ФЕДАРЭ́НКА Мікалай Міхайлавіч (23.1.1922, в. Рагозіна Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 1.9.2000),

бел. жывапісец. Вучыўся ў студыі выяўл. мастацтва ў Магілёве (1938—41). Ствараў пераважна індустрыяльныя і лірычныя пейзажы, творы, прысвечаныя падзеям Вял. Айч. вайны: «Бярозкі. Восень» (1960), «Сонечны дзень», «Беларускі пейзаж», «Апошнія промні» (усе 1961), «Восень» (1962), «Індустрыяльны матыў» (1965), «Пачатак вясны» (1968), «Крычаўскі цэментны завод», «Магілёўская фабрыка штучнага валакна» (абодва 1971), «Сакавік» (1973), «Вясна. Мсціслаўшчына» (1977), «Трывожныя ночы» (1978), «Па месцах партызанскіх баёў», «Хлеб партызанам» (абодва 1984), «Гурзуф уначы» (1985), «Мая Магілёўшчына» (1986), «Камсамольскае падполле Магілёўшчыны» (1987), «Памяці партызанкі» (1997), «Дом Каровіна» (1998). Аўтар серыі «Франтавыя малюнкі» (1942—45). Творы вызначаюцца пластычнай завершанасцю, эмацыянальнай насычанасцю, гарманічным каларытам.

Л.​Ф.​Салавей.

М.Федарэнка. Хлеб партызанам. 1984.

т. 16, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)