УДРЫ́ (Oudry) Жан Батыст (17.3.1686, Парыж — 30.4.1755),

французскі жывапісец, рысавальшчык, гравёр. Вучыўся ў свайго бацькі Жака У., М.​Сера і Н.​Ларжыльера. Чл. Акадэміі св. Лукі ў Рыме і каралеўскай акадэміі ў Парыжы. З 1734 дырэктар шпалернай мануфактуры ў Бавэ, з 1736 мануфактуры габеленаў у Парыжы. Прыдворны мастак Людовіка XV Аўтар нацюрмортаў («Нацюрморт з садавінай, 1721; «Белая качка», 1753), сцэн палявання («Паляванне на аленя», 1723), серый картонаў для габеленаў («Паляванні Людовіка XV», 1733—45), анімалістычных кампазіцый («Сабака на стойцы», 1725), у якіх дакладнасць і натуралістычнасць спалучаюцца з вытанчанай дэкаратыўнасцю. Аўтар партрэтаў (Ф. дэ Лова, 1724, і інш.). Выканаў ілюстрацыі да баек Ж.​Лафантэна (1729—34), твораў П.​Скарона (1726) і інш. Працаваў для многіх еўрап. двароў.

Ж.Б.Удры. Белая качка. 1753.

т. 16, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)