НЕАПАЗІТЫВІ́ЗМ,

адзін з асн. кірункаў філасофіі 20 ст.; форма пазітывізму. Узнік у 1920-я г. ў Аўстрыі, Германіі, Польшчы як спроба лагічна абгрунтаваць навук. веды. З сярэдзіны 1930-х г. яго цэнтрамі сталі Вялікабрытанія і ЗША. Асн. ідэі Н. бяруць пачатак у эмпірызме і фенаменалізме (Дж.Берклі, Д.Юм). Н. лічыць прадметам філасофіі мову, найперш мову навукі як спосаб выражэння ведаў, а таксама дзейнасць па аналізе гэтых ведаў. Ідэі Н. знайшлі адлюстраванне ў дзейнасці Венскага гуртка, на аснове якога склаўся лагічны пазітывізм (М.​Шлік, Р.Карнап, О.​Нейрат), і яго прыхільнікаў у Германіі (Р.​Мізес, Г.​Рэйхенбах), Вялікабрытаніі (Л.Вітгенштэйн, А.​Дж.​Аер, К.Попер), ЗША (Ч.​Морыс) і інш. Метадам ачышчэння філасофіі ад «метафізікі» быў прызнаны т.зв. прынцып верыфікацыі, паводле якога праверка навук. асэнсаванасці і сапраўднасці выказванняў адбываецца шляхам параўнання іх з фактамі вопыту. На сучасным этапе існуюць 2 асн. разнавіднасці Н. — «лінгвістычны аналіз» у Вялікабрытаніі (Дж.​Осцін, Г.​Райл, П.​Стросан і інш.) і аналітычная філасофія ў ЗША (У.​Куайн, Н.​Гудмен, А.​Пап, М.Уайт і інш.). Лінгвістычны Н. выключае са сферы аналізу не толькі метафізічныя пытанні, але і філас. праблемы мовы навукі; мэтай аналізу лічыць разуменне характару ўжывання звычайнай мовы. Н. адыграў значную ролю ў развіцці сучаснай логікі, семіётыкі і філасофіі навукі. Гл. таксама Канвенцыяналізм, Лагічны атамізм.

т. 11, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)