Калама́р ’чарнільны’ (Грыг., Др.-Падб.; глус., КЭС; Нас., Шн., Шпіл.). Укр. каламарь, рус. зах., н.-рас., паўдн. каламарь (Даль), польск. kalamarz, чэш. kalamář, славац. kalamár, славен. kalamâriš, серб.-харв. kalàmâr (з XV ст.), балг. каламар. Крыніца гэтых лексем лац. calamārius, calamārium ’скрынка для пісьмовых прылад’, якое ад calamus ’пяро для пісьма і інш.’, а гэта з с.-грэч. καλαμάρί ’чараціна; чараціна, падрыхтаваная для пісьма, пяро і інш.’ Шляхі пранікнення гэтых лексем розныя: для балг.с.-грэч., н.-грэч. пасрэдніцтва (БЕР, 2, 159), для серб.-харв.італ. (Скок, 2, 18), для славен. — венгерская (там жа), чэш. і польск. Махэк₂ (236) мяркуе, што слова прынята з вучонай латыні. Адносна бел., укр. і рус. выказваецца думка, што гэта запазычанне з польск. мовы (гл., напр. Слаўскі, 2, 34). На карысць гэтага лінгвагеаграфія ўсх.-слав. фіксацый — больш позні, параўнальна са ст.-польск. (XV ст.), час, калі слова адзначаецца ў ст.-бел. мове (XVI ст.). Значэнне ’чарнільніца’ на ўсходзе (ст.-польск. дэфініцыя ўключае ’скрынка пісара і інш.’). Аднак нельга выключыць, што форма ўсх.-слав. лексемы (‑р‑ на месцы ‑rz‑) магла з’явіцца не толькі ў выніку этымалагічнага падыходу да польск. слова, але і як вынік непасрэднага ўплыву першакрыніцы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)