Ра́жка, ра́шка, ря́шка ’цэбар’; ’драўляная нізкая пасудзіна, у якой замешваюць есці свінням’ (докш., в.-дзв., трак., вільн., рас., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.), ’кубелец для сала’, ’вялікая міска, цэбар, у якім даюць есці свінням’ (Сцяшк. Сл., Бяльк.), ’банны посуд’ (Касп.), ’мерка для зерня, бульбы ў 1,5 пуда’ (ТС), ’начынне для памыяў’ (Бес.), ’цэбрык з адным вухам, перан. морда’ (ПСл), ’цэбар’, ’галава’ (Сцяшк. Сл., Ян., Мат. Гом.), ст.-бел. ряжка (1690 г.), ражка (1550 г.), сюды таксама ра́жа ’кубел’ (Мат. Гом.), рус. дыял. ря́жка, ря́шка ’памыйны посуд, таз’, ’банная шайка, вядзерца, чарпак’, ра́жка ’рагатка’, ’невялікая скаба, якая злучае клёпкі бочкі пры надзяванні абручоў’, ’падстаўка ў выглядзе рагаткі, стойкі’, ’карыта для кармлення свіней’, укр. ряжа, ряжка ’чан’. Сцяцко (Сцяц. Нар., 93–94) лічыць памяншальна-ласкальным утварэннем ад ра́га ’ражка’, зафіксаванага беларускімі слоўнікамі 20‑х гадоў XX ст., якое, у сваю чаргу, з’яўляецца лексіка-семантычным утварэннем ад ра́га ’струменьчык вады’: раг‑ьк‑а > ражка. Няпэўна, хутчэй наадварот. Некаторыя тлумачаць слова як утварэнне ад рад1 (гл.), параўн. абруд узводзячы яго да *ob‑rǫdъ (Праабражэнскі, 2, 241; Трубачоў, Слав. языкозн., V, 176; ЭССЯ, 29, 118). Фасмер (3, 537) лічыў такую этымалагізацыю недастаткова аргументаванай. Магчыма, мае сувязь з рэ́дкі, параўн. рус. ре́жа, ря́жа ’рыбалоўная сетка з рэдкім пляценнем’ (< *rědi̯a, гл. Фасмер, 3, 460), параўн. таксама ра́жанка (гл.). Значэнне ’шырокі твар, морда; вялікая галава’ хутчэй за ўсё, позняе запазычанне з рускай, параўн. ра́жесть ’прыгажосць’, ’паўната’, ’тлустасць’, ра́жий ’вялікі, буйны (пра рэчы, прадметы)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

чвэрць, ‑і, ж.

1. Чацвёртая частка чаго‑н. цэлага. Па дарозе, якая цягнулася ад хутара Сяргея за чвэрць вярсты, палякі адыходзілі даўгоў, шэра-зямлістай істужкай. Нікановіч. Не болей чвэрці веку пражыў на свеце Лабановіч, а пабыць яму даводзілася шмат дзе. Колас. // Чацвёртая частка гадзіны (пятнаццаць мінут). Гадзіннік паказваў без чвэрці адзінаццаць. Новікаў.

2. Адзін з чатырох перыядаў, на якія ўмоўна падзяляецца навучальны год. Троек за чвэрць у Стасікавым дзённіку было толькі дзве. Навуменка.

3. Даўняя мера сыпкіх рэчываў, роўная 8 чацверыкам (каля 210 л). Прададзена чвэрць аўса.

4. Даўняя мера вадкасці, роўная чацвёртай частцы вядра (3,08 л); пасудзіна такой ёмістасці. // Пасуда такой ёмістасці з гарэлкай. Неяк Лявон паспрачаўся з мужчынамі на чвэрць гарэлкі. Асіпенка.

5. Старая мера даўжыні, роўная чацвёртай частцы аршына (17,775 см). Бяру аршын і правяраю сам. Дык што ж вы думалі? Ну й жулікі! Ну й чэрці! Недахапіла ў мяне там Ні больш, ні менш — тры чвэрці. Крапіва.

6. Старая мера зямлі, роўная 40 сажням у даўжыню і 30 у шырыню. Як бліжэйшыя сваякі, яны [Нічыпар і Лявон] арандавалі Гарасімаву паўвалоку па чвэрці кожны. Чарнышэвіч.

7. Спец. Мера музычнага часу, чацвёртая частка цэлай ноты.

8. Спец. Адна з чатырох фаз Месяца, вузкі серп Месяца ў першай ці апошняй фазе.

9. Спец. Паз прамавугольнага сячэння па канту дошкі для змацавання адной дошкі з другой. Выбіраць чвэрці.

•••

Тры чвэрці да смерці — пра слабага, хворага чалавека, якому мала засталося жыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сту́па ‘драўляная або металічная пасудзіна, у якой таўкуць што-небудзь таўкачом’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шат., Касп., Бяльк., Бес., Сцяшк., Сл. ПЗБ, Уладз., ТС; панёс., З нар. сл.), ‘прэс для выціскання алею’, ‘калода каля кузні для акоўвання колаў’, ‘прылада для збівання сукна’, ‘тоўстая жанчына’ (ТС), ‘пастка’ (ТС, Пятк. 1), ‘ход у гульні ў каменьчыкі’ (ТС, Рам. 8), ‘міска’ (гом., Рам. 8), сту́пка, памянш. да ступа (Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Федар. 6), ‘кубак, кружка’ (Жд. 1; слуп., староб., люб., ДАБМ, камент., 815), ‘сальніца’, ‘адтуліна ў жорнах’ (Мат. Гом.), сюды ж сту́піца ‘пастка на ласёў’ (Пятк. 1). Параўн. укр., рус. сту́па, стараж.-рус. ступа, ц.-слав. (XIV ст.) стѫпа, польск. stępa, в.-луж., н.-луж. stupa, чэш. stoupa, серб.-харв. сту̏па, славен. stọ́pa, балг. стъ́па, макед. стапица ‘пастка’. Прасл. *stǫpa запазычанне з германскіх моў, параўн. с.-н.-ням. stampe ‘ступа, трамбоўка’, англасакс. stampe, ст.-в.-ням. stampf (Кіпарскі, Gemeinslav., 266; Фасмер, 3, 788; тая ж крыніца паходжання ў Брукнера, 515; Бязлая, 3, 321; Трубачова, Ремесл. терм., 68–69). Мартынаў (Лекс. взаим., 75–76) лічыць запазычаннем сярэдняй ступені надзейнасці. Спрадвечнаславянскае паходжанне слова дапускаюць Праабражэнскі (2, 408), Младэнаў (616), Махэк₂ (580), ад ступаць. Гл. таксама агляд версій: Шустар-Шэўц, 1371; ЕСУМ, 5, 458–459.

Ступа́ ‘тэмп руху пры хадзьбе, яздзе на кані; крок’ (ТСБМ, Гарэц., Некр., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), ‘раўнавага ў руху ў часе’ (Ласт.), ‘ступня’ (Сцяшк., ТС), (ісці, ехаць) ступо́й і ступо́ю ‘павольным крокам; самым павольным алюрам’ (ТСБМ, ТС, Бяльк.). Аддзеяслоўны дэрыват з суф. ‑а ад ступаць (гл.); у прыслоўе перайшоў Тв. скл. гэтага назоўніка. Да значэння ‘крок’ параўн. укр. ступ, балг. стъ́пка, макед. стапка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пузы́р1 ’пухір’ (ТСБМ; Сл. ПЗБ; ТС; міёр., З нар. сл.), ’пухір у рыбы’ (ЛА, 1), ’пухір у свінні’ (Маш.), ’вадыр, пухір на скуры’ (ЛА, 3), ’бурбалка’ (маг., гом., ЛА, 2; Сл. ПЗБ) ’паветраны шар’ (Сл. рэг. лекс.), ’асінае гняздо’ (Сл. ПЗБ) ’пасудзіна для газы ў лямпе’ (Сіг., Шат.), пузы́рь ’тс’ (Бяльк., Растарг.), ’чэрава, пуза’ (Нас.), пузы́р ’тоўсты хлопчык’ (міёр., З нар. сл.), пузыро́к ’агурочак’ (Мат. Гом.), ’шкло ў лямпе’ (Мат. Маг.; Бяльк.), ’ніжняя шырокая частка збанка’ (бяроз., Шатал.), укр. пузи́р ’пухір’, рус. пузы́рь ’тс’. Паводле Бузука (Асн. пыт., 49), пузы́р < *пусы́рь (< і.-е. peus‑) у выніку дыстантнай асіміляцыі (“глухое с пад уплывам наступнага р перайшло ў звонкае з”), або дысіміляцыя з пачатковым n, параўн. літ. pusti ’дуць’, pùsti ’надувацца’; іншыя версіі (гл. Фасмер, 3, 403, з літ-рай) — ад пуза (так яшчэ Міклашыч, Праабражэнскі) або ад пухі́р (Патабня). Адносна апошняга (гл.) Бузук (Асн. пыт., 49) мяркуе пра паралелізм с/х яшчэ ў праславянскай мове. В.-луж. puzor ’бурбалка на вадзе’ дазваляе рэканструкцыю прасл. *puzytъ (Шустар-Шэўц, 2, 1196; ЕСУМ, 4, 628).

Пузы́р2 ’воблака; хмара’ (бялын., ЛА, 2, Нар. сл.; Жд. 2), пузыро́к ’невялікая хмарка, з якой ідзе дождж’ (круп., бялын., ЛА, 2) ’белая кучавая або дажджавая хмара’ (бялын., Нар. сл.), ’похмарак, хмарка’ (карм., Мат. Гом.). Відаць, да пузыр1 (гл.) у выніку вобразнага пераносу, параўн. іншыя назвы: бу́лава (небо ў бу́лавах; ці няма тут сувязі з балг. було ’вэлюм’: небето се забулва ’неба зацягваецца хмарамі’?), бугры́, бугракі́ і пад. (ЛА, 2).

Пузы́р3 ’ногаць, пазногаць’ (Сцяшк. Сл.). З пазу́р (гл.) з частковай метатэзай, параўн. пувак ’павук’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́тка1, ла́тачка, ла́дка ’гліняная або драўляная міска’ (Бяльк.; шкл., Мат. Маг.; паўд.-усход. КЭС; паст., брасл., лудз., глыб., Сл. паўн.-зах.), ’гліняная глыбокая міска (з загнутымі краямі)’ (Др.-Падб., Юрч., Малч., Нас., Касп., Мікуц., Мат. Гом.), ’вялікая міска’ (мядз., Жд. 2; браг., Нар. лекс.), в.-дзв.пасудзіна з абабітымі краямі’, чыж. ’невялікі збан з адной ручкай’, в.-дзв., паст. ’цёрла’ (Сл. паўн.-зах.), клім. ’талерка’ (Нар. словатв.). Укр. латняк ’той, хто рамантуе гаршкі’, рус. латка, ладка ’латка’, польск. łata, łatka, łotka, н.-луж. łacywa, чэш., славац. látka, серб.-харв. latka, ladka, макед. латка, ст.-слав. латъка. Памяншальная форма ад прасл. laty, latъve (параўн. ст.-слав. латы, латъве, ц.-слав. латы, латовь, славен. látva, látvica, харв. Latvica (назва вёскі), макед., балг. латвица), роднаснымі якому з’яўляюцца літ. luõtas ’човен’, с.-в.-ням. lade ’дошка, аканіца, драніца’ (Фасмер, 2, 465; Слаўскі, 5, 39). Інакш Махэк₂ (322), Брукнер (307), а таксама Трубачоў (Ремесл. терм., 219–221), які, даводзячы другаснасць даўжыні слав. läty, робіць магчымым парадніць прасл. laty і lotъkъ > бел. латак і для апошняга дапускае першаснае значэнне, звязанае з паняццем ’гліна’, ’зямля’ (параўн. бел. латачына ’лагчына’), а далей супастаўляе прасл. lotъ/lotъkъ/lotokъ з герм. laþjon (ням. Letten ’гліна’). Развіццё семантыкі прасл. laty: ’гліняны сасуд’ > ’латак, карытца’.

Ла́тка2 ’аладка’ (Бяльк.). Да ла́дка (гл.).

Ла́тка3 ’кучка саломы, сена’ (Жд. 1), ’пярэбірак’ (слуц., Сл. паўн.-зах.). Паводле Слаўскага (5, 37), да ла́та1 (гл.).

Ла́тка4 ’складка’ (капыл., Сл. паўн.-зах.). Да ладачка (гл.).

Ла́тка5 ’лапік’ (ТСБМ). Да ла́та1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́ква ‘від гародніны’ (Бес.), ‘посуд з гліны для алею’ (Ян.). Параўн. укр. ти́ква, ти́квиця ‘гарбуз’, ‘пасудзіна для вады, віна’; рус. ты́ква ‘гарбуз’, стараж.-рус. тыкы, тыкъвь, тыкъва, ц.-слав. тыкы, тыковь, тыкъве ‘тс’, польск. tykwa (zwyczajna) ‘гарлянка, Lagenaria vulgaris Ser.’, старое польск. таксама tykwia ‘тс’; ст.-польск. (XV ст.) tykwa ‘нейкі сорт груш’, ‘гарлянка’, ‘гурок, Cucumis sativus’, tykwa (włoska) ‘кавун, Citrullus vulg.’, каш. tëka, tëkva ‘вялікія прадаўгаватыя грушы’, славін. tëka ‘сорт асенніх груш’, чэш. tykev, мар. tykva ‘гарбуз’, славац. tekvica ‘тс’, ‘кабачок’; славен. tȋkva ‘гарбуз’, перан. ‘мазгаўня’, ‘бутэлька’, tikváča ‘чэрап’, tikveníca ‘сорт груш’, tȋkvešnica ‘нейкі сорт яблык’; харв. tȉkva, серб. ти̏ква ‘гарлянка’, ‘гарбуз’, ‘сасуд з гарбуза’, ‘сіфон для набірання віна з бочкі’, перан. ‘дурная мазгаўня’; макед. тиква ‘гарбуз’, ‘дурань’, балг. тѝква ‘тс’. Дапускаецца прасл. *tyky, *tykъve (якое не зусім яснае этымалагічна) ‘гарлянка’, ‘гарбуз’ ці падобныя да іх расліны, што паходзяць з паўднёвых краін. Назва, прынятая славянамі, магчыма, базіруецца на даіндаеўрапейскай (пелазгійскай) назве, роднаснай той назве, да якой узыходзяць ст.-грэч. σικύα ‘гарлянка, Lagenaria vulgatis’, σίκυος, σικός ‘гурок’, ‘дзікі гурок, Ecbarium elaterium’, лац. cucumis, cucumeris ‘тс’ (SEK, 5, 143; Бязлай, 4, 180), ficus, арм. t‘uz ‘тс’ (Фасмер, 4, 130; Гиндин, ЭИРЯ, 2, 1961, 88); Скок (3, 469) прыцягвае сюды яшчэ італ. zucca ‘гарбуз’, франц. дыял. tüko ‘тс’. Іліч-Світыч (ЭИРЯ, 1, 21) выказвае ідэю аб славянскім паходжанні слова тыква, супастаўляючы яго з *tykati ‘тыкаць’, *tyky ‘тычкі, слупы’, матывуючы тым, што гарбузы сеяліся ўздоўж платоў, за якія яны чапляліся, і віселі на іх. Агляд версій гл. ESJSt, 17, 1002; Арол, 4, 125.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ме́ра, ‑ы, ж.

1. Адзінка вымярэння. Меры даўжыні. Мера часу.

2. Народная назва адзінкі ёмістасці для чаго‑н. сыпучага, якая раўнялася прыблізна пуду збожжа; пасудзіна, якой мералася што‑н. сыпучае. Мера мукі.

3. Тое, чым вымяраюць што‑н.; мерка, крытэрый. Вымяраць кожны свой крок высокай мерай ідэалаў камунізма — такое патрабаванне ленінскай навукі кіравання будаўніцтвам новага грамадства. «Звязда».

4. Велічыня, ступень. Аканом меў дачыненні да Сімонавых спраў у такой жа меры, як Сімон да спраў Дгебуадзе. Самуйлёнак. // перан. Вызначаны рубеж, граніца. Мера цярплівасці.

5. Дзеянне або сукупнасць дзеянняў, сродкаў для ажыццяўлення чаго‑н. Прыняць меры. Вышэйшая мера пакарання. □ Папярэджанне, вымова, штраф на некалькі працадзён былі частымі мерамі ўплыву на нядбайнікаў. Дуброўскі.

•••

Квадратныя меры — меры плошчы.

Кубічныя меры — меры аб’ёму.

Лінейныя меры — меры даўжыні.

Метрычная сістэма мер гл. сістэма.

Без меры — а) у вялікай колькасці, вельмі многа; б) у вялікай ступені, бязмерна.

Ведаць (знаць) меру гл. ведаць.

Канца-меры няма гл. няма.

Мера і вера — дакладна. — А колькі табе, Андрэй, [за малатарню] плаціць? — запытаўся Юзік у Пошты. — У мяне мера і вера: пуд у дзень давай. Крапіва.

Не ў меру — больш, чым трэба.

Ні ў якой меры — ніяк, ніякім чынам.

Па меншай меры — не менш чым. [Галчанаў:] — Цяпер я быў бы па меншай меры дырэктарам завода. Васілёнак.

Па меры сіл (магчымасцей) — адпаведна з сіламі, з магчымасцямі.

Перабраць меру гл. перабраць.

Поўнаю мераю (плаціць) — столькі ж, колькі было атрымана.

У адной меры — без змен.

У меру — дастаткова. [Цімафей Міронавіч] убачыў жанчыну пакору і звярнуўся да яе тонам у меру строгім, але такім, які даваў зразумець, што .. усё ідзе па-ранейшаму. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рог 1, ‑а, М розе, м.

1. Цвёрды выраст з касцявога рэчыва на галаве ў некаторых жывёл. У войта і Бруя было па пары жадных валоў, адкормленых і з вялікімі рагамі. Колас. Гордая галава [аленя], упрыгожаная раскідзістымі рагамі, была крыху прыўзнята, вушы насцярожаны. В. Вольскі. // Пасудзіна для піцця (спіртных напіткаў) на ўрачыстасцях, зробленая з такога касцявога выраста. Я піў рачную плынь кіпучую, Шум хваляў дальніх берагоў, Піў на сустрэчах, на заручынах Віно з біклагаў і разоў. Танк. Рог па кругу пойдзе з хмелем, Бо, як водзіцца ў кра[і], — На радзіны і вяселле Тую бочку дастаюць. Прыходзька.

2. Музычны або сігнальны інструмент у выглядзе сагнутай трубы з расшыраным канцом. Паляўнічы рог. □ На вуліцы працяжна і зычна зайграў у свой берасцяны рог пастух Даніла. Якімовіч.

3. Востры загнуты канец чаго‑н. Рог пячных вілак.

•••

Абламаць (пазбіваць) рогі гл. абламаць.

Браць (узяць) быка за рогі гл. браць.

Загнаць у казіны рог гл. загнаць.

Наставіць рогі каму гл. наставіць.

Сагнуць (скруціць) у бараноў рог гл. сагнуць.

Скруціць чорту рогі гл. скруціць.

рог 2, ‑а; мн. рагі, ‑оў; м.

1. Месца, дзе сыходзяцца, сутыкаюцца два знешнія бакі аднаго прадмета; вугал. Клятчастая хустка толькі адным рогам ляжала на шыі. Кулакоўскі. На рагу стала ляжаў нейчы капшук, ружовы, з нейкімі вышытымі кветкамі. Лынькоў. За бляшанымі пірамідамі дахаў удалечы быў відаць рог будынка вакзала. Мележ.

2. Месца, дзе збягаюцца дзве перпендыкулярныя вуліцы. Прыпыніўшыся на рагу вуліцы, Наталля Максімаўна пачакала, пакуль пройдзе калона аўтамашын з вайскоўцамі. Дудо. На рагу акурат і стаяла змайстраваная з шалёўкі пабеленая знадворку будыніна з шыльдай: «Цырульня». Сабаленка. З-за рога выязджала ўжо, буксуючы ў снезе, машына. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калба́н ’гладыш’ (Касп., Мат. Маг.), колбанец ’тс’ (Нас.), калбанпасудзіна з прутоў або саломы ў выглядзе гладыша’ (Касп.), ’штучнае гняздо з саломы ў выглядзе конуса’, сюды ж празрысты перанос назвы калбанчики ’расліна Campanula’, параўн. рус. колбочки ’расліна Trollius europaeus’, ’пладовыя шышкі гэтай расліны’. Рус. смал. колбан ’гліняны або металічны гладыш, гарлач велізарных памераў’, больш далёкія — наўг. колбик ’вузкагорлы гліняны гладыш, які пашыраецца ўніз у форме шара’, ’гладыш для алею’, маск. колбушка ’канічны гладыш з вогнетрывалай гліны’. Цыхун (Бел.-польск. ізал., 149) суаднёс калбан з укр. ковбан ’цурбан, калодка’, рус. колбяк ’цурбан, балван’, бел. коўб ’страўнік жывёлы’ і інш., якія, на яго думку, узыходзяць да ўсх.-слав. колб ’шар, круглы і тоўсты канец чаго-н.’ што патрабуе ўдакладнення. Як быццам існаванне ўсх.-слав. колб асобых сумненняў не выклікае. Параўн. рус. вяц. колба ’фігура ў форме невялікага шара’, ’патоўшчаны шарападобны канец палкі’, ’шарык як упрыгожанне ў розных вырабах’, кастрам. ’галава’, астрах, колбан ’абрубак дрэва, дошкі і да т. п.’, сарат. колбешка ’невялікі абрубак дрэва, дошкі’, валаг. колбочка ’мясісты кончык носа (у чалавека), с колбочкой ’з лішкам, вышэй краёў’, валаг. колбушка ’верацяно з вялікай колькасцю напрадзеных нітак’ і інш. Укр. гуц. ковбок ’больш тоўстая частка дрэва, ужо адрэзаная ад верху’, бойк. ко́вбиця, коўбчик ’тс’. У прынцыпе калбан і інш. назвы посуду маглі ўтварыцца натуральна ад асновы колб‑. У якасці семантычнай паралелі можна прывесці ням. Kolbe, Kolben ’дубінка’, ’булава, паліца’, ’галоўка, шышка’ і Kolben ’колба (хімічны посуд)’. Аднак бел. і рус. назвы посуду могуць быць параўнальна познімі, г. зн. запазычанымі з ням. як тэхнічныя тэрміны. Параўнальна вузкая геаграфія распаўсюджання такіх назваў посуду як быццам пацвярджае магчымасць запазычання. У рус. пісьмовых помніках слова сустракаецца ў другой палавіне XVII ст. (існуе версія аб запазычанні ў канцы XVIII ст.; Шанскі, II, К, 195). Тэарэтычна нельга выключыць і магчымасці ўзаемадзеяння запазычанага слова з славянскім, што дапамагло б вытлумачыць фармальную розніцу ням. і рус. слоў. Звяртае на сябе ўвагу таксама паслядоўнае супадзенне назваў посуду і слав. дэрыватаў ад колб‑: калуж. колба ’бутля’, ’шар’, наўг. колбик ’гладыш’, новасіб. ’каўбаса асобага прыгатавання’, перм. колбушка ’абрубак дрэва’, маск. ’гладыш канічнай формы’, смал. калбан ’гладыш’, уральск. калбан ’тоўсты абрубак дрэва’. Гэтыя факты вельмі падазроныя, хоць магчымасці трансфармацыі запазычанага слова выключыць нельга, у тым ліку і пад уплывам слав. слоў, як гэта мяркуецца. Адносна ўсх.-слав. колб‑ гл. падрабязней пад каўбух.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыд ’выраз у ніжняй частцы бочкі ці цэбра, у які ўстаўляюць дно’ (Мат. Маг.), прыд, прыдо́к ’край у дне драўлянай пасудзіны’ (Нас.), прыды́ ’выразанае заторам шнуравіднае заглыбленне ўнізе драўлянай пасудзіны, куды ўстаўляецца дно’ (Мядзв.); з працягам і развіццём семантыкі прыд ’пруг, край палатна’: не садзіся на край красён — прыд адціснеш (Бяльк.). Разам са смал. прид ’ніжняя частка бочкі (разам з днішчам)’ утварае адзіны арэал. Узыходзіць да прасл. *pridъ, дзе pri‑ — прэфікс, а d‑ — нулявая ступень кораня *dě(ja)ti < і.-е. *dhe‑ ’ставіць, класці; рабіць, дзейнічаць’ ці *dati ’даць’ < і.-е. *dō‑, прадстаўленне, напр., у такіх праславянскіх лексемах, як *sǫ‑dъ ’суд; пасудзіна’, *obъ‑do ’скарбніца’, *na‑da ’надзея; настаўка, дадатак; сталь’ і інш. (падрабязна гл. Пятлёва, ОЛА, Исследов., 1994–1996, 207–209 з амаль вычарпальнай папярэдняй літ-рай; без уліку беларускага матэрыялу). У зах.- і паўд.-слав. мовах зафіксаваны фармальна ідэнтычныя лексемы, але з семантыкай, якая істотна адрозніваецца ад папярэдняй: чэш. příď ’пярэдняя частка; нос (судна)’, каш. přid ’даплата пры куплі’, балг. прид ’прыданае і пад.’, дыял. (Самоков) прит ’дадатак (пры размене)’, серб.-харв. при̂д, ж. р. при́да ’прыдача (пры абмене); прыбаўка (пры куплі-продажы)’, славен. prìd, prída ’карысць’, дыял. pŕda ’адзенне, якое нясуць за нявестай у дзень вяселля’ (< *pridъ ’тое, што прыбаўляецца, дадатак, карысць’, гл. Бязлай, 3, 120–121); стараж.-рус. придъ ’прыбытак, карысць’, ц.-слав. придъ ’абмен’ (’прыдача’). Семантычная калізія вырашалася па-рознаму. Так, Запрудскі (дыс., 86–87) узводзіў, як, дарэчы, і Скок (1, 382), серб.-харв. словы да прасл. *pridъ з коранем d‑, а бел. прыд прапанаваў суаднесці з брыды́ ’канцы клёпак ля дна кадушкі’ (гл.), дзе аглушэнне пачатковага б такое ж, як і ў пары бро́варпарыц. про́вар (Некр.), што, зразумела, вельмі няпэўна — і не толькі з-за адзінкавасці фіксацыі. Пятлёва, аналізуючы гэтыя лексемы з боку суадноснасці іх з семантыкай дзеясловаў *dě(ja)ti < і.-е. *dhe‑ ’ставіць, класці; рабіць, дзейнічасць’ і *dati ’даць’ < і.-е. *dō‑, лічыць, што *pridъ магчыма звязаць як з першым значэннем ’штосьці прыстаўленае, дададзенае, прыробленае’ альбо ’дададзенае, прыбаўленае’ (магчыма, пра днішча ці, дададзім, пра нос (судна), як у чэшскай), так і з другім — у гэтым выпадку гаворка пойдзе пра адзіны *pridъ з двума значэннямі ’прыдача, прыбаўка’ і ’ніжняя частка бочкі з днішчам’ (там жа, 209). Інакш БЕР, 5, 706–707, дзе балг., серб.-харв. і стараж.-рус. лексемы (іншыя славянскія не адзначаны) лічацца аддзеяслоўнымі ўтварэннямі ад прасл. *pridāti. Паводле Папоўскай–Таборскай (SEK, 4, 128), каш. přid ’даплата; дадатак’ і адпаведныя формы з гэтым значэннем у іншых славянскіх мовах, насуперак Трубачову (Слав. языкозн., V, 182), не звязаны са словам. Спецыяльна пра польск. дыял. przyd гл. Шыманскі, JP, 53, 1973, 48–50. Параўн. прыда́нае (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)