Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Скрыня (пасудзіна) 9/565
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЯК,
ганчарны выраб; гліняная пасудзіна для захоўвання і транспарціроўкі вадкіх рэчываў — алею, квасу, вады і інш. Часам у ім заварвалі чай, настойвалі зёлкі. Шарападобная, радзей крыху падоўжаная пасудзіна з кароткім вузкім горлам з літком або без яго, з 1—2 ручкамі. Памеры ад цацачных (0,1 л) да вялікіх (8—10 л). Рабілі глякі чорна-задымленыя, паліваныя, зрэдку гартаваныя, упрыгожвалі глянцаваным і лінейна-хвалістым контррэльефным арнаментам, ангобнай размалёўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАНЕ́Ц,
украінскі ганчарны посуд. У аснове формы — традыцыйная пасудзіна-бочачка ў выглядзе барана. Упрыгожваецца лепкай і размалёўкай, каляровай палівай. З 15 ст. атрыбут, звязаны з абрадамі сватаўства і вяселля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЬЯ́ЧКА,
гліняная пасудзіна, якая са стараж. часоў выкарыстоўвалася ў ювелірнай справе для разліўкі расплаўленых каляровых металаў. Узнікла ад тыгля з ручкай. 3 развіццём ювелірнай справы ўдасканальвалася. Паводле формы падзяляюцца на лыжкападобныя з закрытым верхам і масіўнай утулкавай ручкай (11 ст.), выцягнутая закрытая пасудзіна авальнай формы з дзвюма круглымі адтулінамі і ручкай (11—12 ст.), моцнапаглыбленая лыжка з плаўным пераходам корпуса ў ручку (13—14 ст.). Ва ўсх.-слав. гарадах 11—14 ст. знойдзена больш за 150 Л. На Беларусі знойдзены ў Віцебску, Гродне, Лукомлі, Навагрудку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАТЭ́Р (грэч. kratēr ад kerannymi змешваю),
старажытнагрэчаская керамічная, радзей метал. або мармуровая пасудзіна для змешвання віна з вадой. Меў ёмісты корпус, шырокае горла, 2 ручкі і ножку. Керамічныя К. аздабляліся размалёўкамі, метал. — рэльефамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОЎШ,
1) пасудзіна лодкападобнай формы для піцця, найчасцей выдзеўбаная з дрэва. Шырока выкарыстоўвалася да 20 ст. 2) Стальная або чыгунная пасудзіна для кароткачасовага захоўвання, транспартавання і разліўкі расплаўленых металаў, шлакаў і штэйнаў. Унутры звычайна пакрываецца вогнетрывалым матэрыялам. Бываюць ручныя (да 60 кг), перасоўныя па манарэйцы (да 120 кг), маставымі кранамі і чыг. цялежкамі (да 500 т). Вакуум-К. з дапамогай вакуумнай помпы выцягвае расплаўлены метал (алюміній, магній і інш.) з ваннаў.
3) Рабочы орган землярыйных і пад’ёмна-трансп. машын (экскаватараў, драг, грэйфераў, землечарпальных снарадаў, норый, пагрузчыкаў, элеватараў).
Коўш: а — сталеразлівачны; б — экскаватарны (1 — каўшовы цыліндр, 2 — плячо маніпулятара, 3 — корпус каўша).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПАЎКА,
у беларусаў выдзеўбаная з ліпы ці з вольхі пасудзіна на мёд ёмістасцю да 2 вёдзер. У сырой калодзе выдзёўбвалі асяродак, павольна высушвалі яе. Распарыўшы сценкі, устаўлялі дно; на пасудзіну нацягвалі абручы. Пашырана да сярэдзіны 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ДРЫЯ (грэч. hydria ад hydōr вада),
старажытнагрэчаская пасудзіна для вады, найчасцей керамічная. Падобная на амфару, але з моцна расшыраным уверсе тулавам, больш вузкім і высокім горлам. Мела 2 гарызантальныя па баках і 1 вертыкальную ручкі. Сценкі гідрыі часта ўпрыгожвалі размалёўкай.