Начы́нне ’інструменты, прылады’ (Яруш.), ’драўляны посуд; набор рамесніцкіх прылад, інструментаў’ (Нас.), начы́нье ’набор прылад’: начынье кросна ткаць (ТС), начы́ння, начы́не, начы́нё, начы́нё ’ўвесь посуд у хаце; інструмент’ (Сл. ПЗБ), начы́нё ’сталярны інструмент’ (навагр., Нар. словатв.), начэнё ’рамесніцкія прылады’ (Кліх), начэ́ня ’сталярны інструмент’ (нясвіж., З нар. сл.), ’начынне, рэчы’ (лід., Сл. ПЗБ), ст.-бел. начине ’сукупнасць прадметаў, прыналежнасць якога-небудзь ужытку; посуд рознага прызначэння; рамесніцкі інструмент’ (Дасл. (Гродна), 121), укр. начи́ння ’посуд; інструмент, прылады; частка кроснаў’, польск. naczynie ’ёмістасці, посуд; прылады, інструменты’, чэш. náčiní ’рамесніцкія прылады; кухонны посуд’. Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 94), ст.-бел. начинье (начынье) ’прылада, інструмент’ (з пач. XVI ст.) запазычана са ст.-польск. naczynie ’тс’; улічваючы геаграфію, хутчэй можна гаварыць пра арэальную інавацыю, цэнтр якой знаходзіўся, відаць, на чэшскай моўнай тэрыторыі (параўн. ст.-чэш. náčiní ’інструмент; посуд’). Да чын ’спосаб’, параўн. такім чынам ’так, такім спосабам’, паралельнае да надоба, надобʼе ’хатнія рэчы, прылады’ (славен. dob ’спосаб, рад’), параўн. балг. на́чин ’спосаб’ і інш., першапачаткова ’рэчы, што прызначаюцца для пэўнага спосабу працы; адпаведным чынам выкарыстоўваюцца’, гл. Махэк₂, 387; Брукнер, 82. Маг. начы́ньня ’вантробы’ (Бяльк.), фармальна тоеснае разгледжаным словам, мае іншае паходжанне: ад начыня́ць, чыні́ць ’фаршыраваць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)