умова, ‑ы, ж.

1. Пісьмовая або вусная згода, дамоўленасць. Выканаць умову. ▪ [Дубіцкі:] — Ну што ж! Тады ідзіце. Толькі ўмова: доўга там не будзьце, каб тут пра вас [хлопцаў] не трывожыцца. Чарнышэвіч. Васіль, як па ўмове, з палеткаў Ужо набліжаўся сюды. Калачынскі.

2. Афіцыйны дакумент. Трыпут раптам прыгадаў той дзень, калі яны складалі ўмову. Савіцкі. Васіль дамогся свайго — заключыў з МТС умову. Шамякін.

3. часцей мн. (умовы, умоў). Патрабаванні або прапановы аднаго з дагаворных бакоў, якія прымаюцца або адхіляюцца другім бокам. [Настаўніца:] — Я дам табе, Ігнась, пару кніжак, толькі з умоваю, што, прачытаўшы, ты перакажаш мне змест. Мурашка. [Тамара] дала згоду быць жонкай Сімона, паставіўшы толькі адну ўмову: не Гамрэклія, а Гамрэкелі. Самуйлёнак. [Машыніст:] — Згодны вы [генерал] прыняць нашы ўмовы ці не? Лынькоў. // Узаемныя абавязацельствы дагаворных бакоў, якія забяспечваюць заключэнне, выкананне дагавору. Умовы перамір’я. Умовы кантракта. Умова аб тэрмінах аплаты. // Якія‑н. гарантыі, ільготы і пад., што дае каму‑н. асоба ці ўстанова. Умовы найму. Працаваць на льготных умовах. ▪ [Гарлахвацкі:] У мяне ёсць на ўвазе добрыя работнікі, якія ахвотна пойдуць да мяне працаваць, калі ім забяспечыць належныя ўмовы. Крапіва. Сялянскі пазямельны банк даваў на кабальных умовах крэдыт для куплі зямлі і гаспадарчых патрэб. «Весці».

4. часцей мн. (умовы, умоў). Правілы, законы, прынятыя, устаноўленыя ў якой‑н. галіне дзейнасці, жыцця. Умовы карыстання электрычнымі прыборамі.

5. часцей мн. (умовы, умоў). Абставіны, у якіх працякае або пры якіх адбываецца што‑н. Кліматычныя ўмовы. Жыллёвыя ўмовы. ▪ Праводзіўся грамадскі агляд — у якім стане ахова працы, тэхніка бяспекі, .. падрыхтоўка завода да работы ў зімовых умовах. Карпаў. Ва ўмовах суровай рэчаіснасці праходзіць Андрэй Касцевіч школу рэвалюцыйнага выхавання. Хромчанка.

6. Прадпасылка, ад якой залежыць існаванне, ажыццяўленне чаго‑н. Спецыяльныя веды, высокая прафесійная падрыхтоўка, агульная культура чалавека ператвараюцца ў абавязковую ўмову паспяховай працы ўсё больш шырокіх слаёў работнікаў. «Звязда». Росквіт нацый пры сацыялізме — неабходная ўмова іх збліжэння і паступовага развіцця пры поўным камунізме. «Полымя».

7. толькі мн. (умовы, умоў). Звесткі, даныя, якія ляжаць у аснове чаго‑н. Умовы доследу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)