Суга́к ’касцяное або драўлянае шыла з плоскім вастрыём для падплятання лапцей’, ’роўная тонкая палачка, якая прасоўваецца ў вушкі асновы лапцей’ (Бяльк.; маг., ЛА, 4), ’жалезны прут’ (Маш.), ’пруток з дроту для прапальвання дзірак у дрэве’ (Пятк. 2), ’спічак, швайка, шыла’ (глус., Янк. 3.; Мат. Гом.), ’завостраная палачка падплятаць лапці’ (Сцяшк. Сл.). Укр. суга́к ’жалезнае (або касцяное) шыла для праколвання дзірачак у пасталах, для развязвання вузлоў’. Паводле ЕСУМ (5, 465), з сува́к ’шыла, засаўка, хамуцік’ (гл. суваць), набліжанае да гак. Не выключана сувязь з соўгаць (гл.) з пераходам оў > у, параўн. саўга́к (пра старога чалавека), су́гнуць ’хуткім рухам пасунуць, усадзіць’ (дзятл., Сл. ПЗБ), сугану́ць ’саўгануць, рэзка перамясціць’ (Юрч. Вытв.), або з укр. суга́к, польск. suhak ’антылопа’ < караім. soɣak (sohak) ’малады алень, антылопа’ (Slavica Tarnopolensia, 1, 69), з рагоў якіх вырабляліся прылады. Гл. сайга.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сяве́ц 1 ’сейбіт’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Сл. ПЗБ, Варл., Мат. Гом., Сцяшк.), севе́ц ’тс’ (Арх. Вяр.). Да сеяць, гл. папярэднія словы.

Сявец 2 ’невялікая птушка атрада сеўцападобных’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’птушка Charadrius pluvialis L.’ (Касп.), ’птушка, якая прылятае да нас, калі сеюць жыта’ (Варл.; мёрск., ЖНС), се́ўка, сі́ўка ’птушка Charadrius pluvialis L.’ (Ласт.). Параўн. укр. си́вка ’птушка Pluvialis Briss’, сі́вка ’птушка Charadrius pluvialis L.’, рус. си́вка, си́вчик ’тс’, польск. siewka ’тс’, siejka ’птушка Pluvialis L.’, siewnica, posewnica ’птушка з сям’і кнігавак, Squatarola helvetica’. Няясна; звычайна звязваюць з сеяць: як пачынаюць сеіць, сяўцы лётаюць і крычаць (ЖНС, 74), параўн. таксама Брукнер, 487; Варш. сл., 6, 110. Пра магчымасць збліжэння з сівы (гл.) сведчыць іншая назва птушкі сернік 2 (ад серы ’шэры’), гл. Параўн. ЕСУМ, 5, 224; Антропаў, Назв. птиц, 370.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тамі́ць ’мучыць, знясільваць’, ’турбаваць, гнясці, нудзіць’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’мучыцца, знемагаць’ (Ян.), ’марыць, мучыць’ (Ласт.), ’мардаваць’ (Нас.), то́міць ’мучыць’ (Сл. ПЗБ), тамі́цца ’стамляцца’ (Нас., Сержп. Прымхі), томі́цца ’не гарэць агнём’ (ТС), сюды ж то́млены ’атрыманы тамленнем’ (ТСБМ), таме́нне ’мардаванне’ (Нас.), тамлёнка ’тушаная бульба’ (Мат. Гом.). Укр. томи́ти ’даводзіць да стомы, знясільваць; падвяргаць працягламу награванню’, рус. томи́ть ’мучыць; стамляць; парыць; награваць’, славен. дыял. tomljáti ’бадзяцца, сланяцца’, серб.-харв. то̀мити ’прыціскаць’, балг. томи́телен ’пакутлівы, нудны’, ст.-слав. томити ’мучыць’. З прасл. *tomiti ’мучыць’, роднаснага ст.-інд. tamáyati ’душыць, пазбаўляць паветра’, tā́myati ’страчвае прытомнасць, слабее’, лац. tēmulentus ’п’яны’, tēmētum ’хмяльны напой, віно’, ст.-ірл. tām ’хвароба; смерць’, tamaim ’спачываю (мёртвы)’, нова-в.-ням. dämisch, dämlich ’дурнаваты, ачмурэлы, прыгаломшаны’ (Чарных, 2, 249; Фасмер, 4, 75–76; ЕСУМ, 5, 595–596; Бязлай, 4, 196).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трудны ‘цяжкі’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Ласт., Вруб.; паст., Сл. ПЗБ), ‘нудны, прыкры, невыносны’ (Нас.), ‘цяжка хворы’ (Пан.), тру́дна ‘вельмі цяжка, вельмі моцна’ (Нас., Бяльк., Гарэц., Ян., Сл. ПЗБ), ‘пакутліва (пры смерці), балюча, пякельна, нясцерпна’ (воран., в.-дзв., швянч., ашм., пруж., Сл. ПЗБ), ‘немагчыма’, ‘толькі б’ (Нас.), тру́дно ‘цяжка’ (Сл. ПЗБ), трудно́ ‘тс’ (Растарг.); сюды ж труднава́ць ‘пакутаваць, гараваць’ (Сцяц.; маладз., Янк. Мат.), ‘цяжка хварэць, мучыцца пры цяжкай хваробе, перад смерцю’ (Рэг. сл. Віц., Пан., Сл. ПЗБ, Янк. 3.), ‘перажываць, хвалявацца, нервавацца’ (воран., Сл. ПЗБ), ‘трывожыцца’ (Сцяшк.), труднава́цца ‘турбавацца’, ‘пакутаваць, моцна перажываць’ (гродз., Нар. лекс.), ‘знаходзіцца ў цяжкім становішчы’ (Сцяшк. Сл.), трудні́ць ‘абцяжарваць, турбаваць’ (Нас.), ‘мучыць, цягнуць на ваніты’ (мядз., Нар. сл.), трудні́цца ‘мучыцца’, ‘пакутаваць ад болю, ад хваробы перад смерцю’ (віл., рагач., Сл. ПЗБ, Скарбы, Др.-Падб., Сцяшк. Сл.). Да труд 2, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Труна́ ‘дамавіна’ (ТСБМ, Нас., Багушэвіч, Байк. і Некр., Бес., Ласт., Федар. 4, Шым. Собр., Сержп. Прымхі, Бяльк., Шат., Касп., Сцяшк., Яруш., Мал., Булг., Гарэц., Мат., Др.-Падб., Варл., ТС, Вруб., Растарг.; петрык., Яшк. Мясц., ЛА, 3, Сл. ПЗБ), ‘пагібель, канец; вельмі дрэнна’ (ТСБМ), ст.-бел. труна (трумна, трунна) ‘труна’ (1577 г., ГСБМ). Запазычана са ст.-польск. trona, truna, trumna, trunna < с.-в.-ням. truhe ‘скрыня, труна’ (Булыка, Лекс. запазыч., 102), якое з’яўляецца роднасным ням. сілез. trūne ‘тс’, truhe, н.-в.-ням. truhne ‘тс’, ‘сундук’, trügge ‘карыта’, нарв. trygja ‘кошык для рыбы’, англ. trough ‘карыта’, ‘дзяжа, кадка’, якія, відаць, зводзяцца да гоц. triu, англ. tree ‘дрэва’, што да і.-е. *dereu̯(o)‑ ‘дрэва’ (Фасмер, 4, 109; Брукнер, 577; Шустар-Шэўц, 1538; ЕСУМ, 5, 656; Васэрцыер, 236, 237; Борысь, 644). Польск. trumna Вінцэнц (гл.) лічыць гіперкарэктнай формай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туда́ма, тудэ́ма, туды́ма, тудо́ма, тудама́, тудо́мі, тудэ́мі ‘туды, тудою’, ‘у тым напрамку, у той бок’ (Гарэц., Федар. 4, 5, Сцяшк. Сл., Вруб.; слуц., навагр., Мат., Зайка Кос., Сл. Брэсц.), тудэ́мо ‘тудою’ (Федар. 1, беласт., Жыв. НС). Аснова туд‑ (< прасл. *tǫd‑, гл. туды), да якой далучаюцца суфіксы з элементам ‑м‑, што нагадваюць такі ж канчатак формы Тв. скл. парнага або мн. л. назоўнікаў, паводле Карскага (2–3, 67–68), ідэнтычныя суфіксам прыслоўяў на ‑ма, ‑мо, ‑мі, як у лежма, дармо, вельмі і пад. Варыянтнасць папярэдніх галосных залежыць ад канчаткаў праславянскіх прыслоўяў *tǫdĕ/*tǫdu/*tǫdy/*tǫda — у славянскіх мовах яны выступаюць у асноўным у трох значэннях: ‘тудою’, ‘там’, ‘тут’ (ESSJ SG, 2, 694–695). Сюды ж тудойма ‘ў той бок, той дарогай’ (Нар. Гом.), тудэ́йма ‘туды, па той дарозе’ (Сцяшк.), гл. наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лы́ндаць (рас., паст. лынтаць ’хадзіць, швэндацца без справы, бяздзейнічаць, бадзяцца’ (ТСБМ, Бір. Дзярж., Грыг., Янк. 3., Мат. Гом., ТС; маладз., бялын., докш., Янк. Мат. міёр., Нар. лекс.; Сл. ПЗБ), ’шпарка хадзіць, шырока ступаючы’ (КЭС, лаг.); лындава́ць, лында́чыць, лы́ндаць ’ленавацца’ (Сцяшк. Сл.), польск. łyndać się, рус. лындать, разан. лындовать. Паводле Грынавяцкене і інш. (Liet. term., 182), запазычаны з літ. lìndoti, lìndėti ’тырчаць, сядзець’, ’гультаяваць’, ’бадзяцца, лазіць’; Лаўчутэ (Сл. балт 31, 119) дадае да іх яшчэ lìnda ’праныра’, ’гультай’, ’той, хто пазбег работы’, lindė, lindéika ’праныра’ і інш., якія ўзыходзяць да lĩ̦sti (leñda, liñdo) ’пралазіць’, ’набрыдаць’, ’несціся некуды’, ’ехаць’, ’блытацца пад нагамі’, ’лезці, куды не трэба’, lándzioti, lándauti ’туды-сюды лезці, хадзіць з месца на месца’, ’швэндацца’, ’памалу праходжвацца’. Параўн. і лат. lundžât ’лазіць туды-сюды’, ’бадзяцца’. Відавочна, значэнні ’ногі’, ’лыткі’, ’калені’ фарміраваліся пры наяўнасці лексем лы́ды (параўн. рус. валаг., варон. ’доўгія ногі’, шырока пашыраная лытка ’нага’, урал. лыдка ’даўганогі чалавек’) і лыга 2 (гл.) пры блізкіх ці тых жа значэннях дзеясловаў лыгаць і лындаць. Наступным этапам было ўтварэнне фразеалагізма лынды біць, што азначала спачатку ’збіваць, аббіваць ногі’, параўн. трок. дарма лынды збіў = дарма схадзіў (Сл. ПЗБ). Пры існаванні іншых запазычанняў з такой жа семантыкай: ды́нда ’гультай’, ’хлус’, ды́нды абіваць, дындаць ’хадзіць без справы’ ці блындаць, блэндаць ’тс’ (гл.); выраз лынды біць набыў сучаснае значэнне, мяняючы ў гаворках першую частку паводле існуючага ў гаворцы апорнага дзеяслова са значэннем ’хадзіць без справы, бадзяцца, гультаяваць’, ’марудзіць’ (як тут — лындаць), параўн. бел. і рус. фразеалагізмы (узятыя з Бел.-рус. ізал., 111–112) з гэтым жа значэннем: брынды біць — брындаць, дрынды біць — брындаць, байды біць — байдосіць, банды біць — бандаць, балды бить — балдить, ланды бить — ландовать. Слаўскі (5, 407–408) услед за Фасмерам (2, 541) адносіць польск. łyndać się да рус. лынять і дапускае сувязь з прасл. дыял. lytati ’гультайнічаць, бяздзейнічаць’, lutati ’бадзяцца’, параўноўваючы з чэш. lʼundat se, loudati se ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́маразень ’падоўжны брусок, які набіваецца на капылы ў санях’ (Сл. ПЗБ; карэл., Нар. лекс.), на́маразні мн. (шчуч., Сцяшк. Сл.; Сл. ПЗБ; Сержп. Грам.), на́марзень (ТСБМ), на́марзня, на́мерзня (Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), на́марзні (Бяльк., Сл. ПЗБ), на́мярзні (Сл. ПЗБ), на́морожэнь, на́морозень (Маслен.), на́маражня, на́морожня (Мат. Гом., Маслен.; лунін., Шатал.; ельск., КЭС; Сл. ПЗБ, ТС), на́маражні (Пятк., Сл. ПЗБ), на́маржні (Сл. ПЗБ), намарзня ’вяровачная пятля на капыл саней, якой прымацоўваецца аглобля’ (дзярж., Нар. сл.), укр. на́морозень, на́моржень, рус. сіб. на́морзни, на́морожни. Цікавы выпадак народнай этымалогіі, якая грунтуецца на іншай назве дэталі саней, параўн. усту́жьіна ’вязок у санях на першых капылах’ (гарадоц.., Нар. лекс.), палес. сту́зэнь, сту́жені, сту́дні ’тс’ (Маслен.), рус. сту́жень ’вязок, пры дапамозе якога гнутыя высокія галоўкі палазоў прымацаваны да першых капылоў у санях са стуженем або ўсходнееўрапейскіх санях’ (гл. Вийрес, Из истории саней в Прибалтике//Проблемы этнич. истории балтов. Тезисы межресп. конф. Рига, 1985, 129). Элемент стуж‑ (студ‑), што паходзіць ад сту́га ’палоска, сувязь, мацаванне’ (< *sъtǫga да тугі́, ця́га, цягну́ць, гл. Фасмер, 3, 786), быў атаясамлены з адпаведным элементам у стуж‑а ’сцюжа’, стуж‑ны ’халодны’, у выніку чаго стала магчымай яго субстытуцыя (замена) блізкім па сэнсу элементам мароз і стварэнне паўкалькі на́маразень, дзе прэфіксацыя на- адлюстроўвае надзяванне дэталі зверху на капыл, а суфіксацыя, як у стужень, параўн. той жа словаўтваральны тып у іншай назве дэталі — на́даўбень (гл.), у якім адлюстравана «тэхналогія» вырабу дэталі. Можна меркаваць, што магчымасць для дээтымалагізацыі назваў са стуж‑ узнікла ў выніку замены скручаных з гібкіх прутоў вязоў «даўбанымі» вязамі, якія ўжо не сцягвалі капылы з галоўкамі, параўн. палес. сцягі, усцяглі — іншыя назвы разглядаемай дэталі. Знешнім стымулам для стварэння паўкалькі стаў вобраз з намярзаючага на дэталь снегу ці льду, параўн. на́морожня ’намаразь’ (ТС). У плане адноснай храналогіі назва намаразень больш новая ў параўнанні з назвамі на стуж‑ і сцяг‑, аднак больш старая за назвы тыпу на́даўбень, на́дубень і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́ста 1 ’дзіцё, якое песціцца’ (ТСБМ, Мядзв., Касп., Мат. Гом.; пух., лаг., Сл. ПЗБ; зэльв., Жыв. сл.), ’свавольніца’ (Сцяшк. МГ), ’выпеставаны хлапчук, дзяўчынка’ (навагр., Нар. словатв.), пе́сты ’пяшчотныя, ласкавыя адносіны’ (ТСБМ), пе́стун ’пястун’ (Бяльк.), ’збалаванае дзіцё’ (Мядзв.), пе́стак ’малады воўк’ (глыб., Сл. ПЗБ); пе́стаць ’пеставаць’ (брасл., Сл. ПЗБ), чач. пе́стацца ’песціцца’ (Жыв. сл.), пе́ставаць, пе́стываць ’песціць’ (ТСБМ, Касп., Бяльк.), пе́стовацца ’няньчыцца’ (ТС), пе́сціць, пэсьтіті ’любоўна даглядаць, гадаваць; праяўляць ласку; пялегаваць’ (ТСБМ, Яруш., Бес., Бяльк.; парыц., Янк. Мат.), песціцца ’тс’ (Касп.), ’патакаць у прыхацях дзіцяці’ (Бір. Дзярж.). Укр. пести́ти, пе́стувати і пістовати (Фасмер, 3, 251), рус. пе́стать, пе́статься, польск. pieścić, piastować, в.-луж. pěsćić, чэш. pěstovati, pěstiti, славац. pestovať, славен. pẹ́stovati, старое харв. дуброўн. pjȅstovati, балг. пестя̀ ’ашчаджваць’, ц.-слав. пѣстовати. Прасл. *pěstati і *pěstiti, *pestovati. Шэраг этымолагаў (Міклашыч, 245; Мацэнаўэр, LF, 12, 344; Мее, MSL, 14, 353; Фасмер, 3, 251; БЕР, 5, 190) генетычна адносяць слова да *pitati ’карміць, выжываць’ (Бязлай, 3, 29) — гл. пітава́цца; Махэк₂ (446) разам з Міхалкам (LF, 84, 29) адмаўляе такую роднаснасць, мяркуючы, што трэба выходзіць з асновы *kep‑, якая ў выніку перастаноўкі дала *pek‑ (параўн. ст.-чэш. péči se čim ’клапаціцца аб кім’), і пасля далучыўся пашыральнік асновы суфікс ‑st‑ інтэнсіўнага характару.

Пе́ста 2 ’ступа’ (гродз., Нар. сл.; Скарбы), рус. пест ’палка з патаўшчэннем на канцы; калатоўка для замешвання цеста’, ст.-рус. пест ’стрыжань з патоўшчаным круглым канцом’ (XIII ст.), польск. piasta, piazda, piauzda ’калодка кола, якая ахоплівае вось’, н.- і в.-луж. pešta ’тс’, ’песцік’, ’трамбоўка’, чэш. píst, písta ’поршань’, славац. piest ’пранік’, ’поршань’, славен. pẹ́šta, pẹ́sto, pẹ́st ’калодка кола’, харв. кайк. pešča, pešče. Прасл. *pěstъ ’прыстасаванне, якім таўкліся розныя рэчы, зерне, крупы, выбіваўся бруд з бялізны’, роднаснае літ. piestà ’ступа’, piestas ’пест’, лат. pìesta ’ступа’ (< і.-е. *poi̯s‑t‑o‑s), а таксама з літ. paisýti ’ачышчаць зерне ад мякіны’ > бел. пойсаваць (гл.). Дэрыватамі з’яўляюцца словы са значэннем ’абнімаць вакол’ — *pěstovati, *pěstiti > пе́сціць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плат 1 ’намітка, галаўны ўбор у беларускіх жанчын накшталт рушніка’ (Малч.), ’хустка’ (пруж., Хрэст. дыял.; Касп.; пруж., Сл. ПЗБ; жлоб., Мат. Гом.; дзятл., Сцяшк. Сл.), ’тоўстая хустка, якою накрываюцца паверх верхняй вопраткі’ (кобр., ДАБМ, камент., 945), плато́к ’хустачка’ (Некр.), ’хустка’ (в.-дзв., даўг., Сл. ПЗБ), пла́цік ’палатно, якое ужываецца шапаваламі: намочаны плацік рассцілаюць на стале і на ім раскладваюць слой воўны’ (Дэмб. 2), плату́шка ’хустка, у якую ўвязвалі ежу ў поле’ (паст., Сл. ПЗБ), плато́чак ’пялёнка’ (брагін., Мат. Гом.). Укр. палес. плат ’3–4 м тонкага белага палатна, якім абвіваюць галаву маладой на вяселлі’, зах.-валын. ’пакрывала для нябожчыка’, ’кавалак грубага палатна, у які загортвалі насенне лёну ў час выціскання з яго алею’, бойк. плат, пла́тка ’хустка’, плата́ти ’латаць’; рус. плат ’вялікая хустка’, ’рушнік’, ’абрус’, ’тканіна, павешаная на крыж’, плата́ть ’латаць’, запла́тка ’лапік’; польск. płat ’кавалак палатна, сукна, анучы; ануча, хустка, палотнішча, лата, лахман’; з XV ст. таксама ’кавалак скуры’, płatak ’стракаты конь’; в.-луж., н.-луж. płat ’палатно, тканіна’, płataś ’латаць’, балг. плат ’тканіна, матэрыял’, ст.-слав. плать ’тс’. Прасл. *platъ ’кавалак палатна як грашовая адзінка, тканіна’, якое адносяць да гнязда дзеяслова plesti, pletǫ (Варбат, Этимология–1970, 62–63), і.-е. *plōt‑o‑s ’прымітыўная тканіна, пляцёнка-мата’ (Банькоўскі, 2, 619) < *plet‑, роднаснымі ім можна лічыць літ. platùs ’шырокі’, лат. plats, ст.-грэч. πλατύς ’тс’. Пазней у прасл. *platъ з’явілася значэнне ’кавалак скуры’ (гл. пла́та 2). Буга (Rinkt., 2, 516) для прасл. *platъ выводзіць і.-е. *plā‑to, даючы, такім чынам, магчымасць растлумачыць бел. дыял. платва < польск. płatwa ’бэлька’, płatewka ’аскепак, адколатае дрэва’, płatać ’расшчапляць’, укр. бойк. плата́ти ’адколваць’. З *platъ ’палатно як грашовая адзінка’ ўтварыўся дзеяслоў *platiti > плаці́ць (гл.), а са значэннем ’латка’ — дзеяслоў *platati ’латаць’ (Гаўлава, Etym. Brun., 39).

Плат 2 ’плацеж’ (Нас.), рус. маск. плат ’плата’. Да плат 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)