СА́РДЖЭНТ ((Sargent) Джон Сінгер) (12.1.1856, г. Фларэнцыя, Італія — 15.4.1925),

жывапісец. Вучыўся ў АМ у Фларэнцыі (1870—73), у Э.​А.​Каралюс-Дзюрана ў Парыжы (1874—79). Зазнаў уплывы Г.​Курбэ, Э.​Манэ і К.​Манэ. З 1885 жыў у Лондане, наведваў ЗША. Найб. вядомы як майстар віртуозных свецкіх партрэтаў: «Мадам X» (1884), «Лорд Рыблсдэйл у паляўнічым касцюме» (1902) і інш. Шэрагу партрэтаў уласцівы вострая назіральнасць і цікавасць да псіхалогіі партрэтаваных [партрэты Р.​Л.​Стывенсана, 1884—87; мадам Поль Пуарсон (Сеймурыка Кютбер), 1885], Пісаў эфектныя жанравыя карціны («Кітайскія ліхтарыкі», 1885—86), эцюдысцэнкі парыжскага жыцця ў манеры, блізкай да імпрэсіяністаў («Халео», 1882; «Пол Хелью з жонкай на эцюдах», 1889). З 1890-х г. ствараў імпрэсіяністычныя акварэльныя пейзажы. Аўтар манум. размалёвак у Публічнай б-цы ў Бостане (1890—1919).

І.​М.​Скварцова.

Дж.С.Сарджэнт. Партрэт мадам Поль Пуарсон. 1885.

т. 14, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)