Глазу́ра ’глазура’ (БРС), ’паліва’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. глазу́рь ’тс’ (на пачатку XIX ст. таксама глазу́ра; гл. Шанскі, 1, Г, 90). Бел. глазу́ра і рус. форма глазу́ра запазычаны з польск. glazura ’тс’ (параўн. Фасмер, 1, 410; Шанскі, 1, Г, 90), якое паходзіць з ням. Glasur. Бел. дыял. глазу́р ’сінька’, відаць, адлюстроўвае рус. форму глазу́рь. Сл. паўн.-зах. лічыць слова глазу́ра запазычаннем з рус.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ата́ка. Рус., укр. атака. У беларускай з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 72; Курс суч., 166) у канцы XIX — пачатку XX ст. (Гіст. лекс., 246), дзе з нямецкай ці непасрэдна з французскай (Фасмер, 1, 95; Шанскі, 1, А, 169) з канца XVII ст. (Асманаліеў, ЭИРЯ, 6, 102–103). Польскае пасрэдніцтва для рускага слова (Біржакава, Очерки, 344) няпэўна: у польскай іншае граматычнае афармленне — atak.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

А́там. Інтэрнацыянальнае слова. У беларускай мове з пачатку XX ст. (Гіст. лекс., 252) праз рускую (Крукоўскі, Уплыў, 89), дзе з пач. XVIII ст. Канчатковая крыніца грэч. ἄτομος ’непадзельны’, адкуль у лацінскую і заходнееўрапейскія мовы; першы зафіксаваны рускі прыклад — у перакладзе з лацінскай. Наяўнасць рускай і ўкраінскай калек несекомое (Біржакава, Очерки, 157) указвае на магчымасць грэчаскай мовы як першакрыніцы запазычання для ўсходнеславянскіх моў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перапой1, пырыпі́й, пэрэпі́й, перапой ’даравізна, адорванне маладых на вяселлі’ (Сл. Брэс.; брагін., Эрэм.; ТС; ЛА, 3), ’узаемныя падарункі ў пачатку вяселля’ (Шат.), ’салодкая гарэлка — прыезд маладога на другі дзень пасля вянчання да цесця і цешчы’ (Др.-Падб., Гарэц.). Назоўнік ад перапіва́ць (гл.).

Перапой2 (піряпой) ’хваравіты стан здароўя пасля вялікай колькасці выпітага спіртнога’ (Бяльк.). Да пера- і піць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Праду́кт ’вынік працы чалавека’, праду́кты ’харчовыя прыпасы’ (ТСБМ). З рус. проду́кт (проду́кты) ’тс’, якое праз ням. Produkt з лац. prōductum ’тое, што выраблена’ (гл. Фасмер, 3, 373). У пачатку XX ст. з рус. продукция ’сукупнасць прадуктаў вытворчасці, разумовай працы’ запазычана бел. праду́кцыя (Гіст. лекс., 241). Ст.-бел. прадукт ’працэс у судзе’ (Гарб.), продуктъ ’даклад’ з польск. produkt < лац. productus (Булыка, Запазыч., 266).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свядо́масць ‘успрыманне і разуменне чалавекам рэчаіснасці’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт.), ст.-бел. сведомость ‘майстэрства, умельства’ (Ст.-бел. лексікон). Запазычанне з польск. świadomość, аб чым сведчыць фанетыка кораня, што ўзыходзіць да ‑věd‑ (гл. ведаць). Аб польскім слове гл. Брукнер, 535; Борысь, 621. Інакш Крамко (Гіст. мовы, 2, 149), які лічыць слова неалагізмам пачатку XX ст., утвораным ад свядомы (гл.) з суф. ‑асць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Ске́рыць: скі́рыты зу́бы ‘абы-чаго смяяцца’, скі́рыцца ‘тс’ (кам., З нар. сл.). Варыянтнае ўтварэнне да шчэ́рыць зубы, гл. шчэрыць, параўн. таксама шке́рыць ‘усміхацца, шчэрыць зубы’ (гл.). Паводле Векслера (Гіст., 92), skʼ у пачатку слова з’явілася ў паўднёварускіх гаворках у выніку змены спалучэння scʼ, што паходзіць з першапачатковага sk (прасл. < *skoair‑) параўн. макед. церн се ‘касавурыцца, пазіраць скоса’, чэш. ceriti zuby ‘скаліць зубы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэлебача́нне ‘трансляцыя рухомых відарысаў, тэлевізія’, ‘установа, што перадае тэлевізійныя праграмы’ (ТСБМ, Мова Сен.). Калька з рус. телеви́дение ‘тс’, што, у сваю чаргу, з’яўляецца паўкалькай з франц. télévision або англ. television ‘тс’, т. зв. еўрапеізмаў-гібрыдаў, утвораных на аснове грэч. τῆλε ‘далёка’ і лац. visio ‘выява, бачанне’ ў пачатку XX ст. (Арол, 4, 54; ЕСУМ, 5, 538). Гл. тэле- і бачыць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АНТЫ́ХРЫСТ,

у хрысціянскай міфалогіі і тэалогіі праціўнік Ісуса Хрыста, які павінен з’явіцца ў канцы гісторыі (гл. Эсхаталогія) і ўзначаліць скрытую татальную вайну супраць хрысціянства, але будзе пераможаны ў час 2-га прышэсця Хрыста на Зямлю. Прароцтвы антыхрыстаў ёсць у старазапаветных кнігах Бібліі, яго прыход сімвалічна апісаны і ў Новым Запавеце. Увасабляе даўнюю варожасць «анёлаў цемры» да хрысціянства, поўнае адмаўленне хрысц. веры і маралі. Антыхрыст уяўляецца магутным чалавекам, надзеленым дэманічнай сілай Д’ябла, які прыходзіць у зманлівым абліччы Хрыста. Паводле апостала Паўла, у царстве антыхрыста людзі будуць самалюбівыя, зламоўныя, абыякавыя да любові і дабра, нахабныя, больш палюбяць раскошу, чым Бога. Антыхрыст — увасабленне дэманічнага пачатку ў чалавеку і грамадстве, спроба ўсталяваць бязбожную ўладу над зямлёй і космасам. Міфу пра антыхрыста прысвечаны фрэскі Л.​Сіньярэлі, гравюры Л.​Кранаха Старэйшага; аблічча антыхрыста апісаў Сімяон Полацкі ў творы «Жазло праўлення» (1667) і інш.

У.​М.​Конан.

т. 1, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРТАЛА́НФІ ((Bertalanffy) Людвіг фон) (19.9.1901, Ацгерсдорф, цяпер у межах Вены — 12.6.1972),

аўстрыйскі біёлаг-тэарэтык і натурфілосаф, стваральнік агульнай тэорыі сістэм. У 1934—48 праф. Венскага ун-та, у 1949—72 ва ун-тах Канады і ЗША. Аўтар прац «Тэарэтычная біялогія» (т. 1—2, 1931—51), «Біялагічная карціна свету» (1949), «Робаты, людзі, розум» (1967), «Агульная тэорыя сістэм. Асновы, развіццё, выкарыстанне» (1968) і інш. У пачатку сваёй дзейнасці схіляўся да ідэй Венскага гуртка, пазней крытыкаваў некаторыя аспекты неапазітывізму. Адзін са стваральнікаў тэорыі адкрытых біял. сістэм, якія валодаюць уласцівасцю эквіфінальнасці, г. зн. дасягнення сістэмай аднаго і таго ж канчатковага стану пры розных пач. умовах. Сваімі ідэямі праграма Берталанфі блізкая да тэарэт. кібернетыкі, тэрмадынамікі незваротных працэсаў і сінергетыкі. Ідэі Берталанфі знайшлі выкарыстанне ў медыцыне, псіхіятрыі і інш. Адзін з арганізатараў «Таварыства па даследаваннях у галіне агульнай тэорыі сістэм» і яго штогодніка «General Systems» («Агульныя сістэмы», 1956).

В.​В.​Краснова.

т. 3, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)