Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬЦО́,
стылістычны кампазіцыйны прыём у паэзіі і прозе. У паэзіі — паўтор ў пачатку і ў канцы асобных вершаваных радкоў, строф або цэлага твора аднолькавых гукаспалучэнняў, слоў ці выразаў. Найб. пашыраныя віды паэт. К.: гукавое, лексічнае, страфічнае (эпістрафа), архітэктанічнае. У прозе — паўтарэнне ў канцы або ў сярэдзіне твора маст. элементаў, якія ўжываліся на яго пачатку, што спрыяе больш поўнаму выяўленню ідэі твора. У бел. л-ры трапляецца ў паэт. спадчыне Я.Купалы, М.Багдановіча, П.Панчанкі, апавяданнях М.Зарэцкага, К.Чорнага, М.Стральцова і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗІЦЫ́ЙНЫЯ ЗМЯНЕ́ННІ ГУ́КАЎ,
фанетычныя змяненні гукаў, якія залежаць ад месца гука адносна пачатку ці канца слова або націску ў слове. Супрацьстаяць камбінаторным змяненням гукаў. Вызначаюць наступныя П.з.г.: узнікненне пратэз (прыстаўных гукаў) на пачатку слова («леў — ільва», «вуліца»), аглушэнне звонкіх зычных на канцы слова («род» [рот]), рэдукцыю ненаціскных галосных («малако» [мълʌко]). У бел. мове пашырана ўзнікненне пратэтычных гукаў, змена звонкіх зычных на канцы слова, колькасная рэдукцыя ненаціскных галосных. Пазіцыйныя змяненні зычных з’яўляюцца асновай амафонаў.
Літ.:
Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ ЛІ́ТАРА, загалоўная літара,
літара, якая на пісьме ўжываецца для абазначэння пачатку сказа, уласных імён, загалоўкаў і інш. Адрозніваецца ад радковай літары большымі памерамі, часам абрысамі. Ужываецца паводле арфаграфіі пэўнай мовы. У слав. рукапісных кнігах заўсёды арнаментальна вылучаліся ініцыялы. У бел. пісьменстве ўпершыню вялікая літара з’явілася ў друкаваных выданнях Ф.Скарыны (1517—19), хоць бел. першадрукар яшчэ не прытрымліваўся пэўных правіл іх ужывання (напр., «Еремиа Пророкъ господень плачетъ Гледя на Ерусалимъ; И лежи кружками Львовѣ, И Воловѣ, И Херувимовѣ»). У друкаваных кнігах канца 16—17 ст. вялікія літары сталі выкарыстоўваць у пачатку абзацаў і пры напісанні ўласных імён. У сучаснай бел. арфаграфіі вялікія літары ўжываюцца ў пачатку сказаў, пры выдзяленні ў тэксце ўласных імён (Іван Дамінікавіч Луцэвіч), геагр. і астр. назваў (Беларусь, Марс), назваў дзярж. устаноў, арг-цый (Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Акадэмія навук Беларусі), літ. твораў, назваў газет, часопісаў («Людзі на балоце», «Чырвоная змена», «Полымя») і інш. Могуць выконваць стылістычную функцыю (Радзіма, Айчына, Чалавек).