знобить, якая прадстаўлена ў зазноба (гл.). Бел. і рус. дыял. значэнне ’балець’ магчыма разглядаць як пашырэнне значэння ’адчуваць холад’, якое можа лічыцца першасным. Znobiti ’марозіць’ звязваюць з zęb (гл. зяб 1). Міклашыч, 401; Фасмер, 2, 101, БЕР, 1, 650; тут магла быць метатэза *zenb‑ > *zneb‑ (?) У супастаўленне ўключаюць зіма (гл.). Праабражэнскі, 254, Махэк₂, 707–708. Выдзяляюць прасл. корань *zьn‑, да якога далучаецца суфікс ‑ob‑a (але як тады быць з бел. формай?). Шанскі, 2, З, 102; Скок, 3, 659. Параўноўваюць з і.-е. *gʼen‑ ’нарадзіць, нарадзіцца’. Трубачоў, ВЯ, 1957, 2, 90; Трубачоў, Ист. терм., 153–154. Не выключана энатыясемічная сувязь з znojь (гл. зноіць); гл. зазноба. Адзінцоў, Этимология, 1974, 117–120. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́зі́ць ’псаваць, перакрыўляць і інш.’, ’перакрыўляць, крывіць твар’, ка́зіцца ’здзекавацца і інш.’ (Нас.), казити ’псаваць, шкодзіць і інш.’ (Гарб.). Укр. казити ’перакрыўляць, псаваць’, рус. (варонеж.) казить ’псаваць’, польск. kazić псаваць і інш.’, ст.-польск. (з XVI ст.) ’разбураць, псаваць, разбіваць (напр., збанкі)’, славін. kãzec ’разбіваць, разбураць і інш. в.-луж. kazyć ’нішчыць, псаваць’, н.-луж. kazyś ’псаваць і інш.’, чэш. kaziti ’псаваць, разбураць, шкодзіць’, славац. kazit ’псаваць, разбураць’, славен. kazíti ’псаваць, перакрыўляць’, серб.-харв. ка́зити се ’псаваць свой выгляд’, ст.-слав. казити ’псаваць, шкодзіць’. Прасл. kaziti (sę) традыцыйна лічыцца каўзатывам да čeznǫti, Трубачоў (Эт. сл., 9, 171) слушна звяртае ўвагу на тое, што паміж гэтымі словамі няма непасрэднай суаднесенасці ні ў фармальным, ні ў семантычным плане. Таму ранейшыя даследчыкі шукалі іншыя сувязі; можна згадаць спробу Махэка, Recherches. 82–86, суаднесці слав. kaziti і літ. kežė́ti ’кіснуць’, аднак у слоўніку (Махэк₂, 246) ён супастаўляе з слав. літ. gōžti, góžti ’пра псаванне піва і інш.’. Паводле Мее, MSL, 9, 1896, 144, можна меркаваць, што kaziti ад іменнай асновы kaza; фармальна (праз ступень o → ō) гэта супадае з асновай у слав. kazati. Семантычная сувязь лексем зразумелая, калі прыняць, што kazati ’псаваць’, ’памячаць, адзначаць (у дрэнным сэнсе)’, гл. Трубачоў, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пумпару́шка-рабу́шка ’божая кароўка’ (З жыцця), пумпа‑ ру́шка‑рыбу́шка ’тс’ (воран., ЛА, 1), параўн. мурашка‑пумпашка ’тс’ (там жа), прошка‑рябошка ’тс’ (віц., ЛА, 1). Спалучэнне рыфмаваных слоў, нярэдкае для назваў божай кароўкі, параўн. петрык‑ведрык, петарка‑федарка і пад.; адна з частак, несумненна, ад рабы ’стракаты, плямісты’; другая ўзыходзіць да асновы пумп‑, прысутнай у назвах невялікіх круглых прадметаў і істот, паралельнай да пуп‑ з экспрэсіўнай назалізацыяй, параўн., напрыклад, пу́пел ’карапуз’ (гл.) і балг. пу́мпал ’тоўстая кароткая калодачка’ (лічыцца гукапераймальным, гл. БЕР, 5, 852; хутчэй “формавыяўляльным”). Аднак геаграфія назваў з назалізацыяй схіляе бачыць у аснове літ. pumpas ’маленькі гуз’, pampariitė ’кругленькі, пузаты’, p u mpuras ’пупышка’ (параўн. Астрэйка, БЛ, 46, 59), што не выключае і іншых версій: параўн., напрыклад, в.-луж. ритрас ’тоўсты жывот’, pumpak ’пукаты гаршчок’, ’тлусты жывот’, pumpaty ’пузаты, тоўсты, разбухшы’, што, паводле Шустар–Шэўца (2, 1190), выводзяцца з гукавыяўляльнага (“Lautgebärde”) комплекса pump-, паралельнага да в.-луж. pup ’пуп, выпукласць, гуз’; гэта сведчыць пра міжмоўны паралелізм у раз-віцці некаторых “формавыяўляльных” асноў, падобна да гукапераймальных слоў, параўн. пу́мпара ’буркун’ (гл.). Неналізаваны варыянт укр. папару́шка, папару́за ’божая кароўка’. Тапароў (Мифы, 1, 181–182) звязвае з балг. пеперу́да ’персанаж з балканскага абраду выклікання дажджу’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пухі́р ’уздуцце на скуры; прышч; пузыр’ (ТСБМ; слуц., Нар. словатв.; Клім.; ПСл; ЛА, 3), паўхі́р ’тс’ (Скарбы; зэльв., навагр., дзятл., валож., ЛА, 3), панхі́р, панхе́р ’тс’ (брасл., ашм., смарг., бераст., шчуч., там жа), пухе́р, пухіэр ’тс’ (Сцяшк. Сл., Бес.; пруж., ЛА, 3), пукі́р ’тс’ (Сл. Брэс.), пухі́р ’бурбалка’ (ТСБМ, іўеў., ЛА, 2), ’высушаны і надзьмуты мачавы пузыр парсюка’ (Скарбы; слуц., Нар. словатв.; лях., Янк. Мат.; капыл., Жыв. сл.), ’паветраны пузыр у рыбы’ (ЛА, 1), ст.-бел. пухиръ ’пузыр’; параўн. укр. пухі́р, пухи́рь ’тс’, польск. pęcherz ’уздуцце скуры, пузыр’, чэш. puchýř ’тс’, славац. puchar, puchor ’пузыр, валляк’, в.-луж. pucher ’пузыр, бурбалка’, н.-луж. puchoŕ ’тс’, славен. puhọ̑r ’тс’; магчыма, сюды таксама серб. пу̏хор ’узняты ў паветра попел’. У сувязі з рознай суфіксацыяй лічыцца самастойным утварэннем у славянскіх мовах ад асновы прасл. *puch‑, гл. пухаць, пухнуць (Шустар-Шэўц, 2, 1188; Бязлай, 3, 135). Банькоўскі (2, 536) рэканструюе заходнеславянскую інавацыю *pǫ па ўзору *pǫpyrь ’тс’ пад уплывам сінанімічнага *měxyrь (гл. мяхір), адкуль фіналь ‑xyrь (“w prasłow. ‑x‑ po ‑o‑ niemożliwe”). Па фанетычных прычынах (спалучэнне ‑xi‑ < ‑chy‑ і інш.) беларускія словы запазычаны з польскай, параўн. таксама Булыка, Лекс. запазыч., 193; Станкевіч, Зб. тв., 1, 39, 50, 407.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́чыць ’жадаць, спрыяць, быць ласкавым’ (Нас., Мат. Гом., Сл. рэг. лекс.), ’раіць’, ’зрабіць ласку, уважыць просьбу’ (Варл.), рачы́ць ’ласкава запрашаць’ (Ласт.), ра́чыты ’жадаць’ (кобр., Жыв. сл.), ст.-бел. рачити ’любіць, турбавацца; рабіць ласку, згаджацца’ (Ст.-бел. лексікон). Сюды ж рачы́цца ’адгаворвацца, адракацца’ (маладз., Жыв. сл.), а таксама ў спалучэнні бажыцца‑рачыцца: бо́жыцца‑ро́чыцца, што не ён (Янк. 3.), магчыма і рачо́н ’рады, задаволены’: рачон быў куску хлеба (Сл. ПЗБ). Традыцыйна разглядаецца як запазычанае з польск. raczyć ’хацець, жадаць’ (Кохман, Polonica, 71; Булыка, Запазыч., 275), што цяжка давесці ў сувязі з ужываннем у народнай мове і шырокай вядомасцю ў славянскіх мовах, параўн. укр. ра́чити ’дазваляць, рабіць ласку’, рус. ра́чить ’жадаць, садзейнічаць, клапаціцца, старацца’, польск. raczyć, чэш. račiti, славац. račiť, славен. ráčiti ’хацець, рабіць ласку’, серб.-харв. ра́чити ’жадаць’, балг. ра́ча ’хацець, жадаць’, ст.-слав. рачити ’тс’. Прасл. *račiti, хутчэй за ўсё, да *rekti ’сказаць, заявіць’ (гл. рэкнуць), каранёвае a адлюстроўвае ступень падаўжэння (*rōk‑), звычайную для ітэратываў (Фасмер, 3, 451; ESJSt, 12, 744, з аглядам версій і літ-ры); лічыцца роднасным ст.-в.-ням. ruohhen ’клапаціцца’, ням. geruhen ’рабіць ласку’ (Бязлай, 3, 143; БЕР, 6, 193).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Страда́ць, страда́тэ ‘перажываць’ (в.-дзв., люб., кам., Сл. ПЗБ), ‘гараваць, мучыцца’ (Некр., ТС), ‘пакутаваць’ (Ян.), стражда́ць ‘пакутаваць’ (Нар. Гом.), стражда́цца ‘вандраваць, ездзіць (па свеце)’ (Сцяшк. Сл.), стра́да ‘цяжкае жыццё, мука’ (ПСл), страда́, стра́да ‘пакута’ (Ян.), стра́днік, стра́дніца ‘гаротнік, пакутнік, гаротніца, пакутніца’ (Нас., Шымк. Собр.; гом., Нар. лекс.; Растарг., Ян., ТС), стра́дочка ‘гора, мука’ (ТС), стра́дны ‘гаротны, змучаны’ (там жа). Параўн. укр. страда́ти, стражда́ти ‘цярпець, пакутаваць’, рус. страда́ть ‘тс’, стараж.-рус. страдати ‘працаваць; цярпець, пакутаваць’, страждеть ‘мучыцца’, старое польск. stradać ‘траціць, пазбаўляцца чаго-небудзь’, чэш. strádati ‘цярпець, пакутаваць’, славац. stradať ‘тс’, в.-луж. tradać ‘бедаваць’, н.-луж. tšadaś ‘тс’, серб.-харв. стра́дати ‘пакутаваць’, славен. strádati ‘тс’, балг. стра́дам ‘тс’, макед. страда ‘тс’, ст.-слав. страдати ‘пакутаваць; напружвацца, змагацца’. Прасл. *stradati ‘бедаваць’ лічыцца аддалена роднасным лац. strēnuus ‘старанны, дзейны; дужы’, грэч. στρηνής, στρηνός ‘востры, жорсткі’, што бліжэй тлумачаць старацца (гл.); выводзіцца з і.-е. strō‑ з пашырэннем ‑dh‑, звязаным з *(s)ter‑ ‘быць нерухомым, аслупянелым’. Гл. Фасмер, 3, 770; ЕСУМ, 5, 431; Новое в рус. этим., 220. У сувязі з шырокім распаўсюджаннем у народнай мове малаверагодна новае запазычанне з рускай мовы (так Сл. ПЗБ, 4, 593).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)