чарка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Невялікая шкляная пасудзіна на ножцы для піцця спіртных напіткаў. Услед за тостам усе чаркі пацягнуліся да Міхедавай, якую ён падняў і з якое праз беражкі вылівалася пітво, бо рука калацілася. Сабаленка. Гэй, поўныя чаркі Дружней налівайце, Ад сэрца, музыкі, Спявайце, іграйце! Танк. Але, выпіўшы другую чарку, [Міхал] нахмурыўся і зноў пачаў пра сваё. Карпаў.

2. Разм. Спіртное; выпіўка. Платы не браў, таму кожны пацыент або яго родныя частавалі Марціна, і без гарэлкі, вядома, не абыходзілася. Гэта Марцін прымаў як заслужанае і з цягам часу прывык да чаркі. Чарнышэвіч. Бяздзетны шляхціц Зыгмусь, гарбаты і нізкі, расчырванелы ад чаркі, грукае кулаком па стале. Наўроцкі.

•••

Глядзець у чарку гл. глядзець.

Заглядаць у чарку гл. заглядаць.

За чаркай — у час выпіўкі, за сталом з гарэлкай і закускамі.

Куляць чарку гл. куляць.

Пад чаркай — п’янаваты.

Прыкладвацца да чаркі гл. прыкладвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)