дуб, ‑а і ‑у; мн. дубы, ‑оў; м.
1. ‑а. Буйнае лісцевае дрэва сямейства букавых з моцнай драўнінай і пладамі жалудамі. Стогадовы дуб. □ Сілачом стаіць Дуб разложысты, І здалёк відаць пышны верх яго. Колас.
2. ‑у; толькі адз. Драўніна гэтага дрэва. Нарэзаць дубу. Бочка з дубу.
3. ‑а; перан. Разм. Пра высокага, моцнага чалавека. У Жарстана было сем сыноў, і чацвёра з іх такія ж дубы, як і бацька. Колас. // Пагард. Пра тупога, неразумнага чалавека. — Хоць і дуб ты, скажу табе, але заходзь, кульні з намі чарку: у мяне ж сёння вяселле — гуля-а-ем! Вышынскі.
4. ‑а. Адзін з відаў вялікіх лодак (на Дняпры, Доне). Пад поўнач Пятро Тугай закончыў рамонт дубоў, заліў смалою залапленыя месцы і вылез на паром. Краўчанка.
•••
Коркавы дуб — вечназялёнае дрэва сямейства букавых, кару якога выкарыстоўваюць для вырабу коркаў і інш.
Даць дуба гл. даць.
Плесці з дуба вецце гл. плесці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жыві́цца, жыўлю́ся, жы́вішся, жы́віцца; незак.
1. Карміцца, харчавацца. [Родны:] Што ж, тыгр — звер, як звер. Яму так прыродай вызначана — жывіцца мясам. Крапіва. Наступалі голад і смага. Байцы жывіліся жменяй макухі, дзесяткам гарошын. «Звязда». // Здабываць сродкі для існавання. Людзі з трох вёсак займаліся вырабам гонты і гэтым жывіліся. Чорны. Што зарабіць Эльза, шыючы сукенкі пападзянкам, тым толькі і жывілася з бацькамі. Гарэцкі.
2. Забяспечвацца тым, што неабходна для нармальнага існавання, развіцця, дзейнасці. Ірвецца [расток] да святла, расце бясконца І п’е зямлі сыры духмяны сок, І жывіцца магутнай сілай сонца... З. Астапенка. Маторы ў майстэрнях жывяцца электрычнай энергіяй. Шахавец. // перан. Падтрымліваць, узмацняцца чым‑н. (пра разумовую і творчую дзейнасць, псіхічны стан і пад.). [Беларуская] сатыра ўрастала ў народную глебу, жывілася яе сокамі. Казека. У многіх аўтараў паэзія жывіцца ўспамінамі. «ЛіМ».
3. Разм. Атрымліваць для сябе выгаду, карысць; нажывацца, абагачацца. — Не было ў нашым родзе людзей, якія б з чужога мазаля жывіліся. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мітуслі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які хутка і бесперапынна рухаецца ў розных напрамках. [Хлопцы] доўга і пільна прыглядаліся да шумных мітуслівых гракоў, клікалі Грышу. Якімовіч. Спалохана ўзляталі з прыдарожных соснаў мітуслівыя сарокі. Лынькоў. // Паспешлівы, неўраўнаважаны; бязладны. Ішлі хлопцы; беглі, каб не спазніцца, мітуслівыя дзяўчаты. Лынькоў. Рухі Пятра вуглаватыя, мітуслівыя і лёгка выдавалі яго як непрактычнага ў гаспадарчых справах інтэлігента. Ракітны.
2. Які мільгае, мітусіцца перад вачыма. Пры мітуслівым святле свечкі Анупрэй разгледзеў чалавек восем вайсковых. Грахоўскі. Да фермы набліжаліся мітуслівыя кроплі ліхтароў — беглі людзі. Місько. Агеньчыка ззаду не было — патух ці закрыла мітуслівая заслона завірухі. Мележ.
3. Неспакойны, поўны мітусні (у 1, 2 знач.). Мітуслівы горад. □ Усе былі стомлены, але тое, што такі гарачы і мітуслівы дзень прайшоў удала, бадзёрыла і радавала. Хадкевіч. // Якому ўласціва мітусня. Жанчыны займаліся той дробнай мітуслівай работай, якой амаль не відаць, але якая надзвычай стамляе і ўрэшце прыводзіць да апатыі, абыякавасці. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нялю́дскі, ‑ая, ‑ае.
1. Не ўласцівы чалавеку, не характэрны для чалавека. Панесліся нялюдскія крыкі і лямант. Гартны. Адам з нялюдскай прагнасцю накінуўся на яду. Чорны. Калі вы пачуеце ноччу ў лесе злавеснае «уху-уху», а потым дзікі, жудасны, нялюдскі рогат, не бойцеся. Гэта крычыць пугач. В. Вольскі. // Не такі, якім павінен быць; дзіўны. [Студэнт] нейкі быў нялюдскі: людзей цураўся, ні з хлопцамі, ні з дзяўчатамі, ні з кім блізка не знаўся. Сабаленка.
2. Які перавышае чалавечыя магчымасці, сілы; моцны па ступені праяўлення. Відаць, у чалавека, што пісаў.. [скаргу], у самога крывавілася, сэрца ад.. нялюдскага здзеку і крыўды. Машара. Маці, маці! Адкуль браліся ў яе сілы, упартая нялюдская цягавітасць і вытрымка? Карпаў.
3. Антыгуманны, бесчалавечны; ганебны. Першая раніца была пачаткам жахлівай, нялюдскай справы — вайны. Брыль.
4. Разм. Дрэнны, кепскі. Нялюдская дарога. □ Хапала [для вёскі] і балота, але і яно было нялюдскае: купіны, парослыя кустамі алешніку, а між іх — рудая каламутная вада. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падзе́ць, ‑дзену, ‑дзенеш, ‑дзене; заг. падзень; зак., каго-што (ужываецца з прысл. «дзе», «недзе», «куды», «некуды»).
Разм.
1. Палажыць куды‑н. так, што цяжка знайсці. [Тамаш:] — Дзе ж ты, сынку, запалкі падзеў? Чорны. // Схаваць, некуды звесці. [Дзеці:] — Куды нашых настаўнікаў падзелі? Сабаленка.
2. Змясціць куды‑н., знайсці для каго‑, чаго‑н. месца сховішча, прытулак і пад. Юзя не ведала, дзе падзець драбавік. Бажко. — Вось забралі цябе ў палон, душылі голадам — і маўчаў. Уцёк і ўсё тваё ўцякло з табой. А я куды ўцяку? Дзе іх падзену? — бацька паказаў на прыціхлых дзяцей, якія ўважліва слухалі гаворку дарослых. Навуменка. // Зрасходаваць, патраціць; выкарыстаць. [Чарняхоўскі] не ведаў, куды падзець энергію, якая бурліла ў ім. Мележ. Але прыходзілі доўгія зімнія вечары. Куды было падзець гэты вольны час? Колас.
•••
Не ведаць (не знаць), куды (дзе) вочы падзець гл. ведаць.
Не ведаць (не знаць), куды (дзе) рукі падзець гл. ведаць.
Не ведаць (не знаць), куды (дзе) сябе падзець гл. ведаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
палі́цца 1, паліцца; незак.
1. Мець у сабе раскладзены агонь (пра печ, пліту і пад.). Паліліся печы, і роўныя слупы дыму ўздымалася ў неба. Шчарбатаў. У доме.. горача палілася часовая печ, зробленая з жалезнай бочкі; трубы былі выведзены ў акно. Шамякін. / у безас. ужыв. Было ўжо зусім холадна, і раніцою і вечарам палілася ў печы. Парахневіч.
2. Зал. да паліць 1 (у 1–3 знач.).
палі́цца 2, ‑льюся, ‑льешся, ‑льецца; ‑льёмся, ‑льяцеся і ‑ліюся, ‑ліешся, ‑ліецца; ‑ліёмся, ‑ліяцеся; пр. паліўся, ‑лілася, ‑лілося; заг. паліся; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачаць ліцца (у 1–3 знач.). На дварэ закіпеў лівень, і звонка са страхі палілася вада, разбіваючыся на пырскі. Адамчык. Раптам палілося святло з усіх вулічных лямп — электрастанцыя дала ток. Чорны. І пальецца ў цішы Песня — водгук душы, Песня радасці... смутку... і болю... Трус.
2. Паліць, абліць сябе; абліцца. Паліцца з вядра.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак.
1. што, у чым. Уступіць, адмовіцца ад чаго‑н. Я свайго не папушчу. □ Для Паходні касьба была першым сур’ёзным іспытам. Не дагледзець чаго, папусціць у дысцыпліне, пра якую вядзе размову штодня, — пойдзе так і ў жніво, і далей. Хадкевіч. // Разм. Тое, што і папусціцца (у 2 знач.). — О, як вы законы добра ведаеце, — сярдзіта крыкнуў Язэп, — скулу вам, а не штраф.. Гэта здзекі з мяне. Я не папушчу. Чарот.
2. што. Адпусціць, аслабіць, зрабіўшы даўжэйшым. Папусціць канцы вяроўкі. □ Я асцярожна ўзяў у рукі вудзільна і папусціў.. Але варта мне было аслабіць вуду, як паплавок кульнуўся і пайшоў на дно. Ляўданскі.
3. чым. Кінуць з размаху; запусціць. Папусціць каменем. □ [Чалавек] папусціў ламачынаю і якраз ўцэліў: востры сук сухой старадрэвіны разануў сабаку па баку. Чорны.
•••
Не папусціць у крыўду каго — тое, што і не даць у крыўду каго (гл. даць).
Папусціць лейцы — паслабіць увагу, патрабаванне, пільнасць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́раны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад парыць.
2. у знач. прым. Бараны або печаны ў закрытай пасудзіне пры дапамозе пары 2. [Тарас Тарасавіч] стаў надта набожны. Пасціў сам і нас прымушаў есці параны з соллю боб і талакно. Асіпенка. [Маці] паволі замешвала парсюку параную бульбу з пасечанай травою. Кавалёў.
3. у знач. прым. Апрацаваны парай 2, варам (для ачысткі, размякчэння і пад.). А потым — цэлы дзень амаль загінаў параныя чаўнакі Пракоп на капылы новых саней. Баранавых. Было горача, чамусьці пахла ў хаце свежым хлебам і паранымі венікамі. Лупсякоў.
4. у знач. прым. Кіпячоны (пра малако). Мачыха, спазніўшыся снедаць з усімі, мазала пшанічныя блінцы маслам і запівала іх параным малаком. Васілевіч.
5. у знач. наз. па́ранае, ‑ага, н. Пра страву, вараную або печаную ў закрытай пасудзіне пры дапамозе пары 2. — А ў яго [Валодзі] будзе цяпер смажанага і паранага, ды і грошы завядуцца, калі не будзе дурнем. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перапра́віць 1, ‑праўлю, ‑правіш, ‑правіць; зак., што.
1. Унесці якія‑н. змены, паправіць недахопы, памылкі ў чым‑н. Пераправіць лічбу «1» на «і». □ Сп’яна ахрысцілі кумы хлапчука Не бацькаўскім імем, а нейкім Панасам; Агледзеўшыся, пабрылі да дзяка, Ды нельга было пераправіць па часе. Танк. — Сыны [пана] не хацелі аддаць луг сялу, падкупілі каморнікаў, і тыя пераправілі планы. Якімовіч.
2. Змяняючы, выпраўляючы недахопы, памылкі, паправіць усё, многае. Пераправіць усе запісы.
перапра́віць 2, ‑праўлю, ‑правіш, ‑правіць; зак., каго-што.
1. Перавезці, перавесці (звычайна цераз рэчку або якое‑н. цяжкае небяспечнае для праходу месца). Нарэшце.. камандаванне, пад прыкрыццём «кацюш», пераправіла цераз Бесядзь танкавую брыгаду. Чыгрынаў. — Гэй, там, на пароме! Перапраўце бедных падарожнікаў! Курто.
2. Адправіць, пераспаць каго‑, што‑н. у другое месца (звычайна скрыта або пераадольваючы якія‑н. цяжкасці). Частку зброі хлопцы пераправілі партызанскаму атраду. Васілеўская. [Ганна:] Максім Іванавіч, я думаю, што групу Іванчыка трэба пераправіць у лес... Кучар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перасе́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць і перасядзе́ць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.
1. Прасядзець, прабыць дзе‑н. даўжэй, чым трэба. // Сапсавацца ад доўгага сядзення (у печы і пад.). Хлеб пераседзеў і адпёкся.
2. каго. Прасядзець, пасядзець даўжэй за каго‑н. Неяк, пераседзеўшы ў бібліятэцы ўсіх, нават самых старанных да вучэння, мы спускалася з Трусам па сходах. Лужанін. [Андрэй] бачыць, як яна ходзіць па лазні, нават не сагнецца — Верна не баіцца духу, пераседзела б на палку любога мужчыну з вёскі. Пташнікаў. Закаханых перасядзець было нельга: яны не развітваліся да світання. Навуменка.
3. што і без дап. Праседзець, прабыць дзе‑н. некаторы час, чакаючы канца чаго‑н. Пераседзець ноч каля агню. Пераседзець дождж у хаце. □ Бацька пераседзеў недзе ў людзей вечар. Чорны. — Труслівага смерць і на печы знойдзе, — адрэзаў Сымон Балатніцкі. — У кустах не пераседзіш. Гурскі. [Дзед Мікалай] расказваў, што перасядзеў у Махавым усю страляніну, пакуль нашы не прыйшлі. Сяркоў.
4. што. Адседзець да здранцвення. Пераседзець нагу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)