Куры́ць 1 ’пыліць, дыміць; удыхаць і выдыхаць дым якога-небудзь рэчыва, пераважна тытуню’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., ТС, Бяльк., Сцяшк., КЭС, лаг., Сержп., Пр., Янк. Мат., Шатал.). Укр. курити, рус. курить ’тс’, ст.-слав. коурити сѧ ’дыміць’, балг. курна ’запаліць’, серб.-харв. ку́рити ’паліць агонь у печы, тытунь’, славен. kúriti ’раскладваць агонь, дыміць, курыць’, польск. kurzyć się ’дыміць, гарэць; пыліць’, чэш. kouřiti ’дыміць, параваць, пыліць’, славац. kúriť ’паліць печ’, kúriť sa ’дыміць’, в.-луж. kurieć н.-луж. kuriś ’тс’. Прасл. kuriti мае паралелі ў балтыйскіх мовах: літ. kùrti ’раскладваць агонь, паліць’, лат. kur̃t ’тс’. Паралелі ў германскіх мовах (гоц. haúri ’вугаль’, ст.-ісл. hyrr ’агонь’) канчаткова пацвярджаюць першаснасць значэння ’паліць агонь’ (Бернекер, 651–652; Траўтман, 145; Фрэнкель, 319).

Куры́ць 2 ’ехаць або бегчы хутка’ (Нас., ТС, Ян.). Запазычанне з літ. kùrtí ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лагчы́на, лахчы́на, лахчы́начка, лагчы́нка, лагчы́начка ’даліна, нізіна, яр, прадаўгаватае, нізкае месца сярод адхонных схілаў’ (ТСБМ, Нас., Шат., Яруш., Гарэц., КЭС, лаг.; міёр., Нар. словатв.; навагр., КЭС), лахчы́на ’тс’, лашчына ’тс’, ’нізкае месца на полі’ (Сл. паўн.-зах., Выг., Сцяшк., Бяльк., Касп.; паўд.-усх., КЭС), ельск. ’колішняе рэчышча ракі’ (ЛАПП), укр. лощи́на, рус. лощи́на ’нізіна, лагчына’, балг. лъхчина ’нізкае, роўнае месца, акружанае з усіх бакоў узгоркамі’, ’горная седлавіна’, ’нізкая мясціна ля дарогі’, ’нізіна’, ’паглыбленне ў зямлі’. Апошняя лексема — вынік змешвання ў слав. дыялектах з луг, балг. лъг (< lǫgъ); павінна было б быць лохчина, як і балг., макед. логор, логур. Усходнеславянска-балгарскае ўтварэнне ад памяншальнай формы (лексемы lǫgъ) logъkъ і logьkъ і пеяратыўнага суф. ‑ina > logъkъ + ina > logъčina > лагчына; logьkъ + ina > ložъčina > лашчына. Да лог (гл.). Сюды ж ложчына ’нізіна’ (ТС), лажчына ’лагчына’ (Мат. Гом.), лагчыністы, лагчынны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аго́нь ’агонь, касцёр’ (БРС, Нас., Янк. I, Касп.), агонь ’гарачка’ (Янк. Мат.), огон: до огнʼа ’вельмі многа’, на огнʼа ’на чорта’, огнʼовы ’чортавы’ (КСТ), агульна- і праславянскае ognь: рус. огонь, укр. огонь, польск. ogień, чэш. oheň, балг. огън, серб.-харв. о̀гањ, літ. ugnìs, agnùs ’вогняны’, ст.-інд. agnis ’агонь’, хец. agniš, лац. ignis і г. д. < *ugnis. Сасюр, 7, 93; Мейе, MSL, 8, 236, 315; Педарсан, KZ, 38, 395; Гуер, LF, 66, 459; Лер-Сплавінскі, SSW, 1957, 205; Мартынаў, ЭИРЯ, 2, 55. Не даведзена канчатковая сувязь прасл. ognь з серб.-харв. ви̏гањ ’кузня’, чэш. výheň ’горан’ (Ільінскі, РФВ, 74, 133; Левенталь, WuS, 11, 54). Цікава супаставіць з і.-е. *ugnis, ст.-грэч. άγνίζω ’ачышчаю’, памятаючы сакральную ачышчальную ролю агню. Пачатак старагрэчаскага слова (spiritus asper) можна тлумачыць як рэфлексацыю S‑mobile.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жаўла́ць ’крычаць’ (Мат. Гом.), жаўні́ць ’паўтараць адно і тое’ (Касп.), жаўрі͡ети ’размаўляць, жартаваць’ (Бес.). Рус. перм., ярасл. жа́вля́ть ’жаваць, чаўкаць’, валаг. желва́чить бурчаць, лаяцца, прасіць’, наўг., алан., тамб., смал., валаг. желнить ’ціха, доўга гаварыць’, балг. дыял. жавре се, жевря се ’крыўляцца пры гаварэнні’, джевря(м) се ’скардзіцца’, чэш. želovati. У бел. гаворках прадстаўлены тры тыпы падаўжэння (‑l‑, ‑n‑, ‑r‑) і.-е. кораня *gōu‑, *gou̯‑, *gū‑ ’крычаць, клікаць’, адлюстраванага ў говар, гаварыць, гутарыць (гл.); пры чаргаванні галоснага о — е вынікаюць формы тыпу *geur‑, *geuər‑, адкуль журыцца (гл.), жаўрэць, а з іншымі падаўжэннямі жаўлаць, жаўніць. Параўн. яшчэ гом. жаўна ’крыклівае дзіця’. Гл. жаўна. Краўчук, Зб. Крапіве, 195–196; Супрун, Бюлетин за съпост. изследв., 1976, 5, 76. Іначай, як гукапераймальнае, тлумачыць балг. формы БЕР (t, 529), што мала верагодна, калі мець на ўвазе не ўлічаныя там паралелі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жмуха́ ’жамерыны’ (драг., Нар. словатв., 144), жмух, жмуха́, жмы́ха́, жмі́ха ’тс’ (Сл. паўн.-зах.), жмых, жмы́ка ’тс’ (Мат. Гом.), жма́кі ’тс’ (Касп., Абабурка). Рус. жмых, дыял. смал., уладз., калуж., варонеж., кур., арл. жма́ка, кур. жмак, ярасл., разан., уладз. жмы́ки, укр. жма́ки, жмихи ’тс’. Чэш. žmach, žmoch ’гразь, нешта разбітае’. Ад кораня *žьm‑ (гл. жаць 2). З рознымі галоснымі і суфіксальнымі ‑х‑ ці ‑к‑ утвараліся дзеясловы тыпу жмыхаць ад žьm‑a‑ti, ад дзеясловаў — бязафіксныя назоўнікі тыпу жмых, жмух і г. д. (Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 295; SP, 1, 76). Нельга, відаць, выключаць і непасрэднага ўтварэння назоўнікаў жмакъ ад жма‑ти, як знакъ ад знати. Параўн. жамерыны, жмаць. Параўн. паўд.-слав. утварэнні з элементам ‑ер‑: балг., макед. жмерки ’шкваркі’, макед. жмер ’асадак пры вытаплены сала’, славен. žmeterina ’адходы воску’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жыгу́н ’няўрымслівы, неспакойны чалавек’ (маладз., Янк. Мат., 98). Параўн. рус. дыял. смал. жыгу́н ’гарэза, свавольнік’, перм. ’насякомае, якое джаліць’, тул. дыял. ’бізун’ > назвы розных раслін, укр. джигун ’вісус, залётнік’, ’гатунак ежы на квасе’. Ад дзеяслова жыг‑а‑ць ’бліскаць’ з суфіксам ‑ун (як вяртун, кульгун). Іншае тлумачэнне (Лаўчутэ, Baltistica, VI (2), 199) з літ. žygūnas ’веставы, хадок’ выклікае сумненні. Звычайна літ. аддзеяслоўныя назоўнікі на ‑unas, вядомыя літ. мове, а не дыялектам, маюць негатыўную афарбоўку, у дыялектах суфікс ‑unas амаль не выкарыстоўваецца, што дае падставу лічыць многія літ. словы на ‑ūnas слав. запазычаннямі (Атрэмбскі, Gramatyka, II, 208; Мартынаў, Дерив., 38). Апрача таго, сема хуткасці лягчэй тлумачыць развіццё значэння ’няўрымслівасці’, чым значэнне ’хадака, веставога’ (хаця і апошняе не выключаецца), а слова жыгун не стаіць асобна ў бел. мове, а мае шэраг паралелей: жыг, жыга, жэг.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Завалі́на ’гультай, абібок’ (Сцяц.). Геаграфія (зэльв.) і на піск указваюць на польск. паходжанне, дзе zawałina ’тое, што завальвае дарогу, перашкаджае’; параўн. zawalidroga ’той, хто перашкаджае, гультай, абібок’, якое ўказвае на шлях семантычнай змены ў польск.

Зава́ліна, зугва́ліна, загава́ліна, зуга́ліна ’прызба’ (Мат. Гом.). Рус. зава́лина ’насып вакол хаты для ўцяплення’, цвяр., пск. ’лаўка на вуліцы каля варот’, валаг. ’зямля, пакінутая з-за нязручнасці карыстання ці бясплоднасці’, калуж., бранск., смал. загвалина, заговалина, заговальня ’прызба’, укр. уст. зава́лина ’руіна’, польск. zawalina ’тое, што завальвае дарогу, перашкаджае’, дыял. zawalnia ’насып вакол хаты ў выглядзе лаўкі’. Ст.-рус. пск. завалина ’прызба’ (XV ст.). Утворана на базе дзеяслова валіць 1 (гл.), заваліць з суфіксам ‑іна (параўн. абва́ліна ’высокі бераг, дзе можа абвальвацца’), відаць, яшчэ ў ст.-рус. час. Формы загаваліна, зугваліна, зугаліна адлюстроўваюць, відаць, экспрэсіўны элемент (прэфікс?) ‑г‑, ‑го‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пасты́р, па́стырь, па́стар, па́стэр, па́сцір ’пастух’, ’старшы пастух’ (ТСБМ, Яруш., Др.-Падб., Сл. ПЗБ, Гарэц., Бяльк.; докш., маладз., Янк. Мат.). З ц.-слав. < ст.-слав. пастырь ’пастух’ (рус. кніжн. пастырь ’тс’), якое з’яўляецца адзіным прыкладам з суфіксам ‑tyrʼь ад pasǫ ’пасу’ (Фасмер, 3, 215), дзе ‑t‑, як і ў суфіксах ‑telʼь, ‑tъlъ, ‑tuxъ, ‑tajь (Слаўскі, SP, 2, 29). Фасмер (там жа) лічыць няпэўным выводзіць гэту лексему з лац. pāstōrem праз пасрэдніцтва герм. формы на *‑turi̯o (як ст.-в.-ням. pfistūr з лац. pistōrem, гл. (Мее, Études, 186; Вондрак, Vergl. Gr., 1, 159). Больш імаверным можна лічыць меркаванне Мартынава (Язык, 64–65), які прасл. pastyrь лічыць інфільтрацыяй італійскага pāstōr‑io‑s, у якім ō дало протаслав. ū, якое ў праслав. мове перайшло ў у, (г. зн. у ы). Сюды ж пастыранка ’пастухова пуга’ (паст., Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пах ’адчуванне органамі нюху лятучых рэчываў і субстанцый’ (ТСБМ, Нас., Грыг., Гарэц., Яруш., Касп., Шат., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.), ’дух; дыханне’ (Нас.), па́хнуць, па́хнуті, па́хці ’пахнуць’ (Яруш., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.), паху́чы, пахну́чы, пахню́шчы(й) ’духмяны’, ’пахучы’, ’смярдзючы’ (Гарэц., Сл. ПЗБ; ТС; карм., Мат. Гом.; укр. пах, па́хати ’нюхаць’, па́хнути, рус. пахнуть, польск. pach, pachnąć і pąchač, чэш. pach, páchnouti, славац. pach ’смурод’, páchnuť ’смярдзець’, ’аддаваць пахам чаго-н.’ Паводле Праабражэнскага (2, 29), Младэнава (415), Голуба (188), — гукапераймальнае. Махэк₂ (426) лічыць гэта слова экспрэсіўным дзеясловам з суфіксам ‑x‑ (ст.-чэш. páchati, в.-луж. pachać ’пыхкаць (люлькай)’, н.-луж. pachaś ’дыміць, курыць’), які ўзыходзіць да pálati ’гарэць, палаць’, што для Трубачова (гл. Фасмер, 3, 221) з’яўляецца недастаткова пераканаўчым. Сюды ж дзятл. па́хат (< pax + ъtъ) ’пах’ (Сл. ПЗБ) і па́хоць ’вялікі пах’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́лька 1 ’грудзі’ (Растарг., Юрч., Янук., Касп.), ’ключыца’ (Мат. Маг.), пелькі ’каўнер’ (Касп.), ’грудзіна, грудная косць’, ’грудная частка ялавічыны’ (Нас., Нас. Сб.), пелькавае мяса ’тс’ (Нас.), маюць непасрэдны працяг на рус. тэрыторыі: пе́лька, пе́лька ’частка адзення, якое закрывае грудзі’, пело ’пярэдняя частка кашулі, што закрывае грудзі’, ’жаночыя грудзі’, пели́ть ’пакрываць, прыкрываць’ — якія можна генетычна атаясаміць з дадзенымі ўграфінскіх моў з агульным значэннем ’верх, тое, што пакрывае’, параўн. вепск. pälʼiné ’верх, верхні бок’, pälʼdʼa, pälʼda ’нацягваць на што-н.’, pälętʼi ’адзін на адным’, pel ’вяршняк, вушак’, удм. pel ’вуха’, эст. peale panema, pealistama ’пакрыць’. Цікавым будзе таксама і семантычны пераход: вепск. ŕind ’грудзі’ і ’каўнер адзення’.

Пе́лька 2 ’уваход у жак або ў кош’ (ТС), рус. дыял. пе́лька ’пятля, палонка’, укр. пе́лька ’глотка’. У выніку семантычнага пераносу з пель (гл.) (Талстой, Этимология–1967, 148–149).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)