САХНЕ́НКА (Віктар Іванавіч) (7.1.1923, г. Дружкоўка Данецкай вобл., Украіна — 26.4.1973),

бел. жывапісец. Скончыў Кіеўскі маст. ін-т (1953). У 1963—67 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Працаваў пераважна ў жанрах тэматычнай карціны і партрэта. Творы адметныя псіхал. выразнасцю вобразаў, кампазіцыйным майстэрствам, напружаным каларыстычным вырашэннем, дакладнасцю малюнка. Сярод лепшых работ: тэматычныя карціны «У Данбасе» (1959), «Май» (1967), «Наша свята» (1968), «Трактарабудаўнікі» (1969), «Спакой» (1970), трыпціх «Ураджай» (1971—72), кампазіцыі аб Вял. Айч. вайне — «Ваенны карэспандэнт» (1964), «Салдаты» (1968), «Стары партызан» (1969), «Гвардзейская клятва» (1972), лірычныя пейзажы Закарпацця, Браслаўшчыны, нацюрморты, партрэты пісьменніка М.​Паслядовіча (1967), паэта В.​Таўлая (1970), мастакоў А.​Паслядовіч (1967), М.​Савіцкага (1972) і інш. Афармляў кнігі.

А.​Я.​Белы.

В.Сахненка. Народны мастак СССР М.​А.​Савіцкі. 1972.

т. 14, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)