СУРБАРА́Н (Zurbarán) Франсіска дэ (хрышчаны 7.11.1598, г. Фуэнтэ-дэ-Кантас, Іспанія — 27.8.1664),
іспанскі жывапісец. Вучыўся ў Севільі у П.Д. дэ Вільянуэвы. Працаваў пераважна ў Льерэне, Севільі, Мадрыдзе. Зазнаў уплыў М.Караваджа. Творы вылучаюцца грубаватай рэалістычнасцю вобразаў, павышанай дэталізацыяй, частым увядзеннем у карціны элементаў нацюрморта. Раннім работам уласціва выкарыстанне шырокіх форм і аб’ёмаў («Укрыжаванне», 1627). У перыяд творчага росквіту (1630—40-я г.) ствараў суровыя манументальна-лаканічныя, драматычна-напружаныя і адначасова стрыманыя ў выяўленні пачуццяў вобразы. Творы адметныя смелай абагульненасцю і матэрыяльнасцю пластычнай мадэліроўкі, строгай гамай шэрых і карычневых, насычаных чырвоных тонаў: «Трыумф святога Фамы Аквінскага» (1631), «Спакушэнне святога Іераніма» (1634), «Святы Францыск», цыкл карцін для картэзіянскага кляштара Ла Картуха ў Херэс-дэ-ла-Франтэра (1637—39) і інш. Для твораў 1650—60-х г. характэрны рысы лірычнай сузіральнасці і эмацыянальнай усхваляванасці: «Бічаванне Хрыста», «Мадонна з дзіцем і Іаанам Хрысціцелем». У 1640-я г. стварыў серыі карцін, прысвечаных жыццю кляштара ордэна іеранімітаў у Гуадалупе: «Спакушэнне брата Дыега Арзаскага», «З’яўленне Хрыста брату Андрэсу Сальмерону», «Уяўленне брата Педра-Саламанкскага»; партрэты (серыя «Дактары з Ла Мерсед», «Доктар з Саламанкі» і інш.).