Скамаро́х1 ‘у Старажытнай Русі і ў пазнейшым часе — вандроўны акцёр’ (ТСБМ, Ласт.), ‘вандроўны музыкант’, часта ‘музыка, скрыпач на вясковым вяселлі’ (Шымк. Собр., Байк. і Некр., Др.-Падб., Янк. БП, Пятк. 2, Рам. 8), ст.-бел. уласнае імя Р. скл. Демьянца Скомороха (1540 г., Лінгв. дасл.), сюды ж скамаро́шнік ‘вандроўны цыркач з мядзведзем, мядзведнік’ (віл., смарг., Сл. ПЗБ), скамаро́ха ‘тс’ (Нас.), ‘музыка’: усяк спляша, да ні ўсяк скамарох (Бяльк.). Рус. скоморо́х ‘вандроўны музыкант, скакун, камедыянт’, дыял. ‘вядзьмар’, скоморо́шина ‘тс’, стараж.-рус. (XI ст.) скоморохъ, серб.-ц.-слав., рус.-ц.-слав. скомрахъ, ст.-польск. skomrośny, skomroszny ‘бессаромны, нястомны’, skowryśny, skowrośny ‘вясёлы, жвавы’. Цёмнае слова, ніводная этымалогія не з’яўляецца пераканаўчай. Крыніцай лічылі грэч. σκώμμαρχος ад σκώμμα ‘жарт, штукі’, гл. Кірпічнікаў, Сб. ОРЯС 52, 1 і наст.; Фасмер, ИОРЯС 12, 2, 276; Фасмер, Этюды, 184 і наст. Аднак іншыя даследчыкі ўказваюць на тое, што слова нідзе не засведчана. Выводзілі таксама з іт. scaramuccia ‘камедыянт, штукар’ на падставе таго, што скамарохі часта носяць “лацінскую адзежу”; так Сразнеўскі, 3, 374. Супраць Фасмер (3, 648). Спробы славянскай этымалогіі: ад прыстаўкі sko‑ і дзеясл. марочыць; Мацэнаўэр, LF 20, 13 і наст.; Брукнер, 494. Пераважаюць “гукапераймальныя” версіі, напрыклад, сувязь з в.-луж. skomorić ‘рабіць недазволены ўчынак’, што мае гукаімітатыўны характар (Ільінскі, ИОРЯС, 23, 2, 243), паводле Шустара–Шэўца (1292), звязана з камолы (гл. камель2). Фасмер (3, 648) прыводзіць яшчэ славен. skomúcati ‘выдаваць незразумелыя гукі’, skomodrati ‘вішчэць’, якія звязаны з рус. скомлить ‘ныць, скавытаць’. Сюды ж можна дадаць балг. радоп. скомичем ‘плакаць, хліпаць’, серб. пірот. скомл́чем ‘мармытаць, невыразна гаварыць’, каш. skamřec ‘навязліва прасіць, клянчыць’, якое Борысь узводзіць да *skom‑ъr‑ (SEK, 4, 276), варыянт якога *skomorъ Львоў (Этимология–1972, 111) лічыць зыходным для разглядаемага слова. Нельга выключыць і цалкам імітатыўную версію паходжання слова, якую прапанаваў Немец (Slavia, 57, 246 і наст.; Studia Etym. Brun., 1, 38) з *sko‑morsk‑, роднаснага рус. морщить (гл. моршчыцца), што звязана з старажытным выкарыстаннем масак для адпуджвання злых сіл. У сувязі з гэтым параўн. скамурдзіцца ‘скрывіць морду’ (гл.). Істотнымі матывацыйнымі момантамі варта лічыць “музычныя” і “знешнія” прыкметы, гл. Жураўлёў, Язык и миф, 178–179 (там жа агляд іншых версій).

Скамаро́х2 ‘гаркушка, гальян звычайны, Phoxinus phoxinus (L.)’ (Жук., на Дняпры; Жыв. св.). Рус. дыял. скоморо́х ‘тс’. Да скамарох. Параўн. апісанне рыбы ў Сабанеева (Жизнь, 496): “Последний [гальян] всегда отличается необычайной пестротой и поэтому названия скоморох и красавка гораздо более идут к нему, нежели… гольян”. Параўн. аўдотка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту1 — экспрэсіўнае слова ў выразах: ту, якій ты!ту на цябе!ту цябе! ‘цьфу’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.; полац., Нар. лекс.). У адным з першых літаратурных твораў: Ці не пісацель? / Ту! Не, паночак, /Я Тарас (К. Вераніцын, Тарас на Парнасе. Паэмы. Мінск, 2009, 18). Часта як выраз незадавальнення, нязгоды. Звычайна разглядаецца як варыянт выклічніка тфу (гл.) у сувязі з неарганічным характарам ф у беларускай народнай мове, параўн. яго замены на тпху, тху (гл.), цьху і пад. Параўн., аднак, рус. ту: ту, голова! ‘эх ты!’, серб. цімак. ту́ ‘выклічнік незадавальнення, раздражнення’, макед. ту што ми стори ‘ox, што ты нарабіў’, балг. дыял. а́ бре, ту́ бре! (раздражненне, гл. СбНУ, 38, 50), што сведчыць пра магчымае аднясенне выклічніка да т. зв. першасных інтэр’екцый (Смаль-Стоцкі, Приміт., 19), прадстаўленага ў складзе выклічнікаў тыпу агату, ату, туга (гл.) і інш. Дапускаецца дэістычнае паходжанне, гл. ESSJ SG, 2, 701.

Ту2 ‘тут, сюды’ фалькл.: Братовая золвы на ночь просить : / Ту ту ту! — Моя золвица, моя сястрыца, / Ту ту ту (Бяс., 40); Ту, цимболисты и скрипки играют… (С. Полацкі), ту-ту-ту — падзыўныя для гусей (ДАБМ, камент., 896); ст.-бел. ту ‘ў гэтым месцы; туды, сюды; тады; у даным выпадку’ (1388 г., ГСБМ). Параўн. укр. дыял. ту ‘тут’, рус. фалькл. ту ‘ў той час, тады’ (СРНГ), польск. tu ‘тут; цяпер, у гэтым месцы; дагэтуль, адсюль’, чэш., славац., в.-луж., н.-луж. tu ‘тс’, харв., серб. , славен. ‘тс’, ст.-слав. тоу ‘там, тут, тады, у тым месцы’. Прасл. *tu вытворнае ад займенніка *tъ (гл. той) з няясным па паходжанні ‑u (агляд праблематыкі ў літаратуры гл. ESSJ SG, 2, 697–701; ESJSt, 17, 996; пра ст.-бел. формы гл. Крамко, Мова бел. пісьм., 276). Сучаснае дыялектнае ўжыванне, напр., ту ‘тут’ (воран. Сл. ПЗБ), а таксама познія старабеларускія формы пад уплывам польскай мовы, гл. Булыка, Запазыч., 326. Паводле Шустар-Шэўца (1553), вакалізацыя, як у н.-луж. ku < прасл. *kъ, гл. к.

Ту3 — размеркавальны злучнік тото: ту чуеш у гэтай песні страшны голас дзікага звера, ту смех шалёнага, ту нудны крык нішчаснага, ту плач беднага чалавека (Я. Колас). Параўн. аналагічныя злучнікі: макед., балг. туту, польск., чэш. tutu. Функцыянальна ідэнтычна займеннікавым утварэнням ад *tъ, у першую чаргу *to (гл. та, то), адносна паходжання гл. ESSJ SG, 2, 701. У беларускай літаратурнай мове выціснута пад уплывам рускай мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЖАНР [франц. genre ад лац. genus (generis) род, від],

у большасці відаў мастацтва ўнутранае падраздзяленне, якое склалася гістарычна; тып устойлівай структуры маст. твора, спосаб яго змястоўнай і кампазіцыйнай арганізацыі. Жанравая дыферэнцыяцыя залежыць ад спецыфікі відаў мастацтва. Асновай развіцця Ж. з’яўляецца складаны характар рэчаіснасці, патрэбнасць у адэкватным вобразным адлюстраванні пэўных тыпаў жыццёвых сувязей і адносін. Паэтыка кожнага Ж. заключаецца ў выбары маст. формул, спецыфіка якіх складае жанравы стыль. Ж. семантычна і марфалагічна арганізуе ўсе элементы вобразнай структуры, ён нараджаецца патрэбамі зместу і ў сваю чаргу ўплывае на знешнюю форму з дапамогай характэрных толькі для яго сродкаў выразнасці. Наяўнасць адносна ўстойлівых фармальных прыкмет, спецыфічнай мовы дазваляе аднесці Ж. да катэгорыі маст. формы, якая, аднак, не мае самастойнага эстэт. сэнсу і не з’яўляецца назаўжды зададзенай і завершанай. Усе структурныя элементы Ж. выступаюць носьбітамі актыўнай пазіцыі аўтара і абумоўлены яго светапоглядам, творчай манерай, метадам і інш. Незалежна ад уласцівых кожнаму віду мастацтва спецыфічных прынцыпаў падзелу на Ж. існуюць і агульныя канцэпцыі жанравай дыферэнцыяцыі: паводле прадмета характару адлюстравання, інфармацыйнай і пазнавальнай ёмістасці, спосабу пабудовы маст. вобраза і інш.

Тэрмін «Ж.» і жанравая класіфікацыя ўзніклі ў франц. эстэтыцы класіцызму ў 17—18 ст., але з 19 ст. страцілі строгія межы падзелаў і гал. ролю ў іерархічнай сістэме мастацтваў; нягледзячы на відавочную гістарычнасць паняцця Ж., у практыцы мастацтвазнаўства яго ўжываюць да ўсіх перыядаў гісторыі сусв. мастацтва, што тлумачыцца зручнасцю падзелу твораў паводле тэматыкі адлюстравання. У пластычных відах мастацтваў, дзе немагчыма вылучыць прадмет выявы (архітэктура, дэкар.-прыкладное мастацтва і інш.), жанравая класіфікацыя не прынята.

У выяўленчым мастацтве асн. прыкметы Ж. найперш вызначаюцца паводле прадмета выявы (пейзаж, партрэт, бытавы жанр, гістарычны жанр, батальны жанр, нацюрморт і інш.). Наступная больш дробная жанравая дыферэнцыяцыя абумоўлена зліццём у маст. творчасці пазнавальных, вобразна-мастацкіх, ідэйна-ацэначных элементаў і наяўнасцю ў кожнага твора вызначанага функцыян. прызначэння. Так, у залежнасці ад ідэйна-ацэначнай пазіцыі мастака партрэт можа быць у форме шаржу ці карыкатуры, а ў залежнасці ад прызначэння — парадным, камерным, інтымным і інш. Новыя «паджанры» ўзнікаюць і пры падзеле на больш дробныя з’явы прадметаў выявы (марына — асобны від пейзажа, «галантны жанр» — адзін з відаў бытавога Ж. і інш.). Развіццё і эвалюцыя Ж. ў выяўл. мастацтве Беларусі абумоўлены асаблівасцямі яе гіст. развіцця (гл. ў арт. Жывапіс, Графіка, Скульптура і пра адпаведныя Ж.). У жывапісе 16—18 ст. пераважаў Ж. параднага (т. зв. сармацкага) партрэта (партрэт Крыштофа Весялоўскага, 1636, і інш.). Пейзажны Ж. у графіцы ўзнік у пач. 16 ст. (гравюра «Руф у полі», 1517—19, з Бібліі Ф.​Скарыны), у жывапісе склаўся ў канцы 18 — пач. 19 ст. («Зарослая сажалка» А.​Гараўскага, 1857). З 19 ст. назіраецца спалучэнне Ж. («Партрэт жонкі з нацюрмортам» І.​Хруцкага, да 1836), у 20 ст. — іх сінтэз (трыпціх «Незабыўнае» К.​Касмачова, «Партызанская мадонна» М.​Савіцкага, «Размова аб вечнасці. Скарына і Парацэльс» А.​Марачкіна і інш.).

У літаратуры пад Ж. разумеюць устойлівыя разнавіднасці твораў, што склаліся ў працэсе яе гіст. развіцця. Нярэдка ў гэтым значэнні ўжываецца паняцце від літаратурны. У аснове кожнага Ж. ляжыць пэўны характар адлюстравання жыцця, які выяўляецца ў адпаведнай форме твораў. Кожны з трох асн. родаў (эпас, лірыка, драма) мае свае Ж. Напр., да эпічнага роду адносяцца раман, аповесць, апавяданне, навела, да лірычнага — песня, гімн, эпіграма, дыфірамб, ода, эпітафія, раманс і інш., да драматычнага — трагедыя, камедыя, драма. Эпічныя Ж. адрозніваюцца адзін ад аднаго ступенню складанасці жыццёвага матэрыялу, працягласцю адлюстравання часу дзеяння, шырынёй ахопу з’яў рэчаіснасці, лірычныя — асаблівасцямі адлюстраваных у іх перажыванняў, пачуццяў, драматычныя — характарам жыццёвага матэрыялу і адносін аўтара да гэтага матэрыялу. Існуюць таксама «змешаныя» Ж., у якіх спалучаны прыкметы розных родаў, напр., ліраэпічныя Ж. (паэма, балада). Многія Ж. маюць у сабе элементы розных родаў (у рамане можа прысутнічаць лірычны або драм. элемент, у драме — эпічны і г.д.). Пры характарыстыцы маст. твораў вызначэнне Ж. можа быць недастатковым, таму акрамя паняцця «Ж.» ужываецца і тэрмін «жанравая форма», які выяўляе больш прыватныя асаблівасці твора. Так, Ж. рамана можа мець разнавіднасці: філасофскі, гістарычны, прыгодніцкі, дэтэктыўны і інш. Жанравая сістэма бел. л-ры такая, як і ў інш. еўрап. л-рах. Аднак некаторыя Ж., выкліканыя спецыфічнымі ўмовамі яе развіцця, ужо зніклі (напр., гутаркі), з’явіліся новыя (драматычная паэма).

У музыцы паняцце Ж. абагульняе розныя бакі муз. твора і ўключае: жыццёвае прызначэнне і функцыю бытавання (адрозніваюць прыкладную музыку, што выконвае дапаможную функцыю, і прапанаваную, якая патрабуе адасаблення выканаўцы ад слухача і спец. ўстаноўку на эстэт. ўспрыняцце); спосаб і ўмовы выканання і ўспрыняцця (музыка выконваецца пэўным складам выканаўцаў, па фіксаваным тэксце або па-за ім, у канцэртнай зале, оперным т-ры, у хатніх умовах, на дыскатэцы і інш.); тыпізаваную змястоўную сферу; пэўныя стылістычныя адзнакі. Складанасць і шматсэнсоўнасць паняцця Ж. абумоўлены тым, што яго састаўныя часткі рознага парадку могуць уступаць адна з адной у разнастайныя спалучэнні. Змены ўмоў бытавання муз. твораў, узаемадзеянне фалькл., бытавых і прафес. Ж., развіццё муз. мовы вядуць да мадыфікацыі старых і фарміравання новых Ж. Таму ў муз. навуцы існуюць розныя сістэмы класіфікацыі Ж., адзіная ж тэорыя муз. Ж. знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі. Адносна прафес. музыкі найб. пашырана класіфікацыя паводле складу выканаўцаў і спосабу выканання. У вак. музыцы вылучаюць Ж. чыста вакальныя (хор а капэла), у вак.-інструментальнай — камерна-вакальныя (сольная песня, раманс, вак. цыкл, розныя вак. ансамблі) і вак.-сімфанічныя (кантата, араторыя, вакальна-сімфанічная паэма), у інструментальнай — камерна-інструментальныя (саната, сюіта, паэма, балада, рапсодыя, мініяцюра, трыо, квартэт, квінтэт і інш. віды ансамбляў) і сімфанічныя (сімфонія, сімфанічная сюіта, сімфанічная паэма, сімфаньета, канцэрт, уверцюра), муз.-сцэнічныя (опера, балет, аперэта, мюзікл). Усе Ж. атрымалі значнае развіццё ў бел. музыцы.

У кіназнаўстве ўжываюцца такія жанравыя вызначэнні, як кінараман, кінааповесць, кінаэпапея, кінапаэма, дэтэктыўны фільм і інш. Існуюць і больш вузкія жанравыя падраздзяленні: філасофская або лірычная кінааповесць, сатыр., эксцэнтрычная, муз. кінакамедыя, музычны фільм, паліт. кінадэтэктыў і інш. Вядомы такія Ж., як вестэрн, фільм жахаў, кінамюзікл і інш. Існуе тэндэнцыя да змешвання Ж., з’яўляюцца новыя жанравыя ўтварэнні. У бел. кінематографе прадстаўлены Ж.: героіка-прыгодніцкі («Лясная быль»), кінаэпапея («Людзі на балоце»), эпічная кінадрама («Першы ўзвод»), сац.-псіхал. кінадрама («Двойчы народжаны») і кінааповесць («Іван Макаравіч»), кінакамедыя («Нашы суседзі»), героіка-рамант. кінадрама («Канстанцін Заслонаў», «Чырвонае лісце»), гераічная кінаэпапея («Полымя»), гісторыка-рэв. кінааповесць («Масква—Генуя»), лірычная кінааповесць («Я родам з дзяцінства») і кінапаэма («Вянок санетаў»), дэтэктыў («Дзікае паляванне караля Стаха») і інш.

Жанр газетны — сістэма літ.-публіцыстычных форм у журналістыцы для асвятлення падзей паліт., эканам., сац. і культ. жыцця. Падзяляецца на 3 жанравыя групы: інфармацыйны (нататка, справаздача, інтэрв’ю, рэпартаж), пабудаваны на канкрэтных, пераважна аператыўных фактах; аналітычны (карэспандэнцыя, артыкул, агляд, рэцэнзія), які апрача канстатацыі фактаў патрабуе іх аналізу, ацэнкі; мастацка-публіцыстычны (замалёўка, эсэ, нарыс, фельетон, памфлет), набліжаны да маст. (белетрыстычных) твораў. У іх спалучаюцца лагічны, рацыянальны і вобразны пачаткі. У сучаснай журналістыцы пашыраны т.зв. «сінтэтычныя» Ж., у якіх для больш вобразнага і глыбокага раскрыцця падзей і характараў спалучаюцца элементы некалькіх Ж. (напр., нарыса і рэпартажу, артыкула і замалёўкі і інш.). Некаторыя элементы газетнага Ж. выкарыстоўваюцца таксама ў кіна-, тэле- і радыёжурналістыцы.

Літ.:

Буало Н. Поэтическое искусство: Пер. с фр. М., 1957;

Недошивин Г.А. Беседы о живописи. М., 1959;

Каган М.С. Морфология искусства. Л., 1972;

Бяспалы А.А. Выяўленчае мастацтва Беларусі і сродкі яго адлюстравання. Мн., 1994;

Бахтин М.М. Вопросы литературы и эстетики. М., 1975;

Цуккерман В.А. Музыкальные жанры и основы музыкальных форм. М., 1964;

Сохор А. Теория музыкальных жанров: задачи и перспективы // Сохор А. Вопросы социологии и эстетики музыки. Л., 1983. [Т.] 3;

Власов М. Виды и жанры киноискусства. М., 1976;

Шилова И.М. Проблемы жанров в киноискусстве. М., 1982;

Газетные жанры. М., 1971;

Стральцоў Б.В. Публіцыстыка. Жанры. Майстэрства. Мн., 1977.

М.​А.​Цыбульскі (агульная частка), М.​А.​Лазарук (літаратура), А.​А.​Друкт (музыка), С.​В.​Говін (Ж. газетны).

т. 6, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДАРО́ЖЖА ў літаратуры,

1) тып фабулы, які грунтуецца на дакумент.-фактаграфічным аднаўленні або маст. адлюстраванні вандроўніцтва. Звычайна заснавана на паслядоўным паказе з’яў рэчаіснасці, з якой сустракаецца герой-падарожнік і якая выклікае яго ўнутр. рэакцыю. Крытэрыі ацэнкі «чужога» свету задаюцца роднай для вандроўніка культурай або агульначалавечымі каштоўнасцямі. Вядучыя жанравыя формы П. — мемуары, біягр. раман, сустракаюцца і паэт. (Дж.​Байран, Г.​Гейнэ і інш.) і драматург. (Э.​Растан) апісанні П.

2) Маст. прыём пабудовы сюжэта і кампазіцыі з адпаведным прынцыпам арганізацыі і падачы матэрыялу для стварэння эфекту верагоднасці апавядання. Звычайна выкарыстоўваецца пісьменнікамі з мэтай зацікавіць чытача навізной інфармацыі, вастрынёй сюжэтных сітуацый.

3) Від дакументалістыкі, заснаваны на падачы пісьменнікам-апавядальнікам сапраўдных геагр., прыродазнаўчых, этнагр. і сац.-гіст. звестак пра наведанне ім пэўнай зямлі ці краіны (нарысы, дзённікі, дарожныя нататкі, мемуары).

4) Літ. жанр (раман-П., дарожныя нататкі і інш.). Мае 2 асн. тыпы: рэальнае (дакумент.) і ўяўнае (маст.) П. Ўзнікненне П. звязваецца з эпасам першабытных народаў (стараж.-егіп. казка «Апавяданне чалавека, што пацярпеў караблекрушэнне», 20—17 ст. да н.э.; паэма пра Гільгамеша, 19—18 ст. да н.э.; «Рамаяна», 4 ст. да н.э.; «Адысея», 8—7 ст.; біблейская кніга «Зыход» і некат. інш.). У эпоху антычнасці П. апісваліся стараж.-грэч. лагаграфамі, адлюстроўваліся ў творах Герадота, Страбона, Тацыта, Ю.​Цэзара, Вергілія, Авідзія і інш., стараж.-грэч. рамане, у часы сярэднявечча — у лац. паломніцкай л-ры, візант. «дарожніках», гераічным эпасе, рыцарскіх і (пазней) авантурных раманах, некат. жыціях святых, творах натуразнаўчага і гіст. зместу («Александрыя» Псеўда-Калісфена, каля 3 ст.; «Тапаграфія» Казьмы Індзікоплава, 6 ст.; «Сінайскі пацярык» Іаана Мосха, 7 ст. і інш.). П. выкарыстоўвалася і як літ. прыём. На гэтай аснове ўзніклі маст. апавяданні, напісаныя ў форме П. (апокрыф «Блуканне Багародзіцы па пакутах», «Боская камедыя» Дантэ). З 13 ст. пачаў фарміравацца дзённікавы тып апавядання. Асабліва пашырыліся разнастайныя апісанні П. ў эпоху Вял. геагр. адкрыццяў, папулярнасць дарожных нататкаў расла (з сярэдзіны 16 ст. П. перыядычна публікуюцца; у Брытаніі пачала выдавацца шматтомная серыя «Пра геаграфічныя адкрыцці, здзейсненыя англічанамі»), што абумовіла ўзмацненне ўзаемадзеяння паміж дакумент. апісаннямі і маст. л-рай (плаванне Васка да Гамы паслужыла асновай сюжэта паэмы «Лузіяды» Л.​Камоэнса), пашырэнне звароту ўсёй маст. л-ры і часткова філасофіі да сюжэтна-кампазіцыйных асаблівасцей, зместу і выяўл.-інфармац. магчымасцей л-ры П. (Ф.​Рабле, М.​Сервантэс, філас.-утапічныя творы Т.​Мора, Т.​Кампанелы, С.​Сірано дэ Бержэрака), выкарыстанне прыёмаў маст. апавядання ў дакумент. апісаннях вандровак (Дж.​Кук, Ж.​Лаперуз, В.​Берынг і інш.). У эпоху Асветніцтва склалася своеасаблівая жанравая разнавіднасць П. — раман-П., у якім спалучаны элементы авантурнага, філас., павучальнага, псіхал. раманаў (Д.​Дэфо, Дж.​Свіфт, Т.​Смолет). З 18—19 ст. П. выкарыстоўваецца пераважна як прыём, асн. задача якога — перадача ўяўных уражанняў герояў і меркаванняў аўтара, што дае магчымасць вырашаць у межах л-ры П. публіцыст., філас. і інш. задачы: «Сентыментальнае падарожжа» Л.​Стэрна (1768), «Лісты рускага падарожніка» М.​Карамзіна (1791—95), «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.​Радзішчава (1780-я г., апубл. 1790), «Італьянскае падарожжа» І.​В.​Гётэ (т. 1—3, 1816—29), «Падарожжа ў Арзрум...» А.​Пушкіна (1836), «Мёртвыя душы» М.​Гогаля (1842, апубл. 1855), «Фрэгат «Палада» І.​Ганчарова (1858), «Запіскі паляўнічага» І.​Тургенева (1847—74), паэма «Каму на Русі жыць добра» А.​Някрасава (1863—77) і інш. Разнастайнымі становяцца формы літ. П. ў канцы 19—20 ст. (творчасць Ж.​Верна, «Аліса ў краіне цудаў» Л.​Кэрала (1865), «Прасцякі за мяжой» М.​Твэна (1869), «Востраў скарбаў» Р.​Л.​Стывенсана (1883), «Востраў Сахалін» А.​Чэхава (1893—94), «Па Русі» М.​Горкага (1912—17), «Лядовая кніга» Ю.​Смуула (1958) і інш. Вял. папулярнасць маюць дакумент. літ. П., дакумент.-нарысавыя П., нап. географамі, біёлагамі, этнографамі і інш. вучонымі (Ж.​І.​Кусто, Б.​Зянковіч і інш.).

У бел. л-ры найб. пашыраная разнавіднасць П. — дарожныя нататкі і нарысы. Першым можна лічыць т.зв. «Прамову Іаана Полацкага», змешчаную ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 987. Ў 13—15 ст. П. апісваюцца ў хаджэннях (шляхі ў Палесціну ігуменам Даніілам, каля 1107, у «Хаджэннях» архімандрыта Графенія, 1376 іераманаха Варсанофія, 1456), у жыціях («Сказанне пра Барыса і Глеба», «Жыціе Ефрасінні Полацкай»), у «Аповесці мінулых гадоў» (апісанні шляху «з варагаў у грэкі», краін), у бел. летапісах і хроніках пра ваен. паходы князёў. Спалучэнне элементаў паломніцкіх хаджэнняў і летапіснай манеры апавядання, характэрныя рысы «Хаджэння Ігнація Смаляніна ў Царград» (1389—91) і «Хаджэння іераманаха Варсанофія ў Егіпет, Сінай і ў Палесціну 1461—62 гг.», дзённікавы тып фіксацыі падзей, багацце асабістых уражанняў вядзе да суб’ектывацыі апавядання, вылучэння на першы план вобраза суб’екта вандроўкі і яго індывідуалізацыі. З 16 ст. ўсталёўваецца дзённікава-нарысавая форма падачы (Эразм Цёлк), а ў канцы 16 ст. канчаткова афармляецца такі тып літ. П., у якім структуратворчым момантам апавядання выступаюць уражанні і ўспаміны героя-вандроўніка («Перагрынацыя...» М.​К.​Радзівіла Сіроткі). У 16—17 ст. у выглядзе дзённіка П. напісаны ўспаміны С.​Старавольскага, Г.​Пельгрымоўскага, І.​Б.​Сапегі, І.​Бялкоўскага, М.Л. і Т.Г. Абуховічаў, П.​Барстоўскага, А.​Каменскага-Длужыка, Ф.​Котава, Т.​Білевіча, у 18 ст. — Я.​Сапегі, Я.​Комара, Л.​Сяніцкага і інш. Элементы літ. П. сустракаюцца ў «Дыярыушах» Я.​П.​Сапегі, С.​Маскевіча, А.​Філіповіча, Я.​Цадроўскага і інш. У 18 ст. блізкімі да рамана-П. можна лічыць аўтабіягр. «Авантуры майго жыцця» С.​Пільштыновай-Русецкай, дзе шмат займальных расказаў пра пераезды, уцёкі, вандроўкі, замалёвак жыцця ў Турцыі, Аўстрыі і Расіі. П. шырока распаўсюджана ў л-ры Беларусі 19 і 20 ст.: «Падарожжа па Амерыцы 1797—1807» Ю.​Нямцэвіча (выд. 1959), «Агляд Малой Азіі ў цяперашнім яе стане» М.​Урончанкі (ч. 1—2, 1838—40), «Успаміны пра падарожжы ў Сібір, побыт у Бярозаве і Саратаве» Е.​Фялінскай (т. 1—3, 1853), «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» (1853—55) і «Заходнерускія нарысы» (1858) П.​Шпілеўскага, «Літаратурныя клопаты» В.​Дуніна-Марцінкевіча (1857), «Араўканія і яе жыхары» І.​Дамейкі (1860), «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853) і «Нёман ад вытокаў да вусця» (1861) У.​Сыракомлі, «Па Мінскай губерні (нататкі з паездкі ў 1886 г.)» М Янчука (апубл. 1889), нарыс «Са святочнай паездкі» Я.​Лучыны (1893), «Папулярна-прыродазнаўчае апісанне побыту ў Французскай Гвіяне і часткова ў Перу» К.​Ельскага (1898), мемуары А.​Абуховіча (канец 19 ст.), «Пра Сібір і Камчатку» Б.​Дыбоўскага (апубл. 1930), «Лісты з дарогі» Ядвігіна Ш. (1910), «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю» Цёткі (1914), «З летніх уражанняў» М Багдановіча (1916), «З Румынскага фронту» (1917) і «Паездка на Асінбуд» (1929) Я.​Коласа, «1200 вёрст па Беларусі» М.​Чарота (1924), «Па чатырох краінах» Ц.​Гартнага (1927—28), «Падарожжа на Новую зямлю» М.​Зарэцкага (1929), «Ад Мядзведжай гары да Белага мора» П.​Галавача (1934), «У Чэхаславакіі» Я Купалы (1935), «Шляхамі вайны» (1945) і «Пад сонцам Індыі» (1957) М.​Лынькова, «Вачыма друга: Польскі дзённік» Я.​Брыля (1956), «Паездка ў Прагу» І.​Мележа (1956), «Казкі янтарнай краіны» У.​Караткевіча (1963), «Дзівасіл» В.​Палтаран (1968), «На святой зямлі» У.​Сядуры (1969), «Астравеччына, край дарагі...» (1977) і «З літаратуразнаўчых вандраванняў» А.​Мальдзіса (1987), «За чужымі далямі» А.​Кудраўца (1981), «Дарога да акіяна» Г.​Пашкова (1998) і інш. З сярэдзіны 19 ст. рысы маст. П. шырока выкарыстоўваюцца ў розных родах і жанрах бел. л-ры; ананімных паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», «Шчароўскіх дажынках» Дуніна-Марцінкевіча (1857), лірычных цыклах вершаў Ф.​Багушэвіча (1897), нап. з нагоды паездкі ў Коўна, і М.​Танка, прысвечаных паездцы ў Італію, творах З.​Бядулі («10 дзён падарожжа па Беларусі», 1925), Б.​Сачанкі («Зямля маіх продкаў», 1964), Брыля («Душа — не падарожніца», 1968), Пашкова («Палескія вандроўнікі», 1998) і інш. Прыёмы і сродкі літ. П. шырока ўжываюцца ў прыгодніцкай літаратуры і фантастычнай літаратуры.

Літ.:

Грицкевич В.П. Путешествия наших земляков. Мн., 1968;

Яго ж. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986;

Бахтин М.М. Вопросы литературы и эстетики. М., 1975. С. 254—271;

Гуминский В.М. К вопросу о жанре «путешествий» // Филология. 1977. Вып. 5;

Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980;

Гаранін С.Л. Шляхамі даўніх вандраванняў: Гіст.-тэарэтыч. нарыс развіцця бел. паломніцкай літаратуры XII—XVI стст. Мн., 1999.

С.​Л.​Гаранін.

т. 11, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎСТА́ННЕ 1863—64 y Польшчы, Беларусі і Літве, нацыянальна-вызваленчае паўстанне за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772. Падрыхтавана польск. і бел.-літ. канспіратыўнымі арг-цыямі, якія мелі сувязі з арг-цыяй рас. рэвалюцыянераў-дэмакратаў «Зямля і воля», хоць не ўсе «чырвоныя» (так называлі прыхільнікаў ідэі ўзбр. паўстання ў Польшчы, Беларусі і Літве) падзялялі праграму «Зямлі і волі». Пераважную большасць паўстанцаў складалі шляхецкія рэвалюцыянеры, якія ў сваёй праграме на першае месца ставілі аднаўленне польск. дзяржавы ў межах б. Рэчы Паспалітай, г.зн. з уключэннем у яе склад Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны. Гал. роля ў рэалізацыі гэтай ідэі адводзілася шляхце, а дапаможная — сялянству. Памешчыкам абяцалі захаваць іх землеўладанне і аплаціць за кошт дзяржавы землі, адведзеныя пад сял. надзелы; сялянам перадаць ва ўласнасць без выкупу і часоваабавязаных адносін надзелы, якія яны атрымалі паводле рэформы 19.2.1861. Прадугледжвалася ўраўнаванне грамадзянскіх правоў сялян і шляхты, замена падушнага падатку падымным, а 25-гадовай рэкрутчыны 3-гадовай вайск. службай у сваім краі, аднаўленне уніяцкай царквы. Такую праграму распрацаваў створаны летам 1862 у Варшаве Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК), які ў пач. 1863 абвясціў сябе Часовым нац. урадам на ўсёй тэр. б. Рэчы Паспалітай. Асн. роля ў падрыхтоўцы П. належала яго кіруючаму органу «чырвоных». Праграма П. выкладзена ў «Маніфесце» і агр. дакументах, апублікаваных 22.1.1863. Новым у ёй было толькі абяцанне выдзеліць па 3 маргі (каля 2 дзесяцін) зямлі беззямельным сялянам, якія са зброяй у руках падтрымаюць паўстанне.

Падрыхтоўку П. на Беларусі і Літве з восені 1861 узначальваў Камітэт руху, які дзейнічаў у Вільні. Летам 1862 к-т быў падпарадкаваны ЦНК і ператвораны ў Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК). У яго склад у якасці камісара ЦНК быў прызначаны Н.Дзюлёран. Аднак у кастр. 1862 старшынёй ЛПК стаў К.Каліноўскі, які ўзяў курс на дасягненне самастойнасці і раўнапраўнасці ва ўзаемадачыненнях віленскага і варшаўскага цэнтраў. Ён не падзяляў ні аграрнай, ні нац. праграмы ЦНК, выступаў за перадачу ўсёй зямлі сялянам і разгортванне сял. рэвалюцыі, за ліквідацыю шляхты як «гнілой і разбэшчанай касты», за прадастаўленне Літве і і Беларусі права на самавызначэнне.

Свае погляды па праграмных пытаннях Каліноўскі выказваў у выдаваемай ім газ. «Мужыцкая праўда». Маніфестам ад 1.2.1863 ЛПК заклікаў насельніцтва Літвы і Беларусі падтрымаць пачатае ў Польшчы паўстанне. Пры гэтым ЛПК, ператвораны ў Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі, быў вымушаны прыняць і апублікаваць праграму П., вызначаную польск. нац. урадам. У пач. сак. 1863 да П. далучылася частка буйных памешчыкаў і буржуазіі, т.зв. «белыя», якія да гэтага часу ставіліся да яго непрыхільна, бо разлічвалі дамагчыся аднаўлення польскай дзяржаўнасці мірным шляхам, пры дапамозе зах. краін, найперш Англіі і Францыі. Каб усталяваць свой кантроль за ходам падзей, «белыя» 10.3.1863 фактычна захапілі ў свае рукі кіраўніцтва паўстаннем у Польшчы. Часовы ўрад Літвы і Беларусі на чале з Каліноўскім 11 сак. расфарміраваны і заменены Аддзелам кіраўніцтва правінцыямі Літвы, старшынёю якога стаў Я.Гейштар. У сувязі з гэтым Каліноўскі ад імя ЛПК. Напісаў рэзкі пратэст супраць акцыі «белых», якую ацаніў як здраду рэвалюцыі. Аднак ён вымушаны быў падпарадкавацца «галаве паўстання» і прыняць назначэнне на пасаду гродзенскага ваяводскага камісара. «Белыя» істотна ўзмацнілі свае пазіцыі ў кіруючых структурах падп. арг-цыі ў Літве і Беларусі на губернскім (ваяводскім), павятовым і акруговым узроўнях.

Першыя паўстанцкія атрады, у т. л. вялікі атрад Р.Рагінскага, прыйшлі на Беларусь з Польшчы ў канцы студз. 1863. Фарміраванне мясц. атрадаў і выхад іх у месцы збору пачаліся ў сак.крас. 1863 (гл. Віцебскія паўстанцкія атрады, Гродзенскія паўстанцкія атрады, Магілёўскія паўстанцкія атрады, Мінскія паўстанцкія атрады). Усяго на сучаснай тэр. Беларусі з лют. па жн. 1863 зафіксавана 46 баёў і баявых сутычак паўстанцаў з царскімі войскамі. 3 іх ​2/3 адбыліся на Гродзеншчыне і Віленшчыне. Да найб. значных акцый паўстанцаў Беларусі адносяцца захоп 24.4.1863 г. Горкі Магілёўскай губ. атрадам Л.Звяждоўскага з дапамогай студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага інстытута і Мілавідская бітва 1863.

Прыход «белых» да кіраўніцтва паўстаннем адмоўна паўплываў на адносіны да яго бел. сялян. Удзел у паўстанні польск. памешчыкаў яны ў большасці ўспрымалі як выступленне супраць «цара-вызваліцеля» з мэтай аднаўлення прыгону. Каб адцягнуць сялян Беларусі і Літвы ад удзелу ў паўстанні, урад прыняў пэўныя эканам. меры. Указамі ад 1.3 і 2.11.1863 спыняліся часоваабавязаныя адносіны сялян да памешчыкаў, сялян пераводзілі на абавязковы выкуп, пры гэтым выкупныя плацяжы паніжаліся на 20%. У кастр. 1863 выдадзены загад аб выдзяленні сялянам, абеззямеленым у 1846—56, 3-дзесяцінных сямейных надзелаў і аб вяртанні поўных надзелаў тым сялянам, якіх памешчыкі абеззямелілі ў пазнейшыя гады. З другога боку, вёскі, дзе паўстанцы знаходзілі падтрымку, падвяргаліся жорсткім рэпрэсіям. У цэлым сяляне Беларусі склалі толькі 18% сярод удзельнікаў паўстання, а шляхта, праўда, пераважна беззямельная і малазямельная — 70%.

Сярод рас. грамадскасці, нават ліберальна-дэмакратычнай, П. пад заклікам аднаўлення Польшчы з далучэннем да яе Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны выклікала актыўнае процідзеянне. Праз дзярж. ўстановы, царкву, школу, друк яно распаўсюдзілася і сярод нар. мас Расіі, што перакрэсліла надзеі на ўсерасійскае сял. паўстанне. Гэтым, па сутнасці, быў прадвырашаны лёс паўстання. У падтрымку паўстання выступілі толькі А.​І.​Герцэн і яго «Колокол», Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы. Не спраўдзіліся спадзяванні паўстанцаў і на дапамогу зах. дзяржаў. Задушэннем паўстання на тэр. Беларусі і Літвы з сярэдзіны мая 1863 кіраваў новы віленскі ген.-губернатар М.М.Мураўёў, які атрымаў ад Аляксандра II надзвычайныя паўнамоцтвы. Ён прымусіў «белых» (памешчыкаў і вышэйшае каталіцкае духавенства) адмовіцца ад падтрымкі паўстання. Многія актыўныя дзеячы паўстання былі арыштаваны або загінулі ў ходзе баявых дзеянняў. Частка іх перабралася за мяжу. У такіх умовах Каліноўскі ў пач. чэрв. 1863 зноў быў запрошаны ў Вільню. У канцы ліп. ён узначаліў Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы, пераўтвораны ў Выканаўчы аддзел Літвы, а 22 жн. яму перадалі і паўнамоцтвы камісара Варшаўскага ўрада ў Вільні. К канцу лета 1863 у руках Каліноўскага сканцэнтравалася ўся паўната ўлады ў паўстанцкай арг-цыі Беларусі і Літвы, аднак дамагчыся пералому ў ходзе барацьбы ён не здолеў: да пач. вер. 1863 паўстанне на Беларусі і Літве было практычна задушана. Паводле афіц. звестак, што датычаць Беларусі і Літвы, 128 чал. былі пакараны смерцю, 12 483 чал. адпраўлены на катаргу і пасяленне ў Сібір, арыштанцкія роты і г.д. Маёнткі памешчыкаў, якія мелі дачыненне да паўстання, канфіскоўваліся ў казну і на вельмі льготных умовах прадаваліся царскім генералам і чыноўнікам, выхадцам з цэнтр. губерняў. Усе астатнія мясц. памешчыкі (на першым часе нават рускія) былі абкладзены кантрыбуцыяй. Закрываліся або ператвараліся ў правасл. цэрквы многія касцёлы. Улады закрылі адзіную ў Беларусі вышэйшую навуч. ўстанову — Горы-Горацкі земляробчы ін-т, скарацілі колькасць сярэдніх навуч. устаноў. У Беларусі і Літве ўстаноўлены рэжым выключных законаў, накіраваны на памяншэнне польскага і ўзмацненне рускага ўплыву. Праводзіліся і іншыя рэпрэсіўныя мерапрыемствы.

У польск. і рас., у т. л. савецкай, гістарыяграфіі паўстанне 1863—64 у цэлым ацэньваецца як польскае, без уліку яго асаблівасці ў бел.-літ. рэгіёне, што напярэдадні і ў ходзе П. тут праявілася плынь бел. нац.-вызв. руху на чале з Каліноўскім. У бел. гістарыяграфіі ў дачыненні да Літвы і Беларусі яно як польскае не вызначаецца.

Літ.:

Ратч В.Ф. Сведения о польском мятеже 1863 г. в Северо-Западной России. Т. 1—2. Вильна, 1867—68;

Ігнатоўскі У.М. 1863 год на Беларусі. Мн., 1930;

Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861—1862 гг. М., 1964;

Восстание в Литве и Белоруссии. М., 1965;

Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;

К.​Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;

Біч М. Нацыянальнае і аграрнае пытанні ў час паўстання 1863—1864 гг. // Бел. гіст. часоп. 1993. № 3.

М.​В.​Біч.

Да арт. Паўстанне 1863—64. Касінеры Каліноўскага. Мастак Л.​Дударэнка. 1978.
Да арт. Паўстанне 1863—64. К.​Каліноўскі і В.​Урублеўскі робяць агляд паўстанцаў. Мастак П.​Сергіевіч 1959.

т. 12, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́МНІК,

1) у шырокім значэнні — аб’ект, які з’яўляецца часткай культурнай спадчыны краіны, народа, чалавецтва. Паводле тыпалагічных прыкмет вылучаюць археалагічныя помнікі, П. гісторыі, архітэктуры, мастацтва (гл. Помнікі гісторыі і культуры, Мемарыяльныя збудаванні, Манументальнае мастацтва, Манументальная скульптура, Манументальны жывапіс), пісьменнасці (летапісы, казанні, жыціі, словы, хронікі, пасланні, евангеллі, мемуары і інш.). Распрацавана сістэма дзярж. і грамадскіх мерапрыемстваў па ахове П. (гл. Ахова гісторыка-культурнай спадчыны).

2) У вузкім значэнні — твор манум. мастацтва (архітэктура, скульптура, жывапіс) на ўшанаванне памяці пэўнай асобы ці ў гонар знамянальнай падзеі, часцей у выглядзе статуі, бюста, скульпт. групы, калоны, абеліска, арх. збудавання, штучна насыпанага кургана і інш. Звычайна такім П. уласціва функцыя актыўнага грамадскага ўздзеяння, якая выяўляецца не толькі ў іх ідэйнай праграме, але і ў характары іх пастаноўкі і пластычнай трактоўкі. П., разлічаныя, як правіла, на агляд іх вял. колькасцю людзей, адыгрываюць важную ролю ў арг-цыі навакольнай прасторы.

Прататыпамі П. былі стараж. пахавальныя збудаванні (мегаліты, курганы, абеліскі, піраміды, грабніцы, надмагіллі і інш). Асн. кампазіцыйныя тыпы П. склаліся ў ант. мастацтве: алегарычныя ці партрэтныя статуі і скульпт. групы (група тыраназабойцаў Гармодыя і Арыстагітана ў Афінах, 477 да н.э.), конныя статуі (статуя Марка Аўрэлія, 161—180, у 1538 устаноўлена на пл. Капітолія ў Рыме), стэлы, аркі трыумфальныя, трыумфальныя калоны (калона Траяна ў Рыме, 111—114, арх. Апаладор з Дамаска). Сярод П. сярэдневяковай Еўропы найб. вылучаюцца крыжы, якімі адзначалі памятныя месцы, а таксама (пераважна на 3) скульпт. выявы данатараў. Традыцыяй многіх краін (у т. л. дапятроўскай Русі) было ўвекавечванне знамянальных падзей узвядзеннем культавых пабудоў (Васіля Блажэннага храм у Маскве, узведзены ў памяць перамогі над Казанскім ханствам). У Італіі майстры Адраджэння, выкарыстоўваючы стараж.-рым. спадчыну, адрадзілі традыцыі свецкіх П. (конныя статуі кандацьераў Гатамелаты ў Падуі, 1447—53, скульпт. Данатэла, і Калеоні ў Венецыі, 1479—88, скульпт. А. дэль Верок’ё). У эпоху маньерызму з’явіліся тэндэнцыі да пышнай рэпрэзентатыўнасці і ўрачыстасці, у перыяд барока і класіцызму яны ўзмацніліся. П. (пераважна манархам і палкаводцам) часта адыгрывалі важную ролю ў гар. забудове (П. Пятру I у Пецярбургу — «Медны коннік», 1768—78, скульпт. Э.​М.​Фальканэ). У перыяд ампіру зноў узводзілі арх. манументы, прысвечаныя ваен. перамогам (трыумфальная арка на б. пл. Зоркі, цяпер пл. дэ Голя ў Парыжы, 1806—37, арх. Ж.​Ф.​Шальгрэн; Аляксандраўская калона ў Пецярбургу, 1830—34; арх. А.​А.​Манферан). У 2-й пал. 18 ст. і асабліва ў 19 ст. ставілі П. выдатным грамадскім дзеячам і творчым асобам (І.​А.​Крылову ў Пецярбургу, 1848—55, скульпт. П.​К.​Клот; І.​В.​Гётэ і Ф.​Шылеру ў г. Веймар, 1857, скульпт. Э.​Рычэль); для іх характэрны сімволіка, алегарызм, эклектычная стылістыка. П. канца 19 — пач. 20 ст. адметныя гіганцкімі маштабамі (Віктару Эмануілу II у Рыме, 1885—1911, арх. Дж.​Саконі), празмерна грубымі формамі (О.​Бісмарку ў г. Гамбург, 1901—06, скульпт. Г.​Ледэрэр). У 20 ст. актуальнасць набыла ідэя стварэння арх. і скульпт. мемар. комплексаў, прысвечаных памяці ахвяр 1-й і 2-й сусв. войнаў. Яны ўяўляюць сабой развітыя аб’ёмна-пластычныя прасторавыя кампазіцыі, якія могуць уключаць арх. збудаванні, традыц. мемар. формы (абеліск, стэлу, пліту з рэльефамі і надпісамі, аркі, калоны) 1 манум. скульптуру (статуарную, рэльефную, алегарычнага характару). Многія П. гэтага часу вылучаюцца экспрэсіўнасцю, метафарычнай насычанасцю вобразаў («Зруйнаваны горад» у г. Ротэрдам, 1953, скульпт. В.​Цадкін; помнік Я.​Сібеліусу ў Хельсінкі, 1961—67, скульпт. Э.​Хілтунен), з’явіўся новы тып невыяўл. П., блізкі па духу да архітэктуры малых форм (П. ахвярам 2-й сусв. вайны ў г. Мілан, 1948). Сав. П., прысвечаныя выдатным асобам і падзеям мінулага і сучаснасці, у сукупнасці ўтвараюць вобразны летапіс гісторыі краіны. Першыя сав. П. па характары блізкія да станковай скульптуры, пазнейшым уласцівы манум. формы, якія спрыялі іх уключэнню ў гар. ансамбль ці навакольны ландшафт (Марсава пале ў Пецярбургу, Ю.​А.​Гагарыну ў Маскве, 1980, скульпт. П.​Бандарэнка, і інш.). Пасля Вял. Айч. вайны пашыраны мемар. збудаванні (у Трэптаў-парку ў Берліне, на Піскароўскіх могілках у Пецярбургу, Малахавым кургане ў Валгаградзе), партрэтныя манументы і П. з уключэннем рэальных узораў ваен. тэхнікі (танкі, самалёты і інш.). Сучасныя П. характарызуюцца разнастайнасцю тыпаў, вял. дыяпазонам маст. сродкаў ад рэаліст. да абстрактных.

На Беларусі П. розных відаў (камяні, крыжы, курганы і інш.) вядомы са старажытнасці. З 17 ст. найб. пашыраны надмагіллі. У 19 ст. ставілі бюсты царам і вяльможам [Аляксандру II у б. Саборным (цяпер сквер на пл. Свабоды) скверы ў Мінску, не захаваўся]. У 1908 устаноўлены Ляснянскі мемарыяльны комплекс, у 1912 — П. героям вайны 1812 у Віцебску (арх. І.​Фамін), П. Перамогі 1812 у г. Кобрын (арх. Д.​Маркаў), Салтанаўская мемарыяльная капліца і інш. У 1920-я г. стваралі П. дзеячам рэв. руху ў духу авангарднага мастацтва (Віцебск, не захаваліся). У 1930—50-я г. пераважалі П.-збудаванні, П.-манументы. якія з’яўляліся сведчаннем перамогі новага грамадскага ладу (помнік Леніну з рэльефнымі фрызамі на пастаменце на пл. Незалежнасці ў Мінску, скульпт. М.​Манізер). У пасляваен. гады створаны ансамблі пл. Перамогі з Манументам Перамогі ў Мінску; устаноўлены бюсты і статуарныя П., прысвечаныя героям вайны: С.​Грыцаўцу ў Мінску (скульпт. З.​Азгур), К.​Заслонаву ў Оршы (абодва 1955, скульпт. С.​Селіханаў) і інш. У 1960—70-я г. створаны шырока вядомыя мемар. комплексы: помнік Вызваліцелям у Віцебску, Курган Славы Савецкай Арміі—вызваліцельніцы Беларусі, Брэсцкая крэпасць-герой, Хатынь; шматфігурныя скульпт. П. — Манумент у гонар маці-патрыёткі ў Жодзіне, помнік Я.​Коласу з літ. персанажамі (скульпт. Азгур, арх. Ю.​Градаў, Л.​Левін), Я.​Купалу са скульпт. групай фантана (абодва 1972, скульпт; А.​Анікейчык, Л.​Гумілеўскі, А.​Заспіцкі, арх. Градаў, Левін) у Мінску, статуарны помнік Ф.​Скарыне ў Полацку (1975, скульпт. А.​Глебаў, І.​Глебаў, Заспіцкі). П. 1980—2000-х г. прысвечаны пераважна дзеячам нац. гісторыі і культуры: статуарныя П. — М.​Багдановічу ў Мінску (1981, скульпт. С.​Вакар, арх. Ю.​Казакоў, Л.​Маскалевіч), Сымону Буднаму ў Нясвіжы (1982, скульпт. С.​Гарбунова), Рагнедзе і Ізяславу ў Заслаўі (скульпт. А.​Арцімовіч, арх. І.​Марозаў), Я.​Драздовічу ў Мінску (1993, скульпт. І.​Голубеў), Ф.​Скарыне ў Празе (1996, скульпт. Э.​Астаф’еў), Ефрасінні Полацкай у Мінску (1999) і Полацку (скульпт. Голубеў, арх. В.​Ягадніцкі), С.​Буднаму і В.​Цяпінскаму (скульпт. Голубеў), кн. Давыду ў Давыд-Гарадку (скульпт. А.​Дранец, арх. Левін), княгіні Соф’і Слуцкай у Слуцку (усе 2000; скульпт. М.​Інькоў, арх. М.​Лук’янчык), надмагільны помнік В.​Тураву ў Мінску (1999, скульпт. М.​Якавенка); П.-бюсты кн. Нясвіжскага і М.​К.​Радзівіла Сіроткі ў Нясвіжы (1992, скульпт. Гумілеўскі), В.​Бялыніцкага-Бірулі ў Бялынічах Магілёўскай вобл. і П. Масленікава ў Магілёве (1998, скульпт. У.​Лятун). Створаны комплекс «Мінск — горад-герой», мемар. храм-П. «Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі» на т.зв. Востраве мужнасці і смутку (1996, аўтары: Ю.​Паўлаў, М.​Каралёў, Т.​Каралёва-Паўлава, В.​Лапцэвіч, Г.​Паўлава, А.​Паўлаў, Д.​Хамякоў), мемарыял на месцы мінскага гета на пл. Юбілейнай (1998—2000, скульпт. Э.​Полак, А.​Фінскі, арх. Левін) у Мінску, помнік А.​Гараўцу ў Віцебску (1995, скульпт. Арцімовіч, Інькоў, М.​Канцавы, арх. В.​Рыбакоў) і інш.

Л.​Г.​Лапцэвіч.

Да арт. Помнік. Конная статуя Марка Аўрэлія ў Рыме. 161—180.
Помнік князю Давыду ў г. Давыд-Гарадок Брэсцкай вобл. 2000. Скульпт. А.​Дранец, арх. Л.​Левін.
Надмагільны помнік В.​Тураву, 1999. Скульпт.

М.​Якавенка.

Помнік Ю.​А.​Гагарыну ў Маскве. 1980. Скульпт. П.​Бандарэнка і інш.
Помнік Ф.​Скарыне ў г. Полацк Віцебскай вобл. 1975. Скульпт. А.​Глебаў, І.​Глебаў, А.​Заспіцкі.

т. 12, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лупі́ць1, лупі́ті, лупэ́тэ, лупы́ты ’знімаць лупіну, кару, лушчыць’, ’ачышчаць вараную бульбу’, ’абіраць’ (ТСБМ, Гарэц., Шпіл., Шат., Касп., Бяльк., Клім., Мат. Гом., Сцяшк., ТС, Выг., Вешт.), ’знімаць скуру з забітай жывёлы’ (Сл. ПЗБ), ’моцна біць, лупцаваць’ (ТСБМ, Жд. 1, Грыг., Бяльк., Нас., Растарг., Касп., Клім., Нар. Гом., Сл. ПЗБ), лупіць кожу (шкуру) ’сцябаць з лютасцю’ (Юрч. Фраз. 2), ’браць хабар, або вялікія працэнты’ (Нас.), ’хутка есці’, ’піць залпам’ (Нас.), ’моцна стукаць’, ’разрываць на часткі’, ’многа і прагна піць’, ’моцна ліць (пра дождж)’, ’забіраць апошняе’ (Сл. ПЗБ), ’драць’ (Яруш.), лупі́ць вочы ’пільна глядзець з шырока расплюшчанымі вачамі’ (ТСБМ, Нас.; Юрч. Фраз., 2), лупі́ць зубы ’скаліць зубы, смяяцца без прычыны’, ’гультаяваць’ (Ян.; паўн.-усх., КЭС; лельч., Нар. лекс.); лупі́цца ’лушчыцца’, ’абдзірацца’, ’аблазіць’ (ТСБМ, Анох., ТС), ’моцна крычаць’ (Шат.). Укр. лупи́ти, лупи́тися, рус. лупи́ть, лупи́ться, ст.-рус. лупить; польск. łupić, łupić się, н.-луж. łupiś, чэш. loupiti, мар. łúpit, славац. lúpiť, lupic, lúpiť sa, славен. lúpiti, lúpiti se; серб.-харв. lúpiti, lupȉti, лупити, љу́пити се; макед. лупам, лупам се, лупи, лупа, лупа се, балг. лупя, лупам, лупе, лу́пя се. Прасл. lupiti () ’знімаць верхнюю абалонку (лупіны) чаго-небудзь, здзіраць кару, скуру з жывёлы’, ’лушчыць’, ’адбіраць маёмасць, грабіць’, ’біць, стукаць, удараць, лупцаваць’ першапачаткова было ітэратывам (Слаўскі, 5, 327–333). Роднаснымі да яго з’яўляюцца: ap‑laupýti ’абабраць’, laupýti ’адломваць хлеб па кавалку’, ’лупіць, біць на кавалкі, крушыць; знімаць скуру’, ’рабаваць’, ’есці, грызці’, ’марнатравіць’, лат. làupît ’абдзіраць, грабіць’ і пачатковыя асноўныя літ. lùpti ’драць, лупіць, аднімаць гвалтам’, ’эксплуатаваць’, ’цяжка працаваць’, ’разворваць папар’, ’біць, хвастаць, сцябаць’, ’грэбсціся (аб курах)’, лат. lupt ’лушчыцца, адрывацца слаямі’, ст.-інд. lumpáti ’ломіць, псуе’; магчыма, сюды ст.-грэч. λύπη ’журба, смутак’, λύπρος ’варты жалю’, гоц. laufs, ст.-в.-ням. loub ’лістота’, ст.-в.-ням. louft ’кара, лыка’, ням. laufen, läufeln ’лузаць арэхі’. Агляд л-ры, апрача вышэйзгаданай, гл. у: Фасмер (2, 534–535); Скок (2, 331–332), які адрознівае lūpȉti ’лупіць, лушчыць’ і lȕpiti ’біць’, ’наесціся, напіцца’, ’трызніць’; Махэк₂ (344), які ў lupati/lupiti выдзяляе асноўнае значэнне ’выдаваць кароткія глухія гукі (тыпу гука П), якія атрымліваюцца, калі лупіць садавіну, гародніну, або калі што-небудзь трэскаецца, трашчыць’, далей ’біць’, ’хутка, прагна есці, піць’; Шустэр–Шэўц (11, 789) лічыць дзеясловы lupati/lupiti гукапераймальнымі з lup‑; Бязлай (2, 156–157) услед за большасцю этымолагаў сцвярджае, што нельга аддзяляць lupiti ’лупіць, лушчыць’ ад lupiti ’біць’, ’рабаваць’. Тое ж БЕР, 3, 519–521. Сюды ж лу́пнуць ’ударыць’ (Мікуц.).

Лупі́ць2 ’рваць (траву)’ (уздз., Жд. 1), ’касіць траву’ (светлаг., Мат. Гом.) — семантычнае запазычанне з літ. мовы (Чэкман, Baltistica, 8 (2), 150–151). У сувязі з гэтым параўн. лупі́ць1 ’драць’ (Яруш.) і літ. laupýti ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ач1 ’глядзі, бач’ (Нас.), укр. ач. Відаць, звязана з каранёвай часткай дзеяслова *ačiti, што выводзіцца на падставе бачыць < ob‑ačiti; паводле Фрэнкеля, 1, літ. ’тс’ вынік плюралізацыі да àčte, што звязана з бачыць і вока (літ. akìs), параўн. узнікшае пад літоўскім уплывам ачкаваць даглядаць на чужое’ (Сцяшк.). Можна разглядаць як алегра-форму да бач ’глядзі’, параўн. лянь, ля ’паглядзі’, ’пабач, вось’ (ад глянь, паглянь), рус. ишь, вишь.

Ач2 злучнік ’бо’, ’хоць, калі’ (ц.-слав. аще) (Нас.), ’хіба, хоць, калі’ (Гарэц.), а́чай (Нас., Гарэц.), ач‑бы ’хаця б’ (Нас.), ст.-бел. ачь злучнік ’таму што, паколькі’ (фіксацыя з 1347), умоўны (ц.-слав. аще) ’калі’ (1347), уступальны ’хоць’ (1347), ’зрэшты’ (1495), ачь‑бы ўмоўны злучнік (ц.-слав. аще бы) ’калі б’ (1492) (Нас. Гіст.), аче з XVI ст. (Карскі, 1, 386), ст.-укр. ач, ачь, аче ’тс’, ст.-рус. аче, ачи ’калі’ (рус. если), ’ці’, ст.-польск. acz ’хоць, калі’ (рус. если), ’хіба’, ст.-чэш. ac, ace ’калі’ (рус. если), ’хоць’, в.-луж. hač ’калі, чым’ (у параўнанні), н.-луж. ac ’ці’, згодна з Трубачовым, УЗ МОПИ, 1969, 334, 341, сюды ж і балг. дыял. а че ’пасля, а затым’. Прасл. ače (паводле Трубачова, a če) тлумачыць з a і če, дзе другая частка самастойна выступае толькі ў сучасным балг. че злучнік ’што, бо’, параўн. таксама макар че ’хаця’, роднасная лац. quet грэч. τε, ст.-інд. ca і інш., параўн. Фасмер, 1, 98; Слаўскі, 1, 23; Рудніцкі, 1, 43; першую частку a суадносяць з лац. at ’але, з другога боку’, ad ’пры, каля, к’ на аснове структурнага падабенства ўсяго спалучэння з лац. atque, adque ’з другога боку, звыш таго’, Трубачоў (гл. вышэй адзначаную працу), Голуб-Копечны, 59. Для ўсходнеславянскіх моў праблему складае раздзяленне форм і значэнняў розных па паходжанню, якія супалі ў адной форме. Старарускі злучнік аче (ачи), які ўводзіць даданы сказ умовы, і адпаведныя беларускія і ўкраінскія формы адносяць разам з ц.-слав. аще, ст.-слав. аште, ст.-серб. аће, польск. jacy ’толькі’ да прасл. atje або akte, atke, параўн. (Саднік-Айцэтмюлер, 1, 21 і 25; Фасмер, 1, 99; Слаўскі, 1, 483; поўны агляд версій гл. Фальк, SOc 27, 1968, 63–65; гл. спецыяльна Шавялоў, Prehistory, 191, які выводзіць указаныя формы і асабліва ст.-рус. ашти з āt‑k​i з наступнай метатэзай tk > kt, што дае tj перад i. Адносна развіцця значэння параўн. Бауэр, Slavia, 26, 1957, 157–179. Булыка (Запазыч., 34) ст.-бел. ачъ ’хоць’ (пачатак XV ст.) лічыць запазычаннем са ст.-польск. acz.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казы́тка1 ’русалка’: «Казыркі маюць быць белые, як снег, паненкі і вельмі пекныя» (Федар., 1, 76, 76). Гэтая ж лексема прыводзіцца і ў Інстр. II; статус апошняй няясны, не выключана, што гэта эксцэрпцыя з Федароўскага. Да казытаць (гл.) матывацыя зразумелая: «русалкі як зловяць, так заласкочуць (заказычуць) цыцкамі».

Казы́тка2 ’ласка, жывёла Mustela nivalis’ (Мат. Гом.). Ілюстрацыя ў слоўніку («Учора папужала маіх хлопцаў казытка, дык больш во не пойдуць па каласы», с. 194) дазваляе думаць пра магчымую сувязь з казытка 1. Перанос назвы ў такім разе мог бы быць у выніку нейкай функцыянальнай субстытуцыі рэалій. Параўн. вядомы выпадак з назвай расамахі: расамаха, расамака ’нейкі невядомы звер’ і ’нейкая страшная жанчына’. Тут можна было б думаць пра адваротны перанос у выніку забыцця рэаліі ці верагодным атаясамліванні рэалій, вядома, што ласка лічылася дэманічнай істотай, якая магла прынесці шкоду свойскай жывёле, гэта дазваляе меркаваць і аб магчымым ужыванні дзеяслова казытаць у дачыненні да начных паводзін ласкі ў хляве. Калі гэта так, можна разглядаць назву казытка як самастойную. Аднак яна з’яўляецца, безумоўна, другаснай, даўні тэрмін — ’ласка, ласіца’. У сваю чаргу казытаць таксама інавацыя, ужывалася даўняе ласкатаць. Можна дапусціць, што казытка ’Mustela’ гэта калька назвы ласка, якая (пры калькаванні) была суаднесена з ласкатаць ’казытаць’. Калі ж сапраўды ёсць нейкая сувязь паміж ласка і ласкатаць. то тэрмін казытка мог быць утвораны ад казытаць паводле той самай матывацыі. Для ласка, ласіца прапанаваны былі розныя этымалагічныя версіі. Найбольш аргументаванай уяўляецца этымалогія, паводле якой назва łasica (магчыма, першасны дэмінутыў) ад *lasa; апошняе — дэрыват ад прасл. прыметніка ’назва колеру’, гл. Слаўскі, 5, 15–17, там жа літ-pa і агляд версій. Па другой версіі Трубачоў (ЭИРЯ, 2, 29–32) звязвае ласіцу, ласку з праслав. *lastaf *lastovica ’ластаўка’, якое суадносіцца з ласка ’любоў, пяшчота і інш.’ Таксама і Слаўскі (там жа) мяркуе, што ў паўн.-слав. мовах магло адбыцца другаснае збліжэнне (у выніку народнай этымалогіі) з *lasli() ці, можа, */as*ö (лакамы, ласы); раней Растафіньскі (на падставе цікавых назіранняў над паводзінамі ласкі) і Брукнер звязвалі з прасл. *lasiti(). Відавочна, што матывацыя такога тыпу (ласка: якая лавіцца) не падыходзіць для тлумачэння казытка, магчыма, толькі падкрэсліваецца невыпадковасць суаднесенасці казытка (як калькі) з гукавым комплексам ласк‑. Паўн.-слав. *laskotatit як аб гэтым мяркуе Слаўскі (5, 28), магчыма, з’яўляецца інтэнсівам ад прасл. *laskati, аднак не выключана, што суадносіцца з lъзкъЛай ’казытаць’. Таму цяжка меркаваць аб яўнай суаднесенасці назвы ласка ’Mustela’ і ласкатаць. Хутчэй за ўсё тут разам уплывалі і падабенства гукаў і народная этымалогія, і казытка. як калька ласка, абумоўлена шэрагам розных фактараў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ся́бар ’друг, прыяцель, таварыш’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сл. ПЗБ, ЛА, 3), ’швагер’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ’кампаньён, супольнік’ (паст., Сл. ПЗБ), ’халасцяк (стары)’ (Мат. Гом.), сябр, себр ’родзіч, брат; сябар’ (Нас.), ся́бер (siaber) ’супольнік у кожнай справе’ (Пятк. 2, Сержп., ЛА, 3): на вяселлі маладым даруюць паўкаровы… паўкалоды пчол або што другое, каб быць сябрамі (Сержп. Прымхі), ’пакупнік і прадавец адзін для другога’ (чырв., З нар. сл.), ’таварыш у мове злодзеяў’ (Арх. Федар.), сябёр ’чалавек, які што-небудзь купіў у другога ці прадаў другому’ (Бір. Дзярж.), ’здаравенны тоўсты чалавек, брысюга; ненадзейны таварыш’ (Бяльк., Юрч.), ся́бра ’ўдзельнік, пайшчык, супольнік, калега’ (Ласт.), ’прыяцель, кампаньён’ (Касп., Варл.), сябрава́ць ’дружыць’ (Касп.), ’працаваць супольна’ (Ласт.), ’узаемна дапамагаць у плытніцкай справе’ (віл., Сл. ПЗБ), сябрава́цца ’прымазвацца, набівацца ў супольнікі’ (Пятк. 2), ’супольна дзяржаць пчол’, сябро́ўскія (сябе́рныя) пчолы ’супольныя пчолы, якімі карыстаюцца два гаспадары’ (віл., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), сябэ́рскія пчолы ’тс’ (ашм., Сл. ПЗБ), сябэ́рка ’суполка на пчол’ (паст., Сл. ПЗБ), ст.-бел. себры ’назва людзей у ВКЛ, якія сумесна карысталіся ворнай зямлёй, прамысловымі ўгоддзямі і інш.’ (Ст.-бел. лексікон), се́бреный ’агульны, супольны’ (там жа). Укр. ся́бер ’удзельнік зямельнага ўладання’, ’кампаньён у гандлёвым прадпрыемстве’, ’сапернік’, ’швагер’, дыял. палес. сябро́ ’няўклюдны, нялоўкі чалавек’, рус. сябёр ’сусед, сябар, пайшчык; член суполкі з правам голаса’, паўн.-рус. сябра́, ся́бра ’суполка, арцель, агульная справа’, стараж.-рус. сѧбръ ’сусед, член адной грамады’, серб.-харв. се̏бар ’земляроб’, ст.-серб. себьр ’селянін, член грамады свабодных земляробаў’, себрь ’палавіншчык, удзельнік, кампаньён’, славен. srebər ’селянін’; сюды ж каш. sibřec są ’падлізвацца, падлабуньвацца’, польск. аргат. siewrać ’размаўляць на зладзейскім жаргоне’. Адзінай этымалогіі, таксама як і адзінай славянскай праформы, няма. Прасл. *sębrъ узнаўляецца на аснове запазычанняў са славянскіх моў: алб.-таск. sëmbër ’здольнік, саўладальнік скаціны’, новагрэч. σεμπρος ’здольнік’, венг. cimbora ’сябар, прыяцель’, арум. simbru ’земляроб, які мае аднаго вала і ўступае ў суполку з іншым уладальнікам вала’, рум. sîmbră ’грамада, абшчына’; узнікла, па адной версіі, з *sem‑ro (з устаўным ‑b‑) і звязана з *sěmьja (Трубачоў, История терм., 166; Каліма, AfslPh, 17, 343). Па іншай версіі, прасл. *seberъ роднаснае гоц. sibja ’роднасць’, ст.-в.-ням. sippa ’тс’, ст.-інд. sabhā́ ’сукупнасць, збор’ (Мее, 14; 342; Атрэмбскі, WSl, 16, 188). Падрабязней агляд ранейшых версій гл. Фасмер, 3, 824 з літ-рай. Гл. таксама Ляпуноў, Сб. ОРЯС, 101, 3, 257–263; Папоўска–Таборска, ZNGd, Slavistyka, 6, 219–226; Гаспарыні, RiS, 8, 3–28 (звязвае семантыку слова з экзагаміяй); SEK, 4, 270 і наст. Няясныя адносіны да літ. sė̃bras ’палавіншчык, таварыш’, лат. sę̄brs ’сусед’ (запазычанні з бел. сябр ці спрадвечныя балцкія формы без насавога?). Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 495. Борысь (Etymologie, 207) значэнне ’прыяцель’ лічыць беларускай семантычнай інавацыяй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)