Га́ра ’гарэлка’ (Шат., Сцяшк. МГ). Няма ў іншых усх.-слав. мовах. Польск. дыял. hara ’тс’ запазычана з бел. мовы (гл. Карловіч, II, 168). Можна меркаваць, што га́ра — гэта жаргоннае ўтварэнне ад гарэ́лка ’тс’. Параўн. і польск. gocha, gochna < gorzałka (аб польск. словах гл. Брукнер, 151: пад gorzeć). Трэба дадаць, што ў Шат. га́ра кваліфікуецца як пагардлівая назва.

Гара́ ’гара’. Параўн. рус. гора́, укр. гора́, польск. góra, чэш. hora, балг. гора́ ’лес’, серб.-харв. го̀ра, ст.-слав. гора і г. д. Прасл. *gora ’гара; лес’. Лічыцца роднасным з прус. garian ’дрэва’, літ. girià ’тс’, ст.-інд. giríṣ ’гара’, авест. gairi‑ і г. д. Гл. Фасмер, 1, 438; раней Бернекер, 1, 329; Траўтман, 78. Падрабязны агляд слав. слоў, іх семантыкі, геаграфіі гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 29–31 (там і новыя меркаванні адносна першапачатковай семантыкі і.-е. лексемы). Агляд семантыкі слова гара́ як геаграфічнай назвы (назвы рэльефа) гл. у Яшкіна, 46. Звычайнымі з’яўляюцца ў слове *gora новыя значэнні ’верхняя частка хаты’, ’верх і да т. п.’ (зафіксавана ў бел. мове; гл. Нас., Шат., Касп., Бяльк., Сцяшк. МГ), таксама і ў іншых усх.-слав. мовах (рус., укр.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калама́р ’чарнільны’ (Грыг., Др.-Падб.; глус., КЭС; Нас., Шн., Шпіл.). Укр. каламарь, рус. зах., н.-рас., паўдн. каламарь (Даль), польск. kalamarz, чэш. kalamář, славац. kalamár, славен. kalamâriš, серб.-харв. kalàmâr (з XV ст.), балг. каламар. Крыніца гэтых лексем лац. calamārius, calamārium ’скрынка для пісьмовых прылад’, якое ад calamus ’пяро для пісьма і інш.’, а гэта з с.-грэч. καλαμάρί ’чараціна; чараціна, падрыхтаваная для пісьма, пяро і інш.’ Шляхі пранікнення гэтых лексем розныя: для балг. — с.-грэч., н.-грэч. пасрэдніцтва (БЕР, 2, 159), для серб.-харв. — італ. (Скок, 2, 18), для славен. — венгерская (там жа), чэш. і польск. Махэк₂ (236) мяркуе, што слова прынята з вучонай латыні. Адносна бел., укр. і рус. выказваецца думка, што гэта запазычанне з польск. мовы (гл., напр. Слаўскі, 2, 34). На карысць гэтага лінгвагеаграфія ўсх.-слав. фіксацый — больш позні, параўнальна са ст.-польск. (XV ст.), час, калі слова адзначаецца ў ст.-бел. мове (XVI ст.). Значэнне ’чарнільніца’ на ўсходзе (ст.-польск. дэфініцыя ўключае ’скрынка пісара і інш.’). Аднак нельга выключыць, што форма ўсх.-слав. лексемы (‑р‑ на месцы ‑rz‑) магла з’явіцца не толькі ў выніку этымалагічнага падыходу да польск. слова, але і як вынік непасрэднага ўплыву першакрыніцы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каршу́н 1, укр. коршун, рус. коршун. Генетычна суадносіцца з бел. каршак ’каршун’, коршак ’ястраб’. У індаеўрапейскіх паралелях, якія звычайна прыводзяцца, найбольш пераканаўчыя ст.-інд. káršati ’цягне, валочыць, рве’, ст.-іран. karš‑ ’цягнуць’. Тады слова каршун пры рэгулярнай у славянскіх мовах суфіксацыі для вытворных Nomina agentis чляніцца на марфемы kъrš і ‑unъ. Як мы бачым, у індаеўрапейскіх прыкладах іншая ступень аблаўту, але гэта яшчэ не азначае, што прыведзеныя лексемы не знаходзяцца ў генетычных суадносінах. Калі ўсё ж такі прызнаць генетычную суаднесенасць прасл. kъrš‑ і ст.-іран. karš‑, то kъrš‑unъ можна тлумачыць як ’той, хто цягне і рве’ (параўн. věd‑unъ ’той, хто ведае’). Але перш чым рабіць такі вывад, трэба ўлічыць характэрную распаўсюджанасць лексемы (толькі ўсходнеславянскія мовы, славацкую паралель можна тлумачыць як пранікненне з усходу: kršak < коршак). Лінгвагеаграфія сведчыць хутчэй па карысць іранскага паходжання.

Каршу́н 2 ’частка калаўрота ў выглядзе двузубай вілкі з жалезнымі зубамі, на якую надзяюць шпульку’ (Шатал.). Метафарычны перанос назвы птушкі на прыладу. Гл. каршун 1.

Каршу́н 3 ’гульня ў каршуна’. Адзін з удзельнікаў («перадавы») стаіць, астатнія бяруцца за яго. Каршун іх ловіць, а перадавы яму не дазваляе, абараняе сваіх дзетак (Нар. словатв.). Гл. каршун 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

А́рфа 1 ’музыкальны інструмент’, сустракаецца ўжо ў XVI ст. (Шакун, Гісторыя, 106), у Бярынды, 12, 28: бряцало і гусль — гарфа, арфиста — гудецъ у Лексісе Зізанія: арфа. Паводле Шанскага, 1, А, 150, рус. арфа з XVII ст. з польск. arfa, паводле Фасмера, 1, 90, з нямецкай, як і польскае (гл. яшчэ Маргаран, ЭИРЯ, 6, 91; Шанскі, ЭИРЯ, 4, 182). Ст.-бел. арфа, арфиста з польскай мовы, магчыма, што рус. арфа, арфиста (арфист — пазнейшае пераафармленне) таго ж паходжання. У польск. arfa, harfa з ням. (агульна-германскага) Harfe (раней Harpfe) (Слаўскі, 1, 406). Сучасная літаратурная форма арфа замацавалася, магчыма, пад рускім уплывам (Крукоўскі, Уплыў, 84), дзе ў адрозненне, напр., ад польскай і ўкраінскай форма з пачатковым г‑, здаецца, не вядома. Арфіст з рускай, напэўна ў XX ст.

А́рфа 2 ’веялка’, арфава́ць, арфава́льшчык (БРС, Яруш.), у дыялектах распаўсюджаны формы з субстытуцыямі ф: арпа, арпаваць (Касп., Жд.), арха, архаваць (Касп., Янк. I, Сцяц., Арх. Бяльк.), гархаваць (Выгонная, Лекс. Палесся, 82); асобна гл. арба 2. Паводле Слаўскага, 1, 406, у польскай мове XVII ст. harfa ’прылада для ачышчэння збожжа’ з нямецкай, дзе Getreideharfe ’веялка’. З польскай у беларускую, з польскай ці беларускай у літ. ar̃pas, árpa, árba (LKŽ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асо́ба (БРС, Нас., Яруш.). Рус., укр., балг. особа, серб.-харв. о̀соба, польск., чэш., славац., славен. osoba, в.-луж., н.-луж. wosoba. У старабеларускай са значэннем ’форма, сукупнасць рыс, твар’ (Гіст. мовы, 1, 219). У ст.-рус., ст.-слав. толькі особь, ст.-рус. особѣ ’особна’. Літ. asabà ’асоба’ з польскай ці беларускай (Фрэнкель, 18). У польск. osoba з XV ст. Звычайна лічаць, што назоўнік утвораны з прыслоўнага выразу о собѣ ’особна’ (Фасмер, 3, 162). Гэта, аднак, незвычайны шлях утварэння назоўнікаў. Хутчэй трэба лічыць утвораным з вядомага ўжо ў стараславянскіх помніках дзеяслова особити (сѧ) ’жыць асобна’ як бяссуфіксны назоўнік. Рускае слова, вядомае з пачатку XVIII ст., Вінаградаў, Очерк, 32; Фасмер лічыць запазычаным з польскай, а Шанскі, КЭСРЯ, 315, — агульнаславянскім. Улічваючы час фіксацыі рускага слова (прыкладна на стагоддзе пазней, чым у заходнерускіх помніках), магчыма, трэба пагадзіцца з Вінаградавым і інш. Позняя фіксацыя і старабеларускія значэнні гавораць у карысць таго, што беларускае слова трэба лічыць запазычаным з польскай, дзе пашырана, магчыма, пад чэшскім уплывам. Дзеяслоў *osobiti ўтвораны непасрэдна ад прыслоўнага выразу *о sobě ці, хутчэй, ад праславянскага прыметніка *osobъ, што захаваўся ў выглядзе асобы, утворанага ад *о sobě; адсюль і асобны (*osobьnъ); ад асоба ’персона’ — асабовы, асабісты (магчыма, на польскай глебе).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Атла́с 1 ’гатунак тканіны’ (БРС). Агульнаеўрапейскае слова ўсходняга паходжання. У старарускай мове з 1453 (Шанскі, 1, А, 171); у ст.-бел. з 1511 у форме отласъ (Булыка, Запазыч., 33), з 1555 — атлас. Ст.-укр. гатласъ у 1627 (атласъ з XVIII ст.), даўнейшыя старарускія прыклады ў Сразнеўскага ў форме отласъ (XVI ст.). Ст.-польск. hatłas (Sł. staropolski). Канчатковая крыніца араб. атлас гладкі’ (корань т‑л‑с). Паводле Шанскага, у рускай мове з цюрк. атлас (з арабскай) не пазней XV ст. Паводле Фасмера, 1, 96 (які не ведаў выпадку ўжывання слова ў XV ст.), у рускай з польскай ці нямецкай, якія ўзыходзяць да арабскай. Улічваючы гандлёвыя зносіны з Усходам, заходняе пасрэдніцтва для рускай мовы не неабходна. У беларускую мову слова магло трапіць як праз рускую, так і праз польскую.

А́тлас 2 ’збор карт’. Інтэрнацыяналізм; у беларускай мове. з рускай, дзе з пачатку XVIII ст. з ням. Atlas (Шанскі, 1, А, 171) ці з галандскай або лацінскай. Гэта назва ўзыходзіць да назвы працы Меркатара Atlas (Дуісбург, 1595), папулярнай у той час і перавыдадзенай у скарочаным выглядзе некалькі разоў у першай палавіне XVII ст. Фасмер, 1, 96; Махэк₂, 39.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аціля́кавацца ’надта марудзіць, абыякава адносіцца да справы’ (Янк. Мат.), ацялякаваць, ацялякавацца ’марудзіць’ (КСП), ацілягавацца ’марудзіць, нядбайна адносіцца да працы’ (КЭС, лаг.), ацялягвацца ’рабіць нешта павольна’ (мядз., Цыхун, вусн. паведамл.), аціляка ’марудная, павольная ў справе асоба’ (міёр., Крыўко, вусн. паведамл.). Магчыма, запазычанне з літоўскай мовы, параўн. atsilìkti, atsiliẽkti ’адстаць, адставаць’, зваротны прыставачны дзеяслоў ад lìkti, liẽka ’аставацца, астацца’, крыніцай запазычання магла быць форма 3‑й ас. адз. л. atsiliẽka (адносна апошняй формы гл. Атрэмбскі, Gramatyka, 209), параўн. аціляка, з пазнейшым расшырэннем адыменнай дзеяслоўнай асновы суфіксам ‑ва‑, параўн. прастарэка ’балбатун’ — прастарэкаваць ’гаварыць лухту, балбатаць’, варыянтнасць у корані слова тлумачыцца фанетычна: а замест і ў выніку прыпадабнення складоў, г замест к як вынік азванчэння ў інтэрвакальным становішчы, параўн. дыял. стага́н, ’шклянка’ і інш. У карысць такой версіі сведчаць і лінгвагеаграфічныя даныя, аднак яны не пярэчаць і іншай версіі: ацялякавацца ад целекаваты, у сваю чаргу ўтворанага ад вядомага з гаворак на беларуска-літоўскім паграніччы і паўночна-ўсходніх польскіх гаворак цяляк (cielak) цяля; дурнаваты, няразвіты хлопец’, раней таксама ’пастух цялят; гультай, разява’. Больш праблематычнай здаецца сувязь з полац. цюлёгаць ’квэцаць, рабіць абы-як’ (Садоўскі, вусн. паведамл.), польск. ciulać ’марудна і абы-як рабіць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́рбара ’рэвень’ (Жд.). Скарачэнне запазычанага з польск. мовы *рэбарбара, *рабарбара (< польск. rabarbara, rebarbara), якое паходзіць з лац. rhabarbarum, reubarbarum (падрабязней гл. Брукнер, 456; Махэк, Jména rostl., 86). Польск. barbara азначае зусім іншую расліну (Barbaraea) і не можа быць крыніцай бел. слова, нягледзячы на фанетычную блізкасць.

Барбара 1 (ст.-бел.) ’прылада катавання’ (Чартко, Дасл. (Гродна), 1967, 54). Чартко, там жа, бачыць тут запазычанне з ням. Barbarei ’варварства, дзікасць’. Этымалогія вельмі няпэўная. Хутчэй ст.-бел. слова трэба параўноўваць з укр. барба́ра, байба́ра́ ’бізун, пуга і г. д.’ Усё гэта запазычанні з польск. barbara ’тс’ < уласн. імя Barbara (матывацыю гл. Брукнер, 15). Параўн. Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 126 (параўн. яшчэ ўкр. ванда́ ’арапнік, доўгі бізун’ < Wanda). Аб называнні прадметаў уласнымі імёнамі людзей гл. падрабязна Банфантэ, RL, IV, 19–28. Параўн. барба́ра 2.

Барба́ра 2 ’кол у плытагонаў’ (нёманск., гродз., Г. А. Цыхун, вусн. паведамл.). Відаць, таго ж паходжання, што і барба́ра 1 (гл.), г. зн. запазычанне з польск. Параўн. barbara ’доўгі, тоўсты канат’ (< уласн. імя Barbara); параўн. яшчэпольск. дыял. barbaro, jadwiga ’драўляны крук для падвешвання катла над агнём’. Гл. яшчэ Махэк₂, 46 (пад barbora, дзе прыводзяцца розныя назвы прадметаў ад жаночага імя).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Баўды́р 1 ’гэтак лаюць тоўстых непаваротлівых людзей’ (КЭС, лаг.), ’лаянкавае слова’ (Бір. Дзярж.). Бліжэй іншых слоў да бел. назвы стаіць укр. бо́вдур ’дурань’ (іншыя значэнні ’комін; густы дым, хмара; жэрдка (у рыбаловаў)’). Рудніцкі (157) хоча ўсе значэнні ўкр. слова вывесці з ’комін’ (а гэта запазычанне з чув. мовы, гл. боўдур ’комін’). Наўрад ці гэта правільна. Трэба, мусіць, думаць пра слав. аснову bъld‑, якая мае прыкладна тое ж значэнне, што і балд‑, булд- (гл.). Bъld‑yrь, bъld‑urъ маглі б быць самастойнымі слав. (усх.-слав.?) утварэннямі (незалежнымі і ад цюрк. уплыву; аб гэтым гл. Краўчук, Тюрк. лекс. элем., 29).

Баўды́р 2 ’вадзяная бурбалка; прышч’ (Нас.). Параўн. рус. ба́лдырь ’пухір’, булды́рь нарыў, шышка’. Звычайна зыходную форму асноў, якія азначаюць ’штосьці круглае, бурбалка і пад.’ вызначыць вельмі цяжка. Можна думаць і пра балд‑, і пра bъld‑ (> боўд‑), і пра булд- (гл.). Прынамсі для значэння ’бурбалка’ можна прыняць гукапераймальнае bъld‑, якое сустракаецца (праўда, рэдка) у некаторым укр. гідраграфічных назвах (параўн., напр., бо́вдур яма ў вадзе’) і да якога зводзіць бел. слова Юркоўскі, Ukr. hydrogr., 90. Цікава, што для абазначэння круглых прадметаў аснова ба́ўд‑ сустракаецца ў некаторым паўд.-зах. укр. гаворках (ба́ўда ’некалькі стручкоў фасолі разам і пад.’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клёпка 1 ’дошчачкі, з якіх складаецца бочка, дзежка, кадушка і пад.’ (ТСБМ, Нас., Касп., Сл. паўн.-зах., Сцяшк.), ’дранка’ (Мат. Гом.). Укр. клепка, рус. клёпка, польск. klepka ’тс’. Няма падстаў разглядаць гэта слова як праславянскае. У такіх значэннях выступаюць толькі польскія і ўсходнеславянскія словы. Калі ўлічыць існаванне ст.-рус. клепка ў тым жа значэнні, польская крыніца становіцца неверагоднай і больш надзейнай здаецца старажытнаруская крыніца. Тэрмін мог узнікнуць на старажытнарускай глебе на аснове дзеяслова klepati, адтуль пранікнуць у польскую мову, а далей у чэшскую. Ням. Klappholz можа быць калькай з польскай мовы. Слаўскі (2, 209–210), Трубачоў (Эт. сл., 10, 11), ЕСУМ (2, 459) лічаць гэта слова праславянскім, хаця тэрміналагічнае значэнне яго абмежавана ў прасторы і часе.

Клёпка 2 ’розум’ (ТСБМ, Нас., Шат., Юрч. Фраз. 2). Гэта значэнне ў тых жа дыялектах, дзе адзначана клёпка 1 (гл.), што сведчыць аб метафарычным пераносе. Параўн. бел. клёпкі ў галаве не хапае, укр. не хватае клепок у голові, рус. не хватает клёпки в голове, польск. brak mu piątej klepki. У той жа час на беларускай моўнай глебе мы адзначаем клёпка ў значэнні ’розум’ і не ў складзе адпаведнага фразеалагізма. Гэта тлумачыцца тым, што тут атрымалася кантамінацыя з бел. клёк ’розум’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)