Знібе́ць ’аднастайна, тупа балець’ (Юрч. Сін., Мат. Гом.), знібіла ’ныцік, плакса’ (Юрч. Вытв.), — у Юрчанкі без націску. Рус.знобить ’адчуваць холад’, смал.знобе́ть ’пакутаваць’, смал., паўд.-сіб., алан., ярасл., паўн.зноби́ть ’пакутаваць’, укр.зноби́ти ’прастуджваць’, польск.дыял.znobić ’халадзіць’, чэш.znobiti ’астуджаны, адчуваць холад’, славац.znobiť ’марозіць, халадзіць’. Ст.-рус.знобити ’марозіць, халадзіць’ (XII∼XVII стст.). Параўн. балг.дыял.зно̀ба ’хваравіты стан’. У бел. захавалася форма з дзеяслоўным вакалізмам у адрозненне ад адназоўнікавай формы тыпу рус.знобить, якая прадстаўлена ў зазноба (гл.). Бел. і рус.дыял. значэнне ’балець’ магчыма разглядаць як пашырэнне значэння ’адчуваць холад’, якое можа лічыцца першасным. Znobiti ’марозіць’ звязваюць з zęb (гл. зяб1). Міклашыч, 401; Фасмер, 2, 101, БЕР, 1, 650; тут магла быць метатэза *zenb‑ > *zneb‑ (?) У супастаўленне ўключаюць зіма (гл.). Праабражэнскі, 254, Махэк₂, 707–708. Выдзяляюць прасл. корань *zьn‑, да якога далучаецца суфікс ‑ob‑a (але як тады быць з бел. формай?). Шанскі, 2, З, 102; Скок, 3, 659. Параўноўваюць з і.-е.*gʼen‑ ’нарадзіць, нарадзіцца’. Трубачоў, ВЯ, 1957, 2, 90; Трубачоў, Ист. терм., 153–154. Не выключана энатыясемічная сувязь з znojь (гл. зноіць); гл. зазноба. Адзінцоў, Этимология, 1974, 117–120. Няясна.
Зуб2 ’памылка пры тканні’ (чэрв., Нар. лекс.; Жд. 1). Рус.зубсмал. ’паласа каляровай тканіны’, краснаяр. ’прамежкі ў бёрдзе, скрозь якія працягваюць ніткі’, пск., цвяр.зубок ’тры ніткі ў ткацкай аснове’, польск.ząb ’нешта ў выглядзе кліна, зуба’. Такое ж значэнне, як у польск., вядома ў іншых слав. мовах. Бел. і рус. значэнні — фіксацыя аднаго з пераносных значэнняў зуб1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
По́рах1 ’пыл’, ’парушынка’, ’прах’ (Нас., Нік., Уладз., Байк. і Некр.: круп., Сл. ПЗБ), укр.по́рох ’тс’, рус.дыял.по́рох ’тс’, польск.proch ’пыл’, prochy ’астанкі’, славац.prach ’пыл’, чэш.prach ’тс’, славен.prah ’пыл’, pȓh ’пыл; попел’; ’плесня’, серб.-харв.prȃh ’тс’, балг.прах ’пыл, парашок’, макед.прав ’тс’, ст.-слав.прахъ ’тс’. Прасл.*porxъ ’пыл’, вытворнае ад варыянтнай асновы *porx‑/*pъrx‑/*pьrx‑ < і.-е.*pers‑/*porso‑ ’марасіць’ > ’пырскаць’, ’дробна сыпаць, абсыпаць’, прадстаўленай таксама ў персць ’шчопаць’ (гл.), рус.дыял.персть ’пыл, прах, зямля’, укр.персть ’зямля’, балг.пръст ’зямля, попел, прах’. Гл. по́рскаць, парахня, парахно. На падставе славен.pȓh ’пыл’ Сной₂ (573) супрацьпастаўляе прасл.*pьrxъ, якое звязваецца з *pьrati ’ляцець’, што неабавязкова, гл. Куркіна, Этимология–1994–1996, 199.
По́рах2 ’выбуховае рэчыва’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Бес., Нас., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), укр.по́рох, рус.по́рох, польск.proch (strzelniczy), запазычанае літ.pãrakas ’тс’. Тэрміналагізаванае ўтварэнне на базе порах1 (гл.) з поўнагалоссем, што не уласціва паўднёваславянскім мовам; звязана з дамешкай у склад выбуховага рэчыва вугальнага пылу, парашку. У ст.-бел. з XVI ст., у рус. сустракаецца з канца XVI — пачатку XVII ст. (Чарных. 58; Цыганенка, 319–320).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
По́ршні мн. л. ’абутак з кавалка ялавай або свіной сырамятнай скуры’ (ТСБМ, Анім.), рус.по́ршни, по́рушни ’абутак, зроблены з загнутага кавалка скуры з поўсцю’, ’гатунак абутку з адрэзанага кавалка скуры, сандалі’, по́рошень ’тс’. Не зусім ясна. Фасмер пагаджаецца з Сабалеўскім (Фасмер, 3, 337), выводзячы слова ад порт > порчни > поршни (гл. порт); Вахрас (Наим. об., 161) збліжае рус. і бел.поршни/поршні з порхлый/порхлы ’рыхлы, мяккі’, што падаецца семантычна далёкім, аднак уключае названыя словы ў шырокае гняздо прасл.*pъrxъ ’россып: бухматасць’. Малаверагодным падаецца старажытнае германскае запазычанне, бо падабенства (гл. Лявіцкі, 2, 98) прасочваюцца ў ням.Borste ’шчацінне, шчэць’, дзе другую частку слова можна звязаць з Riester ’кавалак скуры для рамонту абутку’, дац.ros ’абрэзкі’, нарв.дыял.rus ’шкарлупінне, скурка’, ст.-ісл.holdrosa ’мяса са скурай’, ням.rauh ’шурпаты, грубы, неапрацаваны’, англ.rough ’тс’, ст.-англ.rūh ’пакрыты валасамі’. Тады поршні — утварэнне з прыстаўкай по- ад *‑rug‑/*‑rъg > *‑ruz‑/*‑rъz‑ > *‑rus‑/*‑rъs‑. Паводле Краўчука (Бел.-укр. ізал., 37), рус.по́ршни ’від прымітыўнага абутку’ разам з бо́ршни ’чаравікі з аднаго кавалка скуры без падэшваў і абцасаў’ праз рус.смал.борсни́ ’скураныя пасталы’, бел.барсні ’лапці з пяньковых вяровак’ узыходзяць да барсаць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пра- — прыйменная прыстаўка з градацыйным значэннем (гл. празелле, прарадзіма і пад). Агульнаславянскае, за выключэннем палаб. і н.-луж., параўн. рус., укр., ст.-рус., ст.-слав., балг., серб.-харв.пра‑, польск., чэш., славац., славен.pra‑. Прасл.*pra‑. Звязана чаргаваннем галосных з дзеяслоўнай прыстаўкай і прыназоўнікам *pro‑. Падаўжэнне галоснага адбылося, як мяркуе Сольмсен (KZ, 35, 468), на канцы слова па рытмічных прычынах. Роднаснае літ.prõ, прыназ., ст.-інд.prā‑ побач з prō‑, лац.prō ’перад’, ст.-в.-ням.fruo ’рана’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 400; Вальдэ-Гофман, 2, 364; Фасмер, 3, 351; ESSJ, 1, 205 і наст.).
Пра- — прыназоўнік і прыстаўка. Рус.про, про-, укр.про ’пра’, ст.-рус.про, про- ’дзеля’, ст.-слав.про‑, балг.про-, серб.-харв.про-, славен.pro‑, чэш.pro ’для’, pru‑. Праслав.pro, pro‑. Звязана аблаўтам з pra‑ (гл. папярэдні артыкул). Роднаснае ст.-прус.pra‑ ’цераз, для’, pra ’пра, пера-’, літ.pra‑ ’тс’, грэч.προ ’перад’, πρα‑, лац.pro‑ (prō), гоц.fra‑, нова-в.-ням.ver‑ ’пера-, за-’, ст.-інд.pra‑ ’перад, за-’ і г. д. (Траўтман, 229; Вальдэ-Гофман, 2, 364 і наст.; Фасмер, 3, 370; ESSJ, 1, 216 і наст.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Свірэпы ‘дзікі, агрэсіўны (?)’: “пчелы здѣсь водятся трехъ родов, то есть по здѣшнему крушиновые свирѣпыя, посредственныя и тихия” (Меер Крыч., 130), свіры́бый ‘нелюдзімы; люты’ (в.-дзвін., ЛА, 3; Сл. ПЗБ), ст.-бел.свѣрѣпъ, свѣрѣпий: соуровий… и свѣрѣпїй (XV ст., Карскі 2–3, 393). Укр.свірі́пий ‘злы, сярдзіты’, рус.свире́пый ‘люты’, стараж.-рус.сверѣпъ, свирѣпъ ‘дзікі, дзікарослы; палкі, злы’, чэш.sveřepý ‘люты, жорсткі’, славац.sverepý ‘люты’, славен.sverẹ̑p ‘тс’, балг.свире́п ‘жорсткі, люты, шалёны’, макед.свиреп ‘тс’, ст.-слав.сверѣпъ ‘люты, бязлітасны’. Прасл.*sverěpъ(jь). Апошняе не мае адзінай этымалогіі. Меркавалася роднасць з літ.šiur̃pti, šiur̃pstù ‘уздрыгваць’ (Міклашыч, 330; Праабражэнскі, 2, 261), з ст.-ісл.svárr ‘цяжкі, цвёрды, моцны’, гоц.swērs ‘якога шануюць’, нов.-в.-ням.schwer ‘цяжкі’, літ.svarùs ‘тс’; агляд версій гл. Фасмер, 3, 580; Глухак, 600. Мяркулава (Этимология–1964, 78–80) вызначае роднасныя сувязі паміж рус.свирепый, сырой і суровый: *sur/*sver‑/*syr‑ і для *sverěpъ рэканструюе першаснае значэнне ‘мокры, вільготны’, якое цесна звязана са значэннем ‘грубы, суровы, строгі’, што сумніўна, паколькі няма надзейных сведчанняў існавання варыянта *sur‑, гл. Новое в рус. этим., 229. Інакш Махэк₂ (595), які выдзяляе частку sve‑ (аснова займенніка свой) і корань *rěp‑ ‘трымацца, чапляцца’. Формы з ‑б‑ вынік азванчэння ў інтэрвакальнай пазіцыі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Се́ран ‘шарон, цвёрды слой снегу пасля адлігі’ (Нас., Гарэц., Касп.; докш., Гіл., Янк. Мат.), се́ран, се́рен, се́рана, сяро́н, сяру́н, серані́ла, серанок, се́рань ‘тс’ (Сл. ПЗБ; віц., маг., гом., ЛА, 2), се́рън ‘тс’ (Нар. сл.), серано́к (Бяльк.), сі́рна (Шатал.) ‘тс’. Укр.сере́н, рус.серён, се́рен, се́рень ‘тс’, ст.-рус.серенъ ‘шарон’, серенъ ‘белай масці (аб кані)’, рус.-ц.-слав.срѣнъ ‘белы’, польск.śron, śrzon, szron ‘іней, шэрань’, чэш.stříň ‘першы тонкі лёд на вадзе’, славац.srieň ‘іней, шэрань’, славен.srȇň, srẹ̑nj ‘іней; шарон’. Прасл.*sernъ або *sernь. Роднасныя літ.ser̃kšnas, šer̃kštas ‘светла-шэры’, лат.sērns, sērksnis м. р., sę̄rsna ж. р. ‘шэрань; іней, галаледзіца; шарон’, ст.-ісл.hjarn ‘замёрзлая маса снегу’; гл. Траўтман, 303; Мюленбах—Эндзелін, 3, 722, 820. 831; Торп, 78; Фасмер, 3, 608; Махэк₂, 588. Сной₁ (602) славянскія словы і роднасныя ўзводзіць да і.-е.*kʼer‑s‑no ‘светлы, шэры’. Борысь (607) удакладняе, што слав.*sernъ — гэта субстантываваны прыметнік *sernь ‘белы, сіваваты’, а дыял.*srenь — той жа прыметнік, субстантываваны пры дапамозе суф. ‑jь (*sern‑jь). Выказаную здагадку Тапарова (Балтийские яз., 46) адносна магчымага запазычання рус.се́рин ‘шарпак’ з літоўскай адводзіць Анікін (Опыт, 275), бачачы паміж ім і літ.šer̃kšnas толькі генетычную сувязь.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АДЖА́РЫЯ, Аджарская Аўтаномная Рэспубліка,
у складзе Грузіі. Пл. 3 тыс.км². Нас. 385 тыс.чал. (1987), гарадскога 16%; грузіны (аджарцы), рускія, армяне і інш. Сталіца — г.Батумі. Найб. гарады: Кабулеты, Хула, Шуахеві, Ачхамуры.
Прырода. Аджарыя размешчана ў паўд.-зах.ч. Закаўказзя, на З абмываецца Чорным м. Большая ч.тэр. занята горнымі хрыбтамі і адгор’ямі М.Каўказа. З ПдЗ на ПнУ Аджарыю перасякае Месхецкі (Аджара-Імерэцінскі) хрыбет, яго адгор’і — Чаквінскі хрыбет і Кабулецкія горы; на У Арсіянскі хрыбет; на Пд па граніцы з Турцыяй Шаўшэцкі хрыбет. Карысныя выкапні: медзь, поліметалічныя руды, вогнетрывалыя гліны. Гідрарэсурсы. Крыніцы лячэбных мінер. водаў. Клімат прыморскай нізіны вільготны субтрапічны, у гарах — ад умерана цёплага да халоднага. Сярэдняя т-ра студз. ў прыморскай паласе ад 4 °C да 6 °C, у гарах ад 2 °C да -2 °C; ліп. адпаведна 20—23 °C і 22—16 °C. Гадавая колькасць ападкаў на ўзбярэжжы і схілах 2500—2800 мм, ва ўнутраных раёнах 1000—1400 мм. Сярэдняя працягласць безмарознага перыяду ў прыморскай паласе 300 дзён; самы цёплы раён Закаўказзя. Рака Чарох (ніжняе цячэнне) з прытокам Аджарысцкалі — гал. водныя артэрыі, апошняя са значнымі гідраэнергарэсурсамі. На нізінах пашыраны алювіяльныя, часткова забалочаныя глебы, на перадгор’ях — чырваназёмы, па схілах гор — бурыя лясныя і горна-лугавыя. Больш як палавіна тэр. пад лясамі. Да выш. 600 м пераважаюць шыракалістыя лясы (каштан, дуб, граб, бук) з вечназялёным падлескам з ліян, лаўравішні, пантыйскага рададэндрана (па цяснінах самшыт), да 1500 м — мяшаныя лясы (пераважае бук), якія змяняюцца на хвойныя (хвоя, елка), вышэй за 1800 м — зараснікі хмызняку, яшчэ вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. Прыморскія нізіны і перадгор’і асвоены пад субтрапічныя і тэхн. культуры. У горных лясах разнастайны жывёльны свет: казуля, дзік, шакал, барсук, куніца. Кінтрышскі запаведнік і Батумскі бат. сад.
Гісторыя. Першыя звесткі пра Аджарыю адносяцца да 6—4 ст. да н.э., калі яна ўваходзіла ў Калхідскае царства, потым Іберыю; у 4 ст. ў складзе груз.дзярж. аб’яднання — Лазіка. У 6 ст. Аджарыя — арэна барацьбы паміж Візантыяй і Іранам. З канца 10 ст. — частка груз.феад. дзяржавы, кіравалася эрыставамі (царскімі правіцелямі правінцый). У 11—13 ст. перажыла нашэсці сельджукаў і манголаў. У 2-й пал. 16 ст. захоплена Турцыяй, супраць прыгнёту якой насельніцтва паўставала ў 1680, 1685, 1697, 1744, 1819, 1856. У выніку рус.-тур. вайны 1877—78 Аджарыя далучана да Рас. імперыі, увайшла ў склад Кутаіскай губ. З канца 1880-х г. тут развіваецца прам-сць, праз тэр. Аджарыі ў 1897—1907 пракладзены нафтаправод Баку—Батум. У 1-ю сусв. вайну на тэр. Аджарыі ішлі ваен. дзеянні. Пасля Лют. рэв. 1917 знаходзілася пад уладай Асобага закаўказскага камітэта, з ліст. 1917 — Закаўказскага камісарыята. У крас. 1918 Батум, частку Гурыі і інш. раёны Аджарыі захапілі туркі, у снеж. 1918 — ліп. 1920 акупіравана англ. войскамі. У ліп. 1920 да ўлады ў Аджарыі прыйшлі меншавікі. 11.3.1921 Батум зноў акупіравалі тур. войскі. 18 сак. з дапамогай Чырв. Арміі ўстаноўлена сав. ўлада. 16 ліп. створана Адж. АССР у складзе Груз. ССР. 12.3.1922 Аджарыя як састаўная ч. Грузіі ўвайшла ў Закаўказскую федэрацыю. 25.10.1937 на 12-м Усеаджарскім з’ездзе Саветаў была прынята Канстытуцыя Адж. АССР. Пасля абвяшчэння Грузіяй у 1991 дзярж. незалежнасці Аджарыя захавала статус аўт. рэспублікі ў яе складзе.
Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці: нафтаперапр. (Батумі), машынабуд. (эл.-тэхн. вырабы, абсталяванне для харч. прам-сці, суднабудаванне), харчасмакавая (чайная, вінаробная, кансервавая і інш.). Ёсць хім.-фармацэўтычная, лёгкая, дрэваапр.прам-сць, працуе Аджарысцкальская ГЭС. Аджарыя — самая развітая ч. Грузіі ў галіне субтрапічнай гаспадаркі. Асноўныя с.-г. культуры — чай і цытрусавыя, культывуюцца тунг, хурма, мушмула, лаўр, эўкаліпт, бамбук. Пасевы збожжавых (кукуруза, ячмень, авёс, рыс), бульбы, тытуню, агародніны. Па схілах гор — вінаграднікі. Гадуюць буйн. раг. жывёлу. У гарах — авечка- і козагадоўля. Шаўкаводства, пчалярства. Вял. роля належыць марскому транспарту. Гал. порт — Батумі. Чыг. Баку—Батумі, шаша Батумі—Новарасійск, нафтаправод Баку—Батумі. Прыморскія курорты: Батумі, Кабулеты, Цыхісдзіры, Зялёны Мыс, Махінджауры.
Культура. У 1990 у Аджарыі 154 дашкольныя дзіцячыя ўстановы (12,2 тыс. дзяцей), 408 агульнаадук. школ (67 тыс. вучняў), 5 ПТВ (2,7 тыс. навучэнцаў), 9 сярэдніх спец.навуч. устаноў (больш за 3 тыс. навучэнцаў). ВНУ: Батумскі ун-т і філіял Груз.тэхн. ун-та (усяго каля 3 тыс. студэнтаў). 353 б-кі, Дзярж. музей Аджарыі, Дзярж. музей рэвалюцыі. Навук. даследаванні вядуцца ў філіялах НДІ фітапаталогіі (Кабулеты), Ін-та чаю і субтрапічных культур (Чакві), Груз.НДІхарч. прам-сці, Дзярж.НДІ лакафарбавай прам-сці (усе ў Батумі), Батумскім бат. садзе і інш.
Рэсп. радыё вядзе перадачы на груз. і рус. мовах. Рэтрансліруюцца радыё- і тэлепраграмы з Тбілісі, Сочы, Масквы.
На тэр. Аджарыі захаваліся помнікі дагіст. перыяду: менгіры, «квакацэбі» (каменныя чалавечыя фігуры), рэшткі калхідскіх паселішчаў (3—2-га тыс. да н.э.), гарадзішча ў Кабулеты (4—3 ст. да н.э.). Арх. помнікі сярэднявечча: крэпасці Ганіясцыхе, Тамарысцыхе, Барцхана, масты Сапуткрэты, Дандальскі, храм Схалта. Сучаснае нар. мастацтва: разьба па дрэве, маст. апрацоўка металу, вышыўка. У 1939 заснаваны Адж.аддз. Саюза мастакоў Грузіі, у 1962 — Адж.аддз. Саюза архітэктараў Грузіі.
У нар. песнятворчасці Аджарыі пераважаюць натуральныя лады, характэрны фігурацыйны тып мелодыкі, часам віртуознага плана, з шырокім выкарыстаннем сінкоп. Пашыраны мужчынскія харавыя спевы а капэла і жаночыя сольныя спевы з інстр. суправаджэннем. Сярод інструментаў: духавыя — чыбоні, саламуры; струнна-шчыпковыя — чангуры, саз, пандуры; струнна-смычковыя — чыянуры, кеманча; ударныя — даўлі (долі), а таксама гармонік т.зв.ўсх. строю. Муз. адукацыя ў Аджарыі з 1890-х г. (муз. гурткі і прыватныя муз. класы ў Батумі). Нар. песні збіралі і запісвалі К.Пацхверашвілі, Ш.Мшвелідзе, Дз.Аракішвілі і інш. Працуюць (1988): сімф. аркестр Аджарыі, камерны хор, філармонія, Ансамбль песні і танца Аджарыі, муз. вучылішча (Батумі), муз. школы і інш.
У Аджарыі з 1880-х г. існавалі груз.драм. гурткі. У 1912 акцёр і драматург Ш.Дадыяні стварыў у Батумі прафес. т-р «Вандроўная трупа», які з 1921 наз.Дзярж. т-р Аджарыі імя І.Чаўчавадзе. Пастаноўкі: «Выгнаннік» Важа Пшавелы, «Цар Эдып» Сафокла, «Гамлет» і «Атэла» У.Шэкспіра і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ НАВУКО́ВЫЯ І КУЛЬТУ́РНА-АСВЕ́ТНЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ ЗА МЯЖО́Й.
Прадстаўнікі бел. дыяспары першай эміграцыйнай хвалі (склалася на рубяжы 19—20 ст. і ў 1-ю сусв. вайну) сваіх нац. арг-цый не мелі і часта далучаліся да рус. ці польскіх згуртаванняў. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі найбольш актыўна культ. дзейнасць вялася ў Літве, Латвіі, Чэхаславакіі, ЗША, Аргенціне, Францыі. Дзейнічалі Беларускае культурна-асветнае таварыства ў Коўне (Літва), Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф.Скарыны ў Празе (Чэхаславакія), Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства, «Бацькаўшчына», «Рунь» (1924), «Беларуская хата» ў Латвіі. Выхадцы з Зах. Беларусі складалі большасць створаных у 1930-я г.рус. клубаў у Канадзе. У канцы 1920 — сярэдзіне 1930-х г. дзейнічалі Бел.-ўкр. саюз у Бразіліі, Бел.культ.-адукац.т-ва ў ЗША, Саюз укр. і бел. работніцкіх арг-цый у Аргенціне. У Аргенціне згуртаванню беларусаў спрыялі культ.-асв.т-вы ў Буэнас-Айрэсе — «Грамада» (1934), «Культура» (1936), Беларускае культурнае таварыства «Белавежа», «Т-ва б-кі імя Івана Луцкевіча» (1937, Вільня-Крэспа), б-кі імя Я.Купалы (1934, Камадора-Рывадавія) і інш. У 1939 яны аб’ядналіся ў Федэрацыю беларускіх арганізацый. У Францыі ў 1930 засн.Беларускі хаўрус, у 1938 Бел.жан. грамада імя А.Пашкевіч. Пасля 2-й сусв. вайны бел. эміграцыя вылучалася значнай колькасцю інтэлігенцыі, заявіла аб сабе як аб самастойнай бел.этн. супольнасці за межамі Бацькаўшчыны, стварыўшы ўстойлівыя нац. асяродкі. Арганізаванае нац.-культ. жыццё пачалося з канца 1940-х г. Свае арг-цыі беларусы стварылі ў Германіі ў лагерах для перамешчаных асоб: Крывіцкае навуковае таварыства імя Ф.Скарыны (1946), Бел.бібліягр. служба (1946), Бел.культ.-асв.т-ва (1948), Бел.-груз.-ўкр. клуб (1950). Навук.-культ. асяродкамі ў г. Ляймен сталі Інстытут беларусаведы і Беларускі музей. У 1955—66 у Мюнхене дзейнічаў філіял Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку (БІНіМ) — адносна самаст. ўстанова, праца якой была звязана з удзелам бел. навукоўцаў у рабоце Ін-та вывучэння СССР. З філіялам супрацоўнічалі С.Станкевіч, С.Кабыш, А.Марговіч, У.Дудзіцкі і інш.У Бельгіі ў 1947 засн.Бел.цэнтр.к-т на Валоніі, у 1949 створана бел.акад. каталіцкае т-ва «Рунь», дзейнічаў Саюз беларусаў Бельгіі (1947—60-я г.). У ЗШАнайб. колькасць навукоўцаў, творчай інтэлігенцыі сканцэнтравалася ў 1950-я г., сюды з Германіі пераехалі Крывіцкае навук.т-ва імя Ф.Скарыны, Бел.бібліягр. служба і Аб’яднанне бел. лекараў на чужыне. У 1951 у Нью-Йорку засн.Бел.ін-т навукі і мастацтва. Зборам інфарм. матэрыялаў пра Беларусь займаецца Бел.-амер.інфарм. служба (штат Пенсільванія). Працуюць бел. грамадска-культ. цэнтры і дамы ў Кліўлендзе («Полацак»), Нью-Йорку, Саўт-Рыверы, Чыкага, Дэтройце, Стронгсвілі. У Саўт-Рыверы культ. праграмы каардынуе Згуртаванне беларускіх мастакоў і ўмельцаў, якое супрацоўнічае з каледжамі і ун-тамі штатаў Нью-Джэрсі і Пенсільванія. Працуюць Беларуска-амерыканскае задзіночанне, Злучаны беларуска-амерыканскі дапамогавы камітэт, Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі, Арганізацыя беларуска-амерыканскай моладзі, Беларуска-амерыканскае аб’яднанне і інш. З 1958 адным з цэнтраў бел.культ. і навук. жыцця ў Нью-Йорку стала Фундацыя імя П.Крачэўскага. З 1974 тут працуе бел.б-ка і музей, дзе збіраецца л-ра, дакументы, матэрыялы, пісьменніцкія архівы, рэд. архівы Часопісаў і газет. У Канадзе ў 1950—60-я г. дзейнічаў Бел. даследчы ін-т імя К.Каліноўскага, які выдаваў дакументы і матэрыялы па навейшай бел. гісторыі. З 1967 у Таронта працуе Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ), Беларускае нацыянальнае аб’яднанне, Згуртаванне беларусаў Канады, грамадска-культ. цэнтр, Беларускі выдавецка-мастацкі клуб «Пагоня», сябры якога — беларусы з Аўстраліі, ЗША, Бельгіі, Англіі, Францыі, Германіі і інш.У Вялікабрытаніі працуе Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі, цэнтрамі навук.-культ. жыцця сталі Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны і Англа-беларускае таварыства, дамы ў Брадфардзе (1948, пры ім у 1964 адкрыты Бел. юнацкі клуб, у 1970 грамадскі клуб «Сакавік») і Манчэстэры (1954). У Польшчы ў мэтах каардынацыі нац. і культ. жыцця беларусаў у 1956 было засн.Беларускае грамадска-культурнае таварыства, культ.-асв. работу вядуць бел.літ.-маст. аб’яднанне «Белавежа», Беларускае аб’яднанне студэнтаў, Брацтва правасл. моладзі, Рада культуры студэнтаў бел. нацыянальнасці пры Згуртаванні польскіх студэнтаў і інш. Рэгіянальны асяродак бел. культуры ствараецца ў Гайнаўцы, цэнтрам якога стаў Гайнаўскі музей помнікаў беларускай культуры. У Аўстраліі цэнтры грамадска-культ. жыцця сфарміраваліся ў Адэлаідзе, Брысбене, Мельбурне, Перце, Сіднеі. Значную работу праводзяць Беларускае аб’яднанне ў Аўстраліі, Бел. аб’яднанне ў Зах. Аўстраліі, Бел.культ.-грамадскі клуб у Феерфілдзе і інш., дзейнасць якіх каардынуе Федэральная рада беларускіх арганізацый. У Аргенціне ў 1948—57 дзейнічала Згуртаванне беларусаў Аргенціны. З 1960-х г. арг-цыі бел. эміграцыі паступова страцілі сваю нац. адметнасць: Федэрацыя бел. арг-цый далучылася да Славянскага саюза Аргенціны, замест ранейшых бел.т-ваў склаўся шэраг клубаў. З 1984 дзейнічае «Федэрацыя сав. грамадзян Аргенціны», куды ўвайшлі прадстаўнікі бел. дыяспары. У Іспаніі пры Цэнтры па вывучэнні краін Усходу (Мадрыд) у 1956 створана бел. секцыя пад кіраўніцтвам Я.Сурвілы, які таксама ўзначальваў Бел. акадэміцкае згуртаванне (засн. ў 1952). Для супрацоўніцтва былі запрошаны бел. навукоўцы, якія друкаваліся ў ісп.час. «Oriente» («Усход»). У 1952 пры Цэнтры абмену еўрап. культуры засн.Інстытут беларусаведы імя Льва Сапегі ў Мадрыдзе, які прапагандуе веды пра Беларусь сярод народаў Іспаніі і Зах. Еўропы. У рэспубліках СССР (пасля 1991 — незалежных дзяржавах) культ.-асв. суполкі, згуртаванні з’явіліся ў асн. ў канцы 1980-х г., сярод іх Т-вабел. культуры імя Ф.Скарыны (Масква, 1988), «Світанак» (Рыга, 1988), Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў С.-Пецярбургу, Згуртаванне беларусаў у Кохтла-Ярве (Эстонія, з 1991 наз.Беларуска-эстонскае згуртаванне ў г. Йыхві), Аб’яднанне бел. мастакоў краін Балтыі «Маю гонар» (1991), Бел.культ. цэнтр «Світанак» (Ташкент) і інш.Гл. таксама Беларускія культурныя згуртаванні і раздзел пра бел. дыяспару ў арт.Казахстан, Латвія, Літва, Малдова, Расія, Узбекістан, Украіна, Эстонія, Аргенціна, Аўстралія, Аўстрыя, Балгарыя, Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, ЗША, Іспанія, Канада, Польшча, Францыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЦКІ (Максім Іванавіч) (18.2.1893, в. Багацькаўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 10.2.1938),
бел. пісьменнік, літаратуразнавец, публіцыст, фалькларыст, грамадскі дзеяч. Адзін з пачынальнікаў нац.маст. прозы. Зрабіў вял. ўклад у развіццё бел. культуры, у фарміраванне нац. свядомасці. Брат Г.І.Гарэцкага. Скончыў Горацкае каморніцка-агранамічнае (1913), Паўлаўскае ваен. (Петраград, 1916) вучылішчы. У 1913—14 працаваў на Віленшчыне, у 1914—17 на фронце, быў цяжка паранены. З канца 1917 у Смаленску, супрацоўнічаў у «Известиях Смоленского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов», у газ. «Звезда» (1918), з рэдакцыяй якой пераехаў у Мінск, на пач. 1919 — у Вільню. У выніку захопу горада польскімі войскамі апынуўся на акупіраванай тэрыторыі. Выкладаў на бел. настаўніцкіх курсах і ў Віленскай беларускай гімназіі. Рэдактар газ.«Наша думка» (снеж. 1920 — ліп. 1921), з вер. 1921 выдавец і рэдактар газ.«Беларускія ведамасці». У студз. 1922 арыштаваны і зняволены ў Лукішскую турму. Яму было прад’яўлена абвінавачванне «ў прыналежнасці да партыі камуністаў, у арганізацыі тайных баявых дружын з мэтаю замаху на дзяржаўную ўладу, у друкаванай і вуснай прапагандзе». За гэта пагражала смяротная кара або катарга. Дзякуючы пратэсту грамадскасці суд не адбыўся. Паводле слоў пісьменніка, ён «без суда, са здзекам, быў выкінуты з Вільні ў нейтральны пас паміж польскім і літоўскім фронтам». У кастр. 1923 пераехаў у Мінск. Выкладаў беларусазнаўства на рабфаку БДУ, бел. мову і л-ру ў Камуністычным ун-це Беларусі. Працаваў у Інбелкульце (з 1925 правадз. член), у Горацкай с.-г. акадэміі (люты 1926 — жн. 1928), у АН Беларусі. 18.7.1930 арыштаваны на падставе сфабрыкаванага органамі АДПУ абвінавачання ў прыналежнасці да «Саюза вызвалення Беларусі». 10.4.1931 асуджаны да 5 гадоў высылкі ў Вятку. З 1935 выкладаў рус. мову і л-ру ў школе ў пас. Пясочня Смаленскай вобл. (цяпер г. Кіраў Калужскай вобл.). 4.11.1937 зноў арыштаваны, 5.1.1938 прыгавораны да расстрэлу (расстраляны ў Вязьме). Рэабілітаваны ў 1957.
Літ. дзейнасць пачаў з газетных нататак і карэспандэнцый. Першае апавяданне «У лазні» апубл. ў 1913. Дамінуючая тэма яго творчасці — лёс бел. сялянства, працоўнай вёскі на гіст. зломе эпох, народ і інтэлігенцыя, пошукі ёю шляхоў сац. і нац. вызвалення. Зборнікам апавяданняў «Рунь» (1914), драматызаванай аповесцю «Антон» (1914, апубл. 1919) і інш. творамі пашырыў тэматычныя і жанрава-стылёвыя межы бел. прозы, увёў новага героя — вясковага інтэлігента («Роднае карэнне» і інш.) і форму лірыка-экспрэсіўнага спасціжэння рэчаіснасці («Патаёмнае», «Страхаццё»). Да гэтага перыяду адносіцца паспяховая спроба маст. асваення гіст. тэмы («Лірныя спевы») і жанру філас., інтэлектуальнай прозы (цыкл апавяданняў «За што?»). Гарэцкі прайшоў шлях складанага ідэйна-творчага і светапогляднага развіцця. Значныя карэктывы ў асветніцкае ўспрыманне рэчаіснасці, што ўласціва ранняму перыяду яго творчасці, унесла вайна і рэвалюцыя. Паглыбіўся гістарызм пісьменніцкага мыслення, узмацніўся аналітычны пачатак у творчасці, іншай стала філас. канцэпцыя чалавека як істоты складанай, супярэчлівай, падуладнай уздзеянню разнастайных фактараў і ўплываў («Маці», «Хадзяка»). Апавяданні ваеннай тэматыкі («Літоўскі хутарок», «Генерал», «Рускі») прасякнуты антымілітарысцкім пафасам, пратэстам супраць разбурэння маральных асноў быцця. У публіцыстыцы смаленскага перыяду (кастр. 1917 — люты 1919) выказваў спадзяванне на перамогу сацыяліст. рэвалюцыі (арт. «Новая буржуазія»), падтрымліваў асобныя палажэнні бальшавіцкай праграмы (арт. «Няхай жыве камуністычная Беларусь!»); творчая і грамадская дзейнасць віленскага перыяду (люты 1919 — кастр. 1923) прасякнута асуджэннем тэрору і непрыманнем новай улады (аповесць «Дзве душы», 1919, апавяданні «Апостал», «Усебеларускі з’езд 1917-га года»). Абноўленая нац.-адраджэнская праграма, скіраваная на выхаванне сац. і нац. свядомасці, духоўнае ўзвышэнне чалавека, пераадоленне ім прыгонніцкай спадчыны, выявілася ў апавяданнях «Панская сучка», «Смачны заяц» (зб. «Досвіткі», 1926). У творчасці 1930-х г. адзначаецца далейшае паглыбленне эпічных асноў, больш грунтоўная распрацоўка тэм інтэлігенцыя і народ, будучыня Беларусі. Своеасаблівыя этапы духоўнай біяграфіі вясковай моладзі адлюстраваны ў аповесцях «У чым яго крыўда?» (1926), «Меланхолія» (нап. ў 1920-я г.), дакументальна-маст. дзённіку «На імперыялістычнай вайне» (1926). Творы Гарэцкага засведчылі новы падыход у адлюстраванні падзей вайны і зараджэнне традыцыі «акопнай праўды» як літ.-эстэт. з’явы. У рамане-хроніцы «Віленскія камунары» (1931—32, апубл. 1963) паказаў герояў, якія лічылі рэв. барацьбу універсальным сродкам вырашэння сацыяльных праблем. Панарама жыцця бел. народа ад часоў прыгоннага права да 1930-х г. створана ў аповесці «Камароўская хроніка» (незаконч., апубл. ў 1966). Дакументальна-маст. сродкамі ў ёй адлюстраваны сац. супярэчнасці эпохі, побыт, праца, норавы, звычаі бел. вёскі і інш. пластоў грамадства, раскрыты рысы характару беларуса. У творах Гарэцкага арганічна спалучаюцца сац. аспекты з маст. даследаваннем духоўнай сферы, выяўляецца глыбіня і змястоўнасць філас. канцэпцыі жыцця як няспыннага працэсу выпрацоўкі і перадачы ад пакалення да пакалення сац. і маральна-этычнага вопыту, духоўных каштоўнасцей. Незакончаныя творы «Лявоніус Задумекус» (1931—32), «Скарбы жыцця» (1932—35, 1937?), «Кіпарысы» (апрацоўка запісаў 1928) разам з асобнымі раздзеламі «Камароўскай хронікі» раскрываюць трагізм становішча рэпрэсіраванага мастака, з’яўляюцца пачаткам эстэт. асваення бел.літ. тэмы ГУЛАГа. Гарэцкі — аўтар «Гісторыі беларускае літаратуры» (1920, факс. выд. 1992), «Хрэстаматыі беларускае літаратуры: XI век — 1905 г.» (1922), слоўнікаў «Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік» (1919), «Практычны расійска-беларускі слоўнік» (1924, разам з М.Байковым), зб. «Народныя песні з мелодыямі» (1928, з А.Ягоравым) і інш. Пераклаў на бел. мову раман А.Фадзеева «Разгром», аповесці Ю.Лібядзінскага «Тыдзень», «Камісары», асобныя апавяданні М.Горкага («Зброднік», «Канавалаў», «Чалкаш»), а таксама артыкулы і дадаткі да 3-га тома Зб.тв. У.І.Леніна (выд. 1929). Рукапісная спадчына Гарэцкага захоўваецца ў аддзеле рэдкай кнігі і рукапісаў Цэнтральнай навук. б-кі імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі. Творы пісьменніка перакл. на рус., укр., балг., лат., літ., ням., польск. мовы. На радзіме пісьменніка створаны музей, пастаўлены помнікі ў Мінску, Вязьме, імем Гарэцкага названы вуліцы ў Мінску, Мсціславе, Горках. У 1997 створаны Міжнар. фонд братоў Гарэцкіх.
Тв.:
Выбр.тв. Т. 1—2. Мн., 1973;
Зб.тв. Т. 1—4. Мн., 1984—1986;
Творы. Мн., 1990.
Літ.:
Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы. Мн., 1984;
Адамовіч А. «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» Мн., 1980;
Бугаёў Дз. Максім Гарэцкі. Мн., 1968;
Дасаева Т.М. Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага. Мн., 1993;
Гарэцкі Р. Расстрэл Максіма Гарэцкага // ЛІМ. 1992. 9 і 16 кастр.;
Першыя Гарэцкія чытанні: (Тэз. дакл. і паведамл.). Горкі, 1992;
Гарэцкія чытанні: Тэз. дакл. і паведамл. Горкі, 1993;
Гарэцкія чытанні: Матэрыялы дакл. і паведамл. Горкі, 1994, 1996.