пляцо́ўка, ‑і, ДМ ‑цоўцы; Р мн. ‑цовак; ж.
1. Роўнае месца на зямлі, прыгоднае або падрыхтаванае для якіх‑н. мэт. Некалькі дзяўчат зносілі ў кучы жалезнае ламачча, расчышчалі пляцоўку, мужчыны заканчвалі крыць павець. Хадкевіч. Пасадачную пляцоўку рыхтавалі ў раёне Межаў, кіламетраў за дваццаць ад Ласінага вострава. Шамякін. // Месца, падрыхтаванае для якіх‑н. работ. На будаўнічых пляцоўках.. [карэспандэнт] пачуў размовы пра зарачанскі калгас, на зямлі якога будавалася станцыя, і вырашыў яго наведаць. Шахавец. Пляцоўка была гатова для здачы пад мантаж, перад вачыма вырысоўваліся абрысы падмурка, які павінен трымаць такую грамадзіну. Хадкевіч.
2. Роўнае вольнае месца ў якім‑н. збудаванні паміж двума лесвічнымі маршамі. Лёнік грукнуў дзвярыма і выскачыў на лесвічную пляцоўку. Васілёнак.
3. Пярэдняя або задняя частка вагона, звычайна без месц для сядзення. Сідарук выйшаў на пляцоўку вагона і, як толькі цягнік на раз’ездзе крыху сцішыў рух, скокнуў у мяккі снег. Галавач. І толькі трамвай спыніўся, .. [Рыгор] спрытна ўскочыў на заднюю пляцоўку. Гартны.
4. Тое, што і платформе (у 2 знач.). [Сярго:] Вагоны скора будуць: Я сёння з Оршы выслаў тры пляцоўкі. Глебка. Нінка спынілася і глядзела, як унізе ішоў доўгі таварны састаў. Маленькія вагоны з чырвонымі дахамі, доўгія пульманы з белымі люкамі, пляцоўкі з трактарамі, з лесам. Шамякін.
•••
Дзіцячая пляцоўка — сезонная выхаваўчая ўстанова для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пра́ктыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.
1. Спец. Дзейнасць людзей, якая накіравана на пераўтварэнне матэрыяльнага свету і складае ўсеагульную аснову, рухаючую сілу развіцця чалавечага грамадства і пазнання.
2. Жыццё, рэчаіснасць як галіна прымянення і праверкі якіх‑н. вывадаў, палажэнняў. Прымяніць веды на практыцы. Рэалізаваць рацыяналізатарскія прапановы на практыцы.
3. Скарыстанне якіх‑н. ведаў, навыкаў на справе, сістэматычнае практыкаванне ў чым‑н. У адкрыты бой з белымі мы не хадзілі. Практыкі такой не мелі. Якімовіч. — Відаць, адразу з галавы, без практыкі, не выдумаеш [як зрабіць нож], — адказаў Мірон. Маўр. Рыбалоў вучыцца кожны дзень, кожны час. Для яго лепшая крыніца ведаў — практыка. Матрунёнак.
4. Скарыстанне і замацаванне тэарэтычных ведаў (студэнтаў, вучняў і інш.) на вытворчасці. Педагагічная практыка студэнтаў. □ Вучоба ў гэтым навучальным годзе скончылася. Цяпер іхні — ужо дзесяты — клас павінен быў праходзіць вытворчую практыку ў адным з зарэчных калгасаў. Даніленка.
5. Набыты вопыт, сукупнасць прыёмаў і навыкаў у якой‑н. галіне дзейнасці. Практыка выхавання дзяцей. Практыка работы выдавецтваў. □ Лабановіч ужо з практыкі ведае, што пакуль ёсць работа дзецям дома, пакуль не наступіць позняя восень, сабраць іх у школе [цяжка]. Колас. Народ умеў мысліць адцягнена, а мудрую жыццёвую практыку мог увасобіць у вобразы акаляючай яго прыроды. Саламевіч.
6. Уст. Дзейнасць урача або юрыста; кола гэтай дзейнасці, людзі, на якіх яна распаўсюджваецца. Урач з вялікай практыкай.
[Ад грэч. praktikos — дзейны.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
страсць, ‑і, ж.
1. Нястрымнае пачуццё, моцнае захапленне. На першым плане [у творчасці К. Чорнага] чалавек, яго імкненні і страсці, радасці і няўдачы. Луфераў. Грозныя з’явы прыроды толькі ажыўляюць у яго [песняра] душы скрытыя агністыя страсці. Каваленка. // Натхненне, гарачнасць у адносінах да чаго‑н.; уздым, запал. [Жора] Любіў, калі ў вучоным доме Гарэлі страсці між людзей: «Глядзіш, што-небудзь і самому У зручны час перападзе». Бачыла. Каліноўскі з усёй страсцю рэвалюцыйнага дэмакрата абрушваецца на царскі ўрад, на ўвесь прыгонніцкі лад, знішчальна крытыкуе памешчыцкія парадкі і заклікае сялян да ўзброенага паўстання супраць самадзяржаўя. Ларчанка.
2. да чаго, з інф. і без дап. Пастаянная прыхільнасць да чаго‑н., моцная цяга да чаго‑н. Страсць да кніг. □ Ведаючы яго .. страсць — лячыць жывёлу, Мечыслаў уладзіў Сідара .. на ветэрынарныя курсы. Брыль. Ахоплены тым парывам творчай страсці, які як быццам у кулак сціскае ўсю тваю істоту, Сіўцоў не заўважыў нават, як прайшло за працай некалькі гадзін. Васілевіч. // Пра тое, што з’яўляецца прадметам пастаяннага захаплення, на што накіроўваюцца ўсе творчыя сілы. Тэатр — мая страсць. □ Пасля партрэта пейзаж — другая страсць Сергіевіча. Ліс.
3. Моцнае, нястрымнае каханне з перавагай пачуццёвай цягі. Яны ж [двое], ахопленыя вечнай страсцю, На нас ніякай не звярталі ўвагі, — Бо не маглі Ад вуснаў адарвацца, Што і вякі ніяк не разнялі... Сіпакоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сці́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Зменшыцца ў аб’ёме пад ціскам; згусціцца. Спружына сціснулася. Газы пад поршнем сціснуліся. // Разм. Скараціцца. Тэрміны сціснуліся, адпадае рад намечаных намі мерапрыемстваў. Шынклер.
2. Размясціцца шчыльна, сабрацца ў адным месцы, стоўпіцца. Сціснуліся, як селядцы ў бочцы.
3. Звузіцца (аб якой‑н. прасторы). Без таго вузкая стужка шашы нібы зусім сціснулася ў белай акантоўцы прыдарожных слупоў. Асіпенка.
4. Сабрацца ў камяк, скурчыцца; сагнуцца. Вожык так моцна сціснуўся, што ліс ніяк не мог даць яму рады. Ляўданскі. Таня сціснулася на возе ў камяк, падк[у]рчыўшыся і ўгнуўшы галаву. Пташнікаў. [Вася:] — А раз нехта ля куста стаяў, я сціснулася ўся, ляжу і не дыхаю. Быкаў.
5. Шчыльна злучыцца (пра губы, пальцы і пад.). У першую хвіліну .. [Нікіцін] здзівіўся, а потым зазлаваў, што аж рукі сціснуліся ў кулакі. Гурскі. Бушмаравы вочы ў той жа момант зажмурыліся, губы сціснуліся. Чорны. // Зблізіцца, насупіўшыся (пра бровы). [Лена:] — Ты не будзеш гневацца, калі я напішу Мікалаю пісьмо? — У Андрэя, як ад удару, сціснуліся бровы. Скрыган.
6. перан. Адчуць унутраны цяжар (у грудзях, горле). Але Косцік не чуў, што гаварыў Воўка. У грудзях у яго ўсё сціснулася, вочы заслаў нейкі туман. Арабей. // Адчуць боль пад уплывам якога‑н. пачуцця (пра душу, сэрца). У Віці сціснулася сэрца ад жалю і крыўды. Чарнышэвіч. Ганна не апусціла галавы, не разгубілася, а толькі сціснулася душой. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сэнс, ‑у, м.
1. Унутраны лагічны змест, які спасцігаецца розумам; значэнне. Сэнс артыкула. Ужыць слова ў пераносным сэнсе. □ Спахапіўшыся, паспрабавала [Марыя] змякчыць тон, перайначыць сэнс сказанага. Кулакоўскі. Як вучоны і разведчык, Андрэй прымушаў сябе разгадваць сэнс кожнай падзеі, нават самай звычайнай. Шамякін.
2. Разумная аснова, прызначэнне, мэта. Са мной маё жыццё, са мной ідзе, І так праз век ад самае калыскі. І ў гэтым руху — сэнс майго жыцця, Майго натхнення і майго быцця. Бялевіч. [Собіч:]. — А найбольш гэта патрэбна, каб вы [Валянціна Андрэеўна] самі ўявілі сэнс сва[ёй] работы: кожны ваш запіс абавязкова адгукнецца на вытворчасці. Скрыган. // Карысць, толк. Чакаць не было сэнсу: набліжалася ноч, а ісці аставалася яшчэ вельмі многа. Новікаў. [Алесь] разважаў коратка і пераканаўча: які сэнс ад гэтага адзіноцтва і каму яно патрэбна? Васілевіч. Людзі стаялі сабе і глядзелі або мітусіліся без сэнсу. Маўр.
•••
У поўным сэнсе слова — сапраўдны. Гэты [певень] быў маладзец у поўным сэнсе гэтага слова — плечы і крыл[ы] яго адлівалі золатам, .. на нагах красаваліся шпоры. Крапіва.
У сэнсе чаго або у якім сэнсе — у якіх‑н. адносінах. Шмат каму з чырвонаармейцаў, якія трапілі ў акружэнне .., пашанцавала ў тым сэнсе, што іх захавала, як родных, беларуская вёска. Брыль.
У сэнсе каго-чаго — разумеючы пэўным чынам. Ясна, што Скарына быў «садоўнікам» у сэнсе вучонага спецыяліста, садавода-батаніка і, магчыма, займаў пасаду кіраўніка або загадчыка каралеўскага батанічнага сада. Алексютовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тэ́ма, ‑ы, ж.
1. Кола жыццёвых з’яў, падзей, якія складаюць змест твораў літаратуры, жывапісу, музыкі ці аснову навуковых даследаванняў, дакладаў і пад. Тэмы кандыдацкіх дысертацый. Тэма даклада. □ Я тэмы для вершаў старанна вывучваў, Пра шчасце людское я хітра выпытваў, Слухмянымі рыфмамі звонка выстукваў Пра гора і радасць, пра грозныя бітвы. Панчанка. // Прадмет даклада, лекцыі, гутаркі. Лапковы мыслі зблыталіся ў галаве, але сувязі з агульнаю тэмаю, на якую ўзяўся ён разважаць, не гублялі, а толькі пайшлі па іншай лініі. Колас. Вера Антонаўка, спрабуючы знайсці прычыну, заводзіла гаворку то на адну, то на другую тэму, але дарма — сын адмоўчваўся. Карпаў. // Тое, што з’яўляецца зместам навучальнага або кантрольнага задання. Потым [Вера Адамаўна] пачала нячутна хадзіць па класе і вольна, без усякага напружання ў голасе тлумачыць новую тэму па літаратуры. Ермаловіч.
2. Спец. Асноўны матыў якога‑н. музычнага твора або яго часткі, які звычайна служыць прадметам далейшага развіцця. [Чайкоўскі] на тэме гэтага танца [тарантэлы] пабудаваў фінал «Італьянскага капрычыо» для сімфанічнага аркестра. «Маладосць».
3. У мовазнаўства — а) аснова на тэматычны галосны, напрыклад: чыта- ў слове чытаю, крычы- ў слове крычыць; б) пры актуальным чляненні выказвання тая яго частка, якая змяшчае менш інфармацыі, выражае ўжо вядомае і служыць асновай для разгортвання паведамлення.
•••
Вольная тэма — не абмежаваная рамкамі праграмы, адвольная тэма (сачынення і пад.).
[Грэч. thema — галоўная думка.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хада́, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. хадзіць — ісці (у 1 знач.). Доўгая і трудная хада без дарог па лесе прытаміла дзеда Талаша. Колас. [Гарлахвацкі:] Апіралася гэтая жывёліна пры хадзе не на два пальцы, а на ўсе чатыры. Крапіва.
2. Уласцівая каму‑н. манера хадзіць; паходка. Хоць дзяўчына была далекавата, .. [Леанід] пазнаў: гэта Алечка! Пазнаў па лёгкай постаці, па хадзе, сціплай, строгай. Мележ. Голас. [Аўдолі] быў грубы, уладарны, хада размашыстая, як у салдата, і смешна было глядзець, калі яна сваімі кароткімі ножкамі адмервае шырачэзныя крокі. Чарнышэвіч. // (звычайна са словамі «прыспешыць», «паскорыць», «прыбавіць», «прыцішыць» і пад.). Тэмп такога перамяшчэння. Андрэй падумаў, што, мусіць, спяшыць, і прыцішыў хаду. Пташнікаў. // Характар такога перамяшчэння. [Бабрыцкі] выпацкаўся ў торф да калень, замачыў ногі, пад вечар стаміўся і ішоў цяжкай хадою. Дуброўскі. Сымон абагнаў Сцёпку і таропкаю хадою пашыбаваў у бок царквы. П. Ткачоў. Хада.. [рысі] была цяжкая і марудная, яна ледзь рухалася ад сытасці і, відаць, не хацела ці не магла ўступаць у бойку. В. Вольскі.
3. перан. Развіццё, цячэнне чаго‑н. Калонай роўнаю ідуць за днямі дні. Якая стройная хада падзей! Глебка. І хоць Люда сядзела ў пакоі, яна выразна чула гэты вясновы гоман палёў, непераможную хаду вясны па зямлі. Хадкевіч.
•••
Сваёй хадой — тое, што і сваім ходам (гл. ход). Жыццё прывыкла да парадку. Яно сваёй хадой ідзе. Чэрня.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хвараві́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які часта хварэе; схільны да захворвання. Сідар Нікіфаравіч — чалавек састарэлы, хваравіты, ён амаль увесь час кашляе. Аляхновіч. // Які з’явіўся ў выніку хваробы; які суправаджае хваробу. У хваравітай, гарачкавай дрымоце, дзе сон і ява блыталіся, ледзь не штоночы лезла ў галаву назольнае, страшнае відовішча. Мележ. Потым хлапец з крактаннем і хваравітай кволасцю павярнуўся на бок і глянуў на падаконнік. Кулакоўскі. // Які сведчыць аб хваробе, нездаровым стане. — Хто там? — пачуўся слабы, хваравіты голас, і толькі тады ў паўзмроку я разгледзеў на падушцы знясілены худы твар жанчыны. Радкевіч. // перан. Пашкоджаны хваробамі; чахлы, кволы. Востраў гэты не быў падобны на звычайную балотную выспу, пакрытую нізкарослым, хваравітым ад лішку вільгаці лесу. Шамякін. Пачалі ратаваць кволую, хваравітую кукурузу. Бялевіч.
2. Выкліканы болем, які сведчыць пра боль. Хваравіты стогн. □ Па .. твары [Акаловіча] пайшла хваравітая грымаса. Чорны.
3. перан. Перабольшаны, празмерны, ненармальны. Вышэйшым ідэалам пана Вашамірскага ў гэту вясну і было — мець коней лепшых, чымся ва ўсіх суседзяў ваколіцы. Гэта ў яго раптам вырасла ў манію, у хваравітую цягу. Бядуля. Яе часамі ахоплівала нейкая хваравітая рэўнасць. Надзя без прычыны накідвалася на Рамана нават тады, калі яму прыходзілася пазней вярнуцца з работы. Чарнышэвіч. // Нездаровы, непажаданы. [Нарыновіч:] — Калі што бытуе хваравітае сярод моладзі, мы, дарослыя, ва ўсім вінаваты. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цвет 1, ‑у, М цвеце, м.
1. зб. Кветкі на раслінах і дрэвах у перыяд цвіцення. Зноў наш двор пацярушаны пялёсткамі белага цвету, што асыпаецца з вішань. Брыль. Прыемна пахне агурочным цветам. Мыслівец. / у перан. ужыв. Так, будзе дождж, і снег, і іней — Ніколі ж цвет жыцця не згіне. Чарнушэвіч.
2. Цвіценне; час цвіцення. Верас у самым цвеце. Заліты бледна-ліловым полымем дол, і як залатыя ўспышкі па ім — бярозкі. Навуменка. Пакідай хлеб на бабовы цвет. Прыказка.
3. перан.; чаго. Лепшая частка якога‑н. грамадства, асяроддзя. Цвет навукі. □ Ідзе эпохі новай цвет — То піянеры, акцябраты. Хведаровіч. Мы — цвет чалавецтва, мы — сілы ўздым. Дудар.
4. перан. Гады маладосці, росквіт сіл. Пытаю: хто тут пачывае? Дзяўчына можа маладая У поўным цвеце красы-сілы Сыйшла без часу да магілы? Колас. От і жыццё праходзіць, і ў самым, можна сказаць, цвеце яго .. [Агата] асталася адна. Сабаленка.
5. Абл. Кветка. Малы махаў ручкамі, цягнуўся, каб сарваць цвет, але бацька яго стрымліваў. Гурскі.
•••
Ліпавы цвет — высушаныя кветкі ліпы, якія ўжываюцца ў якасці патагоннага лякарства.
цвет 2, ‑у, М цвеце, м.
Разм. Колер. Мы прасілі саломы — у ёй цвет сонца і раздолле неабсяжных палёў, якім родны былі нашы сэрцы і думкі, нашы казачныя пераходы. Лынькоў. Зімой і летам адным цветам. З нар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
це́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; незак.
1. кім-чым, з каго-чаго. Пацяшацца, забаўляцца. Доўга людзі цешыліся з цудаў, Што зрабіў быў Люцыян Таполя, Доўга з той батлейкі рагаталі. Танк. Чым бы дзіця ні цешылася, толькі б не плакала. Прымаўка.
2. кім-чым, з каго-чаго, без дап. і з дадан. сказам. Мець асалоду, задавальненне ад чаго‑н.; радавацца чаму‑н. Любіла Аксіння горача. Але нядоўга цешылася сваім шчасцем — няпоўных тры гады. Асіпенка. [Андрэй] цешыўся з Івана. Гэта быў не хлопец, а золата. Чарнышэвіч. Паміж альтанкай і сабачай будкай, пад разлапістым вязам, цешыўся ў лазовым крэсле-качалцы Радж, мой стрыечны брат. М. Ткачоў. [Гушка] цешыўся, што мае свайго каня. Чорны.
3. Мілавацца, радавацца. — Цалуюцца галубкі, цешацца, — усміхнулася Волька. Васілевіч. І цешыцца сэрца і цешацца вочы, Калі мы пабачым гурток дзе дзявочы. Броўка.
4. чым. Суцяшаць, абнадзейваць сябе. Праз некаторы час страляніна ад нас аддалілася, і мы пачалі цешыцца думкай, што цяпер выйдзем, напэўна выйдзем на свой маршрут. Няхай.
5. Злараднічаць. — Добрая лазня нашаму старшыньку! — ці то спачуваў, ці то цешыўся Карпечак. Аношкін. Я і не заўважыў, як тыя самыя хлопцы, якія некалі так цешыліся, калі Рыжы біў мяне на рынгу, цяпер на трэніроўках глядзелі на мяне з надзеяй, нават з нейкім страхам. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)