СЛІ́ЗЕНЬ Рафал (27.6.1804, б. маёнтак Бортнікі, Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл. — 20.5.1881),

бел. скульптар, жывапісец, медальер, архітэктар. Пачатковую адукацыю атрымаў у школе базыльян у мяст. Вольна (Навагрудскі пав.), пасля вучэння ў езуіцкай школе ў Полацку. У 1820 паступіў на юрыдычны ф-т Віленскага ун-та, адначасова наведваў Віленскую маст. школу, вучыўся ў Я.​Рустэма і К.​Ельскага. Пасля сканчэння ун-та ў 1826—29 працаваў у Мін-ве ўнутр. спраў у Пецярбургу. У 1830 вярнуўся ў свой маёнтак, дзе стварыў некалькі дзесяткаў жывапісных і скульптурных партрэтаў сваіх родных, знаёмых, суседзяў, якія вызначаюцца тонкасцю і глыбінёй індывідуальных характарыстык (партрэты Марылі, Францішкі і Міхаіла Верашчакаў). Выканаў 57 медальёнаў, у т. л. сваіх бацькоў Яна і Анелі Слізняў, прысвечаныя іх залатому вяселлю, а таксама Уладзіслава, Люцыяна, Браніслава Слізняў, барэльефы і медальёны Т.​Зана, Я.​Чачота, А.​Э.​Адынца, А.​Міцкевіча, К. і Я. Тышкевічаў, А.​Храптовіча, Г.​Ржавускага і інш., у пластычнай трактоўцы якіх адчуваецца смелае выкарыстанне традыцый класіцызму і рамантызму. Паводле яго праектаў пабудавана некалькі палацаў і гасп. пабудоў.

А.​К.​Лявонава.

Р.Слізень. Медальён з выявай Т.​Зана. 1-я пал. 19 ст.

т. 15, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)