Баўды́р1 ’гэтак лаюць тоўстых непаваротлівых людзей’ (КЭС, лаг.), ’лаянкавае слова’ (Бір. Дзярж.). Бліжэй іншых слоў да бел. назвы стаіць укр. бо́вдур ’дурань’ (іншыя значэнні ’комін; густы дым, хмара; жэрдка (у рыбаловаў)’). Рудніцкі (157) хоча ўсе значэнні ўкр. слова вывесці з ’комін’ (а гэта запазычанне з чув. мовы, гл. боўдур ’комін’). Наўрад ці гэта правільна. Трэба, мусіць, думаць пра слав. аснову bъld‑, якая мае прыкладна тое ж значэнне, што і балд‑, булд- (гл.). Bъld‑yrь, bъld‑urъ маглі б быць самастойнымі слав. (усх.-слав.?) утварэннямі (незалежнымі і ад цюрк. уплыву; аб гэтым гл. Краўчук, Тюрк. лекс. элем., 29).

Баўды́р2 ’вадзяная бурбалка; прышч’ (Нас.). Параўн. рус. ба́лдырь ’пухір’, булды́рь нарыў, шышка’. Звычайна зыходную форму асноў, якія азначаюць ’штосьці круглае, бурбалка і пад.’ вызначыць вельмі цяжка. Можна думаць і пра балд‑, і пра bъld‑ (> боўд‑), і пра булд- (гл.). Прынамсі для значэння ’бурбалка’ можна прыняць гукапераймальнае bъld‑, якое сустракаецца (праўда, рэдка) у некаторым укр. гідраграфічных назвах (параўн., напр., бо́вдур яма ў вадзе’) і да якога зводзіць бел. слова Юркоўскі, Ukr. hydrogr., 90. Цікава, што для абазначэння круглых прадметаў аснова ба́ўд‑ сустракаецца ў некаторым паўд.-зах. укр. гаворках (ба́ўда ’некалькі стручкоў фасолі разам і пад.’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)