Плюснік 1 ’лішай на дрэве, асабліва на дубе, Lichen palmenaria’ (Нас.). Відаць, адаптаваны балтызм. Параўн. літ. pliūsnė ’лісцесцябловы мох, Neckera crispa’.

Плю́снік 2 ’падбел, Tussilago farfara L.’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Паводле Грынавяцкене (там жа, 4, 20), паходзіць з літ. pliūsnė ’тс’.

Плю́снік 3 ’аер, плюшнік, Acorus calamus L.’, плюсня́, плюсняг ’касач, Iris L.’ (баран., Сл. ПЗБ). Параўноўваюць з літ. pliū́še ’трыснёг’ (Грынавяцкене, тамсама, 4, 21).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЗАСЛА́ЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА, Мінскае мора,

Ганалес. У Мінскім р-не, за 10 км на ПнЗ ад Мінска. Створана ў 1956. Рэканструявана і добраўпарадкавана ў 1977. Уваходзіць у Вілейска-Мінскую водную сістэму. Пл. 25,6 км², даўж. 12 км, найб. шыр. 4,7 км, найб. глыб. 9,1 м. Аб’ём вады 86,1 млн. м³, Чаша — затопленыя рэчышчы і поймы рэк Свіслач, Вяча, Ратамка, Чарняўка. Месцамі ад вадасховішча дамбамі адсечаны мелкаводдзі, дзе створаны польдэры. Ёсць 3 глыбокаўрэзаныя залівы (самы вял. Ратамскі), 11 астравоў (агульная пл. каля 0,29 км²). Дно да глыб. 8 м выслана ілам, уздоўж былых рэчышчаў Свіслачы і Вячы — торфам. Берагі спадзістыя, з Пд і З парослыя лесам (з пасадкамі таполі, вярбы, акацыі). Месцамі створаны штучныя пясчаныя пляжы шыр. 20—50 м.

Замярзае ў пач. снеж., лёд (таўшчыня 60—70 см) трымаецца да канца сак. — пач. красавіка. Летам вада праграваецца да 21 °C (у паверхневым слоі). Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню перавышае 1 м. Са стварэннем Вілейска-Мінскай воднай сістэмы праточнасць З.в. павялічылася ў 3 разы. Ёсць асобныя ўчасткі, дзе абмен вады вельмі запаволены (на У у Спартакаўскім зал.). Пераважаюць вятры паўн.-зах. напрамку, якія могуць утвараць хвалі выш. 0,7—1,2 м. У выніку хвалевай эрозіі інтэнсіўна размываюцца паўд.-зах. і паўд.-ўсх. берагі. Уздоўж берагоў зарастае, расліннасць (чарот азёрны, трыснёг і аер звычайныя, трапляюцца рдзесты, драсён земнаводны) найб. пашырана ў залівах і вярхоўі. Водзяцца акунь, плотка, шчупак, верхаводка. Выкарыстоўваецца для сезоннага рэгулявання сцёку, абваднення Свіслачы, забеспячэння вадой Мінска. З.в. ўваходзіць у зону адпачынку Мінскага м., на берагах размешчаны міжнар. маладзёжны цэнтр «Юнацтва», прафілакторыі, базы для аматараў-рыбаловаў, спартбазы, дзіцячыя аздараўленчыя лагеры і інш.

Г.​С.​Жукоўская.

Заслаўскае вадасховішча.
Краявід на Заслаўскім вадасховішчы.

т. 6, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

свяжэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

1. Станавіцца халодным (пра надвор’е, ваду). // У мове маракоў — станавіцца больш моцным (пра вецер). Па сініх прасторах, Дзе вецер свяжэе, Пад сцягам чырвоным Плывуць караблі. Звонак. / у безас. ужыв. Дзень сходзіць. Ад рэчкі свяжэе. Грамыка.

2. Набываць больш яркі, свежы выгляд (пра расліны). Свяжэюць у чэрвеньскіх ранішніх росах Мятліца, званочкі, аер. Тарас.

3. Станавіцца бадзёрым, здаровым, больш свежым (пра чалавека). Пасля купання чалавек свяжэе. // Набываць больш здаровы выгляд. Цела на хвіліну свяжэе, лягчэй дыхаецца. Галавач. А варта было ў той жа момант перамяніцца з’яве — і адразу слёзы як ветрам здувала, шчокі [Марфы] свяжэлі. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Асака́ 1 расліна Carex L.’ (БРС, Гарэц., Яруш.), осо́ка (Бесар.), палес. осока ’аер, Acorus Caramus’ (Бейл.), маг. сака́ ’Carex L.’ (Юрч., Гарэц.). Рус., укр. осока ’Carex’, польск. osoka ’Stratiotes aloides’ (балотная расліна, як і аер ці асака), ранейшы цытаваны прыклад (XIX ст.) у Дарашэўскага — з Мінскай губерні, таму, магчыма, польскае з беларускай. Няясна. Параўноўваюць з літ. ãšakà, лат. asaka ’рыбная костка’ (Мюленбах-Эндзелін, 1, 142; Фрэнкель, 18; Буга, Rinkt., 2, 295), а далей узводзяць да і.-е. кораня *ăkʼ‑ (гл. востры) (Міклашыч, 227). Міклашыч (290) звязваў і з коранем *sek‑ (гл. сячы), што вядзе да параўнанняў з ням. Säge ’піла’, англа.-сакс. secg ’асака, трыснёг’ (гл. Фасмер, 3, 163, і ўказ. там літаратуру). Магілёўская форма без а‑ можа тлумачыцца ці непасрэдна ад кораня sek‑, ці як вынік усячэння пачатковага а‑ (Зубаты, Studie, II, 2, 108, лічыў, што гэта а‑ ўспрымалася як прэфікс, але ў гэтым няма неабходнасці: а‑ магло ўспрымацца і як пратэтычнае).

Асака́ 2 ў выразе «асакою лезці (скакаць) у вочы» (з варыянтамі: ас(в)ою, сляпіцаю) ’назойліва прыставаць, невыносна дакучаць’ (Янк. БП, 396; Янк. БФ, 57). Магчыма, кантамінацыя слоў аса і асака, падмацаваная беларускімі экспрэсіўнымі ўтварэннямі на ‑ка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лабу́ззе ’сухія сцяблы маку’ (в.-дзв., Шатал.), драг., стол. ’сцяблы і лісце агуркоў’ (ДАБМ), лабузьё ’сцябло маку з лісамі’ (Жд. 1), міёр. лъбазьзё ’грубая, тоўстая трава’ (Нар. сп.), дзярж. лабузе ’сена нізкай якасці’ (Бед. дыял. хрэст.), падес. лсібузяк ’сцябло і лісце агуркоў’, стол. лабузнік ’тс’ (ДАБМ). Укр. хобузє ’вялікі бур’ян, ламачча’ (пры хобуз/лобуз ’бур’ян’), вял.-польск. куяўск. labuzie ’пухоўка, Typha L.’, labęzie, lamiizie ’аер, Acorus L.’, ст.-польск. lobozie ’націна’, варшаўск. lobydzie ’паціна бульбы’. Прасл. lobuzbje/ jlabuzbi̯e (Слаўскі, 5, 129). Да лабазіі (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шапта́цца, шапчуся, шэпчашся, шэпчацца; незак.

Гаварыць паміж сабой ціха, шэптам. Зося кінулася ў гушчу моладзі і пачала таптацца з нейкім незнаёмым Рыгору хлопцам. Гартны. І гэта было ўжо ў далёкім, здаецца, мінулым, калі мы ляжалі з.. [Жарнаком] побач пад зялёнымі жорсткімі коўдрамі і доўга шапталіся пра родныя вёскі, лугі... Брыль. // Ціхенька, па сакрэту займацца абгаворамі, плёткамі. А потым шапталіся [людзі] ў яго за спінаю пра заўчасную смерць яго бацькі — правізара Альшэўскага, пра катоўню ў Навагрудскай турме, пра Зосю. Бажко. [Усевалад:] — Цяпер .. [Галіна] падумае, што я помшчуся: знарок перавёў да сябе, каб .. [Барыса] прынізіць. За тое, што тайком шэпчацца з дырэктарам і не мае смеласці сказаць мне праўды ў вочы. Скрыган. // перан. Слаба, ледзь чутно шумець, шапацець, журчаць і пад. Ціха шэпчуцца чароты, І калышацца аер. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

першацве́т, ‑у, М ‑цвеце, м.

1. Аднагадовая або шматгадовая травяністая карэнішчавая расліна сямейства першакветных з жоўтымі кветкамі, сабранымі ў парасонападобнае аднабокае суквецце, якая цвіце ранняй вясной.

2. Тое, што і прымула.

3. Пра травяністыя расліны, якія пачынаюць цвісці ранняй вясной. Выпаўзаюць на свет Праз вільготны пясок Сінь-пралескі і тварыкі чысцяць... Добры дзень, першацвет! Чарнушэвіч.

4. зб. Цвет, які з’явіўся ўпершыню ў жыцці пэўнай расліны. — А ці помніш цяпер ты, Кандраце, Як калісь першацвет абрывалі мы ў садзе? — Помню, помню, ды з песняй яшчэ, ды з якою: Зацвітаюць сады над Бярозай-ракою. Зарыцкі. // Першы, ранні, свежы цвет. Як над бруістаю быстраю рэчкаю Пахнуць лілеі, аер і чарот, І першацвет далікатны парэчкавы, І чарназём той, што вывернуў крат, Тры гады не удыхаў. Барадулін. Пад кронамі стаіўся вецер; баіцца патрывожыць ён галіны ў душным першацвеце, пчаліны на пялёстках звон. Вялюгін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Плаку́н-трава́ ’від чальчаку (відаць, вербалісты). Lythrum salicaria L.’ (ТС; Ласт.). Да пла́каць і трава́ (гл.), параўн. іншую назву — слёзнік. Паводле Кісялеўскага (Аб некат. асабл., 30), назва звязана з павер’ямі: ад яго плачуць ведзьмы і чэрці (Ласт., 799); ён плача, калі ў чалавека журба (ТС) і інш. Тэрмін узнік пад уплывам украінскай і рускай моў, дзе ён больш распаўсюджаны, параўн. укр. плаку́н ’тс’, рус. плаку́н‑трава́ — гэтак названа шмат раслін: белы гарлачык, святаяннік, скабіёза, драсён звычайны, баркун белы, касач сібірскі, скрыпень вузкалісты і чатырохгранны, аер, ядрушка, валяр’ян, большасць з іх — вільгацелюбівыя, што датычыць святаянніка (Hypericum L.), то паводле павер’я, яго крывава-чырвоны сок прымушае плакаць нячыстую сілу (Фасмер, 3, 272–273); сюды ж і балг. плаку́н ’чальчак’ (запазычана з рус.?, гл. БЕР, 5, 299).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пяры́ла 1 (перы́ло) ’аер, плюшнік’ (мазыр., Жыв. сл.), сюды ж, відаць, пяры́льцы ’хваснік, Hippuris’ (Кіс.). Параўн. укр. пери́ла, пери́ля ’расліна Perilla’, рус. пери́лла ’тс’, чэш. perilla ’тс’. Фармальная тоеснасць назваў дазваляе дапусціць перанос лацінскай назвы на іншыя расліны, магчыма, з-за знешняга падабенства: новалац. perilla узыходзіць да pira ’груша’ (плод-арэшак прыпамінае плод грушы), параўн. ЕСУМ, 4, 348. Больш верагодна да пяро́ ’доўгі ліст’ (гл.), параўн. перо́ ’перыстая трава’: накосіў колеснік сена, одно перо (ТС).

Пяры́ла 2 ’прыстаронак’ (палес., Бел.-укр. ізал.), параўн. укр. бойк. пери́ло ’адгародка ў хляве для сена, саломы, збожжа’. Відаць, да пе́рыць ’біць’, параўн. перабо́йка ’перагародка’, перабі́ць ’адгарадзіць’ (гл.), польск. przepierzenie ’лёгкая перагародка’ ад przepierzyć ’перагарадзіць, раздзяліць’, паводле Банькоўскага (2, 887), з не зусім празрыстай семантыкай (< польск. pierzyć ’аздабляць пер’ем’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мясці́на, ‑ы, ж.

1. Пэўная частка, участак якой‑н. тэрыторыі. Уперадзе, на высокай лясной мясціне, паказалася прасторная круглая паляна. М. Ткачоў. У лесе кожная мясціна — Лужок, палянка, баравіна — Асобны твар і выраз мае. Колас. Мясціна была нізкаватая, па абодва бакі рос аер, пракідаліся лазовыя кусты. Лобан. // Прастора, выдзеленая, прызначаная для чаго‑н. Непадалёк ад клуба хлопцы аблюбавалі добрую мясціну для футбольнага поля. Дадзіёмаў. Сцёпка стаў разглядацца, дзе б выбраць лепшую мясціну для адпачынку. Колас.

2. звычайна мн. (мясці́ны, ‑цін). Якая‑н. мясцовасць. Балоцістыя мясціны. Партызанскія мясціны. Глухія мясціны. □ Мясціны вакол прыгожыя: густы хваёвы лес, яшчэ не крануты блізкасцю горада, абрывістыя ўзгоркі. Шыцік. // Край, раён, акруга. Пласкадонка, якая і ў гэтых мясцінах называецца чайкай, ад рання стаяла ў ціхай завадзі Быстранкі, прымкнутая ланцугом да вярбы. Брыль. З тых я мясцін, з тых цяністых абшараў, Дзе спакон веку шумела трысцё. Смагаровіч.

3. Асобны ўчастак, пункт на якім‑н. прадмеце. Над ракою, над балоцістымі мясцінамі лугу збіраўся туман. Шамякін. Калі [Касцевіч] устаў, адчуў, што пячэ мясціна на правай шчацэ — баліць вострым болем. Пестрак.

4. Разм. Тое, што і месца (у 4 знач.). Ф. Скарына ў сваіх прадмовах і заўвагах выдзяляе і падкрэслівае тыя мясціны, дзе ёсць звесткі аб свабодных навуках. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)