Карма́ 1 ’задняя частка карабля’, укр. корма, рус. корма ’тс’, ст.-слав. кръма, балг. кърма, серб.-харв. кр́ма ’рулявое вясло’, славен. kŕma ’тс’. Слова, відаць, праславянскае. Яго архетып — kъrma ’рулявое вясло’. Параўн. ст.-слав. кръмчии ’кормны, рулявы’, кърмило ’руль’. Існуе гіпотэза аб старажытнагрэчаскіх сувязях гэтай групы слоў. Параўн. ст.-грэч. πρύμνη ’карма’. Марфалогія і семантыка славянскага і грэчаскага слоў супадаюць, але фанетыку вытлумачыць цяжка. Такія змены ў фанетыцы могуць узнікнуць у працэсе запазычання і адаптацыі. Больш пераканаўчая грэчаская паралель: κορμός ’вясло’ (Гесіхій) (κορμός ναυτικός). Не выключаны таксама палеабалканскі характар гэтых слоў, роднаснасць іх і πρύμνη (*k​u̯ > π або κ у розных дыялектах). Ва ўсякім разе гэта слова, як і назва карабля ў цэлым (гл. карабель), магла мець палеабалканскую моўную крыніцу (Бернекер, 668; Пэрсан, Beitr., 172).

Карма́ 2 ’сярэдняя частка невада ў выглядзе доўгага вузкага мяшка, куды пападае рыба пры лоўлі, куль’ (ТСБМ, Касп., З нар. сл., Яшк., Нік., Мат. АС), рус. корма ’мяшок невада’. Сабалеўскі (ЖМНП, 1886, сент., 151) бачыў сувязь з карман ’кішэня’ (гл.), якое, аднак, само патрабуе этымалагічнага тлумачэння.

Карма́ 3 ’затока, завадзь у форме рукава’, ’выступ сушы ў выглядзе паўвострава, які ўразаецца ў балота’ (Яшк.). Семантычная сувязь з папярэднім словам відавочная. Агульная сема для карма 2 і карма 3 — ’куль, мяшок, рукаў’, але этымалагічнага рашэння пакуль што няма.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каро́ста 1 ’кароста (хвароба)’ (ТСБМ, Шат., Мядзв., Гарэц., Сл. паўн.-зах., Федар. VI), укр. короста, рус. короста, ст.-слав. краста, балг. краста, макед. краста, серб.-харв. кра̏ста, славен. krásta. Агульнае значэнне ’кароста, парша, струпы’. Звяртае на сябе ўвагу ірл. carrach ’пакрыты струпамі, паршой’. У ірл. лексеме лёгка выдзяляецца суфікс ‑ach, а carr < *kars — ’скурная хвароба’, якое мае рэгулярныя славянскія адпаведнікі, яны ўзводзяцца да прасл. sъrx — (бел. шаршыць, рус. шершавый, чэш. srchý і балт.: літ. šiurkštùs ’грубы, шурпаты’, pašiùrti ’станавіцца грубым, шурпатым’). Параўнанне кельт. і слав. форм прыводзіць да неабходнасці рэканструяваць *k̑ors/*k̑ṛs. Гэта паказвае, што прасл. korsta адлюстроўвае кельцкую фанетыку і семантыку і з’яўляецца, такім чынам, лексічным пранікненнем (Мартынаў, Язык, 42).

Каро́ста 2 ’кастрыца’ (Сл. паўн.-зах., Сцяшк.; Сцяц., зэльв.; Шатал., Бір. Пр.), укр. короста ’тс’, польск. krosta ’кастрыца, якая аддзяляецца пры часанні канапель’. Існуе тэндэнцыя змешваць кароста 1 і кароста 2 (гл. Трубачоў, Эт. сл. 2, 93–95), але кароста 2 мае іншыя паралелі і перш за ўсё балтыйскія, чаго нельга сказаць пра кароста 1: літ. karšti ’часаць лён, каноплі і інш.’ Відавочна, частка гэтых паралелей кантамінавалася з прасл. kostra (параўн. ст.-рус. костра ’грубая кара льну і канапель, якая застаецца пасля іх часання’, і серб.-харв. ко̏стрина ’кастрыца, адходы пры апрацоўцы льну’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кары́та ’карыта, начоўкі, човен’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’збітыя вуглом дзве дошкі, якія прыбіваюцца на версе гонтачнай страхі’ (Сцяшк., Шатал.), ’шуфляда ў ручным млыне, куды падае мука’ (Шатал.), укр. корито ’тс’, рус. корыто ’тс’, чэш. koryto ’карыта, кармушка’, славац. koryto ’тс’, н.-луж. kóryto ’тс’, польск. koryto ’тс’, балг. корито ’тс’, макед. корито ’тс’, серб.-харв. ко̀рито ’тс’, славен. koríto ’тс’. Трэба адзначыць, што паралельна амаль усе славянскія дыялекты ведаюць яшчэ адно значэнне для прасл. koryto ’жолаб, роў, рэчышча’. Менавіта апошняе значэнне навяло даследчыкаў на думку пра сувязь прасл. koryto з дзеясловам ryti. Тады ko‑ прэфікс, як у kadъlbъ (ад dъlbti ’дзяўбці’), (гл. Трубачоў, Ремесл. терм., 169). Гэта этымалогія (Міклашыч, 133) здаецца надзейнай (што датычыць прэфіксальнай і каранёвай частак слова). Значна менш надзейнае чляненне kor‑yto. Словаўтварэнне як kop‑yto, але калі kop‑yto да капа́ць, то адпаведнага зыходнага дзеяслова для karyto мы не знаходзім, а паходжанне ад kora вельмі праблематычнае, параўн., аднак, карыць 1. Суаднесенасць са ст.-прус. pracartis ’карыта’ і літ. prãkartas ’кармушка’ базіруецца на семантычнай тоеснасці, але фанетычныя разыходжанні растлумачыць цяжка (гл. агляд версій у Трубачова, Эт. сл., 11, 122–125). Фасмер (2, 343) прытрымліваецца другой этымалагічнай версіі Міклашыча і ўзмацняе яе паралеллю Шпэхта: лат. karaûte, karuóte ’лыжка’ з тоеснасцю суфіксаў (ūt = yt).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́ста 1 ’каста’ (ТСБМ). Рус. ка́ста, укр. ка́ста. Паводле Фасмера, 2, 207, запазычанне з зах.-еўрап. моў. Праз мовы-пасрэднікі, ням. (Kaste) або франц. (caste), слова ўзята з парт. casta ’парода; паходжанне’, першапачаткова ’чыстая парода’. У аснове ляжыць лац. castus ’чысты’. Шанскі (2, К, 86) удакладняе, што ў рус. мове (якая, дарэчы, можа быць пасрэднікам для бел.) ка́ста з’явілася ў канцы XVIII ст. Упершыню фіксуецца ў рус. слоўніку Яноўскага 1803 г. са значэннем ’грамадская групоўка ў Індыі’, агульнае значэнне ўстанаўліваецца з 1847 г. (яно фіксуецца ў Слоўніку АН; гл. Шанскі, там жа).

Кас́та 2 ’яслі, драбіны’ (Сл. паўн.-зах.). Слова ўжываецца таксама ў мн. ліку (напр., сена кладуць у касты). Паводле Сл. паўн.-зах., 2, 433, запазычанне непасрэдна з літ. kāstė ’тс’, якое, у сваю чаргу, было ўзята з ням. Kasten ’тс’. Можна пагадзіцца з прапанаванай этымалогіяй (< ням.) у агульных рысах. Ням. форма Kasten не зусім дакладна адпавядае літ. kāstė. Таму, як можна меркаваць, непасрэднай крыніцай для літ. слова было іншае ням. слова. Маецца на ўвазе не сучасная ням. мова, а нейкія формы с.-ням. паходжання. Такія сапраўды ёсць (параўн. kaste ’тс’; форма гэта сустракаецца і ў сучасных ням. дыялектах). З ням. крыніцы ўзята і лат. kaste. Гл. Клюге, 356.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каштава́ць 1 ’мець тую або іншую цану, грашовую вартасць’; ’абыходзіцца ў якую-н. суму, патрабаваць якіх-н. затрат’ (ТСБМ, БРС, Касп., Шат.). Слова засведчана ў ст.-бел. мове з 1516 г. (таксама як і коштъ, коштованье, коштовне, коштовность і г. д.; гл. Булыка, Запазыч., 174). Параўн. рус. коштовать (дыял.), укр. коштувати і г. д. Запазычанне з польск. мовы (< польск. kosztować ’тс’); Бернекер, 586; Фасмер, 2, 361; гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 67; Рыхардт, Poln., 68. Крыніцай польск. слова з’яўляецца с.-в.-ням. kosten ’каштаваць, быць вартым і да т. п.’ Слаўскі, 2, 545. Гэта апошняе ў сваю чаргу узята са ст.-франц. coster < лац. *costare < cōnstare (Слаўскі там жа).

Каштава́ць 2 ’спрабаваць ежу, піццё на смак, на гатоўнасць і інш.’ (ТСБМ, БРС, Касп., Шат.). Параўн. рус. дыял. коштова́ть ’тс’, укр. куштува́ти, коштува́ти. Запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. kosztować ’тс’ (у такім значэнні польск. слова вядома з XVI ст.), якое ўзята з с.-в.-ням. kosten ’даследаваць, вывучаць, спрабаваць, пробаваць на смак’ або ст.-в.-ням. kostōn ’тс’ (гэты дзеяслоў роднасны лац. gastāre ’каштаваць, спрабаваць ’). Гл. Бернекер, 1, 586; Брукнер, 260; Фасмер, 2, 361; Махэк₂, 282. Вельмі падрабязна аб семантычнай гісторыі слова kosten у ням. мове гл. у Пауля, Wörterb. (7. Aufl., 1960), с. 344. Гл. яшчэ Клюге, 395–396.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ато́са (БРС), ато́с (Шат.), отʼо́са (Маслен.), ато́снік ’канец атосы’ (Маслен., Бяльк.), ато́ска, атосіна (Нас., Бяльк.), заотʼосник, наотʼосник, приотʼосник (Маслен.). Рус. дыял. паўд.-зах. отоса, отос, атос, атосы, атоса, укр. отеса, отісонька, польск. ociosy, otos(a), odos. Ст.-бел. отосе (1643). Паходжанне спрэчнае. Паводле Даля — з спалучэння от оси; Сцяц. (Слозаўтв., 177) лічыць прэфіксальным, у карысць чаго падосак ’дэталь воза’ (Касп.), польск. форма odos і шэраг іншых польскіх прэфіксальных назваў дэталей воза: nadośka, naośnik, zaośnik, podośnik. Супраць формы тыпу ацёса і пад. Таму нельга выключыць, што гэта народная этымалогія. Насовіч (Сб., 377), Атрэмбскі (SOc., 19, 457), Фрэнкель (756), Лаўчутэ (Kalbotyra, XXII (2), 83) і інш. (агляд — Урбуціс, Baltistica, V (1), 1969, 84) лічаць запазычаннямі з літ. atãsaja, atãseja, лат. atsèja. Яблонскіс (296) уключыў слова атоса ў спіс «прапушчаных і няясных слоў». Супрун (Лекс. балтызмы, 43), Урбуціс (Baltistica, V (2), 1969, 161) далучаюць атоса да праблематычных балтызмаў. У сувязі са спробамі этымалагізацыі слова на славянскім грунце трэба ўлічыць яшчэ натоснік (Мядзв.) ’тое ж, што атоснік’ — ’канец атосы’; стос(а) частка воза’, укр. бойк. затоса ’атоса’ (Кміт па вусн. павед. Краўчука), што можа звязаць слова з коранем *tos‑, *tъs‑, а таксама словы тыпу рус. потесь ’гатунак вясла’, ст.-рус. потесъ ’зарубка’, што можа звязаць з коранем *tes‑ (цясаць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Барэ́ц 1 (спарт.). Мабыць, запазычанне з рус. боре́ц (гэта слова, відаць, праславянскае — nom. agentis з суф. *‑ьcь ад *borti (sę) ’змагацца’, гл. баро́цца; вельмі няпэўна Шанскі, 1, Б, 167: утварэнне ад *borъ ’барацьбіт’).

Барэ́ц 2 ’расліна баршчэўнік сібірскі, Heracleum sibiricum L.’ (Кіс.). Укр. борец ’Heracleum Sphondylium L.’ (Макавецкі, Sł. botan., 178). Ад слав. *borьcь (< *borti (sę), гл. баро́цца). Матывацыя не зусім ясная. Магчыма, таму, што сцябло расліны пакрыта цвёрдымі валаскамі. Але не выключаецца, што назва дадзена ад моцнасці расліны (вышыня яе 90–200 см). Нарэшце, можна думаць і пра іншую матывацыю: расліна мае вострае лісце (адсюль і яе назвы ад асновы *bъrščь, Фасмер, 1, 198, гл. боршч, баршч; супраць такой этымалогіі Мяркулава, Очерки, 61–62). Цікава, што навуковая назва расліны — Heracleum узнікла ад імя антычнага героя Геракла (як думаюць, таму, што расліна вельмі моцная, высокая і мае лячэбныя ўласцівасці; Сімановіч, 229; Нейштадт, Определитель, 422).

Барэ́ц 3 ’расліна мардоўнік, Aconitum L.’ (Інстр. II). Рус. боре́ц, укр. боре́ць, боре́ц. Бясспрэчна, ад *borti (sę) (гл. баро́цца). Расліна Aconitum вельмі ядавітая і з яе рабілі атруту для ваўкоў. Нейштадт, Определитель, 254–255; Сімановіч, 8; Махэк, Jména rostl., 46. Параўн. яшчэ іншыя назвы для Aconitum: рус. волкобой, чэш. vlčí mor, psí mor, славен. pasja smrt, лац. aconitum lycoctonum, cynoctonum і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́чыць (з XVI ст.; Нас. гіст.), укр. ба́чити (з XVI ст.; Цімчанка), рус. дыял. ба́чить (рус. слова засведчана з пач. XVII ст. і запазычана з укр. мовы; Праабражэнскі, 1, 20; Шанскі, 1, Б, 61). Запазычанне з польск. baczyć ’тс’ (а гэта пераразлажэннем з *obačiti: *ob‑ačiti → *o‑bačiti > bačiti, дзе ač‑, ak‑ да і.-е. кораня, што і ў слове *oko ’вока’). Гл. Ільінскі, PF, 11, 183; Бернекер, Зб. Ягічу, 598–599; Бернекер, 24; Траўтман, 4; Ваян, RÉS, 22, 7; Слаўскі, 1, 24; Фасмер, 1, 138. Іначай, але непераканаўча, Брукнер, 10 (ад польск. baka ’вока’). Неверагодна Мацэнаўэр, LF, 7, 4 (запазычанне з тур. bakmak ’бачыць’); Махэк, SP (Brno), 2, 1953; 135; SP (Brno), 4, 1955, 32 (сувязь з польскім opatrzyć, славац. páčiť). Таксама вельмі няпэўнай з’яўляецца этымалогія Лера–Сплавінскага, JP, 26, 166–170 (= Studia, 195–198) аб паходжанні польск. слова ад выклічніка ба! Памыляўся Лорэнц, Pomor., 1, 13, які лічыў bačiti прасл. словам. Факт усх.-слав. запазычання з польскай мовы на аснове дадзеных помнікаў добра асвятліў Лер-Сплавінскі (там жа). Гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 42; Трубачоў, Этимология 1965, 44–47. Сюды, мабыць, адносіцца і бачыць ’не дагаджаць’ (Яўс.: Чым я табе бачу, што ты ны мяне так узьеўся?), але развіццё семантыкі растлумачыць цяжка. Да ба́чыць адносяцца і ба́чны, ба́члівы і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Му́рза 1 ’неахайны або мурзаты чалавек’ (ТСБМ, Гарэц., Нас., Чач., Растарг., Нікан., Сл. ПЗБ, ТС), ’губа’ (Нас.), мурзе́ля ’тс’, ’бруднае дзіцё’ (ТС), ’запэцканы твар’ (паўн.-усх., КЭС), клец. мурзэля ’тс’ (Нар. лекс.), міёр. мурза́ч, мурзэль, мурзэла, мурзэліна ’брудны, мурзаты’ (З нар. сл.), му́рзаць, му́рзацца ’пэцкаць твар, зубы’, ’рабіцца брудным’ (ТСБМ, Нас., Янк. 2, Шат., ТС; КЭС, лаг.). Балтызм. Параўн. літ. mùrza, лат. mur̃za ’брудны, мурзаты чалавек’, яшчэ літ. ’твар, рот’ (параўн. адпаведнае значэнне ў бел. лексемах), якія ад mùrti ’размакаць’, ’гразнуць, вязнуць’ пры дапамозе суфікса ‑z‑ (Лаўчутэ, Балтизмы, 121–122). Аналагічна ўкр. жытом. мурзатий, усх.-польск. murza, murzacz, murzać; murzaty, murzasty, ’сабака чорнай масці’, murzuwaty ’шэры конь’, mruźaty, mroźaty ’шэра-светла-карычневы конь’, рус. му́рза, мурза́, мурза́йка, мурза́ки ’твар’ (Літ., Латв. ССР).

Му́рза 2 ’павідла з чарнікі і мукі’ (стол., Вешт. дыс.), ’страва з чарніц’ (ТС), мурза́ч ’страва з мукі і смятаны’ (петрык., Мат. Гом.). Укр. жытом. мурза ’павідла’. Відавочна, балтызм. Параўн. murzóti ’намазваць, мазаць’.

Мурза́ ’тытул татарскай феадальнай знаці ў XV ст.; асоба з такім тытулам’ (ТСБМ), ст.-бел. мурза, мурса, мырза ’тс’ (XV ст.) запазычаны са ст.-рус. мурза < тат. myrza < перс. mīrzā або і непасрэдна з крым.-тат. мовы (Булыка, Лекс. запазыч., 27) Жураўскі (Цюркізмы, 86) лічыць гэта слова экзатызмам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жох 1 ’прайдзісвет’ (ТСБМ). Рус. жох ’тс’. Улічваючы форму жег ’прайдзісвет’, якую Даль прыводзіць у гняздзе жечь, Шанскі (1, Д, Е, Ж, 296), як і Фасмер (2, 62), Праабражэнскі (1, 236), схіляецца да думкі пра сувязь з коранем жьг (гл. жога) і параўноўвае з прожженный, выжига, жиган. Хаця гэта этымалогія патрабавала б падтрымкі як у семантычных, так і ў фармальных адносінах, яна, магчыма, лепей, чым іншыя, напр., сувязь з жокер ’назва карты’ (< англ. ’падманшчык’) ці з цюрк. джок ’бядняк’ (Радлаў, Опыт, 4, 93), альбо шох ’цікавы, гуллівы, жартаўлівы’ (там жа, 1026). Гл. жох 3.

Жох 2 ’костка ў гульні’ (грозд., Нар. словатв., 269). Рус. дыял. жох ’адна са старон, палажэнне косткі ў гульні; сама костка; спіна, край’. Фасмер (2, 62), крытыкуючы няпэўную сувязь з жаць 2, якую адзначыў Гараеў (111), недакладную паралель з польск. żoch ’страўнік’ (магчыма, з чэш. žock, žok < ням. Sack ’мех, мяшок’), выказвае нясмела думку пра магчымасць сувязі з жох 1. Ці не трэба ўлічыць магчымасць сувязі з цюрк. джок, у некаторых мовах (напр., казах.) жок ’не, няма, згубленая рэч’ (Радлаў, Опыт, 4, 92–93)? Параўн. яшчэ Ціцэ (Tietze), Oriens, 10 (1957), 377.

Жох 3 ’выклічнік, што ўказвае на раптоўнасць’ (полац., Нар. лекс., 26). Відаць, звязана з дзеяслоўным коранем *žьg‑ (гл. жага, жгаць). Параўн. укр. прожогом ’хутка, імкліва’. Гл. жох 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)