УТАМА́РА Кітагава (1753 або 1754, г. Кавагоэ, Японія — 30.10 або 19.6.1806),

японскі майстар каляровага дрэварыту і жывапісец, адзін з буйнейшых прадстаўнікоў укіё-э. Працаваў у Эдо. Творчую дзейнасць пачаў з твораў, якія маюць характар натуральных штудый (альбом «Кніга насякомых», 1788), пасля звярнуўся да тэмы «бідын-га» (адлюстраванне прыгажунь). Плаўнай, цякучай лініяй вытанчана ствараў вобразы прыгажунь пагрудна або па пояс на лістах вял. фармату з прымяненнем слюдзянога парашку, што надае эфект серабрыстага мігатлівага фону (серыя «Вялікія галовы», 1790; «Дзесяць жаночых характараў», пач. 1790-х г.). Адметныя рысамі ідэалізацыі, вобразы жанчын разам з тым не пазбаўлены жыццёвай верагоднасці, што асабліва выявілася ў кампазіцыях на тэмы паўсядзённай працы (серыя «Жанчыны за шыццём», 1790-я г.).

К.Утамара. Партрэт з серыі «Вялікія галовы» 1790.

т. 16, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)