Пярна́т (перна́т) ’пухавік’ (Нас.), ’пярына’ (Бяльк.), pirnát ’вялікая падушка з пер’я на ўвесь ложак’ (Варл.), пярна́ты ’падушкі’ (Шат.), пырна́ты, перна́ты ’пярына’ (Булг.). Запазычана з польск. piernat ’матрац, напоўнены пер’ямі’ (Кюнэ, Poln., 86), што, відаць, уяўляе субстантываваную кароткую форму прыметніка *perьnatъ, параўн. ст.-бел. пернатыи (Скарына), укр. перна́ткий ’пакрыты пер’ямі’, рус. перна́тый ’тс’, чэш. pernatý, ст.-чэш. peřnatý, славен. pernat, балг. перна́т ’падобны да пяра’, ст.-слав. перьнатъ ’пакрыты пер’ямі’. Польскае слова, паводле Банькоўскага (2, 558), выводзіцца з дыял. piernaty, pierznaty < *pierzynaty, ад *perina, гл. пяры́на ’пяро’, што неабавязкова, параўн. балг. пе́рен ’перысты’ (< *perьnъ) з далучэннем суфікса носьбіта прыкметы — перна́тка; у народнай песні: патки пернатки ’пёрыстыя качкі’ (БЕР, 5, 177).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пісьмо́ ’ўменне пісаць і само пісанне’, ’сістэма графічных знакаў’, ’ліст’ (ТСБМ, Яруш., Нас., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), ’вучонасць, пісьменнасць’ (Варл.), укр. письмо́, рус. письмо: польск. pismo ’ліст, карэспандэнцыя’, ’пісьмовы дакумент’, ’газета’, н.-луж. pismo ’ліст’, ’дакумент’, в.-луж. pismo ’шрыфт’, ’почырк’, ’рукапіс’, ’афіцыйны дакумент’, чэш. písmo ’шрыфт, літары’, славац. písmo ’тс’, ’сістэма знакаў’, ’почырк’, ’папера, дакумент’, славен. písmo ’ліст’, ’узор’, písme ’літара’, серб.-харв. писмо ’ліст’, ’дакумент, пасведчанне’, харв. pȋsmo ’почырк’, макед. пи́смо ’ліст’, ’дакумент’, балг. пасма ’ліст’. Прасл. *pisьmo, роднаснае літ. piešìmas ’маляванне, мазня’ < piēšti ’рысаваць, пісаць вугалем’ (Зубаты, SF, 2, 86; Буга, РФВ, 73, 335; Траўтман, 211; Фасмер, 3, 268; Бязлай, 3, 41–42). Да піса́ць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Руча́цца 1 ’запэўніваць, гарантаваць, прымаць на сябе адказнасць’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), руча́ць ’запэўніваць у чым-небудзь, як бы даючы руку ў знак вернасці’ (Нас., Бяльк.), параўн. народны выраз гарантыі або праўдзівасці: даю руку на адсячэнне. Да рука (гл.), параўн. даручы́ць, заручы́цца і іншыя вытворныя, літаральна ’падаючы руку, пацвердзіць праўдзівасць (дамову, заданне і пад.)’, гл. Шустар-Шэўц, 2, 1251; Бязлай, 3, 189. Паводле іншай версіі (параўн. Глухак, 532), для паўднёваславянскага арэала рэканструюецца прасл. дыял. *ručati, запазычанае з прагерманскага *rōkjan ’забяспечыць, даставіць’ (> ст.-в.-ням. ruohhjan, ruochen ’тс’), што на фоне шматлікіх фактаў, якія тлумачаць першую версію, падаецца малаверагодным.

Руча́цца 2 ’вітацца за руку’ (Касп. Віц.). Гл. рукацца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́дзька 1 ’рэдзька (Raphanus sativus L.)’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ, Сцяшк. МГ, ТС, Шат.), рыдюха, рыдчек, рэдзечка, рютківка, рэдзько́ўка ’свірэпа, Barbarea vulgaris R. Br.’ (ЛА, 1), рэ́дзіна ’павелічальнае ад рэдзька’ (Нас.), рэ́дзьчына ’адна рэдзька’ (Нар. словатв.). Укр. ре́дька, рус. ре́дька, польск. rzodkiew, в.-луж. ŕetkej, н.-луж. ŕatkej, чэш. ředkev, славац. reďkovka, славен. rȇdkev, серб. і харв. ро̏тква, макед. ʼрдоква, балг. ръдоква ’рэпа’. Прасл. *redьky (Чарных, 2, 106). Даўняе запазыч. з герм. *redicō: ст.-в.-ням. retih, ням. Rettich < лац. rādix ’корань; рэдзька’ (Праабражэнскі, 2, 194; Фасмер, 3, 460).

Рэд́зька 2 ’стрыжнёвы корань’ (Інстр. 3). З польск. rdzeń ’сарцавіна; стрыжань’ пад уплывам рэдзька 1 паводле знешняга падабенства.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́дкі ’вадзяністы; не густы; не часты’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Жд. 3, Жыв. НС, Нас., ПСл, Сл. ПЗБ, ТС, Ян.), рэ́дкій ’тс’ (Бяльк.); рэ́дкі ’рэдкая бульба (суп)’ (Мат. Гом.), рэ́дкія ’тс’ (Нар. словатв.), ’тс’ (Сцяшк. МГ), ’тс’ (Шатал.), рэдкае ’тс’ (ЛА, 4), рэ́дкое ’тс’ (ТС), сюды ж рэ́дзіць ’рабіць рэдкім, прарэджваць’ (ТСБМ, Касп.), рэ́джаный ’прарэджаны’ (Юрч. СНЛ). Укр. рідкий, рус. ре́дкий, польск. rzadki, палаб. rjodke, н.-луж., в.-луж. rědki, чэш. řídký, славац. riedky, славен. rédek, серб. і харв. ре́дак, макед. редок, балг. рядък, ст.-слав. рѣдъкъ. Прасл. *rědъkъ. Роднасн. літ. rẽtas ’рэдкі’, лат. rets ’тс’, лац. rēte ’мярэжа’ (Фасмер, 3, 458; Махэк₂, 532; Сной, 529).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Садзі́ба ’сядзіба; зямельны ўчастак на якім знаходзіцца хата з гаспадарчымі пабудовамі; сад’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Яшк., Інстр. 2, Нар. лекс., Шушк.), ’засяленне, выган’ (Нас. гіст.), ’засяленне, аселасць’ (Гарб.). Укр. сади́ба ’сядзіба’, польск. sadyba < усходнеславянскіх (Брукнер, 479). Слова з не вельмі ясным статусам. Лаўчутэ (Лекс. балг., 21; Балтизмы, 130) зыходзячы з лінгвагеаграфіі і суфіксацыі (балт. суф. ‑yba пры слав. *‑ba), крыніцай слова лічыць літ. sodýba ’сядзіба’ < sod‑inti ’садзіць, сажаць’ + суф. ‑yba. Супраць Трубачоў (ЭССЯ, Проспект, 78), які лічыць слова праславянскім дыялектызмам, і Слаўскі (SP, 1, 62), паводле якога слова з’яўляецца познім славянскім утварэннем ад прасл. *saditi + суф. ‑iba, дзе ‑i‑ ўзята з інфінітыва. Параўн. сядзіба.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сало́ны ’салёны’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ, Сцяшк., Ян., ТС, Мат. Гом.), сало́нны ’тс’ (Сл. ПЗБ, Нар. лекс., Скарбы); з дысіміляцыяй нн — дн сало́дны ’тс’ (Сл. ПЗБ, ТС). Агульнаславянскае; рус. со́лоный, укр. соло́ний, ст.-слав. сланъ, польск., в.-луж., н.-луж. słony, чэш., славац. slaný, серб.-харв. сла̑н, славен. slȃn, балг. слан. Прасл. *solnъ (Траўтман, 249; Фасмер, 3, 713 і наст., Махэк₂, 592; Брукнер, 506); утворана ад і.-е. кораня *sol‑ (гл. соль) з суф. *‑nъ, архаічны прыметнік; гл. Махэк₂, 592; Шустар-Шэўц, 2, 1306–1307; Борысь, 558. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 713 і наст. з літ-рай. Ад салоны ўтворана салане́ць ’прасольваць’ (Сцяшк. Сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сатана́ ’у некаторых рэлігіях — злы дух, які супрацьстаіць богу, д’ябал’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), сата́н ’сатана; надакучлівы чалавек’ (Нас.), са́тан, сатана́ ’сатана’, сата́нье ’чэрці’ (ТС). Укр., рус. сатана́, ст.-рус. сатана, ст.-слав. сотона, чэш. satan, satanáš, славац., н.-луж., в.-луж. satan, серб.-харв., славен. sotona, балг. сатана, сатона, макед. satana. Старажытнае запазычанне з грэч. σατανας, якое са ст.-яўр. sāţān (Міклашыч, 317; Фасмер, 3, 565; Кіпарскі, Gemeinslaw., 130), а не з гоц. satana, як лічаць Стэндэр–Петарсан (Slaw.-germ., 430 і наст.), Махэк₂, 538. Форму сатана Фасмер (там жа) тлумачыць другасным прыстасаваннем да грэч. формы. Сюды ж сатані́ць ’сварыць каго-небудзь з кім-небудзь’, ’шкодзіць’, ’зводзіць, падбухторваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свірчэ́ць ‘утвараць гук са свістам пры палёце, руху і пад.’, свірча́ць ‘цвыркаць’ (Нас.), свыршя́ты ‘тс’ (драг., З нар. сл.), свыршы́ты (Клім.). Укр. цвірчати́, цві́ркати, рус. сверча́ть, дыял. сверша́ть, польск. ćwierczeć, ćwierkać ‘цвыркаць’, в.-луж. šwórknyć ‘муркаць, свісцець’, н.-луж. šwarcaś, šwarkaś ‘тс’, šwyrcaś ‘свісцець, гусці’, чэш. svrčeti, cvrčeti ‘цвыркаць’, славац. svrčať ‘тс’, серб.-харв. цвр́чати ‘шчабятаць’, славен. cvrčáti, cvŕkati, cvr̂kam ‘пранізліва крычаць, трашчаць, шчабятаць’, балг. цвърча́ ‘шчабятаць’. Ад гукапераймальнай асновы *svьrk‑/*cvьrk‑ з рознымі экспрэсіўнымі нарашчэннямі (Фасмер, 3, 574 і наст.; Борысь, 107). Роднасныя літ. švìrkštu, švìrkšti ‘гусці, свісцець, пішчаць’, švar̃kšti, švarkšciù ‘кракаць’, лат. svir̃kstêt ‘патрэскваць, свісцець’; гл. Праабражэнскі, 2, 258; Міклашыч, 305, 330; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1161. Параўн. цвыркаць, чыркаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ска́рга ‘незадаволенасць, нараканне’, ‘заява аб непрымальных дзеяннях ці з’явах’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб., Байк. і Некр., Сержп.), скарга́ (Гарэц.), ска́рка ‘тс’ (Мал.). Укр. ска́рга, ст.-рус. (XIV ст.) скарга ‘тс’. Ва ўсходнеславянскіх мовах запазычанне з польск. skarga з прычыны наяўнасці ‑ар‑ (Карскі, Белорусы, 146; Кюнэ, Poln., 96; Фасмер 3, 633). Этымалогію гл. скардзіцца. Ст.-бел. скарга, скаркга запазычана ўжо ў XIV ст. з ст.-польск. skarga (Булыка, Лекс. запазыч., 53).

Скарга́ 1 ‘чапяла’ (Сцяшк.). Не вельмі яснае слова, параўнальны матэрыял адсутнічае. Відаць, нейкая кантамінацыя з словам качарга́ (гл.).

Скарга́ 2, скірга́ ‘прыдзірлівая, з’едлівая асоба’, ‘скупы чалавек’ (ТС), сюды ж скоргану́ць ‘злосна сказаць’ (там жа). Гл. карга.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)