КУЗЬМІ́Ч (Аляксей Васілевіч) (н. 1.6.1945, в. Махро Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел.жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1975). У творчасці пераважае вобраз Мадонны, праз які ён увасабляе ідэалы дабра, чысціні і прыгажосці, сімвал жыцця і адраджэння слав. духоўнасці, боль за лёс духоўнай цывілізацыі; серыі «У раі» (1983—84), «Мадонна з паўшым анёлам» (1984—86), «Залатыя Мадонны», «Сярэбраныя Мадонны» (абедзве 1986—96), «Якая зышла з нябёсаў» (1988—96), «Палескія Мадонны» (1995—96), «Ахвярнасць славянскіх Мадоннаў» (1996—98), «Дзяржаўныя мадонны», «Пакуты Русі ў 20 стагоддзі» (абедзве 1997—98) і інш. Тэму трагедыі народу раскрыў у творах «Памяці вязняў Гулага» (1975—89), «Прысвячэнне Чарнобылю» (1988), «Дзецям Чарнобыля» (1990) «Д’яблы над Руссю» (1995). Аўтар партрэтаў бел. акцёраў С.Станюты і Г.Макаравай, У.Гасцюхіна, З.Стомы, М.Яроменкі, кінарэжысёраў М.Пташука, В.Турава і інш.
Літ.:
Аляксей Кузьміч: [Альбом]. Мн., 1995.
А.Кузьміч. Ахвярнасць славянскіх Мадоннаў. 1996—98.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГРЫ́Т ((Magritte) Рэне) (21.11.1898, г. Лесінь, Бельгія — 15.8.1967),
бельгійскі жывапісец; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў сюррэалізму. Вучыўся ў Брусельскай АМ (1916). Зазнаў уплыў Дж. Дэ Кірыка. З 1927 у Парыжы. У ранні перыяд працаваў у рэчышчы футурызму і кубізму («Конніца», 1922; «Жанчына», 1923, і інш.). Пазней выпрацаваў індывідуальны кірунак у сюррэалізме, у творах камбінаваў выявы з несупастаўляльных элементаў рэальных прадметаў, істот і краявідаў, што напаўняла іх таямнічасцю і містычным сэнсам і набліжала да метафіз. жывапісу. Жывапісная манера адметная гладкасцю пісьма, гарманічным спалучэннем чыстых колераў, строгім лінейным ладам: «Цяжкая працягласць» (1926), «Двайная таямніца» (1927), «Закаханыя» (1928), «Чорная магія» (1935), «Прыступкі лета» (1937), «Настальгія па ўласнай краіне» (1940), «Хлеб штодзённы» (1942), «Балкон» (1950), «Царства святла» (1954), «Урок цемры» (1955), «Замак у Пірэнеях» (1959), «Вялікая вайна» (1964) і інш.Іл.гл. таксама да арт.Сюррэалізм.
чэшскі графік, жывапісец, тэатр. мастак, майстар дэкар.-прыкладнога мастацтва; адзін з заснавальнікаў стылю мадэрн. Вучыўся ў Мюнхенскай АМ (1885—87), акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1887). Працаваў у Чэхіі, Вене, Парыжы, ЗША. Прыдворны мастак графа Куэна (Маравія, 1881—85), выкладчык Маст. ін-та ў Чыкага (1904—09). Творчай манеры ўласцівы выкарыстанне матываў арабесак, спіралепадобны характар ліній, часам спалучэнне фальклорнасці з рысамі сімвалізму. Сярод твораў: манум. размалёўкі павільёна Босніі і Герцагавіны на Сусв. выстаўцы ў Парыжы (1900) і Дома сходаў у Празе (1910); карціна «Славія» (1908) і інш.; цыкл карцін «Славянская эпапея» (1910); дэкар. графічныя серыі «Поры года» (1896), «Кветкі» (1897), «Месяцы» (1899), «Зоркі» (1902); ілюстрацыі да кніг, у т. л. ўласных; дэкарацыі і афішы да спектакляў; дэкар. пано, эскізы ювелірных вырабаў, першых чэш. паштовых марак і банкнотаў і інш. Аўтар кн. «Дэкаратыўныя дакументы» (1902), «Дэкаратыўныя вобразы» (1905).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТО́РМА [Pontormo; сапр.Каручы (Carucci) Якопа; 25.5.1494, Панторме, каля г. Эмпалі, Італія — пахаваны 2.1.1557],
італьянскі жывапісец; прадстаўнік фларэнційскай школы жывапісу. Вучыўся ў М.Альберцінелі і П’ера ды Казіма (1507—12). Зазнаў уплывы Андрэа дэль Сарта, Мікеланджэла і А.Дзюрэра. Раннія работы створаны ў духу Высокага Адраджэння (фрэска «Сустрэча Марыі з Елізаветай» у царкве Сантысіма-Анунцыята ў Фларэнцыі, 1515), з 1520-х г. працаваў у рэчышчы маньерызму. Творы вызначаюцца высокім кампазіцыйным майстэрствам (алегарычныя фрэскі на віле Медычы ў Поджа-а-Каяна, 1520), унутр. напружанасцю і светлавой насычанасцю каларыту (цыкл фрэсак у Чэртозе ды Валь д’Эма, 1522—24; партрэт юнака, каля 1525—26; «Палажэнне ў труну» ў капэле Капоні царквы Санта-Фелічыта ў Фларэнцыі, 1526—28; партрэт жанчыны, каля 1543—45). Эскізам і графічным работам уласцівы выразнасць контуру, гнуткасць і рухавасць ліній («Тры грацыі», каля 1535—36, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРУДЖЫ́НА [Perugino; сапр.Ванучы
(Vannucci)] П’етра (каля 1448, Чыта-дэла-П’еве, Італія — люты—сак. 1523),
італьянскі жывапісец эпохі Адраджэння; прадстаўнік умбрыйскай школы жывапісу. Зазнаў уплывы П’ера дэла Франчэска, А.Верок’ё (з 1470 працаваў у яго майстэрні ў Фларэнцыі), нідэрл. мастакоў. Творчасці ўласцівы плаўнасць кампазіцыйных рытмаў, гарманічная ураўнаважанасць прасторавых пабудоў, лірызм пейзажных фонаў. Аўтар фрэсак «Св. Себасцьян з двума святымі» ў царкве Санта-Марыя ў Чэрквета (1478), «Перадача ключоў св. Пятру» ў Сіксцінскай капэле Ватыкана (1481—92), «Укрыжаванне» ў царкве Санта-Марыя Мадалена дэі Пацы ў Фларэнцыі (1496), трыпціха «Укрыжаванне з прадстаячымі» (каля 1485), «Паліпціх Альбані» (1491), карцін «Апалон і Марсій» (каля 1495), «З’яўленне Мадонны св. Бернару» (каля 1490—94), тонда «Мадонна з анёламі і святымі», партрэтаў Франчэска дэле Аперэ (1494), дон Б’яджа Міланезі, дон Бальдасарэ ды Антоніо ды Анджэла, маладога чалавека (каля 1495—1500) і інш. У майстэрні П. вучыўся Рафаэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНТУРЫ́К’Ё [Pinturicchio; сапр.Бернардзіна ды Бета ды Б’яджа (Bernardino di Betto di Biagio); каля 1454, г. Перуджа (?), Італія — 11.12.1513],
італьянскі жывапісец, прадстаўнік умбрыйскай школы жывапісу эпохі Ранняга Адраджэння. Зазнаў уплыў П.Перуджына, якому дапамагаў пры стварэнні фрэсак Сіксцінскай капэлы ў Ватыкане (1481—82). У творчасці спалучаў імкненне да натурнай дэталёвасці з дэкаратыўнасцю і паэтызацыяй вобраза чалавека і навакольнага свету. Манум. размалёўкі вызначаюцца стракатым каларытам і багаццем арнаментальных матываў: фрэскі ў капэле Буфаліні царквы Санта-Марыя ін Арачэлі (каля 1485) і царквы Санта-Марыя дэль Попала (1509) у Рыме, апартаментаў Борджа ў Ватыкане (1493—94), бібліятэкі Пікаломіні ў Сіенскім саборы (1503—08). У станковым жывапісе працаваў у партрэтным і міфалагічным жанрах: «Партрэт хлопчыка» (1485), «Адысей і Пенелопа» (1509) і інш.
Я.Ф.Шунейка.
Пінтурык’ё. Імператар Фрыдрых III вянчае лаўрамі паэта Энеа Сільвіо Пікаломіні. Фрэска ў бібліятэцы Пікаломіні ў Сіенскім саборы. 1503—08.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗДЗЯЛО́ЎСКАЯ (Ядвіга Іосіфаўна) (1.3.1902, г. Бяла-Падляска, Польшча — 26.8.1992),
бел.жывапісец. Засл. дз. культуры Польшчы (1982). Скончыла Варшаўскую маст. школу (1939). У 1959—77 выкладала ў студыі выяўл. мастацтва ў г. Маладзечна Мінскай вобл. Творчасці ўласцівы гарманічнасць каларыту, дакладнасць маст. вобраза, лірычнасць. Аўтар сюжэтна-тэматычных карцін «Немцы адступаюць» (1946), «У рабства» (1947), «Дом-музей П.І.Чайкоўскага ў Кліне» (1951), «Раніца» (1956), «Адам Міцкевіч і Марыля Верашчака ў Туганавічах» (1965); партрэтаў «Дзяўчынка ў ружовым» (1956), «Маладая балерына» (1960), «Цыганка з дзіцем» (1968), «Мастак Б.Шахназараў» (1981); пейзажаў «Масток» (1956), «Від на аул Кубачы» (1963), «Нясвіж. Вясна ў парку» (1975), «Вясна ў лесе» (1982); нацюрмортаў «Кветкі і фрукты», «Вясновы нацюрморт» (абодва 1963), «Чаромха» (1966), «Белая акацыя», «Нацюрморт з вінаградам», «Мальвы» (усе 1976), «Нацюрморт з рабінаю» (1980), «Вязынка», «Рэквіем», «Родныя кветкі» (усе 1982), «Сказ беларускага лесу» (1984) і інш. Працавала таксама ў графіцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЗЕНТАЛ, Розенталс (Rozentāls) Яніс (18.3.1866, хутар Бебры, цяпер Салдускі р-н, Латвія — 26.12.1916), латышскі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1888—94) у У.Макоўскага. У 1901—15 працаваў у Латвіі, у 1906—13 выкладаў у Рыжскай гар.маст. школе. У творах, блізкіх да работ позніх перасоўнікаў, спалучэнне праўдзівасці адлюстравання працы і побыту лат. народа і жывапіснай прыгажосці натуры: «Пасля абедні» (1894), «З могілак» (1895), «Песня пастушкі» (1898), «Даліна ракі Персе», «Сакавіцкае сонейка» (абедзве 1902), «З працы» (1903), «Вясна ў Курземе» (1907) і інш. Рысы сімвалізму, экспрэсіўнасць колеру і мазка ўласцівы творам на тэмы нар.лат. фальклору, скандынаўскіх саг, біблейскіх сюжэтаў («Сага», «Спакуса» «Чэрці», «Лодка смерці», «Прарок», «Кашмар», «Чорная змяя муку малола»). Стварыў шэраг партрэтаў сваіх сучаснікаў («П.Федэр», «Дама ў белым», «Партрэт М.С.», абодва 1902; «М.Вігнер-Грынберг», 1916), аўтапартрэт (1900).
Л.Ф.Салавей.
Я.Розентал. Партрэт спявачкі М Вігнер-Грынберг. 1916.