П’Е́ТРА ДА КАРТО́НА [Pietro da Cortona; сапр.Берэціні (Berrettini) П’етра; 1.11.1596, г. Картона, Італія — 16.5.1669],
італьянскі жывапісец і архітэктар эпохі барока. Зазнаў уплывы Мікеланджэла, Рафаэля, Карэджа. Вучыўся ў Картоне (1609—12) і Рыме (з 1612) у А.Камодзі. Працаваў пераважна ў Рыме, у 1637—47 у Фларэнцыі. У 1634—38 узначальваў акадэмію св. Лукі ў Рыме. У жывапісе шырока выкарыстоўваў ілюзіянізм перспектыўных пабудоў, святлопаветраную насычанасць каларыту. Сярод твораў фрэскі на віле Арыгоні ў Фраскаці (цяпер Муці; каля 1616), у царкве Сан-Бібіяна (1624—26), Палацца Матэі (да 1625), Палацца Барберыні (1636—39), Палацца Памфілі (1651—54, усе ў Рыме), у Палацца Піці ў Фларэнцыі (1637—47) і інш. Аўтар карцін «Трыумф Бахуса» (1624), «Св. Бернард» (1626), «Мадонна і чацвёра святых» (1628), «Выкраданне сабінянак» (1629) і інш. Пабудовы вызначаюцца тэатралізаваным дынамізмам, майстэрскім выкарыстаннем эфектаў натуральнага асвятлення: цэрквы Санты-Лука э Марціна (перабудова; 1635), Санта-Марыя ін Вія Лата (каля 1658), фасад царквы Санта-Марыя дэла Пачэ (1656—57) і 5-гранная плошча перад ёй у Рыме і інш.
П’етра да Картона. Фрэска «Залаты век» у Палацца Піці ў Фларэнцыі. 1637—47.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАСЕ́НЯ Віктар Сазонавіч ( 14.8.1925, в. Пагост Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 3.6.2001),
бел.жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1959). У 1960—69 гал. рэдактар маст.-экспертнай калегіі Мін-ва культуры Беларусі, у 1973—77 старшыня праўлення Бел. саюза мастакоў і сакратар Саюза мастакоў СССР. Сярод твораў галерэя партрэтаў вядомых людзей Беларусі: Герояў Сац. Працы М.К.Макарэвіч (1960), А.М.Громава (1980), Герояў Сав. Саюза В.З.Харужай (1965), М.П.Шмырова (1978), Р.Н.Мачульскага (1979), М.А.Кедышкі (1984), В.А.Тумара (1985), доктара мед. навук Л.С.Вялічкі (1983), нар. мастакоў Беларусі С.І.Селіханава (1982), П.В.Масленікава (1988), Я.А.Зайцава (1994), В.А.Грамыкі (1995); групавы партрэт «Ветэраны» (1985), серыя з 39 партрэтаў «Знатныя людзі Рагачоўскага раёна» (1992), «Памяць сэрца. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны С.А.Кунцэвіч» (2000). Аўтар тэматычных кампазіцый «Віхуры варожыя» (1979), «Калгасныя даяркі» (1982), «Ліквідатары Чарнобыльскай аварыі» (1996); пейзажаў «Нёман» (1962), «Чэрвеньскія навальніцы» (1983), «Бярэзіна» (1984), «Над возерам» (1985), «Лясныя далі» (1992), «Перад навальніцай» (1998) і інш. Творы вылучаюцца дакладнасцю характарыстык, псіхал. напоўненасцю, духоўнай змястоўнасцю вобразаў, жывапісна-пластычнай гарманічнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЗА (Rosa) Сальваторэ (Сальватор; 20.6 або 21.7.1615, г. Арэнела, Італія — 15.3.1673),
італьянскі жывапісец, графік, паэт. Вучыўся жывапісу ў Ф.Фраканцыяна і, магчыма, Х. дэ Рыберы. Зазнаў уплыў караваджызму. Працаваў у Неапалі (да 1635), Рыме, Фларэнцыі (1640—48). Выявіў перадрамантычныя тэндэнцыі ў жывапісе класіцызму, выступаў супраць акад. кірунку італьян. барока. Пісаў карціны на біблейскія і міфалагічныя сюжэты, пейзажы з відамі дзікіх, часам фантастычных ландшафтаў, сцэны бітваў. Творы вызначаюцца экспрэсіўна-змрочнай атмасферай, якую ствараў свабоднай манерай пісьма з дапамогай рэзкіх святлоценявых кантрастаў буравата-свінцовага каларыту: «Бітва» (1637), «Блудны сын» (каля 1640—48), «Адысей і Наўзікая», «Дэмакрыт здзіўляецца спрыту Пратагора» (абедзве 1650-я г.), «Нявер’е Фамы», «Хрышчэнне ў Іардане», «Лясны пейзаж з трыма філосафамі», «Пейзаж з мостам», «Марына», «Дэмакрыт думае», «Астрэя развітваецца з сялянамі», «Караблі» і інш. Ствараў афорты («Гульня трытонаў») і малюнкі («Баявая схватка»). У паэт. творах (напісаны тэрцынамі 7 сатыр) выкарыстоўваў складаныя алегорыі і вычурна драматызаваныя вобразы, высмейваў тагачасныя плыні італьян. л-ры, недахопы грамадства. У сатыры «Вайна» адлюстраваў паўстанне гар. нізоў Неапаля пад кіраўніцтвам Мазаньела.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСТЭ́М Ян (1762, г. Стамбул, Турцыя — 21.6.1835),
жывапісец і рысавальшчык, педагог. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі і Літвы. Вучыўся ў Варшаве ў Я.П.Норбліна і М.Бачарэлі, у Германіі (1788—90). Выкладаў у Віленскім ун-це (1798—1832; з 1811 праф.). Рэарганізаваў сістэму навучання ў Віленскай маст. школе, што садзейнічала развіццю рэаліст. мастацтва ў 19 ст. Працаваў пераважна ў жанры партрэта. У творах адметны ўплыў рамантызму, класіцызму, сентыменталізму. Аўтар шматлікіх аўтапартрэтаў, партрэтаў Т.Зана, Г.Ваньковіч, А.Ваньковіча (абодва каля 1805), А.Снядэцкага (1816), Я.Снядэцкага (1819), М.Ромер (1820), Я.Главацкага (1823), С.Солтана, Я.Вейсенгофа, Т.Аскерка, праф. Нішкоўскага, праф. Франка, К.Франк, граф М.Кончуса, гравёра Дж.Саўндэрса, Т.Хамінскай, графа Тызенгаўза і інш.; кампазіцый «Турак з канём» (1791), «Паэт Ю.Славацкі ва ўзросце 5 гадоў у выглядзе Амура» (1813—14), «Адпачынак Дзіяны», «Бабуля з унучкай», акварэлі «На рынку» і інш. Выканаў мініяцюрныя партрэты Т.Касцюшкі, Я.Лялевеля. Творчай манеры ўласцівы ўстойлівасць кампазіцыйных прыёмаў, дакладны малюнак, стрыманасць колераў.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX—начала XX в. Мн., 1974.
В.Я.Буйвал.
Я.Рустэм. Партрэт прафесара М.Кончуса. 1832.Я.Рустэм. Аўтапартрэт. 1-я трэць 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЎРУК Міхаіл Канстанцінавіч (27.2.1905, Варшава — 14.3.1979),
бел.жывапісец і графік. Скончыў маст.ф-т Віленскага ун-та (1932, вучыўся ў Ф.Рушчыца, Л.Сляндзінскага). Адзін з арганізатараў Віленскага т-ва мастакоў. З 1939 жыў у Нясвіжы. Раннім работам уласцівы рысы рамантызму. Пазнейшыя творы вылучаюцца народнасцю вобразаў, скульпт. аб’ёмнасцю форм, дасканалым малюнкам. Сярод жывапісных твораў: тэматычныя кампазіцыі «На ўборцы буракоў» (1936), «Жніво» (1937), «Ля студні», «Стрыжка авечак» (абедзве 1939), «На сенажаці» (1953), «Збор ураджаю» (1962), «Гутарка» (1965), «Новы дом» (1968), «Дзяўчаты» (1969), «У садзе» (1971), «Гаспадынька» (1975), «Успаміны» (1976), «Вяртанне з поля» (1978); пейзажы «Зімовая раніца» (1961), «Стары шлях», «Ліпы ў Альбе» (1970); партрэты «Папрадуха» (1930-я г.), «Стары з кіем» (1940), «Маці» (1962), «Аўтапартрэт» (1969), «Жняя» (1974), нар. артысткі БССР Л.Давідовіч (1975); нацюрморты «Нацюрморт з лотацямі» (1971), «Нацюрморт з газетай» (1973). Аўтар вокладак зб-каў вершаў М.Танка «На этапах» (1936) і песень Р.Шырмы «Наша песня» (1938), графічных работ «Хата над Вілейкай», «Віленская Alma mater» (абедзве 1937), «Вяртанне з працы», «Лета» (абедзве 1938), «Партрэт партызана» (1945), «Слуцкая брама ў Нясвіжы» (1958) і інш. У 1994 у Нясвіжы створана «музей-кватэра» С.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛІ́ЗЕНЬ Рафал (27.6.1804, б. маёнтак Бортнікі, Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл. — 20.5.1881),
бел. скульптар, жывапісец, медальер, архітэктар. Пачатковую адукацыю атрымаў у школе базыльян у мяст. Вольна (Навагрудскі пав.), пасля вучэння ў езуіцкай школе ў Полацку. У 1820 паступіў на юрыдычны ф-т Віленскага ун-та, адначасова наведваў Віленскую маст. школу, вучыўся ў Я.Рустэма і К.Ельскага. Пасля сканчэння ун-та ў 1826—29 працаваў у Мін-ве ўнутр. спраў у Пецярбургу. У 1830 вярнуўся ў свой маёнтак, дзе стварыў некалькі дзесяткаў жывапісных і скульптурных партрэтаў сваіх родных, знаёмых, суседзяў, якія вызначаюцца тонкасцю і глыбінёй індывідуальных характарыстык (партрэты Марылі, Францішкі і Міхаіла Верашчакаў). Выканаў 57 медальёнаў, у т. л. сваіх бацькоў Яна і Анелі Слізняў, прысвечаныя іх залатому вяселлю, а таксама Уладзіслава, Люцыяна, Браніслава Слізняў, барэльефы і медальёны Т.Зана, Я.Чачота, А.Э.Адынца, А.Міцкевіча, К. і Я. Тышкевічаў, А.Храптовіча, Г.Ржавускага і інш., у пластычнай трактоўцы якіх адчуваецца смелае выкарыстанне традыцый класіцызму і рамантызму. Паводле яго праектаў пабудавана некалькі палацаў і гасп. пабудоў.
А.К.Лявонава.
Р.Слізень. Медальён з выявай Т.Зана. 1-я пал. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́МАЎ Канстанцін Андрэевіч (30.11.1869, С.-Пецярбург — 6.5.1939),
расійскі жывапісец і графік. Правадз.чл. Пецярбургскай АМ (1913). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1888—97) і ў акадэміі Каларосі ў Парыжы (1897). Адзін з заснавальнікаў час.«Мир искусства», чл.аднайм.маст. аб’яднання (гл.«Свет мастацтва»). З 1918 праф. Петраградскіх дзярж. свабодных маст. вучэбных майстэрняў. У 1923 выехаў з Расіі, з 1925 жыў у Парыжы. У многім вызначыў з’яўленне неарамант. рэтраспектыўнага жанру. уласцівага «Свету мастацтва», прасякнутага рэфлексіяй і іроніяй, заснаванага на стылізацыі і гратэску. Асн. сюжэты твораў — дваранскі побыт 18 — пач. 19 ст., матывы італьян. камедыі дэль артэ, эратычныя, якім уласцівы карнавальна-гульнёвы лад, ірэальнасць, прасякнутая сонечным пейзажным наваколлем: «Прагулка пасля дажджу» (1896), «Вечар» (1902), «Абсмеяны пацалунак» (1908), «Маладая жанчына спіць» (1909). У партрэтных работах дакладнасць характарыстыкі нярэдка спалучаецца з тыповай для мадэрна ідэяй партрэта-маскі: «Дама ў блакітным» (1897—1900), «А.Блок» (1907). У цэлым жывапіс С. вылучаецца акцэнтоўкай пэўных колеравых тонаў пры захаванні лакальнасці каларыту, лінеарнасцю і плоскаснасцю, дэкаратыўна-арнаментальным вырашэннем кампазіцыі, графіка — рафінаванай адточанасцю.
Літ.:
К.А.Сомов: Письма. Дневники. Суждения современников. М., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАСЕ́ВІЧ Іван Нічыпаравіч (9.1.1929, в. Мядзведня Старадарожскага р-на Мінскай вобл. — 11.9.1998),
бел.жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1980). Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1952), Маскоўскі маст.ін-т імя В.Сурыкава (1958). У 1958—95 выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це (з 1980 праф.). Пісаў сюжэтна-тэматычныя карціны, пейзажы, нацюрморты. Творам характэрны стрыманасць каларыту, манументалізацыя вобразнага ладу. У палотнах «У беларускіх балотах» (1958), «Брэсцкая крэпасць» (1961), «Няскораныя» (1966), «Клятва» (1967), «Радасная сустрэча» (1968), «Суровае юнацтва» (1971), «Плачуць бярозы» (1975), «Вызваленне Барысаўшчыны» (1980), «За Беларусь. Аперацыя «Баграціён» (1984) і інш. увасоблена тэма Вял.Айч. вайны. Тэме працы прысвечаны карціны «Ангара-Ангара» (1960), «Шахцёры Салігорска» (1963), «Полацкі нафтазавод» (1975) і інш. Аўтар партрэтаў Героя Сац. Працы І.М.Сакольчыка (1972), Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава (1973), «Сын палка. В.Дончык» (1974), лётчыка Г.Лі (1975), Г.У.Юшкевіча і Героя Сав. Саюза В.З.Каржа (1978), «Партызаны, партызаны... (партрэт Я.Купалы)» (1980), мастака А.Бембеля (1983) і інш. Стварыў цыклы краявідаў Мурманска (1955), Байкала (1956), Наўгародчыны (1971—75), Ленінграда (1973), Браслаўшчыны (1975), В’етнама (1985), шэраг нацюрмортаў.
Літ.:
Шныпаркоў А.М. І.Н.Стасевіч. Мн., 1985.
І.Стасевіч. Партрэт Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава. 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРО́ЦЫ [Strozzi; празваны Капучына
(Cappuccino),
а таксама Прэтэ Джэнавезе (Prete Genovese)] Бернарда (1581, г. Генуя, Італія — 2.8.1644), італьянскі жывапісец, прадстаўнік барока. Вучыўся ў Генуі ў П.Соры (1595—97). Зазнаў уплывы П.П.Рубенса, П.Веранезе. З 1597 капуцын, пісаў пераважна невял. абразы ў духу маньерызму. У 1610 атрымаў дазвол пакідаць кляштар для заняткаў мастацтвам, што паспрыяла станаўленню яго стылю, які вызначаўся свабоднай, сакавітай манерай пісьма, тонкасцю каларыту, гульнёй святлаценю, жыццёвай праўдзівасцю вобразнага ладу: карціны «Кухарка» (паміж 1615—18), «Рай» (1625), «Мадонна з дзіцем, святымі і анёламі» (1629), «Адрачэнне апостала Пятра», «Тлумачэнне сну Іосіфам», «Пакланенне пастухоў»; серыя партрэтаў; фрэскі ў палацы маркізаў Чэнтурыёні ў Сан-П’етра д’Арэна (1623—25), у касцёле Сан-Даменіка ў Генуі (1625) і інш. У 1630 адмовіўся вярнуцца ў кляштар, быў зняволены, пазней жыў у Венецыі, дзе стаў адным з буйнейшых партрэтыстаў (партрэт дожа Ф.Эрыца, 1631, і інш.). Сярод інш. твораў: размалёўка скляпення б-кі Марчыяна («Алегорыя Скульптуры», 1635), карціны «Баляванне ў Сімона Фарысея», «Выкраданне Еўропы», «Пакутніцтва святога Себасцьяна», «Святы Лаўрэнцій падае міласціну», «Мінерва», «Алегорыя Добрага імя» і інш. Паўплываў на развіццё генуэзскай і венецыянскай школ жывапісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУРБАРА́Н (Zurbarán) Франсіска дэ (хрышчаны 7.11.1598, г. Фуэнтэ-дэ-Кантас, Іспанія — 27.8.1664),
іспанскі жывапісец. Вучыўся ў Севільі у П.Д. дэ Вільянуэвы. Працаваў пераважна ў Льерэне, Севільі, Мадрыдзе. Зазнаў уплыў М.Караваджа. Творы вылучаюцца грубаватай рэалістычнасцю вобразаў, павышанай дэталізацыяй, частым увядзеннем у карціны элементаў нацюрморта. Раннім работам уласціва выкарыстанне шырокіх форм і аб’ёмаў («Укрыжаванне», 1627). У перыяд творчага росквіту (1630—40-я г.) ствараў суровыя манументальна-лаканічныя, драматычна-напружаныя і адначасова стрыманыя ў выяўленні пачуццяў вобразы. Творы адметныя смелай абагульненасцю і матэрыяльнасцю пластычнай мадэліроўкі, строгай гамай шэрых і карычневых, насычаных чырвоных тонаў: «Трыумф святога Фамы Аквінскага» (1631), «Спакушэнне святога Іераніма» (1634), «Святы Францыск», цыкл карцін для картэзіянскага кляштара Ла Картуха ў Херэс-дэ-ла-Франтэра (1637—39) і інш. Для твораў 1650—60-х г. характэрны рысы лірычнай сузіральнасці і эмацыянальнай усхваляванасці: «Бічаванне Хрыста», «Мадонна з дзіцем і Іаанам Хрысціцелем». У 1640-я г. стварыў серыі карцін, прысвечаных жыццю кляштара ордэна іеранімітаў у Гуадалупе: «Спакушэнне брата Дыега Арзаскага», «З’яўленне Хрыста брату Андрэсу Сальмерону», «Уяўленне брата Педра-Саламанкскага»; партрэты (серыя «Дактары з Ла Мерсед», «Доктар з Саламанкі» і інш.).