комплекснае прадпрыемства чыгуначнага транспарту, якое забяспечвае перавозку пасажыраў і грузаў паяздамі па чыгуначным пуці; у вузкім сэнсе — рэйкавая дарога для руху паяздоў. Адрозніваюць Ч. магістральныя (агульнага карыстання), прамысловага транспарту (пад’язныя пуці прадпрыемстваў, лесавозныя, руднічныя, заводскія і інш.), гарадскія наземныя (трамвай) і падземныя (метрапалітэн); шырокакалейныя (у краінах СНД 1520 мм, за мяжой пераважна 1435 мм, у асобных краінах 1676 мм) і вузкакалейныя (1000, 914, 891, 750 мм і інш.). Рухомы састаў Ч. складаецца з лакаматываў і вагонаў; на сучасных чыгунках выкарыстоўваецца пераважна цеплавозная і эл. цяга, часам (пераважна на прамысл. транспарце) маторная цяга (цеплавозы, электравозы, газатурбавозы, дызель-паязды, матавозы).
Правобразам Ч. былі рэйкавыя (драўляныя, каменныя) каляіны, па якіх у старажытнасці перамяшчалі цяжкія грузы. З 15 ст. на рудніках Англіі і Ірландыі, а пазней у Францыі і Расіі выкарыстоўваліся дарогі з чыгуннымі рэйкамі, з коннай і канатнай цягай. Першая Ч. з паравой цягай (ад паравоза) пабудавана ў 1825 Дж.Стэфенсанам у Англіі (Дарлінгтан—Стоктан, працягласць 21 км); у Расіі ў 1837 (С.-Пецярбург—Царскае Сяло, 27 км). У 1851 закончана буд-ва 2-калейнай магістралі Пецярбург—Масква. Праз тэр. Беларусі ў 2-й пал. 19 ст. пракладзены ўчасткі: у 1862 Парэчча—Гродна (30 км) і далей да сучаснай мяжы з Польшчай (як ч.Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі), у 1866—69 Завольша—Віцебск—Полацк—Бігосава (уваходзіў у склад Рыга-Арлоўскай чыгункі). Пачаткам развіцця Беларускай чыгункі лічыцца 1871, калі была пабудавана магістраль Смаленск—Мінск—Брэст. У 1891—1904 праведзена Ч. ад Чэлябінска да Уладзівастока. У канцы 19 ст. пачалі фарміравацца чыгуначныя вузлы, стварацца горкі сартавальныя. Электрыфікацыя Ч. пачалася ў 1926.
Укладка чыг. пуці робіцца пуцеўкладчыкамі, рамонт і абслугоўванне — пуцявымі машынамі. Чыг. гаспадарка складаецца з лінейных падраздзяленняў — аддзяленняў, дыстанцый, дэпо, чыгуначных станцый і інш. Галіновыя службы Ч.: служба руху, пасажырская, грузавая, лакаматыўнай гаспадаркі, сігналізацыі і сувязі, энергагаспадаркі і інш.Асн.тэхн. сродкі Ч.: чыг. пуць (2 чыг.каляіны з чыг.рэек, земляное палатно, чыгуначныя масты, тунэлі і інш.), рухомы састаў, цягавыя падстанцыі, кантактавыя сеткі, чыгуначная сігналізацыя і сувязь, чыгуначная аўтаматыка і тэлемеханіка) (у т. л.аўтаблакіроўка, аўтадыспетчар, аўтастоп, аўтасчэпка), збудаванні і ўстройствы для тэхн. агляду і рамонту рухомага саставу, фарміравання паяздоў, збудаванні і абсталяванне для абслугоўвання пасажыраў, грузавых, паштовых і багажных аперацый (чыгуначныя вакзалы, платформы, майстэрні, склады). Скорасць руху паяздоў на звычайных магістральных лініях 60 км/гадз, на скарасных участках 120—160 км/гадз, на высокаскарасных 200 км/гадз і больш.
Літ.:
Железные дороги. М., 1981;
Железная дорога Беларуси: История и современность. Мн., 2001.
І.І.Леановіч.
Чыгунка: 1 — таварны паравоз серыі В Маскоўска-Брэсцкай чыгункі (пабудаваны Каломенскім заводам у 1871—72); 2 — чыгуначны вакзал станцыі Мінск-Віленскі, 1891; 3 — грузавы двухсекцыйны цеплавоз ТЭЗ; 4 — аўтаматрыса АС1А; 5 — пасажырскі электравоз пераменнага току ЧС-4Т.