Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АЕ́Р (Acorus),
род шматгадовых травяністых раслін сям. ароннікавых. 2 віды, пашыраныя ва ўмераных і субтрапічных зонах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі аер звычайны (Acorus calamus; нар. назвы — ірны корань, шувар, касатар, явар, ярай, яір). Расце на балотах, водмелях рэк, азёр, сажалак, старыц, канаў. Радзіма Усх. Азія; у 13 ст. як лек. расліна завезена ў Польшчу, у 16 ст. яго пачалі разводзіць у Зах. Еўропе. Аер злакавы, або акурус (Acorus gramineus), асабліва пашыраны ў Японіі, на Беларусі вядомы як акварыумная расліна.
Расліны аеру звычайнага выш. 30—120 см маюць характэрны пах. Сцябло прамое, лісце даўж. да 1 м. Карэнішча тоўстае, доўгае, з бародаўчатай паверхняй. Кветкі дробныя, зеленавата-жоўтыя, у цыліндрычных зялёных катахах даўж. 6—8 см. Плод — маланасенная сухая ягада. Размнажаецца пераважна дзяленнем карэнішча. Настой з яго ўжываецца для ўзбуджэння апетыту, як танізоўны сродак, прэпараты — пры лячэнні язвавай хваробы, гастрыту. Эфірны алей выкарыстоўваецца ў лікёра-гарэлачнай і кандытарскай вытв-сці, парфумерыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТА́Х,
простае бакакветнае (батрычнае) коласападобнае суквецце з тоўстай мясістай воссю, на якой шчыльна размешчаны сядзячыя (без кветаножак) кветкі. Звычайна абкружаны ярка афарбаваным ці белым падсукветным лісцем (пакрывалам) для прываблівання насякомых-апыляльнікаў. Характэрны для трапічнага сям. ароідных (ва ўмераным поясе капытнік, аер). У побыце К. наз. суплоддзе кукурузы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМІГРА́НТЫ [ад лац. immigrans
(immigrantis) які ўсяляецца] у біялогіі, усяленцы, жывыя арганізмы, якія ўсяліліся ў якую-н. мясцовасць, дзе раней іх не было. Называюць па мясцовасці, адкуль арганізмы перасяліліся (напр., амерыканскія, ціхаакіянскія),
і па часе. ўсялення. Час іміграцыі і яе напрамак вызначаюць паводле назіранняў або гіст. звестак. На Беларусі І. з’яўляюцца андатра, каларадскі жук, рамонак пахучы (амер.), шэры пацук, сярэбраны карась, аер (азіяцкія). І. называюць таксама асобныя клеткі, якія выходзяць з зародкаў органаў і даюць пачатак новым тканкам або органам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́БНІС ((Bubnys) Вітаўтас) (н. 9.9.1932, в. Чудзішкяй Прэнайскага р-на, Літва),
літоўскі пісьменнік. Засл. дз. культ. Літвы (1982). Скончыў Вільнюскі пед.ін-т (1957). Друкуецца з 1953. Аўтар кніг апавяданняў «Пахучы аер» (1967), «Белы вецер» (1974), аповесцяў «Рамунас» (1964), «Арберон» (1969) і інш. Раманы «Галодная зямля» (1971), «Пад летнім небам» (1973; за абодва Дзярж. прэмія Літвы 1974), «Красаванне нясеянага жыта» (1976), пра гіст. лёс літоўскага сялянства; «У гадзіну поўні» (1980), «Запрашэнне» (1983), «Даруй грахі нашы» (1989), «Няхай адкрыюцца твае вочы» (1993) пра жыццё інтэлігенцыі, яе маральную і грамадз. адказнасць. На бел. мову асобныя творы Бубніса пераклаў У.Яцко (у зб. «Бурштынавыя пацеркі», 1984).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУНЕ́Ц (Пятро) (Пётр Мікалаевіч; 4.5.1911, в. Азярычына Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 5.3.1997),
бел. пісьменнік. Скончыў Камуніст.ін-т журналістыкі ў Мінску (1940). Настаўнічаў, працаваў у газ. «Піянер Беларусі», час. «Бярозка», на Бел. радыё. Друкаваўся з 1932. Першы зб. апавяданняў «Юныя змагары» (1940). Большасць твораў пра дзяцей і для дзяцей. Склаў зб. успамінаў дзяцей пра вайну «Ніколі не забудзем» (1948). Выдаў брашуру пра Я.Маўра «Чалавек з крылатай фантазіяй» (1979). На бел. мову пераклаў паасобныя творы С.Міхалкова, Б.Емяльянава, Ж.Грывы, А.Талвіра, Дж.Радары, З.Эргле і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАПАЗІТЫВІ́ЗМ,
адзін з асн. кірункаў філасофіі 20 ст.; форма пазітывізму. Узнік у 1920-я г. ў Аўстрыі, Германіі, Польшчы як спроба лагічна абгрунтаваць навук. веды. З сярэдзіны 1930-х г. яго цэнтрамі сталі Вялікабрытанія і ЗША. Асн. ідэі Н. бяруць пачатак у эмпірызме і фенаменалізме (Дж.Берклі, Д.Юм). Н. лічыць прадметам філасофіі мову, найперш мову навукі як спосаб выражэння ведаў, а таксама дзейнасць па аналізе гэтых ведаў. Ідэі Н. знайшлі адлюстраванне ў дзейнасці Венскага гуртка, на аснове якога склаўся лагічны пазітывізм (М.Шлік, Р.Карнап, О.Нейрат), і яго прыхільнікаў у Германіі (Р.Мізес, Г.Рэйхенбах), Вялікабрытаніі (Л.Вітгенштэйн, А.Дж.Аер, К.Попер), ЗША (Ч.Морыс) і інш. Метадам ачышчэння філасофіі ад «метафізікі» быў прызнаны т.зв. прынцып верыфікацыі, паводле якога праверка навук. асэнсаванасці і сапраўднасці выказванняў адбываецца шляхам параўнання іх з фактамі вопыту. На сучасным этапе існуюць 2 асн. разнавіднасці Н. — «лінгвістычны аналіз» у Вялікабрытаніі (Дж.Осцін, Г.Райл, П.Стросан і інш.) і аналітычная філасофія ў ЗША (У.Куайн, Н.Гудмен, А.Пап, М.Уайт і інш.). Лінгвістычны Н. выключае са сферы аналізу не толькі метафізічныя пытанні, але і філас. праблемы мовы навукі; мэтай аналізу лічыць разуменне характару ўжывання звычайнай мовы. Н. адыграў значную ролю ў развіцці сучаснай логікі, семіётыкі і філасофіі навукі. Гл. таксама Канвенцыяналізм, Лагічны атамізм.