Аба́бак ’падбярозавік, Boletus scaber’. Ці суадносіцца з абабак ’бабка, укладка снапоў на полі’ («Ставіць снапы ў абабак»), (а)бабак ’ахапак ільну’, абабка ’абадраны ліпавы або вязавы пень, на якім расце сучча’. Больш верагодна Мяркулава, Очерки, 176–177, якая звязвае абабак з бабець ’маршчыніцца’ (гл.), параўн. рус. арх. обабня ’вялікі грыб’. Слова, відаць, пераважна беларускае і рускае (зах. і паўн.). Параўн., аднак, чэш. obabka ’грыб’, якое разам з рускімі словамі Кіпарскі (NM, 53, 441) адносіць да баба ’пень’ (як рус. опёнок да пень) (гл. Якабсон, Word, 7, 187). Спрэчна. Усх.-слав. баба, бабка часцей назва грыбоў (параўн. бел. бабка ’абабак’). Лінгвагеаграфія слова не дазваляе яго лічыць праславянскім.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АСУШЭ́ННЕ,

адвод лішніх паверхневых і грунтавых водаў з пераўвільготненых зямель, адзін з відаў меліярацыі. Ажыццяўляецца з дапамогай асушальнай сістэмы. Дазваляе асвоіць новыя землі, павысіць іх урадлівасць, рацыянальна выкарыстоўваць сродкі механізацыі і хімізацыі. Аб’екты с.-г. асушэння — балоты і забалочаныя або залішне ўвільготненыя (часова ці пастаянна) землі. Праводзіцца таксама пры буд-ве, торфаздабычы, асваенні радовішчаў карысных выкапняў, ахове ад падтаплення населеных пунктаў і прамысл. аб’ектаў, у лясной гаспадарцы, з санітарна-аздараўленчымі мэтамі. Асн. спосабы асушэння: стварэнне адкрытай (каналы) і закрытай сетак (трубчасты, кратовы, шчылінны дрэнаж) з вертыкальным дрэнажом. Дадаткова робяць штучныя лагчыны, нагорныя каналы, закрытыя збіральнікі, самацёчныя свідравіны, абвалаванне, польдэры, пасадкі дрэў і інш.

Асушэнне рабілі за 3 тыс. г. да нашай эры ў Егіпце (Фаюмскі аазіс), ганчарны (Месапатамія) і мураваны (Рым) дрэнаж — за 2 тыс. г. да нашай эры. У 16 ст. нашай эры з’явіліся першыя дрэны з керамічных трубаў (Англія), з канца 18 ст. асушэнне праводзілі адкрытымі каналамі. У 19 ст. ў Еўропе і ЗША пашырыўся керамічны дрэнаж. Найб. асушаных зямель у ЗША, Канадзе, Японіі, Індыі, Нідэрландах, Вялікабрытаніі, Польшчы, Венгрыі, Швецыі, Германіі і інш.

У Беларусі асушэнне праводзіцца з канца 18 ст., найперш на Палессі. Асушальная сетка пабудавана на 3,8 млн. га (1994), з іх 2,8 млн. га с.-г. ўгоддзі (40% ворыва, 28 — сенажаць, 27 — паша, 5% інш.).

Найб. асушаных зямель у Брэсцкай (25,3%) і Мінскай (23,6%) абласцях.

Літ.:

Маслов Б.С., Станкевич В.С., Черненок В.Я. Осушительно-увлажнительные системы. М., 1981;

Аношко В.С. Мелиоративная география Белоруссии. Мн., 1978.

Б.Я.Кухараў.

Да арт. Асушэнне: пракладка асушальнага канала (злева); укладка керамічнага дрэнажу.

т. 2, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Заста́ва ’месца ўезду ў мясцовасць і яго ахова’. Рус., укр. застава ’тс’, укр. яшчэ ’залог; харугва’, польск. zastawa ’заслон’, уст. ’залог’, ’сталовы прыбор’, ’плаціна’, серб.-луж. zastawa ’шчыт (у плаціне)’, в.-луж. яшчэ ’залог’, чэш. zástava ’залог’, кніжн. ’сцяг, харугва’, ’натуральная перашкода з дрэў, крыг і г. д.’, славац. zástava ’сцяг’, уст. ’залог’, славен. zastȃva ’сцяг’, ’залог’, ’укладка’, серб.-харв. за̑става, за̏става ’сцяг’, балг. заста̀ва ’застава’, ’хмара, што закрывае сонца’. Ст.-рус. застава ’атрада які ахоўвае войска на маршы ці на месцы’ (XII–XV стст.), ’пост пры ўездзе ў мясцовасць’ (XVI–XVII стст.). Утворана ў прасл. з тэмай ‑a ад дзеяслова zastaviti, прэфіксальнага вытворнага ад staviti (гл. ставіць) ’ставіць нешта на шляху, выстаўляць нешта’ з далейшай спецыялізацыяй значэння ва ўсх.-слав. мовах (> балг.). Шанскі, 2, З, 63, БЕР, 1, 611.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казачо́к1 ’народны танец з паступова нарастаючым тэмпам, а таксама музыка для гэтага танца’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.; віц., КЭС; Мат. Гом., Сержп. Грам., Шат.). Калі слова — не беларускі наватвор ад казак у гэтым жа значэнні, то, паводле лінгвагеаграфічных даных, можна меркаваць аб уплыве рус. гаворак, аднак аб геаграфіі рус. слова нельга сказаць нічога пэўнага. Даль (2, 177) адзначае: «казачок… известный вид пляски, перенятой у казаков». Аб этымалогіі гл. казак2.

Казачо́к2 ’васьмушка, 1/8 куб. сажня дроў, прыблізна адзін воз’ (Бяльк., Шат.), ’мера каля 2 вазоў’ (Жд. 2) ’мера дроў, 1/16 кубічнага сажня’. Можна меркаваць аб сувязі з каза1 (утваральнай аснове каз‑), параўн. бел. гом. казёл ’мера дроў, 2,5 м³, рус. арханг. козлец ’маленькі воз сена’. Аб тэрміналагічных утварэннях ад такой асновы гл. казак, казакі. Што датычыцца матывацыі ўтварэння, ёсць тэрміны-дэрываты ад каза, казёл, якія абазначаюць спецыяльную (напрыклад, для аховы ад дажджу) укладку снапоў у полі, рус. складывать в козлы ’складваць адзін кусок торфа на другі сценкай’ (м.-арханг., арл.) і ’складваць цагліны, укладваючы адны плазам, а другія стаўма так, каб паміж імі заставаліся прамежкі для доступу паветра’ (маск.). Матывацыя такая ж, што і тэрмінаў, якія абазначаюць перакладзіны, Т‑падобныя прыстасаванні і сувязь з лексемамі каза, казёл відавочныя. Можна дапусціць, што спецыяльная (для прасушкі) укладка дроў у лесе была аднаго канкрэтнага памеру, што пры ўмове наймення такой укладкі дэрыватам ад каза1 магло прывесці да ўтварэння назвы меры. Зразумелым становіцца і дробнае (ад сажня) значэнне меры. Рус. арханг. козлец ’маленькі воз сена’ можна разумець як аргумент на карысць гэтай жа этымалогіі (< козлецукладка снапоў’). Падобны тэрмін мог паходзіць непасрэдна ад козлец (< козел) дзякуючы сваім зааморфным прыкметам (форма палазоў і інш.). Паколькі такога роду ўтварэнні (гл. тэрміны ад каза1 ў бел.) вядомыя, параўн. рус. дыял. казак ’рагуліна, ручка ў сахі, якой араты трымае саху’, можна меркаваць і аб спецыфічнай назве воза, як спецыяльнага, каб вазіць дровы, так і маленькага (які мог атрымаць такое найменне не толькі па яўна зааморфных адзнаках, але і ў кантэксце параўнання з вялікім возам), у тым ліку і ручных санак (саматужак). Што датычыцца апошняй рэаліі, то магчымая сувязь назвы каза, якая адзначана для маленькіх санак, з каза1 магла быць вельмі ўскоснай. Бел. казачок ’мера каля двух вазоў’ можна разглядаць як развіццё значэння слова паводле другой версіі або як аргумент на карысць першай: тады казачокукладка дроў, якая размяшчаецца на адным (двух) возе’. Статус бел. слова не зусім ясны — рус. паралелі дазваляюць меркаваць, што намінацыі такога тыпу былі вядомы больш шырока на ўсх.-слав. тэрыторыі. Магчыма, гэта выклікана спецыяльным характарам слова і наступнай яго экспансіяй, аднак аб цэнтры (у сэнсе зыходнага пункта) інавацыі меркаваць як у гэтым, так і ў іншых выпадках такога тыпу вельмі цяжка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стог ‘вялікая капа сена, саломы’ (ТСБМ, Нас., Шат., Байк. і Некр., Бяльк., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), дыял. таксама ‘сцірта’, ‘капец’, ‘укладка дроў’ (Сл. ПЗБ). Параўн. укр. стіг, рус. стог, рус.-ц.-слав. стогъ, польск. stóg, в.-луж. stóh, н.-луж. stóg, чаш., славац. stoh, серб.-харв. сто̂г і сто̏г, славен. stȍg, балг., макед. стог. Прасл. *stogъ ‘сцірта сена, саломы і да т. п., якая ўложана вакол кала, шаста’ < і.-е. *stogo‑, роднаснае ст.-ісл. stakkr ‘стог сена, пласт’, staki ‘кол, жэрдзь’, гл. Младэнаў, 669; Тэрас, ZfslPh, 19, 122 і наст.; Борысь, 579. Параўноўваюць яшчэ з літ. stógas ‘страха’, ст.-прус. steege ‘адрына’, ст.-інд. sthágati ‘укрывае’; Фрэнкель, 911; Траўтман, 288. Супраць Покарны, 1013; гл. Фасмер, 3, 763 з аглядам літ-ры; Шустар-Шэўц, 1159; Бязлай, 3, 319; Махэк₂, 578–579; ЕСУМ, 5, 418. Роднаснае стажар (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КАМУНА́ЛЬНЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны для сан. ачысткі населеных пунктаў, рамонту і ўтрымання гар. дарог і будынкаў, догляду за зялёнымі насаджэннямі.

Для збору і вывазу цвёрдых быт. адходаў (ЦБА) прызначаны машыны на шасі аўтамабіляў і трактароў: збіральныя з бакавой або тарцовай загрузкай (абсталёўваюцца захопамі-маніпулятарамі для падняцця і выгрузкі кантэйнераў у герметычны кузаў, дзе ЦБА ушчыльняюцца спец. плітой ці ротарам); транспартныя, закрытыя кузавы якіх маюць люкі для загрузкі ЦБА у пунктах перагрузкі або сарціроўкі. Для ачысткі калодзежаў ліўневай каналізацыі выкарыстоўваюць глеясосныя машыны з герметычнай цыстэрнай, помпавай устаноўкай і шлангам для забору глею; для прачысткі труб гар. каналізацыі — машыны гідрадынамічнай ачысткі (складаюцца з цыстэрны з вадой, помпавай устаноўкі, напорных шлангаў з насадкамі для прамыўкі). Рамонт гар. дарог (ямачны рамонт, ускрыццё асфальтабетоннага пакрыцця, укладка асфальту або брусчаткі) робіцца машынамі на шасі аўтамабіляў або трактароў з выкарыстаннем спец. абсталявання для рэзкі асфальту або грунту, прыгатавання і размеркавання пакрыццяў (бітумных масцік), укладкі і прыкочвання асфальту ці брусчаткі (гл. Дарожныя машыны). Для ўтрымання дарог у летні перыяд выкарыстоўваюць машыны паліва-мыечныя (маюць цыстэрну для вады і прыстасаванні для яе распылення) і падмятальна-ўборачныя (маюць шчотачнае абсталяванне, мех. або вакуумны вузел загрузкі пылу і смецця ў герметычную цыстэрну і прыстасаванне пылаўлоўлівання), у зімовы перыяд — снегаўборачныя машыны, універсальныя пагрузчыкі, пескараскідальнікі (абсталяваны бункерам для пясчана-саляной сумесі, механізмам раскідвання і плужна-шчотачным абсталяваннем), лёдасколвальнікі. Пры рамонце фасадаў будынкаў выкарыстоўваюць спец. вышкі і пад’ёмнікі, падвясныя люлькі, малагабарытныя ўстаноўкі для рамонту мяккіх дахаў і прыгатавання бітумных масцік непасрэдна на даху. Для догляду за газонамі і зялёнымі насаджэннямі выкарыстоўваюць газонакасілкі, апырсквальнікі, ямабуры, машыны для выдалення пнёў і здрабнення галінак і інш.

На Беларусі асн. распрацоўшчыкі К.м. — канструктарскія аддзелы НВА «Жылкамунтэхніка», вытворцы — Асіповіцкі з-д «Каммаш» і ВА «Белкамунмаш». Асобныя віды К.м. вырабляюць прамысл. прадпрыемствы (МАЗ, МТЗ, «Гомсельмаш», «Амкадор», «Белдартэхніка»), а таксама імпартуюцца з Расіі, Германіі, Францыі.

В.А.Бажэнаў, Л.З.Вакс.

Камунальныя машыны: 1 — смеццявоз з бакавой загрузкай (Асіповіцкі завод «Каммаш»); 2 — глеясосная машына (Германія); 3 — пескараскідальнік («Каммаш»); 4 — уборачная машына (Францыя); 5 — паліва-мыечная машына («Каммаш»); 6 — газонная касілка (Францыя).

т. 7, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Стоўб1 ‘калона, слуп’ (Ласт., Байк. і Некр., Растарг., ПСл), ‘комін’, ‘пяро-насеннік у цыбулі’ (ПСл), сто́ўб і стоўп ‘слуп’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Гарэц., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), стоўп ‘тс’ (Арх. Федар., Янк. 3., Мат. Маг.), ‘стаяк коміна на гарышчы’ (ТС; астрав., Сл. ПЗБ), ‘слуп пад столь каля печы, на якім трымаўся «перасоў»’ (Варл., Сержп. Прымхі, ТС), ‘стос’ (Варл.; рагач., калінк., Сл. ПЗБ, ТС), ‘цыбур (у морквы, капусты і інш.)’, ‘укладка дошак’, ‘шыя’, ‘слупападобны смерч’, ‘выцягнутая ўверх чырвань каля сонца’ (ТС): kali z abydwuch bakoŭ sonca parobiacsa stoŭpy (Пятк. 2), ‘сцірта, торп’, ‘складзеная ў гумне збажына’ (ТСБМ), ‘прыстаронак’ (воран., шальч., Сл. ПЗБ; слуц., Нар. словатв.), ‘саха калодзежнага жураўля’, ‘кветаноснае сцябло (цыбулі, шчаўя)’ (бяроз., Шатал.), стоўпа́к, стовпа́к, стовпа́н ‘кветканоснае сцябло’ (Сл. Брэс.). Параўн. укр. стовб, стовп, рус. столб, столп ‘слуп’, стараж.-рус. стълбъ, стълпъ, польск. słup, в.-луж. stołp, н.-луж. słup, чэш. sloup, славац. stlp, серб.-харв. сту̏ба ‘лесвіца’, ступ ‘слуп’, славен. stólb, stólp, балг. стълб, стълп ‘слуп’, макед. столб, столп, ст.-слав. стлъпъ ‘вежа; стоўб, калона’. Прасл. *stъlbъ, *stъlpъ роднасныя літ. stũlbas, stũlpas ‘слуп’, лат. stul̂bs ‘голень, ікра; халява’, stùlps ‘слуп’; з іншай ступенню вакалізму: лат. stil̂bs ‘ніжняя частка рукі, нагі’, літ. stalbúotis ‘прыпыняцца’; далей, ст.-ісл. stolpi ‘слуп; калона’, ст.-нарв. stolpi ‘сцябло; вушак’, ст.-в.-ням. stelpōn ‘стаяць’ і інш. (гл. Міклашыч, 321; Траўтман, 290; Фрэнкель, 93; Покарны, 1020; Фасмер, 3, 765; Шустар-Шэўц, 1359–1360), якія працягваюць і.-е. корань *stel‑ ‘паставіць, сцябло’, з дэтэрмінантамі ‑b‑ і ‑p‑. Гл. яшчэ Бязлай, 3, 320; Сной₁, 610; Борысь, 560. Інакш Махэк₂ (558), які мяркуе аб складаных кантамінацыйных працэсах розных індаеўрапейскіх каранёў.

Стоўб2 ‘здвоены след зайца (у мове паляўнічых)’: заец завернуўса да тым следам назад — ето стоўб (ПСл). Да стоўб1 (з-за “тоўстага” следу на снезе).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прут1 ’тонкая доўгая палачка, галінка, дубец, розга’, ’доўгі металічны стрыжань’, ’кавалак дроту’, ’вітка’, ’вочап у студні з жураўлём’, ’тупы край касы — патоўшчаная яе частка, супрацьлеглая вастрыю’, ’прут у жолаба навою для прымацавання палатна’ (ТСБМ, Нас., Шат., Янк. 2, Сцяшк.; маст., Шатал., ТС; брэсц., Нар. словатв., Сл. ПЗБ), ’прут у ярме’ (ЛА, 2, 355), пруто́к ’стрыжанёк, на якім абарачаецца цэўка ў чаўнаку’ (Тарн., Бяльк., Янк. 2; Уладз.; лун., в.-дзв., Шатал.), ’адзін рад саломы на страсе’ (ТС), ’кіёк у ніце’ (ТС, Скарбы), ’сухі чалавек’ (полац., Нар. лекс.), пруткі́ ’спіцы для вязання’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Гарэц., Сцяшк.; віл., беласт., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.), пруты́ ’жалезныя цягі, якімі злучаюцца ручкі плуга з дышлам’ (Тарн.), прут ’жалезны прут, якім злучаюцца ручкі плуга’ (Смул.), ’металічныя стрыжні ў аснове бараны’ (драг., Выг.; лях., Сл. ПЗБ), ’тонкія жэрдкі, якія прымацоўваюць упоперак латы пры крыцці саламянай страхі’ (Сцяшк., ТС), пру́цік ’спіца для вязання’ (Мат. Маг.), ’палачка ў бёрдзе’ (віл., Сл. ПЗБ). Ст.-бел. прутъ ’адзінка вымярэння даўжыні і плошчы’ (гл. падрабязна Скурат, Меры, 24 і наст). Рус. прут ’галінка, дубец, розга; металічны стрыжань, кавалак дроту’, прутки́ ’вязальныя спіцы’, укр. прут ’галінка, дубец’, ст.-рус. прутъ ’прут, дубец’, польск. pręt, палаб. prǫt, в.-луж. prut, н.-луж. pšut, чэш. prut, славац. prút, серб.-харв. пру̑т, славен. prọ̑t, балг. прът ’прут’. Прасл. *prǫtъ, паводле Фасмера (3, 390) і Брукнера (436), роднаснае слав. *prǫdъ‑ ’цячэнне’ (гл. пруд) з першасным значэннем ’галінка’, параўн. у семантычных адносінах рус. побе́г ’ветка; парастак’ ад бежа́ть. У і.-е. мовах у якасці роднасных прыводзяцца ст.-ісл. spretta ’ўскокваць, пырскаць, прарастаць’, англ. sprint ’мчацца’, с.-в.-ням. sprenzen ’пырскаць’ і да т. п. Менш верагодныя параўнанні з рус. пря́тать (бел. пра́таць), (Брукнер, 436; Праабражэнскі, 2, 145 і наст.); з рус. прыть, пры́ткий (Брукнер, 436), з польск. promień (Петарсан, BSL, 82). Інакш таксама Махэк₂ (488), які параўноўвае *prǫtъ з чэш. prtiti ’ўсходзіць вясной з зямлі (аб траве)’ і да т. п.; з’яўленне насавога галоснага ён тлумачыць “афектаваным” характарам слова, якое прывяло да падваення зычнага ў канцы слова: *prъttъ > prъntъ > prątъ, што вельмі штучна. Гл. Шустар-Шэўц, 2, 1164; ЕСУМ, 4, 617; БЕР, 5, 831; Банькоўскі, 2, 776. Гл. яшчэ прэнт. Аб пруто́к у ткацкай тэрміналогіі гл. Трубачоў, Этимология–1963, 20.

Прут2 ’раскладка снапоў для малацьбы’ (ДАБМ, камент., 872), ’укладка посуду аднаго ў адзін’ (Вярэн.). Да прут1; гэтыя значэнні можна вывесці з ’рад, роўны, як прут’; параўн. прут1 ’рад саломы на страсе’, а таксама пакладка на прост (пад прост1).

Прут3 ’згуба, пагібель, смерць’ (капыл., Нар. словатв.). Адваротны дэрыват ад пруцяне́ць, апруцяне́ць (гл.). Параўн. яшчэ паралельныя ўтварэнні апру́да ’смерць’, апру́дзіцца ’цяжка захварэць, акалець’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каза́к1 ’На Русі ў XV–XVII стст. — вольны чалавек, з прыгонных сялян, халопаў, гарадской беднаты, якія ўцякалі на ўскраіны дзяржавы — Дон, Запарожжа, Яік; у дарэвалюцыйнай Русі: з XVIII ст. — прадстаўнік ваеннага саслоўя — ураджэнец вайсковых абласцей (Кубанкай, Арэнбургскай, войска Данскога і інш.), які быў абавязаны несці службу ў асобых вайсковых часцях за льготнае карыстанне зямлёй; радавы асобых (звычайна кавалерыйскіх) вайсковых часцей; ураджэнец некаторых (былых вайсковых) абласцей СССР’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.), ’пра спрытнага маладога мужчыну’ (ТСБМ); сустракаецца і ў народных песнях (Радч. і інш.). Што датычыць слова казак у асноўных значэннях, то гэта ва ўсх.-слав. мовах запазычанне з Усходу: у тур., крым.-тат., казах., кірг., тат., чагай, мовах казак ’вольны, незалежны чалавек; шукальнік прыгод, бадзяга’, кумык. казак ’аружаносец пры феадале, ваенны слуга, дружыннік’. Шлях распаўсюджання слова ва ўсх.-слав. мовах няясны, у ст.-рус. адзначаецца ў грамаце 1395 г., аднак са значэннем ’парабак, батрак’ і ў форме з ‑о‑. Слаўскі (3, 26) мяркуе (пералічыўшы вядомыя ў большасці славянскіх моў формы), што слова трапіла ў гэтыя мовы з укр. Аднак звяртае на сябе ўвагу, што ў балг. казак‑а‑), відавочна, з рус. мовы, а Ліндэ для польск. прыводзіў як неўжывальную форму kazak (таксама, як бачым, з ‑a‑). Аднак у большасці слав. і зах.-еўрап. мовах прадстаўлена менавіта ўкр. форма гэтага слова. Што датычыць бел., яго статус няясны: хоць у ст.-бел. мове і адзначана форма з ‑о, форма козакъ (і вытворныя), відавочна, з’яўляецца асноўнай. Значэнне ’спрытны, малады мужчына’ вядомае ўкр. мове. Так, Грынчэнка адзначае, што слова казак у народнай паэзіі дапасоўваецца да кожнага маладога чалавека, аднак не выключана, што такое значэнне магло быць не толькі вынікам экспансіі слова рознымі шляхамі, у тым ліку і пры пасрэдніцтве фальклору, але і магло ўзнікнуць самастойна на базе як новых значэнняў (’кавалерыст’ і інш.), так і магчымых старых ’бадзяга’. Параўн. у ст.-польск. kozak ’юнак, зух’, дыял. ’смяльчак, завадатар, хлопец’, рус. дыял. казак ’пра смелага, удалага чалавека’.

Каза́к2 ’народны танец з паступова нарастаючым тэмпам, а таксама музыка да гэтага танца’ (БРС, ТСБМ). Статус слова няясны, магчыма, другаснае ўтварэнне ад казачок, а магчыма, тое ж, што і ўкр. казак ’танец. Што датычыць этымалогіі, то нельга сцвярджаць упэўнена: паходзіць гэта слова ад казак1, ці мае нейкія адносіны да каза ’танец’ (рускія гаворкі, напрыклад, ведаюць слова казак у значэнні ’самец розных жывёл і птушак’, параўн. таксама рус. арханг. казак с казачихой). Паводле лінгвагеаграфіі і экстралінгвістычнай інфармацый, другая версія пакудь што менш надзейная.

Каза́к3 ’лён-даўгунец’ (БРС, Уладз.), ’сорт высокаўраджайнага аўса’ (Сцяц.). Як можна меркаваць па прыкладах, гэта параўнальна новае слова. Сінонім — вельколён: «Простый лʼон пэршы був, а вэлʼколʼун у воjну мыколаjивсʼку поjавывся» (Уладз., 198). Другое значэнне ’авёс’, магчыма, другаснае, перанос назвы паводле прыкметы ’вялікі, ураджайны’. Гаворкі рус. мовы ведаюць слова казак у дачыненні да розных раслін. Улічваючы, што размова ідзе пра яўна культурны тэрмін, ёсць вялікая верагоднасць таго, што ён запазычаны разам з рэаліяй. Тэарэтычна магчымы і іншы варыянт: самастойнае ўтварэнне ад казак ’малады, спрытны мужчына’ (параўн. характэрныя дыял. назвы лёну, аўса: скакун, скочень, ростун) або моўная трансфармацыя (муж. род) каза ’лісце, каліва цыбулі і інш.’ Структура такога тыпу (з суф. ‑ак) вядома як у бел., так і ў іншых слав. мовах, параўн. балг. козак ’расліна Tragopogon majus’, чэш. kozak ’назва грыба’ і інш.

Казаќ4 ’казакін’ (Мат. Гом.), ’жаночае верхняе адзенне, нажытае ў зборкі’ (рас., Сл. паўн.-зах.). Рус. валаг., наўг., казан. казак ’разнавіднасць паддзёўкі са зборкамі, накрытай сукном’ і вядомае на розн. тэрыторыі ’жаночая кофта ў талію, сукенка ў талію і інш.’, асташ., цвяр., ленінгр. і інш. ’верхняе жаночае адзенне’, польск. уст. казак ’кароткі плашч, куртка’, больш новае ’доўгая блузка, якая носіцца паверх спадніцы’, чэш. kazak, славац. kazak ’кафтан’. Бел. слова, зафіксаванае ў розных моўных арэалах, або сведчыць пра інфільтрацыі ў перыферыйныя зоны з гаворак суседніх моў, або ўказвае на запазычанне, якое станавілася архаізмам і, трапляючы ў пасіўны запас, гублялася ці магло выцясняцца іншым словам (казаціна і да т. п.). Не выключана магчымасць і адваротнай дэрывацыі (казак < казакін і пад.). Як культурны тэрмін, казак вядомы на шырокай тэрыторыі; слова лічыцца запазычаннем, аднак крыніца і шляхі распаўсюджання слова няясныя. Слаўскі (3, 27) прыводзіць папулярную версію аб тым, што гэта запазычанне з захаду: франц. casaque ’кафтан, апанча, плашч; упрыгожаная доўгая блузка’, слова вядома з 1413 г., у польск. мове форма kazak адзначаецца пазней. Іншыя аўтары (Гараеў, Дзмітрыеў) мяркуюць аб запазычанні з усходу; Дзмітрыеў (Тюрк. эл., 25) прыводзіць татар., бат. кэзэки ’нацыянальнае верхняе адзенне мужчын Татарыі і Башкірыі’. Супраць такой этымалогіі рэзка, аднак без аргументацыі выступіў Фасмер (2, 158). Можна звярнуць увагу на тое, што ў рус., бел., укр. гаворках сустракаюцца значэнні ’мужчынскае і жаночае адзенне, блузка’, што больш адпавядае версіі аб заходнім запазычанні. Арыстава (Контакты, 59–60) прапанавала ў якасці крыніцы англ. cassock ’туніка ў англійскіх свяшчэннікаў’, аднак па семантычных і інш. прычынах гэта версія не выглядае надзейнай. На жаль, лінгвагеаграфічны крытэрый адзначыць тут вельмі цяжка, паколькі матэрыял не дазваляе меркаваць, што бел. мова была пасрэднікам распаўсюджання слова. Семантыка прыведзеных слоў паказвае, што разглядаць польск. даныя асобна ад рус. (тут бел. факты былі б інфільтрацыямі з суседніх польск. і адпаведна рус. гаворак) нельга. Што ж датычыць уласна этымалагічнага боку, то думка аб зах.-еўрап. паходжанні слова найбольш абгрунтавана. Крыніцай франц. casaque лічаць звычайна італ. casacca ’кафтан, апанча’, аднак Слаўскі (3, 27–28) прыводзіць вядомыя с.-лац. casaca ’разнавіднасць убрання’, італ. casaca ’куртка’ і інш.

Каза́к5 ’калаўрот або лябёдка для пад’ёму вулляў і іншых важкіх прадметаў’ (Сержп. Борт.). Да каза1, перанос паводле зааморфных атрыбутаў рэаліі — наяўнасці ручак (рагоў), параўн. рус. пск. баран ’вертыкальны калаўрот’, таксама адзначанае Далем спец. (у мяснікоў) ’калаўрот паміж двух слупоў’; ніжагар. ’разнавіднасць санак з ручным калаўротам’.

Каза́к6 ’грыб масляк’ (Бяльк., Сцяшк.), козяк ’абабак, падбярозавік’ (кам., Жыв. сл.), ’грыб любы, ядомы, апрача баравіка’ (маст., Жыв. сл.; слон., Нар. лекс.), козяк ’тс’ (кобр., Жыв. сл.). Сцяцко (Дыял. сл.) дае дэфініцыю казякі ’грыбы (агульная назва)’. Паводле ўласных запісаў Сцяцко (Нар. лекс., 49) слова казякі ведаюць у Маст., Слон., Ваўк. раёнах. Аўтар лічыць, што паходзіць слова ад назвы казлякі (казля́к ’масляк’). Тут можна бачыць суфіксальнае ўтварэнне ад каза1, як аб гэтым думае Сцяцко, Афікс. наз., 146, а магчыма, перанос назвы ад казак ’казляня’, параўн. каза, казёл, казялок ’грыб масляк і інш.’. Што датычыцца значэння ’любы грыб (апрача баравіка)’, то тут праблема не вельмі ясная, ці гэта абагульненне назваў канкрэтных «чорных» грыбоў (маслякі, абабкі), ці незалежнае ўтварэнне, якое дэманструе ўжыванне заоніма для характарыстыкі зніжанасці, абазначэння другароднасці такіх грыбоў.

*Каза́к7, коза́к ’рухавы смелы чалавек’ (ТС). Дакладных адпаведнікаў няма, аднак з іншым значэннем аналагічныя структуры ёсць у некаторых мовах: рус. пячор., арханг. казак ’смелы ўдалы чалавек (пра жанчыну)’, анеж. казак ’пра жанчыну’, магчыма, сюды ж асташ., цвяр., пск., арл. казаки ’гульня ў гарэлкі’. Як паказваюць структурна адэкватныя лексемы (рус. казак ’грыб падбярозавік, Boletus scaber’, ’лекавая расліна’, казаки ’расліна Plantago’, польск., чэш., славац. kozak ’грыб Boletus scaber’, славен. kozák ’разнавіднасць грыба, жука’, польск. kozak ’пастух коз’, славін. kozak ’недарэка і інш.’, чэш. kozak ’пастух коз’). Параўн. таксама іншыя ўтварэнні ў бел. мове (гл. казак), тут дэрыват ад каза1, аб тыпе словаўтварэння гл. Сцяцко, Словаўтв., 146. Да семантыкі можна прывесці рус. мяшч., калуж. козёл ’пра жывога, рухавага чалавека’ і рус. казакаться ’важнічаць, наравіцца’, якое па семантыцы быццам бы не супадае, аднак параўн. рус. козокаться ’наравіцца, важнічаць, сварыцца, круціцца, не стаяць на адным месцы і інш.’, козохаться ’тс’, арханг. козой (з іншым суфіксам) ’упарты, лодыр’, козон ’пра жвавую, вяртлявую жанчыну’, козанок ’пра малое дзіця, якое дрэнна расце’, ’пра жвавага чалавека’, ’пра жвавую дзяўчынку’, ’пра жвавае, смелае дзіця’, козыкаться ’ўпарціцца’ і ’важнічаць’ (пск. і інш.); параўн. яшчэ рус. дыял. козлиться ’гарэзіць, скакаць’, ’упарціцца’, ’сердаваць, злавацца’, козлокать ’скакаць, гарэзіць’. Пры аналізе першай групы рус. прыкладаў неабходна мець на ўвазе магчымыя ўзаемаўплывы дэрыватаў ад коза і козырь, козыриться, а таксама і інш. слоў. Што датычыць бел. слова, уплыў лексемы казак ’вольны чалавек’ і інш. не выключаны, ім можна тлумачыць спарадычнасць утварэнняў з ‑ак‑ суфіксацыяй ва ўсх.-слав. мовах і паслядоўныя запісы рус. адпаведнікаў (казак) з ‑а‑.

*Каза́к8, коза́кукладка нарыхтаваных дроў у лесе’ (ТС). Магчыма (гл. казачок ’мера дроў’), суадносіцца з рус. арл., болхаўск. казак ’мера дроў, 1/16 кубічнага сажня’. Як і іншыя ўтварэнні (параўн. казак), мы лічым гэта слова вытворным ад каза1. Што датычыць семантыкі, параўн. рус. малаарханг., арл. складывать в козлы ’складваць адзін кусок торфу на другі, сценкай’, ’складваць цагліны: адны плазам, іншыя стаўма, каб паміж імі засталіся адтуліны для паветра’, укр. усх.-палес. козлікукладка торфу’, магчыма, сюды ж шматлікія дэрываты ад каза, казёл — найменні ўкладкі снапоў, як спецыяльных, ад дажджу, так і традыцыйных. Сувязь з назвай жывёлы становіцца яснай, калі параўнаць з утварэннямі, якія называюць Т‑падобныя прыстасаванні, дэталі (што разумеецца або як зааморфная адзнака непасрэдна або ўскосна), або з рознымі ўкладкамі (снапоў і інш.), як устойлівымі канструкцыямі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калодзеж1 ’вузкая, глыбокая яма, звычайна ўмацаваная ад абвалаў зрубам, трубамі для здабывання вады з ваданосных слаёў зямлі’, ’студня з калаўротам або асверам для чэрпання пітной вады’ (БРС, ТСБМ; рэч., Маш.; Нас.), калодзезь ’тс’ (БРС, ТСБМ, Бір., Шушк., Яруш.), калодзейзь ’тс’ (ДАБМ), калодзезь ’тс’ (Касп., Сержп., Сцяшк.), калодзец ’тс’ (Нік., Оч.?; лаг., тур., Яшк.), калодзёдзь ’тс’ (жытк., Яшк.), калодзіж ’тс’ (Бяльк.; сак., Федар.; Шат.; гор., Яруш.), калодзісь ’тс’ (Бяльк., Сержп. Прымхі, Сцяц.), калодзядзь ’тс’ (малар., Нар. лекс.), колодзяж ’тс’ (Маш.), калодзясь ’тс’ (чырв., ваўк., Бір. Працы ІМ, 6, Сцяшк.), далей, магчыма, колодзезь ’крыніца’, параўн. у Радчанкі, 111: «A в лузе, в лузе, красна калина, Под тою калинкою колодезь тече», таксама калодзеж ’крыніца на ўзвышшы ў выглядзе азярыны з мноствам пульсуючых струменяў, паверхня вады ў якой мае блакітны колер’, ’вельмі глыбокае прыроднае возера з цёмнай паверхняй вады’ (слаўг., Яшк.), ’невялікая мінеральная крыніца на высокім месцы’ (жытк., Яшк.), сюды ж і празрысты перанос колодзязь ’зруб хаты’ (жытк., Нар. сл.), калодзезь, калодзясь, колодэзь ’студня’ (Сл. паўн.-зах.), калодзісьукладка дроў квадратнай формы’ (кар.); калодзезь і колодзедзь ’студня’ і ’зруб’ (ТС). Аб размеркаванні лексем гл. яшчэ ДАБМ, к. 241, а таксама Камент., 806–807, дзе агляд канкрэтных форм. Укр. колодзязь ’студня’, бойк. колодʼац ’крыніца’, рус. колодец ’студня’, алан. колодез, курск. колодезь, смал., кур., разан., тамб. колодесь, калодезь ’зліццё многіх крыніц у адзін ручай, які ўпадае ў раку’, сарат., тульск., вяц., паўдн.-уральск. колодец ’крыніца’, арханг. колодцы ’крыніцы, якія зліваюцца разам і даюць пачатак рацэ’, арханг., маск., ’незарослы травой правал у балоце’, разан. ’зруб’. Дакладны адпаведнік таксама ст.-слав. кладѧзь, у слоўніках звычайна прыводзяць серб.-харв. кла̏денац ’калодзеж’ і ’крыніца’, макед. кладенец, балг. кладенец ’крыніца, студня’ а таксама славен. kladénec. Апошняе, паводле Безлая, 2, 35, новакніжнае з серб.-харв., а форма kladez, якая таксама згадваецца ў некаторых слоўніках, узнікла пад уплывам ст.-слав. лексемы. У серб.-харв. адзначана яшчэ форма хладенац ’студня’, а ў балг. гладенец і гладнец. Звяртае на сябе ўвагу адсутнасць слова ў заходніх славян (і фактычна ў славенцаў), што хутчэй за ўсё сведчыць аб даўняй дыялектнай асаблівасці (яшчэ праславянскага перыяду). Гэта назва студні ў слав. мовах аналізавалася ў шматлікай літаратуры. Гіпотэза аб запазычанні слова з герм. моў (з гоцкай) падтрымлівалася і падтрымліваецца шэрагам этымолагаў. Аргументацыя пабудавана галоўным чынам на словаўтваральным крытэрыі (суфікс у прасл. koldęzъ не з’яўляецца тыповым) і пашыранай у герм. мове і іншых мадэлі, паводле якой суадносяцца семемы ’калодзеж’ і ’холад’. Параўн. агляд літ-ры ў Фасмера, 2, 293. Аднак і «германская» крыніца не з’яўляецца бездакорнай. Так, Кіпарскі (Gemeinslav. 38) адзначаў, што ў германскай мове не знойдзена ніякіх слядоў мяркуемай праформы *kaldingaz, kaldingiz, параўн. Мартынаў, Лекс. взаим., 65–68. Па сутнасці, рэальныя факты (дац. kilde ’крыніца’ і нек. інш.) хутчэй з’яўляюцца магчымымі семантычнымі адпаведнікамі, а не словаўтваральнымі. Словаўтваральную варыятыўнасць слова (параўн. нашы прыклады) нельга вытлумачыць, зыходзячы толькі з адзначанай герм. праформы. Славянская этымалогія будуецца на празрыстай сувязі з kolda ’бервяно і да т. п.’ Пры гэтым, напрыклад, Буга (1, 582) спасылаецца на такую семантычную паралель, як літ. šulinỹs ’студня з жураўлём’ пры šùlas ’стоўп і да т. п.’ Аб сувязі з kolda меркавалі таксама Брукнер (ZfslPh, 6, 65), Кіпарскі (ВЯ, 1956, 5, 134 і ў іншых працах), Скок (2, 87). Разам з тым нельга не адзначыць, што ў любым выпадку неабходна лічыцца з існаваннем іншай семантычнай мадэлі для назвы студні. Тут і верагодныя герм. назвы з семантыкай «холаду», літ. šaltìnis ’крыніца’ пры šàltas ’халодны’, магчыма, серб.-харв. хладенац (паводле Скока, 2, 87), балг. студенец, польск. studnia, в.-луж. studnja, н.-луж. studńa, чэш. studně, славац. studňa. Адносна апошніх можна дабавіць яшчэ і рус. студенец, укр. студениця. Ёсць усе падставы лічыць іх, па-першае, праславянскімі, а па-другое, больш даўнімі ў параўнанні з koldęzь.

Калодзеж2, калодзеш ’ямачка каля пупавіны, па якой вызначаюць малочнасць каровы’ (рас., Шатал.). Рус. дыял. колодези ’ямка над рэбрамі, па якой вызначаюць малочнасць каровы’ (у Бурнашова без геаграфіі), паўдн.-урал. колодцы ’малочныя пратокі ў вымі каровы’: «Как‑то выбирают её по колодцам. Как палец‑то лезет в этот колодец, то молоко хорошее» (СРНГ, 14, 156). Фармальная сувязь з калодзеж1 і матывацыя назвы празрыстая. Што датычыць геаграфічнага і храналагічнага статусу лексемы, вызначыць яго не вельмі лёгка. Нельга выключыць таго, што адзначаныя факты — толькі рэшткі ўсх.-слав. (а магчыма, паводле геаграфіі рускага?) даўняга ўяўлення і адпаведнай лексемы. Іншы варыянт — лакальная інавацыя, пры гэтым, улічваючы відавочную розніцу ў словаўтварэнні і семантыку прыведзеных лексем, нельга выключыць і такую думку, што гэта наогул незалежныя ўтварэнні, прычым як на базе калодзеж ’студня’ (параўн. асабліва калодзеж у тэхнічных значэннях), так і на базе ’яма з вадой, паглыбленне і да т. п.’ Параўн. рус. дыял. колодезь, колодесь ’ямка для масла ў кашы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)