Суд ’орган для разгляду судовых спраў’, ’судовы працэс’, ’думка, меркаванне’ (ТСБМ, Пас., Байк. і Некр.), ’суд (судовы орган і працэс)’ (Сл. ПЗБ, Бяльк.), ’лёс, наканаванне’: nie toj ŭmiraje chto chud, da toj kamu sud (Пятк. 2), ст.-бел. судъ ’судовая ўстанова, інстанцыя’, ’судовы акт, прысуд’, ’судовы працэс’, ’цяжба’ (Сташайтэне, Абстр. лекс.), ’тс’, ’меркаванне’ (Альтбаўэр). Укр., рус. суд, стараж.-рус. судъ, польск. sąd, в.-луж., н.-луж. sud, чэш. soud, славац. súd, серб.-харв. су̑д, славен. sọ́d ’суд, прыгавор’. балг. съд, макед. сад, ст.-слав. сѫдъ ’суд, судовы працэс, прыгавор, рашэнне, справядлівасць’. Прасл. *sǫdъ, якое з *som‑ і і.-е. кораня *dhē‑ ’класці, ставіць’ (гл. дзеяць), параўн. блізкае ст.-інд. samḍhiṣ, samdhā́ ’дагавор, сувязь, аб’яднанне’, літ. samdà ’найманне, арэнда’, samdýti, sámdaũ ’наймаць’, гл. Мее, 162, 234; Траўтман, 48; Фасмер, 3, 794. З першаснага значэння ’складанне, злучэнне’, відаць, развілася далей ’складанне думак, унясенне прапаноў, устанаўленне думак, ацэнак, і г. д.’, адкуль з’явілася спецыялізаванае значэнне ’асуджэнне каго-небудзь, судовы працэс’ → ’тыя, хто вядзе судовы працэс, вырашае спрэчкі, суд’; гл. Борысь, 539. Іншая словаўтваральная мадэль у Бязлая (3, 283–284): ад прасл. *sъ‑děti ’саставіць, злажыць’, параўн. славен. zdẹ́ti ’злажыць’, ст.-чэш. sdieti ’тс’. Шустар-Шэўц (1376) мяркуе, што корань ‑dъ у славянскім слове меў і значэнне ’гаварыць’, параўн. в.-луж. стар. dzieć, н.-луж. źaś, чэш. díti ’гаварыць’, адкуль *sǫdъ ’прыгавор’ з ’што-небудзь сумесна абмеркаванае і аб’яўленае (выказанае)’. Менш верагодная версія Семерэньі (гл. Шустар-Шэўц, там жа) аб сувязі *sǫdъ з лат. censeo < і.-е. *kendh‑ ’судзіць, даваць ацэнку’, што падтрымлівае Махэк₂ (568); супраць Трубачоў (Ремесл. терм., 236), які падкрэслівае адзіную крыніцу паходжання *sǫdъ ’суд’ і *sǫdъ ’су́д(ы)’. Варбат (Слав. языкозн., IX, 64–66) звязвае з асновай прасл. *sědti, *sędǫ ’сесці’; таксама Ондруш, Этимология–1984, 178. Гл. яшчэ Сной, 590; ЕСУМ, 5, 467; ESJSt, 14, 861–862.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плод ’частка расліны з насеннем’, ’зародыш дзіцяці’, ’вынік, прадукт дзейнасці’ (ТСБМ, Яруш.; маг., Шн.); ’дзеці’, ’племя’ (Нас.); ’яйка’ (брагін., Мат. Гом.), ’прыплод’ (шчуч., Сл. ПЗБ), сюды ж плодна ’ўрадліва’ (Нас.), плодная ’паросная (свіння)’, плодны ’ўраддівы, пладавіты’ (Жд. 3; Сл. ПЗБ), ’хто шмат дае прыплоду’ (Варл.), пладны́ ’тс’ (паст., Сл. ПЗБ), пладзіцца ’расплоджвацца’ (Сл. ПЗБ), плод ’расплод’ (ТС), пло́цтво ’размнажэнне’ (свісл., Сл. ПЗБ). Укр. плід, рус. плод, польск. płód, н.-луж. płod, в.-луж. płód, чэш., славац. plod, славен. plǫ̑d, серб.-харв. пло̑д, макед. плод, балг. плод, плодът, ст.-слав. плодъ, плодьнъ, пдодовитъ; непдоды ’бясплодная жанчына’. Прасл. *plodъ, роднасныя якому ст.-англ. bloed ’плод дрэва’, ’палявыя плады’, ’збожжа’, с.-нідэр. blāt ’пасаджагая палявая культура’, франк. *blād > франц. blé, праванс., каталон. blat ’збожжа’ (Махэк₂, 461–462); Бязлай (3, 60) у якасці найбліжэйшых адпаведнікаў падае кімр. llwdn ’хлопчык, дзіцёнак’, ст.-ірл. loth, брэтонск. loen, с.-брэтонск. loen ’жарабё’. Міклашыч (251), Мее (RS, 6, 132), Фасмер (3, 283–4), Персан (Beitr., 668) гавораць пра старажытную аснову лексемы на ‑ŭ *p(h)łodŭ звязаную чаргаваннем галосных з *pled‑men (гл. пле́мя). Ісачанка (Зб. Гаўранку, 1, 124) у аснове *pled‑ бачыць і.-е. *pelə‑ ’напаўняць’, Варбат (Диал. исслед. по рус. яз., 1977, 262) вылучае корань і.-е. *pel‑ са значэннем ’папаўняць’, ’нараджаць’. Сюды ж пло́жаць ’пладзіцца’ (Ян.), якое можна, відаць, супаставіць са славен. plȍha, plȅh, харв. кайк. plȅšina ’племя, род, парода’, адносна якіх Скок (2, 683) зыходзіць з *plodъ і plemę і выводзіць іх з *pled‑s‑. Бязлай (Этимология–1973, 187) прымае да ўвагі (у сувязі са славен. і харв. лексемамі) і зах.-слав.: славац. upľahnuc se ’нарадзіцца (пра жывёл)’, чэш. валаш. pléhnúť sa, pléhnit sa ’пладзіцца, расплоджвацца, разводзіцца’, в.-луж. plahować, н.-луж. plagowaś, zblagnuś, польск. pląć się, plęgnąć się, plagować ’выхоўваць, прыводзіць да парадку’, якія нібыта сведчаць аб першапачатковым *plęg‑. Варбот (Этимология–1978, 23–25) дапускае, што plęgti — другаснае, што яму папярэднічала plegli (як слав. sękti ў адносінах да літ. sèkti) ’цячы, напаўняць’. Семантыка гнязда *pel‑ вельмі блізкая да кола значэнняў plęgti ’пладзіцца, вырастаць’ і *plex‑/*plox‑ ’род, парода’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́шата1 ’прылада для прасейвання мукі ў выглядзе шырокага абруча з сеткай’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Сл. ПЗБ), ’надзвычай рэдкае сіта’ (Янк. Мат.), рэ́шато ’рэшата’ (Сцяшк.), рэшэто, рышыто ’тс’ (Сл. Брэс.), рэшота, рэшото, рэшэто ’тс’ (ТС); сюды ж рэшатнік ’хто вырабляе рашоты’ (Сл. ПЗБ). Укр. ре́шето, рус. решето, польск. rzeszoto, палаб. rîsetü, в.-луж. ŕešo, чэш. řešeto, славац. rešeto, славен. rešétọ, серб., харв. решѐто, макед. решето, балг. реше́то. Прасл. *rešeto. Паводле асноўнай семантычнай прыметы (’рэдкае перапляценне’) часта звязваюць з асновай *rěch‑ (параўн. рус. прореха, бел. прарэх) < *rěd‑ch < rědъkъ ’рэдкі’ (Праабражэнскі, 2, 237; Брукнер, 476; Чарных, 2, 115). На карысць гэтай версіі можна прывесці літ. rẽtis ’рэдкасць; рэшата’. Але Фасмер, прымаючы гэтую версію ў семантычных адносінах, лічыць неверагодным вывядзенне прасл. *rešeto ад *rědъkъ, паколькі давялося б прымаць чаргаванне галосных у першым складзе. Паводле іншай версіі, прасл. *rešeto суадносяць з літ. rezgu, regti ’плесці, вязаць’, лат. režģis ’сетка; краты’ (Махэк₂, 530). Фасмер лічыць такое параўнанне неапраўданым фанетычна (Фасмер, 3, 479). А паводле Куркінай, на славянскай глебе і.-е. корань *rezg‑ перанёс некаторыя змены, пры якіх меў месца пераход zg > sk > x/š (Куркіна, Этимология–1974, 54).

Рэ́шата2 рэшота, рэшото, рэшэто ’стаўная рыбалоўная пастка’ (ТС). Да рэшата1 (гл.) паводле знешняга падабенства, паколькі гэтая прылада мае выгляд рэдкай сеткі з абручамі.

Рэ́шата3 (рэшэто) ’рашэтнік, падрашэтнік (грыб)’ (ТС). Гл. рашэтнік.

Рэ́шата4 (рэшэто) ’гульня, падобная да гульні ў класы’ (ТС). Да рэшата1 (гл.), паколькі для гэтай гульні на зямлі крэсляць лініі, якія утвараюць рэдкую сетку.

Рэ́шата5 астр. ’сітцо (Вялікая Мядзведзіца)’ (Сл. ПЗБ), астрав. ’Пляяды’ (Федар., 1, 150). Паводле легенды, тры каралі пакінулі сіта, з якога сыпалі авёс сваім коням, разам з дарункамі для Ісуса. Гэтым сітам карысталася Божая Маці, а пасля ўзнясення на неба, павесіла яго сярод зорак. Паводле Купішэўскага ў балтаў і фінаў назва гэтага сузор’я мае семантыку ’сіта’ (Władysław Kupiszewski. Polskie słownictwo z zakresu astronomii i miar czasu. Warszawa, 1974. S. 99).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Со́йка1 ‘лясная птушка Carrubis glandarius L.’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Касп., Сцяшк., ТС, Пятк. 2), со́я ‘тс’ (Нас., Меер Крыч., Маш., Пятк. 2). Укр., рус. со́я, со́йка, ярасл. со́йга, ст.-рус. соя, польск. soja, sójka, в.-луж. soja, чэш., славац. sojka, серб.-харв. со̑јка, славен. sȏjka ‘від галкі’, балг. со́йка, макед. сојка. Прасл. *soja, *sojьka. Лічыцца роднасным *sьjati (гл. сіяць) і (з чаргаваннем галосных) ц.-слав. присое ‘асветленае месца’; гл. Міклашыч, 313; Брукнер, 506; Фасмер, 3, 731; Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 7, 120; Шустар-Шэўц, 1331. Паводле іншай версіі, *soja роднаснае грэч. κισοα, ст.-в.-ням. hëhara, ст.-англ. hrāgra, корань якіх Махэк₂ (566) лічыць няясным; магчыма, гэта гукапераймальныя назвы. Фасмер і Булахоўскі (тамсама) мяркуюць, што птушка ў славянскіх мовах названая па яркім апярэнні, а не па крыку, які перадаецца як rätsch, rää, krää, kää (Брэм.). Гл. яшчэ Сной₁, 591; ЕСУМ, 5, 344; паводле Борыся (567–568), гэта аддзеяслоўны наз. ад прасл. *sьjati ‘сіяць’ < і.-е. *skəi̯‑/*skʼi‑ ‘мігцець; мяняцца’.

Со́йка2 ‘сайка, булка з салодкага цеста’ (Мат. Гом.), ‘прадаўгаватая галушка з талакнянага цеста або з тоўчанай бульбы’ (лудз., в.-дзв., Сл. ПЗБ; ЛА, 4). Ведаць, з са́йка (гл.); ‑о‑, магчыма, вынік гіперкарэктнасці. Назва галушкі паводле формы.

Со́йка3 ‘лядзяш, што звісае са страхі’ (віц., Нар. сл.). Няясна. Магчыма, тое ж, што і сойка1, г. зн. што-небудзь ззяючае, бліскучае.

Со́йка4 ‘след ад рога на скуры жывёліны’ (Сцяшк. Сл., ЛА, 1). Рус. сіб. со́йка ‘спіца для чысткі люлькі; малады рог аленя, лося яшчэ без лапат і сучкоў’ выпадковае супадзенне, таму што, паводле Анікіна (500), запазычаны з бурац. ⁺соёо(н) < hoëo ‘ікол, іклы’ ці манг. соё(н) ‘тс’. Няясна; магчыма, этымалагічна тое ж, што і сойка1 (гл.), г. зн. ‘тое, што выдзяляецца, блішчыць на скуры’.

Со́йка5 ‘песня валачобнікаў хлопцам у велікодныя дні’ (Скарбы). Відаць, ад слоў песні пра сойку (гл. сойка1), параўн. канапелька ‘песня дзяўчатам, якую спяваюць валачобнікі ў велікодныя дні’, спеваць кота ‘спяваць калыханку’ (ТС) і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стры́жань ‘асяродак, сарцавіна расліны’, ‘згустак гною ў нарыве’, ‘вось або апора чаго-небудзь’, ‘сярэдзіна ракі, быстрыня’ (ТСБМ, Варл.), ‘асяродак нарыва’, ‘сарцавіна смалістага дрэва або смалісты сук’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘сарцавіна’, ‘шчыльная драўніна’, ‘палена’, ‘асяродак (у морквы)’, ‘адросткі пяра пасля лінькі птушак’, ‘згустак малака’ (Сл. ПЗБ), ‘стрыжань дрэва’, ‘асяродак скулы’, ‘быстрыня; незамерзлае месца ў рацэ’ (Бяльк., Сцяшк.), ‘асяродак у хвоі’, ‘бруд, гной у нарыве’ (Янк. 1, Сл. Брэс.), ‘самае глыбокае месца ў возеры, рацэ’, ‘згустак гною ў нарыве’ (Растарг.), ‘стрыжань скулы’ (кіраў., нараўл., Шатал.; Юрч. Вытв.), ‘стрыжань дрэва, нарыва’ (ТС, Шымк. Собр., Касп.), стры́жэнь ‘моцны струмень у цячэнні ракі’ (ТС), ‘агрэх’ (ПСл), стрыжэ́нь ‘галоўны корань дрэва’ (Сцяшк.), стрыжі́нь ‘смалістае дрэва’ (кам., Ск. нар. мовы), стрыжо́нак ‘стрыжань (дрэва, нарыва)’ (Мат. Гом.), стрыжэ́ністый ‘з тонкім слоем абалоні (пра дровы)’ (Сл. Брэс.; лун., Шатал.). Параўн. укр. стри́жень ‘стрыжань (дрэва, скулы, ракі)’, рус. сте́ржень ‘тс’, ‘стрыжань у механізмах’, стре́жень ‘быстрыня ў рацэ’, рус.-ц.-слав. стрьжень ‘сарцавіна’, ц.-слав. стържьнь ‘тс’, польск. rdzeń, zdrżeń, чэш. stržeň ‘стрыжань нарыва’, славац. stržeň ‘сарцавіна дрэва; мядовы сот’, серб.-харв. стр̏ж ‘сарцавіна’, харв. старое stržen ‘тс’, славен. stržên ‘стрыжань дрэва, нарыва, ракі’, макед. срж ‘касцявы мозг; сарцавіна’. Прасл. *strьženь або *strьžьnь (рэканструкцыя Фасмера, 3, 757–758), роднаснае ст.-прус. strigeno ‘мозг’, далей, швед. streke ‘стрыжань цячэння’ (*strikan‑); гл. Траўтман, 290; Мее, Études, 432. Фасмер (там жа) першасным значэннем слова лічыць ‘сарцавіна’. Бязлай (Eseji, 138) фармальныя адрозненні тыпу рус. стержень ‘асяродак’ і стрежень ‘быстрыня’ лічыць неістотнымі, паколькі яны ўзаемазамяняльныя і адлюстроўваюць старыя (мажліва, яшчэ даславянскія) адрозненні ў даўжыні. Сной (у Бязлай, 3, 336–337) рэканструюе прасл. *strьžę, Р. скл. *strьžene, В. скл. *strьženь ‘сярэдзіна рачнога патока’, якое, на яго думку, узыходзіць да прасл. *strigti ‘стрыгчы’, з семантычным развіццём ‘нешта адрэзанае’ > ‘стужка, паласа’ > ‘рачны паток’. Значэнні ‘стрыжань дрэва, нарыва’ ён тлумачыць як метанімічны перанос ‘сярэдзіна рачнога патока’ > ‘сярэдзіна ствала дрэва, нарыва і да т. п.’. Гл. яшчэ Сной₁, 617; ЕСУМ, 5, 441 (разглядаюцца як амонімы стрижень1, 2 ‘асяродак’, ‘быстрыня ў рацэ’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ізба́ ’жылы драўляны будынак’ (Інстр. I, 49), ’маленькая хата, жылы будынак меншага памеру’ (Лекс. Палесся, 154), ’хата-чытальня’ (Сцяшк. МГ). У сучаснай бел. мове выціснута словам хата, але ст.-бел. изба мела цэлы комплекс значэнняў: ’жылы будынак’, ’пакой у хаце’, ’кладоўка’, ’памяшканне для чэлядзі і інш.’ (КГС). Рус. изба́ ’драўляная сялянская хата’, дыял. ’жылы будынак з аднаго пакоя (з рускай печчу)’, ’частка жылля, якая ацяпляецца’, ’пакой’, ’гара, вышкі’, ’жыллё з гліны, саману і г. д. (у адрозненне ад цагельных і драўляных дамоў)’, польск. izba ’пакой’, в.-луж. jstwa, stwa ’тс’, н.-луж. śpa ’святліца, вялікі пакой’, палаб. jåzbă ’гасціная’, чэш. jizba ’жылое памяшканне, пакой’, славац. izba ’тс’, славен. ȋzba ’пакой’, ’гара, вышкі’, jȇzba ’сталовая’, серб.-харв. уст. ѝзба ’пакой’, ’святліца’, балг. и́зба ’падвал, склеп’, ’хаціна, зямлянка’, макед. дыял. изба, визба ’склеп’. Ст.-слав. истъба ’пакой’, ст.-рус. истьба, изъба, изба ’драўляны будынак’, ’частка дома, пакой’. Пэўнай этымалогіі няма. У адных тлумачэннях прасл. *jьstъba выступае як запазычанне, у другіх — як спрадвечна слав. слова. Найбольш пашырана версія аб запазычанні з герм. *stuba (ст.-в.-ням. stuba ’цёплае памяшканне, лазня’, ст.-ісл. stofa, stufa ’лазня з печчу’), але ў гэтым выпадку няма тлумачэння для пачатковага jь‑. Гл. Міклашыч, 97; Уленбек, AfslPh, 15, 1893, 487; Бернекер, 1, 436–438. Больш абгрунтавана Мейе (BSL, 29, 1929, 211), Махэк₂ (230), Трубачоў (Эт. сл., 8, 243–245), якія бачаць крыніцу запазычання ў раман. арэале; параўн. франц. étuve, італ. stufa, ісп. estufa, праванс. éstuba ’лазня, апарня’ < *estūfa (скарачэнне ū > яшчэ ў нар.-лац.). Спроба аб’яднання абедзвюх крыніц падана ў Слаўскага, 1, 475–476; Etnografia polska, 1960, 351–354. Тлумачэнне слова на слав. глебе належыць Мартынаву, Лекс. взаим., 122–125: *jьstъba ’нерухомая маёмасць, гаспадарка’ < *istъ‑ba звязваецца з гняздом *istъ (гл. існы). Гёрнер (ZfslPh, 32, 1965, 332) прыцягвае сюды прасл. *ьstěja/*ěstěja ’печ, вогнеахвярнік’ і лічыць семантычную адзнаку ’ацяплення’ зыходнай для слав. *jьstъba; параўн. народна-этымалагічнае збліжэнне з *istopiti. Інакш Мядзведзева (Праблемы мовы і літаратуры, 1972, 103–114) выяўляе ў *jьstъba корань *stьb‑, як у сцябло, ствол. Этнаграфічны аспект гл. А. С. Харузін, Славянское жилище, 1907. Гл. істопка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

знайсці́, знайду, знойдзеш, знойдзе; пр. знайшоў, ‑шла, ‑ло; заг. знайдзі; зак., каго-што.

1. У выніку пошукаў выявіць, адшукаць. Дзеду трэба знайсці тую часць чырвонага войска, камандзір якога стаяў у яго на кватэры. Колас. У горадзе, зразумела, можна было б знайсці хірурга. Якімовіч. // Падшукаць, падабраць. Два тыдні ў нашай вёсцы не было старасты, немцы не маглі знайсці халуя на гэты пост. Краўчанка. [Сястра] не ведае, што адказаць. Тузаецца, не можа знайсці слоў. Скрыган. // Прыдумаць (у выніку разважання). Знайсці выхад з цяжкага становішча. // (у спалучэнні з інф. і словамі «чым», «чаму», «за што» і пад.). Ужываецца для выражэння іранічных адносін да выказвання; роўна па значэнню адмоўным канструкцыям: нечым, нечаму, няма за што і пад. Знайшла чым хваліцца. Знайшоў чаму радавацца. □ — Знайшлі за што сварыцца, — умяшаўся Карусь. Колас. // Выявіць у выніку спецыяльных пошукаў, даследаванняў; адкрыць, вынайсці. Знайсці новыя залежы каменнага вугалю. Знайсці новы спосаб рашэння задачы. // Вызначыць шляхам вылічэнняў, вывадаў. Знайсці суму двух лікаў. Знайсці корань слова. // Выбраць, удзяліць для чаго‑н. (які‑н. адрэзак часу). Знайсці вольную хвіліну. □ Калі час толькі вольны знайду — Збіраюся ў падарожжа! Нядзведскі.

2. Выявіць, убачыць, заўважыць. — Надоечы мы знайшлі ў алешніку прыкрытую ламаччам яму. Бажко. // (звычайна ў пытальнай канструкцыі са словам «што»). Выявіць, убачыць у кім‑, чым‑н. якія‑н. уласцівасці, якасці. — Што ты смешнага тут знайшоў, супастат? Лынькоў. — Што ты з мяне, старога, кпіш, знайшоў таварыша!.. Чорны. // Застаць, заспець. Прыйшлі і не знайшлі цябе.

3. Атрымаць, набыць. Знайсці прымяненне. Знайсці адлюстраванне. □ [Білецкі:] Ты памятаеш, Сцяпан, — я не дрэнна страляю і, можаш не сумнявацца, кожная выпушчаная мною куля знойдзе свой адрас. Маўзон. Разбіты граніт Знойдзе месца сваё ў адбудове. Танк. // у кім-чым. Сустрэць з боку каго‑н. якія‑н. адносіны, пачуцці; адшукаць у кім‑, чым‑н. крыніцу якіх‑н. пачуццяў, адчуванняў. Сямён рашыў пайсці да Булая. Не затым, каб паскардзіцца на каго-небудзь. Проста хацелася раскрыць сваю душу, знайсці спачуванне. Шыцік.

4. са злучн. «што». Прыйсці да якога‑н. вываду, заключэння. Ва ўрадніка пранеслася ў галаве думка: арыштаваць і папа за пакрыванне крамольніка. Але перадумаў і знайшоў, што не варта. Колас. // Палічыць, прызнаць. Знайсці неабходным паведаміць аб прыездзе.

•••

(Днём) з агнём не знойдзеш; са свечкай не знойдзеш — пра што‑н. далёка закінутае, схаванае.

Знайсці агульную мову — дасягнуць узаемаразумення, узгодненасці.

Знайсці дарогу к чыйму сэрцу — выклікаць у каго‑н. да сябе любоў, сімпатыі.

Знайсці канец (канцы) — разабрацца ў чым‑н., даведацца пра што‑н.

Знайсці смерць (магілу) — загінуць, памерці.

Знайсці сябе — правільна вызначыць свае схільнасці, зразумець сваё прызванне.

Знайшоў (знайшлі) дурня (іран.) — выражэнне нязгоды з кім‑, чым‑н., адмаўлення ад чаго‑н.

На дне мора знайсці — адшукаць у любым выпадку, незалежна ад абставін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сла́ва ‘шырокая вядомасць, прызнанне’ (Гарэц., Кос., Некр. і Байк.), ‘рэпутацыя’ (Ласт., Федар. 4, Пятк. 2), ‘думка іншых людзей’ (Сержп.), ‘ганьба’ (Ян.), ‘ганьба, дрэнная погаласка’, ‘ацэнка, рэпутацыя’ (ТС), ‘чуткі, размовы’ (ТСБМ), ‘хвала, гонар’ (Гарэц., Некр. і Байк.). ст.-бел. слава ‘агульная думка, рэпутацыя; хвала, гонар; шырокая вядомасць’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 77). Укр., рус. сла́ва, польск., в.-луж., н.-луж. sława, чэш., славац. sláva, серб.-харв. сла̏ва ‘слава, праслаўленне’, ‘свята ў гонар пэўнага святога’, славен. sláva, балг. сла́ва, макед. слава ‘праслаўленне, родавае свята’, ст.-слав. слава. Прасл. *slava. Як сцвярджае Махэк₂ (552), поствербальны дэрыват ад прасл. *slaviti. Звязана чаргаваннем галосных з слова (гл.). Роднасныя літ. slóvẽ ‘гонар; хвала’, šlãvinti ‘славіць’, лат. slava, slave ‘пагалоска; слава’, грэч. χλέος ‘слава’, ст.-інд. çrávas н. р. ‘хвала, слава, гонар’; гл. Траўтман, 307 і наст.; Мее, Études, 208; Буга, РФВ, 75; 145; Фасмер, 3, 664 з літ-рай. Корань *slav‑/*‑slav‑ часта сустракаецца ў славянскіх складаных імёнах тыпу: Славамір, Станіслаў, Барыслаў і пад. Гл. яшчэ БЕР, 6, 829–830. Сла́віць ‘праслаўляць’ узыходзіць да прасл. *slaviti, параўн. укр. сла́вити, рус. сла́вить, польск. sławić, в.-луж. sławić, н.-луж. sławić, чэш. slaviti, славац. slaviť, серб.-харв. сла̏вити, славен. slavíti, балг. сла́вя, макед. слави, ст.-слав. славити. Гл. аб дзеяслове Фасмер, 3, 664; БЕР, 6, 833 з аглядам літ-ры. Праблему складаюць адносіны назоўніка і дзеяслова. Трубачоў (SlW, 33) сцвярджае, што *slava > *slaviti, падобна да іншых выпадкаў утварэння каузатыўных дзеясловаў ад назоўнікаў тыпу *bava > *baviti, *trava > *traviti і пад., г. зн. слова ўяўляецца як сярэдняе звяно дэрывацыйнага рада: *sluti (гл. слыць) > slava > *slaviti, гл. таксама Трубачоў, Труды, 1, 148–150. Супрацьлеглага пункта погляду, выказанага Махэкам₂ (там жа), прытрымліваюцца Немец (SlW, 20 і наст.) і Шаўр (Slavia, 49, 1–2, 19–25), згодна з якімі слова паходзіць ад *slaviti, утворанага шляхам дэпрэфіксацыі *proslaviti, *oslaviti, паколькі прэфіксальныя формы больш раннія за непрэфіксальныя, паводле матэрыялаў “Слоўніка стараславянскай мовы”; развіццё уяўляецца як sluti > *oslaviti > *oslava > *slaviti > *slava, паколькі першапачаткова *slaviti не значыла ‘праслаўляць’, а ‘пашыраць добрыя звесткі аб некім’, што неістотна. Адносіны *slava да *slova (гл. слова), паводле Ломы (Пракосово, 171), уяўляюцца наступным чынам: або *slava ад *slova шляхам падаўжэння карэннай галоснай o > a, або як поствербатыў ад дзеяслова *slaviti, які ў сваю чаргу з’яўляецца ітэратывам ад *sloviti ‘выслаўляць, выражаць’, што ўтварыўся як дэмінатыў ад *slovo.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Како́ра1 ’старая каржакаватая бяроза’ (полац., Суднік, вусн. паведамл.), ’сухая крываватая палка’ (полац., Садоўскі, вусн. паведамл.), закакорына ’закавыка’ (слаўг., Яшкін, вусн. паведамл.). Параўн. какора2 (гл.).

Како́ра2 ’частка каркаса лодкі’ (жытк., Жыв. сл.; Маслен.; стол., Нар. сл.; ТСБМ), ’частка пабудовы’ (Сержп. Грам.), кокора ’будан з загнутых і звязаных парамі галін вербалозу’, ’нізкі разгалісты дуб на балоце, на які клалі стажок сена’ (стол., Нар. сл.). Да палес. лексікі польск. kokóra; як тлумачыць Слаўскі, 2, 336, такога польскага слова няма, прыведзеная форма адзначана толькі ў Слоўніку Казлоўскага і датычыцца Палесся. Як здаецца, наяўная інфармацыя не вельмі адэкватна адлюстроўвае бел. матэрыял за межамі палескай тэрыторыі, на гэта ўказвае, магчыма, сведчанне Сержпутоўскага і паўн.-бел. лексіка. Вельмі шырока прадстаўлены адпаведнікі да разглядаемага слова ў рускай мове. Найбольш дакладныя: кокора ’дзерава (звычайна хваёвае) з выгнутым коранем; ідзе на астовы, шпангоўты і да т. п. лодак, барак’, «Какоры идут на поделку предметов, которые должны иметь па конце крючок или загиб, например прялки, кичиги, курицы (при постройке дома)» (СРНГ, 14, 93), ’бервяно з крывым загнутым канцом, якое ўжываецца пры пабудове хаты’ і інш. Падобныя значэнні добра вядомы на моўнай тэрыторыі (СРНГ, там жа форма кочёра, кочера ў блізкіх значэннях і інш.). Этымалогія слова не вельмі пэўная, не выключаецца і іншамоўны ўплыў (гл. Фасмер, 2, 283) і працэс кантамінацыі, які вельмі зацямніў першапачатковую форму. Звычайна лічыцца праславянскім (Слаўскі, 2, 337). (БЕР, 2, 537). БЕР (там жа) мяркуе, што да рус. кокора адносіцца і балг. дыял. кокор ’грабавы куст’, ’ссохлы грабавы куст, які выкарыстоўваецца для асвятлення’, ’куст, які расце на камяністых месцах і з якога вяжуць венікі’, ’камяністае месца, зарослае кустамі і цярноўнікам’, кокоряевам (аб дрэве) ’пашкаджацца ў росце’. Параўн. серб.-харв. кокара ’галіна’. Скок (2, 120) параўноўвае гэту лексему з балг. чекор ’галіна’, лат. ceceris, cecers ’пень’, ’пень з каранямі’ і лічыць, што калі гэтыя супастаўленні правільныя, серб.-харв. слова суадносіцца з рус. кокора. Паўтараецца, па сутнасці, даўняя этымалогія для гэтай групы лексікі, якую даў ужо Бернекер (1, 540). Розніца ў семантыцы слова на поўдні і поўначы і, апрача таго, вельмі няясная этымалогія назваў раслін, якія звычайна лічацца роднаснымі вышэй прыведзеным лексемам (гл. спец. какарнак). Па сутнасці, паўдн.-слав. семантыка ’кучаравы’, ’натапыраны’ і да т. п., якая паслядоўна характарызуе валасы чалавека, пер’е птушак і г. д., паўтараецца на поўначы толькі ў лат. мове, дзе значэнні ’брыдкі, падступны і да т. п. чалавек’, ’кучаравая галава’ успрымаюцца як пераносныя, з ’пень з выдранымі з зямлі каранямі’, гл. Мюленбах-Эндзелін, 1, 367. На думку Эндзеліна, як і cencers ’стары пень’ (семантыка, засведчаная для рус. кокора), лат. ceceris з’яўляецца рэдуплікацыяй cers ’шышкаваты, слойны корань дзерава’. Семантыка лат. слова вельмі разнастайная: cers ’куст, кустарник’, ’расліна, якая кусціцца з аднаго кораня’ (напрыклад, жыта), ’шышкаваты, сукаваты корань дрэва’, ’група кустарнікаў’, ’букет кветак’, ’месца, якое зарасло чаротам і трыснягом’, ’зарослае месца на балоце’, ’атожылак, парастак’, ’нарасць’. Далей сюды ж адносіцца літ. kēras ’куст’, ’пень’, ’выкарчаваны пень’ і інш., якія суадносяцца з слав. korenь. Пры гэтым лат. cera ’ускудлачаныя, натапыраныя валасы’ неабходна лічыць другасным. Асноўныя значэнні, якія даволі лёгка выводзяцца з літ. і лат., магчыма, і ў прус. мовах (параўн. kerberse ’кустарнікавая, куставая бяроза’, гл. падрабязна аб рэканструкцыі і этымалогіі Тапароў J–K, 313–315) ’кусцісты, нізкарослы’ засведчаны і ў слав. мовах: рус. корькорань’ (толькі разан., фіксацыі пачатку і сярэдзіны мінулага стагоддзя), польск. kierz ’куст’, kierzek, н.-луж. keŕ, в.-луж. keŕ, чэш. keř, славац. ker ’тс’. Паводле Слаўскага, 2, 157, можна рэканструяваць паўн.-слав. *kъrjь, які апафанічна суадносіцца ’з прасл. korenь (у Тапарова, там жа, рэканструкцыя *kъrь). Вытворныя ад кораня з нулявой ступенню аблаўта пруск. kirno ’куст’, літ. kìrna ’карчага’, ’кусцістае, балоцістае месца’, ’буралом’, ’ражны, якія застаюцца пасля ссячэння кустоў’ і інш. Адзначым значэнне літ. слова ’скнара’ (LKŽ, 5, 848). З усх.-слав. фактаў звяртаюць на сябе ўвагу такія лексемы, як тульск. карёк ’кустоўе’, якое Даль (2, 227) тлумачыў: «Вероятно, коряжник криворослый», рус. разан., тульск., валаг. ’кустоўе’, (тульск.) ’дробне кустоўе’ (СРНГ), валаг., разан., тульск., пенз. ’куст, які расце ад пня дрэва’, н.-сіб. ’балоцістае месца, якое зарасло кустоўем’, калуж., маск. (Даль), разан. ’група дрэў пасярэдзіне поля на нізкім месцы’, маск. ’лес на востраве’ і інш. Адзначым, што апошняе можна разглядаць як вытворнае ад корь, якое, відаць, да кора. Важна, што, апрача супадзення семантыкі, дакладных фармальных адпаведнікаў у балт. мовах няма. Буга (Rinkt, 2, 216) меркаваў аб сувязі рус. кокора, кочера, кочерга з лат. kakalis, kakaža, літ. kakar̃lis. Што датычыцца літ. kakar̃lis, то, паводле LKŽ, 5, 88, яно сустракаецца толькі на паўн. усходзе (р‑ны: Купішк., Уцен., Ракішк.), асноўнае значэнне ’мяшалка’ (з доўгай ручкай і крывым канцом, зробленая з дрэўца з загнутым коранем або з галінай, мяшаць страву, месіць хлеб: качарга). Шустэр–Шэўц (8, 588) прапанаваў версію, паводле якой прасл. *kokor‑ суадносіцца з коранем *kok‑. Пры гэтым суфіксацыя ‑or тлумачыцца як адпаведная чэш., славац. sochor, в.-луж. capor, capr, sochor, больш падрабязна ў таго ж аўтара ZfSI, XIX, 6, 586–587.

Како́ра3 (паўн., КЭС), какор ’бохан хлеба’ (КЭС), какоры ’хлеб з мукі без дабавак’, ’булачкі’ (Анім.), кокора (Нік. Очерки, 95): «название пирога, позже ставшего «пытлюваным, солиным» хлебом», какоркі, какоры ’перапечкі з бульбы, мукі, з прэснага або кіслага цеста’ (зах., Сл. паўн.-зах.), какорына ’тоўсты блін з цёртай бульбы’ (Сл. паўн.-зах.; рас., Шатал.), ’блін з мукі’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. пск., наўг. кокора ’аладка’, пск. ’тоўсты блін’, ’ватрушка (з тварагом, бульбай, морквай і да т. п.)’ (пск., тое ж і ў Сл. паўн.-зах. у шэрагу ілюстрацый), ’ватрушка з бульбай, абавязкова з кіслага цеста’ (валд., наўг.), ’круглы хлеб, вагой у 2–3 фунты, прыгатаваны з лепшай мукі хатняга памолу’. Дэрываты кокорина наўг., пск. у розных значэннях: ’тоўсты блін (адзін)’, ’ватрушка з аржаной мукі з тварагом’, ’пірог’ (пушк., пск.). Аналагічныя лексемы адзначаны і ў рус. гаворках на тэрыторыі прыбалтыйскіх рэспублік. На больш шырокай рус. тэрыторыі наўг., вялікал., калін. і інш. сустракаецца кокорка, кокорока, звычайна ў тых жа значэннях. Звяртае на сябе ўвагу валаг., ярасл., перм., урал. і інш. кокорки ’тварог’, ’дробныя камячкі, камякі ў малацэ (с.-урал.), (перм., с.-урал. і інш.), ’камякі бруду і інш.’, тут, магчыма, пазнейшая ад’ідэацыя да іншага слова. Далей па рус. моўнай тэрыторыі сустракаецца вельмі часта кокура, кокурка ’аладка’, калач, абаранак, пірог і інш.’ Не вельмі яснае слова. З аднаго боку, рус. кокора запазычана з фін. kakkara ’клёцка; від хлеба’, аднак гэтаму пярэчыць другі арэал (форма кокура) у глыбіні рус. гаворак. Вельмі спакусліва разглядаць рус. словы (кокора і какура) асобна, аднак шэраг супадзенняў у пабочных значэннях сведчыць аб іх цеснай суаднесенасці і пярэчыць такой магчымасці. Фасмер (там жа) лічыў, што ўтворана слова какора хутчэй за ўсё ад кока ’курынае яйка ў дзіцячай мове’, ’пшанічны хлеб, пірог’ (арханг.) і быў супраць Калімы, што тут уплыў фін. kukko ’нейкі пірог; певень’. Пацвярджае думку Фасмера, магчыма, толькі рус. раз., сарат. і інш. кокура ’страва з цеста ў выглядзе круглай буханачкі з запечаным у сярэдзіне цэлым яйкам (маск., уладз., кастрам., казан., перм. і інш.), кокурка ’тс’, аднак гэта значэнне толькі пабочнае. Прыняць думку Фасмера нельга па шэрагу прычын (семантыка, форма, лінгвагеаграфічны крытэрый). Цікава, што для паўн.-рус. кокач ’пірог з кіслага жытняга цеста з начынкай з талакна, проса, гароху, рыжыкаў’. Фасмер прыняў прапанаванне Калімы алан. kokoi ’хлеб з ячменя або аўса’ ў якасці крыніцы запазычання, у той час як для іншых, верагодна, суаднесеных з фін. лексікай рус. слоў шукаў этымалогію на рус. глебе. Цікава пры гэтым звярнуць увагу на літ. kakarokas ’пірог, ляпёшка’, зафіксаванае ў Ракішскім і Кунішскім раёнах. Лексема не вельмі ясная, аднак фармальна яна як быццам пацвярджае магчымы архаічны характар слав. лексікі.

Како́ра4 ’гультай’ (Мат. Гом.). Рус. паўн. ’пра нязграбнага, непаваротлівага чалавека’, кокора сицкая, у Даля і ў акадэмічным слоўніку 1911 г.: «(В местностях около реки Сити) есть привычка говорить о том, кто не ловок в обращении, не развязен, не умеет щегольно одеться.., кокора сицкая!» (ярасл., СРНГ, 14, 94), перм. ’пра лянівага чалавека, гультая’, магчыма, і больш падыходзячыя па геаграфіі пск., цвяр., асташ. ’пра скупога, прагнага чалавека’, пск. какора ’пра непадступнага, цвёрдага, як крэмень, чалавека’, ярасл. ’пра неразумнага чалавека, дурня’. Звернем увагу на тое, што звычайная паралель да рус. кокоракорань, пень і інш.’ у этымалагічных слоўніках (Фасмер, 2, 282) кокористый з’яўляецца толькі рэгіянальным вытворным ад рус. кокора ’непадступны, цвёрды’. Параўн. рус. пск., асташ., цвяр. кокористый ’натурысты, упарты’, ’незгаворлівы’, ’скупы’ і вышэй прыведзеныя дэфініцыі і геаграфію для кокора. Фармальнае супадзенне дазваляе суаднесці гэта слова з какора2 і какора3. Сувязь з другім словам уяўляецца малаверагоднай, хоць семема ’тоўсты’ ў какора3 магла перайсці ў ’непаваротлівы’, і такое развіццё семантыкі можна было б прыняць. Аднак гэтай версіі пярэчыць лінгвагеаграфія бел. слова (какора4паўд., а какора3паўн.) і адсутнасць прыкладаў ужывання слова какора3 для адмоўнай характарыстыкі чалавека. Між тым сувязь разглядаемых слоў з какора3 даводзіцца значна лягчэй, а магчымасць ужывання семем ’калода’, ’пень’, ’дубіна’ пераносна для характарыстыкі чалавека каментарыяў не патрабуе. Цяжэй вытлумачыць значэнне ’непадступны, цвёрды’ (’скупы’ і ’хцівы’ — на базе менавіта гэтай семемы). Магчыма, неабходна суадносіць яго з такімі значэннямі рус. слова кокора, як ’галінасты, сукаваты; абрубак дрэва’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́рці1, перць ’ісці, лезці куды-небудзь, не зважаючы на перашкоды (ТСБМ), ’гнаць, выганяць’ (ТСБМ; Нас.; сміл., Станк.), ’хутка ехаць, бегчы’ (Шат.), ’прагна есці’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’падаць (пра снег)’, (петрык., Мат. Гом.), ’напіраць, груба сунуць з сілай; перамяшчаць з энергіяй, рухацца з імпэтам’ (мсцісл., З нар. сл.), ’ісці (пра дым, пыл)’ (дзятл., Сл. ПЗБ), пе́рцца, пе́рца ’ціснуцца, пхнуцца’ (Бяльк.), ’выходзіць масай, напорам (пра дым, пару)’ (Юрч. СНЛ), пе́рціся ’выбівацца на паверхню (пра расліны)’ (ТСБМ). Укр. пе́рти ’перці, напіраць; гнаць; рухацца, ісці’, ’выпіраць (паветра, дух)’, пе́ртися ’лезці, напіраць’; рус. пере́ть ’ісці, прасоўвацца праз перашкоды; бегчы’, ’хутка ехаць’, ’напіраць, ціснуць’, ’есці’, польск. przeć ’напіраць, націскаць’, ’імкнуцца да чаго-н., настойліва дамагацца’, ’пяцца, тужыцца’, славен. pẹ́riti ’устаўляць зубы ў граблі, спіцы ў кола, шчаціну ў дратву’, серб.-харв. (на)пѐрити ’накіраваць, навесці’, ’утаропіцца’, ’намерыцца’, макед. (па)пери ’накіраваць, рушыць’, (на)перкува ’напіхваць’, балг. (па)пе́ря, (па)пе́рвам ’узвышацца’, ц.-слав. (на)перити ’пракалоць, прабіць, прадраць’. Прасл. *perti, *periti, роднаснае ст.-грэч. πείρω (< *perі̯о), περάω ’прарываюся, пранікаю, праходжу’, περόνη ’востры канец, джала, вастрыё’, πόρος ’праход’, ст.-інд. píparti ’перавозіць, суправаджае’, гоц. farjan ’ехаць’, лац. portus ’прыстань’ і інш. (Траўтман, 215; Покарны, 816; Фасмер, 3, 240; Бязлай, 3, 26 і 130–131; Куркіна, Этимология–1968, 95). Сной (гл. Бязлай, 3, 26) мяркуе, што прасл. *periti, хутчэй за ўсё, з’яўляецца дэнамінатывам.

Перці2 ’несці з цяжкасцю, везці што-н. цяжкае’ (Нас., Серб., ТСБМ, ТС, Юрч. Сін.; міёр., Нар. лекс.; сміл., Станк.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’хутка несці цяжкую ношу на вялікую адлегласць’ (Растарг.), драг. прэ́тытэ ’тс’ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.); параўн. славен. pŕitati ’ўзяць/браць ношу на спіну; напружвацца, рабіць намаганні’, ’няўклюдна лезці’, серб.-харв. пр̏тити ’несці на спіне’. Апошнія суадносяць (Сной, гл. Бязлай, 3, 13 1) з прасл. *pъrtъ/*pьrtъ ’кавалак палатна’, а таксама ’вяроўка, рэмень’, параўн. славен. pŕča ’вяроўка, якой прывязваюць скаціну на пашы’, чак. op̏rta ’вяроўка з ліпавага лыка’. Скок (3, 58) серб.-харв. пр̏тити звязвае з пр̏тен ’ільняны, палатняны’ і pratež ’тавар, багаж’, для якіх аднаўляе корань і.-е. *per‑ з пашыральным суф. ‑t‑. Куркіна (Этимология–1975, 19–23) для групы слоў вакол серб.-харв. пр̏тити прапануе ў якасці зыходнай аснову *pъrtъ ’вяроўка, шнур, рэмень’, збліжаючы яе з літ. spartas ’стужка, завязка, абруч’, ст.-грэч. σπάρτον ’ліна, канат, вяроўка’. Тады развіццё семантыкі праходзіла наступным шляхам: ’вяроўка, шпур, рэмень’ > ’груз, ноша’ > ’цягнуць’.

Перці3 ’праць бялізну’ (глыб., Сл. ПЗБ), пе́раць ’тс’ (карэліц., бяроз., чэрв., там жа), перць ’тс’ (ветк., Мат. Гом.). Да праць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)