СО́МАЎ Канстанцін Андрэевіч (30.11.1869, С.-Пецярбург — 6.5.1939),
расійскі жывапісец і графік. Правадз.чл. Пецярбургскай АМ (1913). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1888—97) і ў акадэміі Каларосі ў Парыжы (1897). Адзін з заснавальнікаў час.«Мир искусства», чл.аднайм.маст. аб’яднання (гл.«Свет мастацтва»). З 1918 праф. Петраградскіх дзярж. свабодных маст. вучэбных майстэрняў. У 1923 выехаў з Расіі, з 1925 жыў у Парыжы. У многім вызначыў з’яўленне неарамант. рэтраспектыўнага жанру. уласцівага «Свету мастацтва», прасякнутага рэфлексіяй і іроніяй, заснаванага на стылізацыі і гратэску. Асн. сюжэты твораў — дваранскі побыт 18 — пач. 19 ст., матывы італьян. камедыі дэль артэ, эратычныя, якім уласцівы карнавальна-гульнёвы лад, ірэальнасць, прасякнутая сонечным пейзажным наваколлем: «Прагулка пасля дажджу» (1896), «Вечар» (1902), «Абсмеяны пацалунак» (1908), «Маладая жанчына спіць» (1909). У партрэтных работах дакладнасць характарыстыкі нярэдка спалучаецца з тыповай для мадэрна ідэяй партрэта-маскі: «Дама ў блакітным» (1897—1900), «А.Блок» (1907). У цэлым жывапіс С. вылучаецца акцэнтоўкай пэўных колеравых тонаў пры захаванні лакальнасці каларыту, лінеарнасцю і плоскаснасцю, дэкаратыўна-арнаментальным вырашэннем кампазіцыі, графіка — рафінаванай адточанасцю.
Літ.:
К.А.Сомов: Письма. Дневники. Суждения современников. М., 1979;