а таксама Прэтэ Джэнавезе (Prete Genovese)] Бернарда (1581, г. Генуя, Італія — 2.8.1644), італьянскі жывапісец, прадстаўнік барока. Вучыўся ў Генуі ў П.Соры (1595—97). Зазнаў уплывы П.П.Рубенса, П.Веранезе. З 1597 капуцын, пісаў пераважна невял. абразы ў духу маньерызму. У 1610 атрымаў дазвол пакідаць кляштар для заняткаў мастацтвам, што паспрыяла станаўленню яго стылю, які вызначаўся свабоднай, сакавітай манерай пісьма, тонкасцю каларыту, гульнёй святлаценю, жыццёвай праўдзівасцю вобразнага ладу: карціны «Кухарка» (паміж 1615—18), «Рай» (1625), «Мадонна з дзіцем, святымі і анёламі» (1629), «Адрачэнне апостала Пятра», «Тлумачэнне сну Іосіфам», «Пакланенне пастухоў»; серыя партрэтаў; фрэскі ў палацы маркізаў Чэнтурыёні ў Сан-П’етра д’Арэна (1623—25), у касцёле Сан-Даменіка ў Генуі (1625) і інш. У 1630 адмовіўся вярнуцца ў кляштар, быў зняволены, пазней жыў у Венецыі, дзе стаў адным з буйнейшых партрэтыстаў (партрэт дожа Ф.Эрыца, 1631, і інш.). Сярод інш. твораў: размалёўка скляпення б-кі Марчыяна («Алегорыя Скульптуры», 1635), карціны «Баляванне ў Сімона Фарысея», «Выкраданне Еўропы», «Пакутніцтва святога Себасцьяна», «Святы Лаўрэнцій падае міласціну», «Мінерва», «Алегорыя Добрага імя» і інш. Паўплываў на развіццё генуэзскай і венецыянскай школ жывапісу.