ПАДВЕ́ТРАНЫЯ АСТРАВЫ́, Паўднёва-Антыльскія астравы (галандская назва Benedenwindse Eilanden, ісп. — Islas Sotavento),

паўднёвая частка архіпелага Малыя Антыльскія астравы на З ад 64° зах. д. Складаюцца з а-воў: Аруба, Кюрасао, Банайрэ (уваходзяць у Нідэрландскія Антыльскія а-вы), Авес, Лос-Рокес, Арчыла, Бланкілья, Лос-Эрманас (уваходзяць у склад Венесуэлы на правах федэральных уладанняў). Назва П.а. тлумачыцца падветраным становішчам астравоў у адносінах да паўн.-ўсх. пасату. Пл. каля 1,2 тыс. км². Нас. каля 370 тыс. чал. (1999). Буйныя астравы ўзгоркаватыя (выш. да 372 м на в-ве Кюрасао), складзены з крышт. і метамарфічных сланцаў, перакрытых вулканічнымі і вапняковымі адкладамі. Дробныя астравы каралавыя, нізінныя. Клімат трапічны, засушлівы. Сярэднія т-ры 26—28 °C, ападкаў 500—600 мм за год. Сухія лясы і ксерафітныя хмызнякі. Плантацыі сорга, арахісу, бататаў, бананаў, цытрусавых. Гадуюць коз і авечак. Нафтаперапрацоўка (нідэрландская ч. П.а.). Буйнейшыя гарады — Вілемстад (в-аў Кюрасао), Араньестад (в-аў Аруба). А-вы Лос-Рокес аб’яўлены Нац. паркам (1973). Адкрыты ў 1499 мараплаўцамі А.​Ахедам і А.​Веспучы.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 11, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗВАНО́ЧНІК, пазваночны слуп,

асноўная частка восевага шкілета пазваночных жывёл і чалавека. Складаецца са злучаных паміж сабой пазванкоў, з’яўляецца органам апоры і руху тулава, шыі і галавы, ахоўвае размешчаны ў пазваночным канале спінны мозг.

Зыходная форма — хорда ў ніжэйшых пазваночных; у вышэйшых пазваночных захоўваецца ў целах пазванкоў (рыбы, земнаводныя) ці ў выглядзе студзяністага ядра міжпазванковых дыскаў. П. рыб падзяляецца на тулаўны і хваставы аддзелы, П. амфібій — на шыйны, грудны і крыжавы, млекакормячых — на шыйны (6—9, часцей 7 пазванкоў), грудны (9—24, часцей 13), паяснічны (2—9), крыжавы (1—10, часцей 2—4) і хваставы (3—46). П. чалавека мае 32—34 пазванкі, якія складаюцца з цела, дуг і адросткаў, злучаных паміж сабой храсткамі, суставамі і звязкамі; падзяляецца на 5 аддзелаў: шыйны (7 пазванкоў), грудны (12), паяснічны (5), крыжавы (5, зрастаюцца), хвастцовы (3—5, зрастаюцца). У нованароджанага дзіцяці П. амаль прамы, на 1-м годзе жыцця набывае шыйны і паяснічны лардозы (выгін наперад), грудны і крыжавы кіфозы (выгін назад), скаліёзы (бакавыя выгіны), якія змякчаюць штуршкі ад хады, бегу, скачкоў. Гл. таксама Скрыўленне пазваночніка.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАНЯМО́НЬ», Гродзенская сядзіба «Панямонь»,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры позняга барока ў г. Гродна. Створана ў 1771 на ўсх. ускраіне горада, на правым беразе р. Нёман як загарадная рэзідэнцыя караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (арх. Ю.​Аляхновіч), перабудавана ў 19 ст. ў стылі класіцызму. Уключае сядзібны дом, парк, флігель, з Пд ансамбль абмежаваны ракой, з У і Пн — глыбокім ярам. Сядзібны дом 1-павярховы мураваны (пазней частка разбураных сцен заменена драўлянымі). Захаваўся фрагмент вуглавога эркера плаўнага абрысу з тонкім прафіляваным карнізам, здвоенымі пілястрамі з ляпнымі капітэлямі, гарыз. рустоўкай. У цэнтры гал. фасада — 4-калонная навісь (ранейшы порцік). Дваровы фасад упрыгожаны 4-калонным порцікам на высокім цокалі. Дом і адкрыты перад ім партэр размешчаны ў глыбіні пейзажнага парку, над стромкім берагам, умацаваным падпорнымі сценкамі тэрас. Парк разбіты перад палацам і па схілах яра. Уезд пазначаны капліцай рэтраспект.-гатычнага стылю (сярэдзіна 19 ст.). Гасп. і службовыя пабудовы вынесены па-за межы параднай часткі ансамбля і пастаўлены ў рад з зах. боку дома.

А.​М.​Кулагін.

Гродзенская сядзіба «Панямонь». З малюнка Н.​Орды. 19 ст.

т. 12, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТЭНЦЫЯ́ЛЬНАЯ ЭНЕ́РГІЯ,

частка энергіі мех. сістэмы, залежная ад узаемнага размяшчэння матэрыяльных пунктаў (часціц) сістэмы і іх становішча ў знешнім сілавым полі (гл. Поле фізічнае).

П.э. сістэмы ў вызначаным стане роўная рабоце, якую выконваюць сілы, што дзейнічаюць на яе, пры перамяшчэнні сістэмы з гэтага стану ў той, дзе П.э. ўмоўна прынята роўнай нулю. З гэтага вызначэння вынікае, што тэрмін «П.э.» выкарыстоўваецца толькі для кансерватыўных сістэм, а сама П.э. вызначаецца з дакладнасцю да адвольнай пастаяннай (дакладнае значэнне мае змена П.э.). Напр., для часціц з масамі m1 i m2, якія знаходзяцца на адлегласці r і ўзаемадзейнічаюць паводле сусветнага прыцягнення закону, П.э. U(r) = −G m1 m2 r , дзе G — гравітацыйная пастаянная (U(r) = 0 пры r→∞). Для цела з масай m, паднятага на вышыню h (h < R, R — радыус Зямлі), U(h) = mgh, дзе g — паскарэнне свабоднага падзення (U(h) = 0 пры h = 0). Пры адсутнасці дысіпацыі энергіі сума кінетычнай энергіі і П.э. (поўная мех. энергія сістэмы) застаецца пастаяннай (гл. Энергіі захавання закон). Адзінка П.э. ў СІ — джоуль.

А.​Л.​Болсун.

т. 12, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАДАВА́ЛЬНАЯ ТЭЛЕВІЗІ́ЙНАЯ ТРУ́БКА,

разнавіднасць электронна-прамянёвых трубак, якая пераўтварае аптычны відарыс на святлоадчувальнай паверхні (мішэнь, фотакатод ці інш.) у электронны (рэльеф эл. зарадаў, фотаправоднасць) і пасля ў відэасігнал; асн. частка тэлевізійных перадавальных камер.

Бывае з назапашваннем і без назапашвання эл. зараду. П.т.т. з назапашваннем зараду выкарыстоўваюцца ў вяшчальным тэлебачанні, маюць святлоадчувальную мішэнь, электронны пражэктар, факусавальную і адхіляльную сістэмы і інш. элементы (у залежнасці ад тыпу П.т.т.), якія кіруюць электронным праменем. У адных П.т.т. (напр., у іканаскопе, суперартыконе, суперіканаскопе) светлавыя сігналы выбіваюць электроны за кошт знешняга фотаэфекту, у другіх (напр., у відыконе) — змяняецца папярочная праводнасць фотакатода, у выніку чаго ўзнікаюць эл. зарады, якія назапашваюцца на мішэні. Электронны прамень пры абяганні (сканіраванні) мішэні разраджае яе, у выніку атрымліваецца відэасігнал. У тэлевізійных камерах выкарыстоўваюцца пераважна відыконы і іх разнавіднасці (плюмбіконы, сатыконы); у малагабарытных камерах — цвердацельныя фотапераўтваральнікі, напр., ПЗС-матрыцы. П.т.т. без назапашвання зараду (напр., дысектар) не маюць электроннага пражэктара, а відэасігнал фарміруецца электронамі, выпрамененымі з фотакатода пад уздзеяннем святла, і выкарыстоўваюцца для навук. і інш. мэт.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 12, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКАЯ СПА́ДЧЫНА,

вайна за польскую спадчыну (1733—35) паміж Расіяй, Аўстрыяй і Саксоніяй з аднаго боку і Францыяй — з другога. Падстава — выбары караля Рэчы Паспалітай пасля смерці Аўгуста II (1733). Францыя падтрымлівала кандыдатуру Станіслава Ляшчынскага, зацвярджэнне якой вяло да стварэння антырас. блоку дзяржаў на чале з Францыяй. Расія і Аўстрыя падтрымлівалі сына Аўгуста II саксонскага курфюрста Фрыдрыха Аўгуста II. Паводле просьбы групы магнатаў, Расія ў вер. 1733 увяла ў Рэч Паспалітую свае войскі. 12.9.1733 на сейме ў Варшаве каралём быў выбраны Ляшчынскі, але частка шляхты на занятай рас. войскамі тэр. ўзвяла на прастол Фрыдрыха Аўгуста II (гл. Аўгуст Ш). Рас. войскі ў студз. 1734 захапілі г. Торунь, у ліп. — Гданьск (Данцыг), адкуль Ляшчынскі ўцёк у Прусію. У 1734—35 Францыя з пераменным поспехам вяла ваен. дзеянні супраць Аўстрыі на р. Рэйн і ў Італіі. У кастр. 1735 заключаны папярэдні, а ў ліст. 1738 у Вене — канчатковы мір паміж Аўстрыяй і Францыяй, да якога ў 1739 далучыліся Расія, Рэч Паспалітая і Саксонія. Францыя прызнала каралём Рэчы Паспалітай Аўгуста III.

т. 12, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДМЕ́СЦЕ (польск. przedmiescie),

частка забудовы сярэдневяковага горада, якая знаходзілася па-за яго абарончымі мурамі. У функцыян. і сац. сэнсе блізкае да пасада. Звычайна ўзнікала пры плошчах перад уязнымі брамамі і развівалася ўздоўж дарог, якія вялі ў горад. П. мела жылыя і прамысл. функцыі, часам — абслугоўвання і адпачынку. У залежнасці ад значнасці горада П. магло ўзводзіць уласныя абарончыя збудаванні, якія з часам станавіліся ч агульнагарадской фартыфікацыйнай сістэмы. Падобным чынам узнікалі новыя П. ў Парыжы, Маскве, Ноўгарадзе, Віцебску, Магілёве і інш. Для П. характэрна меншая, чым у цэнтр. раёнах горада, шчыльнасць забудовы, сціпласць і прастата арх. вырашэнняў, наяўнасць садоў і агародаў. На Беларусі вядомы з даўніх часоў. Аснову іх забудовы складалі невял. драўляныя жылыя дамы з гасп. пабудовамі. У бел. гарадах з 16 ст. П. мелі Мінск (Мінскае Траецкае прадмесце, П. Ракаўскае, Ляхаўка, Старажоўка, Грушаўка, Камароўка), Гродна (Каложа), Магілёў (Пелагееўка), Віцебск (Задунаўе), Полацк (Запалоцце), Пінск (Каралін), Гомель (хутар Сеўрукі). У 17—18 ст. П. паявіліся і ў мястэчках (напр., у Волме Смалявіцкага р-на).

С.​А.​Сергачоў.

Былое Ракаўскае прадмесце ў Мінску (сучасная вуліца Ракаўская).

т. 12, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́ШЧА,

месца (крыніца, возера, камень, узгорак і г.д.), надзеленае, паводле ўяўленняў вернікаў, надзвычайнымі надпрыроднымі сіламі і ўласцівасцямі. П. назвалі таксама маленне пра дараванне грахоў у якім-н. «святым» ці «цудадзейным» месцы. У навук. ўжытак тэрмін «П.» ўвёў у пач. 20 ст. М.​Янчук. Вера ў П. генетычна звязана з культам прыроды. Некат. П. ўзніклі з язычніцкіх свяцілішчаў. Аднак этнографамі зафіксаваны выпадкі ўзнікнення пакланення П. і ў 19—20 ст. П. наведвалі, каб пазбавіцца ад хвароб, сюды прыносілі ахвяраванні (палатно, ручнікі, кветкі, ежу і інш.). Значная частка П. была прызнана хрысціянскім духавенствам і знаходзілася пад яго апекай. Каля такіх П. нярэдка будавалі капліцы, цэрквы, касцёлы, у дні рэліг. свят праводзілі хрэсныя хады і богаслужэнні. Найб. вядомымі былі П. Сіняя Крыніца каля г. Слаўгарад Магілёўскай вобл., Святая Горка каля г.п. Смілавічы Мінскай вобл., нагрувашчванне вялізных камянёў на ўзгорку каля в. Горка Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл., камяні-следавікі на Траецкай гары ў Мінску і інш. П. на Беларусі даследавалі М.​Доўнар-Запольскі, Янчук, Ф.​Пакроўскі, Е.​Раманаў, А.​Багдановіч, М.​Мялешка.

Э.​М.​Зайкоўскі.

т. 13, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЫШНАГО́РСКАЕ ЎЗВЫ́ШША Пышнагоры,

частка Ушацка-Лепельскага ўзвышша, на Пн Беларусі, у паўд. ч. Віцебскай вобл. Выш. 175—200 м, найб: 228 м; над суседнімі нізінамі П.ў. прыўзнята на 50—60 м, над Лепельскім воз. больш чым на 80 м.

У тэктанічных адносінах прымеркавана да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Крышт. фундамент перакрыты асадкамі верхнявендска-ніжнекембрыйскага, сярэднедэвонскага і антрапагенавага комплексаў. Для антрапагенавай тоўшчы, магутнасцю каля 100 м, характэрны адклады нараўскага, бярэзінскага, дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. Сучасны ледавікова-акумулятыўны рэльеф створаны паазерскім зледзяненнем.

Паверхня П.ў. дробнаўзгорыстая, участкамі сярэднеўзгорыстая і платопадобная. Марэнныя ўзгоркі (выш. 5—7, радзей 10 м і больш) часта трапляюцца разам з камамі. Характэрны лагчыны сцёку. Узвышша складзена з валунных суглінкаў, месцамі з пясчана-галечнага матэрыялу, на асобных участках укрыта маламагутным покрывам з лёсападобных суглінкаў. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя сярэдне і слабаападзоленыя глебы, трапляюцца дзярнова-палева-падзолістыя на лёсападобных суглінках. Невял. ўчасткамі на марэнных узгорках захаваліся яловыя, на камах — хваёвыя лясы. Слабадрэнажаваныя платопадобныя ўчасткі заняты злакавымі сухадольнымі лугамі. Урадлівыя глебы разараныя.

Л.​К.​Кліцунова.

т. 13, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЧО́ЎСКА-ЖЛО́БІНСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войск правага крыла 1-га Бел. фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі) 21—26 лют. ў Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі арміі: 3-я, частка сіл 50-й і 48-й, 16-я паветраная. Ім процістаяла 9-я ням. армія групы армій «Цэнтр», якая займала 2 умацаваныя абарончыя паласы і моцныя вузлы супраціўлення ў Рагачове і Жлобіне. Мэта аперацыі: разграміць групоўкі праціўніка ў раёне Рагачова і Жлобіна, стварыць спрыяльныя ўмовы для наступлення на Бабруйскім напрамку. 21 лют. сав. войскі перайшлі ў наступленне і на працягу 2 дзён прарвалі абарону праціўніка, фарсіравалі Дняпро, перарэзалі чыгунку Магілёў—Рагачоў; 23 лют. падышлі да Рагачова і 24 лют. штурмам вызвалілі яго, прасунуліся да р. Друць, захапілі на правым і левым берагах Дняпра плацдармы праціўніка, падышлі да Жлобіна. У выніку аперацыі сав. войскі нанеслі вял. страты ням. арміі. 13 злучэнням і часцям, якія вызначыліся ў аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Рагачоўскіх».

Літ.:

Беларусь у Вялікую Айчынную вайну, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 517.

У.​І.​Лемяшонак.

т. 13, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)